RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



3 Лютага 2000.

Аўтар і вядучы Алена Ціхановіч.

Перш працытую адзін з крытычных лістоў. “Мне здаецца – піша нам праз электронную пошту наш слухач з Барcэлёны Алег Стасеў, – што вашае стаўленьне да вайсковай апэрацыі Расеі ў Чачні трошкі аднабаковае, калі не сказаць больш. Мне не хацелася б лічыць, што ўсё грунтуецца выключна на нянавісьці да гэтае краіны, але здаецца, што гэта так. У беларусаў ёсьць падставы для гэтага, але, – працягвае далей Алег, – я ўпэўнены, што калі б недзе пад Магілевам уладкаваліся тэрарысты і забойцы, мы б зрабілі б тое самае - ці пры Лукашэнку, ці пры Пазьняку, ці пры Шушкевічы. Тэрарысты ў Чачні павінны быць зьнішчаныя”.

Такой пастаноўкай пытаньня наш слухач сам выяўляе шмат супярэчнасьцяў у апэрацыі, пра якую ідзе гаворка. Зьвернем увагу толькі на некалькі момантаў. Расейская, як яна называецца, апэрацыя па зьнішчэньні тэрарыстаў, на самой справе ператварылася ў вайну. Аднак, усё ж, мэтады барацьбы з тэрарызмам значна адрозьніваюцца ад бамбаваньня і артабстрэлаў. Сама вайна не была абвешчаная. Дасюль невядома, хто канкрэтна вінаваты ў тэрарыстычных актах, праведзеных у Расеі. Паводле расейскіх жа крыніцаў, напрыклад, былога прэм’ера Сьяпашына, антычачэнская апэрацыя плянавалася яшчэ да гэтых тэрактаў. Адсюль вынікае неабходнасьць палітычных ацэнак расейска-чачэнскай вайны. Безумоўна, ейны фронт, ейныя матывы і ейныя страты значна шырэйшыя, чым гэта магло быць у антытэрарыстычнай акцыі.

Асьвятляючы чачэнскія падзеі, наша радыё перш за ўсё грунтуецца на заходніх крыніцах інфармацыі і ацэнках заходніх палітыкаў. І калі зь іхных вуснаў гучыць, напрыклад, асуджэньне чачэнцаў за акцыі захопу закладнікаў, мы гэтага не замоўчваем. Не забывайма таксама, што раён канфлікту – амаль недаступны для журналістаў і, нягледзячы на гэта, яны імкнуцца быць як мага бліжэй да падзеяў. У Прагу днямі вярнуўся з Чачні загадчык маскоўскага карпункту “Эпіцэнтр” Ярамір Шчэціна. Па тэлебачаньні паказаны ягоны рэпартаж , поўны драматычных кадраў. Прагноз гэтага журналіста такі: Грозны будзе разбураны, а Чачня ператворыцца ў другі Афганістан, зону доўгай партызанскай вайны.

Іншыя нашыя слухачы, як напрыклад спадар Федаровіч з Дзьвінску (Даўгаўпілсу), з чачэнскіх падзеяў робіць выснову адносна лёсу Беларусі: “Рэспубліка ў небясьпецы, піша ён, і ў любую мінуту можа апынуцца у страўніку імпэрскага драпежніка”. Як тут ня ўспомніць сьвежы палітычны анекдот: у страўніку Расеі на Чачню бухнулася Беларусь. “Як і цябе праглынулі?” – пытаецца нехта ўпоцемку з каўказкім акцэнтам. – “Не, я сама пралезла”, – быў адказ.

На гэтую тэму – расейска-беларускага аб’яднаньня – мы атрымалі ліст ад аднаго зь лідэраў Беларускага народнага фронту Зянона Пазьняка, які слухае нашае радыё з Варшавы. Сп. Пазьняк робіць нам закід за тое, што ў рэпартажах і паведамленьнях карэспандэнты беларускай службы Радыё “Свабода” гавораць пра расейска-беларускі саюз як пра юрыдычна замацаваную рэальнасьць і тым самым паўтараюць акупацыйную дэмагогію і хлусьню. Гэты палітычны асьпэкт у дзейнасьці радыё перакрэсьлівае ўсё астаняе і ўсё станоўчае, лічыць спадар Пазьняк.

Прынцып дакладнай назвы некага ці нечага – насамрэч для нас ляжыць у падмурку прафэсійнай адказнасьці. Скамплікаваная і ў нечым унікальная структура ўлады у Беларусі вымушае нас да пастаяннага вывярэньня тэрмінаў і назваў. У нашых праграмах гучаць вызначэньні “нелегітымны прэзыдэнт”, “лукашэнкаў парлямэнт” ці – “кіраўнік Вярхоўнага Савету, легітымнага парлямэнту Беларусі”. У аналітычных праграмах мы ня раз зьвярталіся і да ацэнак утварэньня новай саюзнай дзяржавы.

Падкрэсьлівалася, што саюзная дамова падпісаная нелегетымным прэзыдэнтам Беларусі і ратыфікаваная зноў не легітымным, а прызначаным ім парлямэнтам. Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў менавіта праз эфір “Свабоды” заявілі, што саюзная дамова будзе дэнасаваная у першыя ж дні дэмакрытычнай улады на Беларусі. Аднак трэба разумець, што ва ўмовах інфармацыйнага вяшчаньня Радыё “Свабода” ня можа ўвесь час карыстацца тлумачальнымі канструкцыямі. У гэтым сэнсе нам ускладніў працу ня толькі прэзыдэнт, паўнамоцтвы якога скончыліся 21 ліпеня 99-га году, але, будзем шчырымі, і той жа Народны Фронт. Карацей кажучы, нашыя карэспандэнты ўжываюць назвы “беларуска-расейскі саюз”,“нацыянальны сход”, паколькі бяз гэтага немагчыма адэкватнае адлюстраваньне рэаліяў сёньняшняй палітыкі.

Са Столінскага раёну, зь вёскі Лучыца мы атрымалі ліст ад нашага слухача Сяргея Аляксандравіча. “Кожны вечар для мяне пачынаецца з Радыё “Свабода”, – піша ён, і далей дзеліцца сваімі ацэнкамі жыцьця з сялянскага пункту погляду: “ Лукашэнка сілай утрымлівае калгасы, а не аддае зямлю сялянам, якія б працавалі на ёй сумленна. Ён гаворыць, калі прападуць калгасы, то ня будзе чаго есьці, у той час як у 99-м годзе калгасы не дабралі амаль мільён тонаў зерня і яго ўжо пачалі закупляць у Чэхіі. Лукашэнка спасылаецца на тое, што Бог ня даў Беларусі добрага надвор’я. А я хацеў бы задаць пытаньне Лукашэнку – а што, Чэхію Бог надзяліў лепшым надвор’ем? Чаму такая маленькая краіна як Чэхія можа ня толькі пракарміць сябе, але і прадаваць зерне? Я ўжо не пытаюся, а дзе б Савецкі Саюз закупляў збожжа, калі б ва ўсім сьвеце перамогу атрымаў камунізм”.

Нагадаю, гэта быў ліст са Столінскага раёну, аўтар якога Сяргей Аляксандравіч заключае: “Пакуль калгасы будуць заставацца пад уладай дзяржавы, а праца ў іх прымусовай і бясплатнай, да таго часу Беларусь у ніякім разе ня зможа выйсьці з крызысу”.

І яшчэ, вяртаючыся да Бога. Наш слухач Сяргей Сакалоўскі з Чыкага выказвае ўдзячнасьць за карысьць ад тых дыскусыяў, якія зараз вядуцца ў нашай міжканфэсыйнай праграме “Сымбаль веры”. У прыватнасьці, Сяргей адзначае важнасьць размовы для беларускай аўдыторыі на тэму празэлетызму, ці пераходу людзей зь веры ў веру. Аўтары праграмы айцец Канстантын Бандарук і Сяргей Абламейка, між тым, рыхтуюцца закрануць і іншыя надзённыя пытаньні рэлігійнага жыцьця. Бліжэйшыя перадачы будуць прысьвечаныя практычным аспэктам шлюбу, з пункту погляду царквы, і тым асноўным выклікам, перад якімі царква апынаецца ў 21м стагодзьдзі. Аўтары “Сымбалю веры” просяць прапанаваць і свае тэмы для дыскусыяў.

Нагадаю, дарэчы, што хаця нашая праграма называецца “Паштовая скрынка 111”, нашыя слухачы актыўна зьвязваюцца з намі і праз электронную пошту. Нашыя адрасы вы знойдзеце на старонцы, якая цяпер мае самастойны і зручна-кароткі адрас www. Svaboda.org. Як паказвае статыстыка, за апошні месяц нашая старонка была наведаная каля 10 тысячаў разоў, мы атрымліваем таксама заўвагі і прапановы, якія датычаць арганізацыі і дызайну нашай старонкі ў Інтэрнэце. Яна безумоўна будзе надалей удасканальвацца з улікам вашых прапановаў.

Для тых, хто хоча напісаць нам традыцыйным спосабам, адрас ранейшы – паштовая скрынка 111, Менск-5, 220 005, Беларусь.

Сёньня, на жаль, мы ня мелі магчымасьці скарыстаць усё адметнае з дасланай пошты. Наступным разам – цікавая сямейная гісторыя, якую нам даслаў наш слухач зь Нямеччыны Ўладзімер Мікула – гэта гісторыя пяцёх братоў зь вёскі Гаўрыльчыцы, што месьціцца над ракой Лань. Гэта бы пяць пальцаў адной рукі, якіх чакаў такі розны лёс.

Пра ўсё адметнае ў вашым жыцьці не забывайцеся напісаць і вы – радыё “Свабода” аб’ядноўвае вас, дзе б вы ні знаходзіліся на гэтай плянэце.

Алена Ціхановіч, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org