RFE/RL |
27 Студзеня 2000. Аўтар і вядучы Валянцін Жданко. Агляд пошты мінулага тыдня пачну зь ліста Ўладзіслава Жыгалкі зь Менску. Ён піша, як і бальшыня нашых слухачоў, пра палітыку: “Лічу безсэнсоўнымі ўсе разважаньні наконт шматпалярнага сьвету ды аднапалярнага амэрыканскага дамінаваньня. Злучаныя Штаты ў гэгэмоны ня лезуць. Яны зьяўляюцца вытворцамі аднае чвэрці ўсяго ўсясьветнага сукупнага прадукту – таму й дамінуюць. А нехта ім ізноў ядравай дубінай махае – дурноты ўчарашняга дня. Лепш бы сябравалі з Амэрыкаю. Жылі б, дабро сабе нажывалі… Ня трэба быць дрэнным ды злым, лепш быць разумным ды добрым. Так званай “круцізною” не пражывеш – жыць можна толькі розумам”, – гэта была цытата зь ліста Ўладзіслава Жыгалкі зь Менску. Высновы Ўладзіслава схіляюць да згадкі пра адзін парадокс грамадзкае сьвядомасьці беларусаў. Усе сацыялягічныя апытаньні 90-х гадоў фіксавалі адну і тую ж зьяву: амаль ніхто з апытаных ня хоча жыць, як у Расеі, і амаль усе мараць пра заходнія стандарты жыцьця. Але пры гэтым каля паловы насельніцтва падтрымлівае палітыку Лукашэнкі, скіраваную якраз на тое, каб жыцьцё ў Беларусі нічым не адрозьнівалася ад расейскага. Верагодна, пакуль існуе гэты парадокс, беларусам наканавана скардзіцца на жыцьцё й з зайздрасьцю пазіраць на Захад. Працяг гэтае тэмы ў лісьце Якуба Міхалюка зь Менску, які піша: “Мы, беларусы, як тыя дзеці, цешымся хаця б з найменшай адзнакі сваёй вартасьці, праявы сваёй беларускасьці. Добра памятныя дні, калі мы ледзьве ня плакалі ад шчасьця, што над зямлёй нашай лунаюць Пагоня й бел-чырвона-белы сьцяг. І мала хто тады чуў папярэджаньне, што мы ж ня летувісы й ня чэхі. Гэтак сама ў многіх з нас у памяці ўзьлёт адраджэнцкага руху. Днямі ў “Вострай Браме” прыгадваў нейкія моманты з жыцьця Беларускае сьпеўна-драматычнае майстроўні Сяргей Шупа. Яшчэ раней на “Свабодзе” гаварылася пра сустрэчу колішніх удзельнікаў моладзевых суполак, якія вырашылі паяднаць намаганьні дзеля ўнясеньня духу тых, дзесяцігадовае даўніны, дзён у сучасны наш побыт. Мы – невылечныя рамантыкі. Былі такімі, застаёмся, падобна, імі й зараз. Нам моцна нестае прагматызму. Мы любім марыць, але цяжкія на пад’ём, калі гаворка заходзіць пра канкрэтныя дзеяньні. Беларусам, якія лічацца такімі ня толькі паводле пашпарту, а зямлю сваю ўспрымаюць не проста ў якасьці звычайнае тэрыторыі пражываньня, трэба набірацца цярпеньня на доўгія дзесяцігодзьдзі цягавітае мазольнае працы, забыцца на ўласныя амбіцыі, навучыцца слухаць і чуць найперш свайго суседа”, – гэта быў ліст Якуба Міхалюка зь Менску. Высновы, здаецца, бясспрэчныя, хоць наўрад ці выпадае дакараць тых, хто згадвае пра нацыянальны ўздым дзесяцігадовае даўніны як пра лепшыя гады свайго жыцьця. І хто марыць хаця б часткова адрадзіць тую атмасферу. А пра цягавітую мазольную працу – што ж, усё слушна. Хоць і ёй ідэалізм і ўзьнёсласьць маладых, па-мойму, зусім не перашкода. Раман Патапчук зь Берасьця – наш сталы слухач і аматар беларускае музыкі. Раман піша: “Заўважыў, што за тыдзень – з 15 па 22 студзеня – нешта ў вашай праграме зьмянілася ў лепшы бок. Пад уплывам ліста аднаго з вашых шматлікіх слухачоў у эфіры “Свабоды” сталі гучаць песьні. Цалкам падтрымліваю такую ідэю. Ёсьць жа ў нас выдатныя кампакт-кружэлкі беларускіх гуртоў і сьпевакоў, а многія ня маюць магчымасьці іх пачуць з тае прычыны, што ня могуць купіць СD-прайгравальнік. Тая вашая адгаворка, што на кароткіх хвалях няякасны гук, нікога не пераканае. Якасьць гучаньня досыць нармалёвая – ня горшая, чым час ад часу на “ВВС”. Лічу, што сустрэчы зь беларускімі (а мо й заходнімі) музыкамі могуць выліцца ў асобную праграму. Мо, будзе нешта кшталту “нашаніўскага” гіт-параду… Асадка кладзецца на стол, рука цягнецца да магнітафону. Сэрца прагне чуць “Сьвяты вечар-2000”, але не дазваляе адсутнасьць адпаведнае тэхнікі” – з жалем сканчае свой ліст берасьцеец Раман Патапчук. Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну Менскае вобласьці апісвае сумную гісторыю свайго жыцьця: “Мне 47 гадоў. Я адзінокі, жыву ў роднай вёсцы, бацькоў ужо пахаваў. У вёсцы адны старыя, якім дапамагаюць дзеці, што прыяжджаюць з гарадоў. Пакуль я яшчэ ў сіле, але ўжо цяжка бывае спраўляцца зь вясковымі клопатамі. А далей, напэўна, увогуле будзе невыносна. У свой час я, як і ўсе, мог стварыць сям’ю, атрымаць кватэру. Але ўсё ў маім жыцьці перакрэсьліў выпадак, калі я наважыўся змагацца з уладаю. У 86-м годзе, калі працаваў і жыў у Маладэчне, напісаў змушаную скаргу на яўна незаконныя дзеяньні некаторых супрацоўнікаў міліцыі, якія паводле сфабрыкаваных зьвестак арыштавалі мяне на 10 сутак. У выніку гэтага арышту я страціў працу, якой займаўся каля дзесяці гадоў, і чаргу на жыльлё. Мае спробы дамагчыся справядлівасьці скончыліся тым, што трапіў у “псыхушку”, атрымаў 2-ю групу інваліднасьці й вымушаны быў пераехаць да бацькоў. Але я ня кінуў змагацца. Праз абласны суд і пракуратуру дамогся таго, што пакараньне прызналі незаконным і адмянілі. А вось дамагчыся адмены свайго гэтак званага “псыхзахворваньня” так і ня змог”. У Віктара Макарэвіча ёсьць заключэньне Маскоўскага міжнароднага экспэртавага цэнтру, у адпаведнасьці зь якім ён прызнаны псыхічна здаровым чалавекам. Такія ж высновы зробленыя паводле абследваньня ў Віцебскім псыханэўралягічным шпіталі. Але ўсе ягоныя спробы дамагчыся канчатковага прызнаньня таго факту, што яго несправядліва аб’явілі хворым на псыхіку, безпасьпяховыя – ані суд, ані пракуратура не бяруцца за расьледваньне гэтае справы. “Жыцьцё канчаецца, я не магу ўсё пачаць з нуля – занадта многае страчанае”, – сканчае свой ліст Віктар Макарэвіч. – “Цалкам пакалечанае жыцьцё, і аніякіх шанцаў, што нешта можна паправіць”. У нас няма магчымасьці займацца расьсьледаваньнем гэтае справы або ўплываць на рашэньні чыноўнікаў. Але гісторыя гэтая вартая таго, каб пра яе ведалі. За радкамі разважлівага сумнага ліста, які зусім не падобны на ліст хворага на псыхіку – чалавечая драма, трагічны досьвед таго, наколькі безсэнсоўным бывае пошук справядлівасьці там, дзе ўсё вырашае не закон, а чыноўнік. На жаль, каб пераканацца ў гэтым, некаторым даводзіцца патраціць на бясплённае змаганьне ўсё жыцьцё. На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Аляксандра Маныкіна з Барысава Менскае вобласьці, Алеся Сярожкіна з Воршы, Аляксандра Лапіна з украінскай вёскі Яркае Поле Кіраўскага раёну, што ў Крыме, Аляксандра Чурына зь Менску і Ўладзімера Юрэні з Баранавічаў. Дзякуй усім. Чакаем новых лістоў на адрэсу 220005, Менск-5, паштовая скрынка-111. Вашыя лісты чытаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |