RFE/RL |
“Усё нармальна, Бацька!” — новы твар БТ.(эфір 20 Лістапада 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. (Цыганкоў: ) “Многія грамадзяне Беларусі не глядзяць беларускую тэлевізію. Гэта — відавочны нонсэнс, незалежна ад таго, якім бы ні была якасьць гэтае тэлевізіі. Паводле апошніх сацыялягічных дадзеных, «першы нацыянальны» канал глядзяць 72% апытаных. З гэтай лічбаю БТ дзеліць другое-трэцяе месца з РТР, а на першым працягвае заставацца ОРТ — 90%. НТВ, самы папулярны тэлеканал у Менску, па краіне займае чацьвертае месца (і толькі таму, што дасюль НТВ не прымаецца на ўсёй тэыторыі Беларусі). Адносна нізкі рэйтынг БТ заўсёды непакоіў тых людзей, якія называюцца “кіраўніцтва краіны”, і на Першым нацыянальным канале ўвесь час круцяцца ідэі рэформаў і пераменаў. Два тыдні таму вынікі самае апошняе перабудовы паўсталі перад вачыма тэлегледачоў. Што ж прынес “новы твар” Першага нацыянальнага тэлеканалу беларускаму гледачу? Ці сапраўды гэтыя перамены могуць падвысіць якасьць Беларускае тэлевізіі, ці вы верыце, што БТ можа стаць лепей? Вось меркаваньне кінарэжысэра Леаніда Міндліна…” (Міндлін: ) “Па-першае, я нязгодны з тымі, хто гэтую зьяву абзывае як рэформы, як “новая” тэлевізія — няма “новае” тэлевізіі, ёсьць уся тая ж старая, “кісельская” тэлевізія. Зьмены збольшага вонкавыя. Ёсьць добры намер скараціць колькасьць праграмаў, іх і скарацілі, але ж новыя праграмы, на мой погляд, паводле якасьці — такія ж. І калі шукаць прычыну гэтага, дык беларуская тэлевізія засталася гэтакай жа прапагандысцкай машынаю, як і была. Асноўная мэта ейнага йснаваньня для ўлады — гэта як раз ідэялягічная… — быць ідэялягічным шпрыцам”. (Цыганкоў: ) “Што да ідэялёгіі, дык яе колькасьць на “новым” БТ сапраўды павялічылася. Калі раней, напрыклад, патрэба ўлады ў брыдкіх опусаў Азаронка зьяўлялася толькі ў экстрэмальных выпадках (пад час выбараў і рэфэрэндумаў), дык цяпер Азаронак атрымаў сталую штотыднёвую магчымасьць выліваць на гледачоў сваю злобу й комплексы. Аднак, за выключэньнем Азаронка, большасьць новых праграмаў маюць забаўляльны характар. Сур’ёзныя тэмы й праграмы вымываюцца з эфірнае сеткі Беларускае тэлевізіі. Эфір пераўтвараецца ў гэткую суцэльную перадачу “Усё нармальна, мама!”. На гэты конт можна пажартаваць, што цяпер усе праграмы на БТ называюцца “Усё нармальна, бацька!”. Гаворыць Віталь Сямашка, спэцыяльны карэспандэнт Беларускае тэлевізіі, ляўрэат прэміі Саюзу журналістаў…” (Сямашка: ) “Гэта зараз дзяржаўная палітыка. Дарэчы, гэта тое, што шэсьць гадоў таму прапаноўваў Бахціяр Бахціяраў — тадышні генэральны дырэктар дырэкцыі праграмаў Беларускае тэлевізіі. Ён прапаноўваў забаўляльную тэлевізію. Замест таго, каб там уздымаліся якіясь сур’ёзныя праблемы — зрабіць з тэлевізіі “фабрику грёз”. Але людзі, якія прыйшлі зараз, ня змогуць нават і гэтага, яны не валодаюць прафэсіяй… Што мы хочам, калі лепшыя людзі сышлі, калі людзі, якія здольныя на ўчынак, выкінуты на вуліцу? Ствараецца адпаведная прафэсійная аўра. Тэлевізія — гэта дастаткова адкрыты мэханізм. У прынцыпе, паводле сваёй тэхналёгіі. Гэта значыць, могуць прыйсьці людзі, якія маглі б гэта зрабіць — іх трэба ўпусьціць. Ці здольнае наша новае кіраўніцтва ўпусьціць іх? Я ня ведаю…” (Цыганкоў: ) “Па-праўдзе кажучы, усё ж на БТ былі “ўпушчаныя” новыя людзі — але тыя, якія раней ніяк не былі зьвязаныя з тэлевізіяй. Напрыклад, весьці ток-шоў сталі ды-джэі зь менскіх FM-радыёстанцыяў. Уражаньне Леаніда Міндліна…” (Міндлін: ) “Я хачу нагадаць першы выпуск ток-шоу “Будні”: ішла гаворка пра тое, што адбылося на Нямізе. Такая хвалюючая тэма, трагедыя, якая адбылася на Нямізе. І ўражаньне было такое, што “лепей не сказаць, чым сказаць”. Ніводнага пытаньня, якое б гэтую тэму раскрыла больш-менш сур’ёзна, так і не было пастаўлена. І дарэчы, калі ток-шоў вядуць ды-джэі радыё… — прабачце… Вядучы ток-шоў — гэта вельмі добры журналіст, ёсьць досьвед заходніх каналаў, ёсьць досьвед расейскіх каналаў…” (Цыганкоў: ) “Працягнем праграму, прысьвечаную “новаму твару” БТ. Адразу скажу, што паводле ўсіх правілаў журналістыкі я імкнуўся запрасіць да ўдзелу і кіраўнікоў Першага нацыянальнага тэлеканалу. Аднак адзін зь іх спаслаўся на ўнутранае распараджэньне, якое забараняе кантакты з прэсаю без дазволу кіраўніцтва. Другі заявіў, што ніколі не дае інтэрвію па тэлефоне, а сустрэцца ня мае часу. І нарэшце, намесьнік старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў быў гатовы сустрэцца са мною празь некалькі дзён, але, нажаль, ужо пасьля выхаду нашае праграмы. Так што атрымліваецца, што БТ ў сёньняшняй праграме прадстаўляе спэцыяльны карэспандэнт Віталь Сямашка. Вось што ён гаворыць пра тыя прынцыпы, паводле якіх набіраюць на Першы нацыянальны тэлеканал новых людзей…” (Сямашка: ) “У нас была закладзена ўстаноўка з падачы Рыгора Кісяля: “Ня хочаце працаваць на прэзыэнта, так, як я вам кажу — набярэм людзей з вуліцы”. Набралі. Атрымалася АТН. Дзе гэтыя людзі, набраныя з вуліцы, атрымалі прызнаньне? Яго няма. Яго няма ня толькі ў гледачоў, яго няма ў сапраўдных прафэсіяналаў. Роўна на столькі, на колькі гэта будзе працягвацца, вось роўна на столькі ў нас будзе ня “Б”, ня “Т” — не беларускасьці, не тэлевізіі”. (Цыганкоў: ) “Гсторыя Беларускае тэлевізіі апошніх гадоў — гэта гісторыя перманэнтных рэформаў. Але здаецца, што “рэфарматары” ходзяць па адным зачараваным коле…” (Міндлін: ) “Дарэчы, гэта ж ня першы цыкаль гэтак званага “рэфармаваньня”. Першы адбываўся ў 94-95-м гадох. Абмяркоўваліся тыя ж самыя ідэі, але, я мушу адзначыць, Кісель меў нейкія пазытыўныя намеры. Магу нагадаць, як ставіліся задачы да студыі “Палітыка” — каб былі ўсе пункты гледжаньня… Але намер ёсьць намерам, падкрэсьлю яшчы раз… Ёсьць усясьветны досьвед, як робіцца тэлевізійны канал. Першае і галоўнае — гэта добрая інфармацыйная праграма, інфармацыйна-аналітычная праграма — гэта база. Далей — шоў, далей — кіно, ток-шоў і ўсё астатняе. Але без добрай інфармацыйнай праграмы добраякаснае тэлевізіі ніколі не адбудзецца”. (Цыганкоў: ) “Што да галоўнае інфармацыйнае праграмы на БТ — “Панарамы” — дык апошнім часам яна ўсё больш адпавядае анэкдоту брэжнеўскага часу: “і гэта ўсё аб ім, і трошкі пра надвор’е”. Увогуле, ці магчыма якасная і рэйтынгавая тэлевізія ў сёньняшняй беларускай палітычнай сытуацыі, калі любы журналіст БТ ўвесь час адчувае нутранага цэнзара. А калі не спрацуе ўнутраны, дык спрацуе цэнзар вонкавы. Увогуле, ці можна працаваць якасна, калі дакладна ведаеш, што гэта — можна, а вось гэта — нельга? Адказвае Леанід Міндлін…” (Міндлін: ) “Журналістыка, тым больш тэлевізійная журналістыка — гэта пэўная свабода. Асэнсаваньне таго, што адбываецца. Дарэчы, самае элемэнтарнае — гэта свабода здымаць там, дзе я хачу здымаць — але гэта ў нас таксама не магчыма. Ёсьць яшчэ адная праблема… Тэлевізія — гэта сынтэз: журналістыка, відовішча, высокія тэхналёгіі і добры мэнэджмэнт. Гэтага сёньня на Беларускай тэлевізіі няма, таму, што ў кіраўніцтва прыйшлі людзі, якія ў ніводнай з гэтых чатырох пазыцыяў не зьяўляюцца прафэсіяналамі”. (Цыганкоў: ) “Што ж, ня можа быць прафэсійнае і свабоднае тэлевізіі ў несвабоднай краіне. Пакуль улада разглядае адзіны нацыянальны тэлеканал у якасьці “ідэялягічнага шпрыцу”, пакуль у журналістаў БТ існуе вонкавы і ўнутраны цэнзар, у гледачоў Беларусі спрацоўвае свой цэнзар, які не дазваляе ім уключаць кнопку Беларускае тэлевізіі. Дагэтуль любы нармальны чалавек па-ранейшаму ўключае НТВ, каб даведацца, што ж адбылося сёньня на дэманстрацыі ў Менску”. Віталь Цыганкоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |