RFE/RL |
Маладыя беларускія журналісты ў Маскве(эфір 13 Лістапада 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. “Творчы цягнік” Менск–Масква: чаму зьязджаюць з Радзімы таленавітыя журналісты і ці вернуцца яны назад? (Цыганкоў: ) “Беларусь за савецкім часам заўсёды пастаўляла свае самыя лепшыя і таленавітыя кадры ў Маскву. У імпэрскай сыстэме каардынатаў “сталіца–правінцыя” Масква была найвышэйшай мараю, найвышэйшым дасягненьнем кожнае савецкай кар’еры. Журналістыка тут не была выключэньнем — напэўна, ва ўсіх маскоўскіх выданьнях можна сустрэць людзей беларускага паходжаньня. Пасьля атрыманьня краінаю незалежнасьці гэты шлях у аднабаковым накірунку на пэўны час прыпыніўся. У Менску зьяўляліся новыя недзяржаўныя выданьні, агэнцыі, тэлекампаніі — так што беларускім журналістам было што дасягаць і на сваёй Радзіме. Аднак за апошнія пяць гадоў “цягнік Менск–Масква”, вобразна кажучы, зноў запоўніўся новымі творчымі пасажырамі — у Маскве апынуліся дзясяткі беларускіх журналістаў. Пералічу толькі некаторыя, самыя вядомыя прозьвішчы… Самым знакамітым беларускім журналістам у Маскве зьяўляецца Павал Шарамет — цяпер кіраўнік адзьдзелу адмысловых праектаў тэлеканалу ОРТ. У газэце “Ведомости” працуе колішні аглядальнік «Белорусского рынка» Ўладзімер Максімаў. У газэце “Версия” — былы кіраўнік “Мас-мэдыя цэнтру” Дзьмітры Філімонаў і былая карэспандэнтка “БДГ” Натальля Мікалайчык. Яшчэ адна журналістка з БДГ Вера Раптуновіч здымае сюжэты на тэлеканале ТВ-6. Нават беларуская спартовая прэса пастаўляе Маскве свае кадры — карэспандэнт “Прессбола” Дзьмітры Навоша цяпер піша пра спорт у “Известиях” і прадстаўляў гэтае выданьне на Алімпіядзе ў Сыднэі. Што пагнала ў Маскву беларускіх журналістаў, бальшыня зь якіх і ў Беларусі займалі не апошнія месцы ў сваіх мэдыях. Напэўна, галоўную ролю тут гулялі эканамічныя прычыны — у Маскве заробкі журналістаў нашмат вышэйшыя. Але ня толькі гэта прымушала людзей пакідаць Менск. Гаворыць карэспандэнт ОРТ, былы аглядальнік “Звязды” Ігар Сінякевіч”. (Сінякевіч: ) “Асабіста мяне нічога ў Маскву не цягнула. Наадварот, мяне хутчэй нешта вымушала пакінуць Менск. Дарэчы, эканамічныя прычыны мяне не датычыліся, бо я няблага зарабляў і ў Менску, і адразу калі перабраўся ў Маскву, я адразу страціў у грашах недзе ўдвая. Але я глядзеў на пэрспэктыву, хацелася нечага новага ў прафэсійным плане. Аднак галоўным быў усё ж такі палітычны клімат, які давіць — нават калі рэжым непасрэдна да цябе ня мае прэтэнзій, якія могуць дрэнна скончыцца. Усё роўна гэты палітычны клімат давіць і немагчыма займацца сваёй работаю, калі ты журналіст, захоўваць самога сябе. Таму я вырашыў зьмяніць горад, зьмяніць краіну”. (Цыганкоў: ) “Характэрная і можна сказаць, адметная рыса новае хвалі творчых эмігрантаў — гэта маладосьць. Амаль усе з тых беларускіх журналістаў, якія прыехалі зь Менску ў Маскву за апошнія 5 гадоў — маладыя людзі ад 20 да 30 гадоў. 25-гадовы Віктар Дзятліковіч пакінуў Менск у 96-м годзе не па сваёй волі. У разгар “справы Шарамета” Дзятліковіча сярод іншых карэспандэнтаў ОРТ пачалі выклікаць на допыты ў беларускае КГБ. Яму прыйшлося зьехаць у Маскву. Абжыцца на новым месцы, паводле ягоных словаў, было даволі нескладана…” (Дзятліковіч: ) “Прынамсі, маё ўваходжаньне адбылося вельмі лёгка — я зрабіў два рэпартажы, і мне адразу прапанавалі застацца працаваць у праграме Дарэнкі. Так што мне не прыйшлося змагацца за месца “крывёю” і “потам”. Неяк усё атрымалася лёгка й добра. На самрэч, я б сказаў, што ў Маскве вялікі дэфіцыт на добрых журналістаў”. (Цыганкоў: ) “Прагучыць даволі нечакана, напэўна, для многіх…” (Дзятліковіч: ) “Так. Гэта прагучыць нечакана, а на самрэч гэта так. Асабліва гэта праяўляецца на тэлэвізіі. Добрых рэпартэраў, карэспандэнтаў ня так шмат і калі ты можаш нешта рабіць і робіш гэта добра, дык ты працу знойдзеш. Вось я б гэтак сфармуляваў. Так што мне было лёгка. Я ведаю, што былі людзі, якія прыяжджалі зь Менску, спрабавалі знайсьці ў Маскве працу і вярталіся назад. Але шмат людзей засталіся. Так што як каму пашчасьціла, як хто чаго дамогся”. (Цыганкоў: ) “Дарэчы, пакуль мы гаварылі зь Дзятліковічам, ён афармляў паперы на сваім новым месцы працы. Праграма Сяргея Дарэнкі, дзе працаваў беларускі журналіст, ужо канчаткова зьнятая з эфіру ОРТ, і цяпер Дзятліковіч зьяўляецца карэспандэнтам “Московских новостей””. (Цыганкоў: ) “Працягнем праграму. У маскоўскай журналістыцы даўно ўжо існуюць іншыя, адрозныя ад беларускіх, адносіны паміж калегамі, пануе даволі высокая канкурэнцыя. Норавы й прафэсійныя паводзіны журналістаў больш жорсткія і бязьлітасныя. Як адбывалася ўваходжаньне беларусаў у расейскія творчыя калектывы, як успрынялі там новых людзей? Ігар Сінякевіч прызнае, што напачатку было вельмі цяжка”. (Сінякевіч: ) “Безумоўна, камфартабэльна пераезд у іншы горад ніколі не адбываецца. Гэта заўсёды нейкія складанасьці і чым больш ты сталы чалавек, тым больш складана мяняць горад, таму што й прафэсійнае асяродзьдзе іншае і людзі іншыя. У цябе няма сувязей, у цябе няма знаёмых, якія могуць адразу падтрымаць. Безумоўна, спачатку было складана, хаця ў мяне быў неблагі старт, і мяне адразу ўзялі ў “Известия”. Прыкладна празь месяц там адбыўся раскол і, у выніку пэўных інтрыгаў, у якіх я нешмат разумеў на той час, не засталося нічога іншага, як пайсьці ў “Новые Известия”. Таксама неблагі выбар, але ў прафэсійным пляне я разьлічваў на нешта большае. Безумоўна, спачатку было цяжка зразумець нейкія адносіны паміж людзьмі на ўзроўні інтрыг, але ў прафэсійным пляне я б не сказаў, што беларускія журналісты падрыхтаваныя горш. Іншая справа, што журналіст — гэта прафэсія, якая патрабуе канкрэтных сувязяў, канкрэтных крыніцаў інфармацыі. Нават, калі вы мяняеце газэту ў адным і тым жа горадзе, усё роўна гэта патрабуе новых падыходаў. Таму напачатку было складана”. (Цыганкоў: ) “Напэўна, самы вядомы беларускі журналіст з тых, якія працуюць у Маскве — Павал Шарамет — калі вёў на ОРТ сваю аналітычную праграму, казаў: “нашыя войскі ў Чачні”, “нашыя палітыкі” і гэтак далей. Ён, прынамсі ў эфіры, адмовіўся ад сваёй беларускай самаідэнтыфікацыі. Ці патрабуе гэтага праца ў Маскве? Вось што адказвае ВіктарДзятліковіч…” (Дзятліковіч: ) “Я не лічу, што каб дамагчыся чагосьці ў Маскве, трэба адмаўляцца ад беларушчыны. Прымамсі, я не сутыкаўся з гэтым. Ну, было там адзін-два выпадкі, калі мы з Дарэнкам спрачаліся пра тое, як трэба вымаўляць — “Беларусь” ці “Белоруссия”. Вось гэта быў, здаецца, самы такі яскравы момант, калі мне сказалі: “Ну, Віктар, ты усё ж такі працуеш у Расеі, таму ты мусіш казаць “Белоруссия”. Пасьля гэтага я пачаў казаць “белорусские власти“ замест “власти Белоруссии”. Таму я ня бачу, чаму трэба адмаўляцца ад беларушчыны, каб дасягнуць посьпеху?… Аргумэнтацыя Пашы Шарамета пра тое, што “я ж працую ў Расеі, таму й мушу гаварыць “нашыя войскі” — гэта ягоная аргумэнтацыя, у мяне на гэты конт трохі іншая думка. Шмат хто, пераяжджаючы ў Расею, адразу пачынае клапаціцца пра расейскае грамадзянства, некаторыя проста й ня хочуць захоўваць гэтую беларушчыну. Яны кажуць: “Ха, тут з расейскім грамадзянствам лягчэй атрымаць візы нейкія, можна атрымаць нейкія вызваленьні ад падаткаў”, так што для іх такіх праблемаў не паўстае — адмаўляцца ад беларушчыны ці не. Яны пра гэта проста ня думаюць”. (Цыганкоў: ) “І напэўна, самае важнае пытаньне — калі сытуацыя ў Беларусі пераменіцца, калі палітычныя зьмены прывядуць да зьменаў эканамічных, у тым ліку і ў беларускіх мэдыях… — ці вернуцца назад у Беларусь журналісты, што працуюць цяпер у Маскве? Ці Масква такі вялізны касмапалітычны горад, які так да сябе прыцягвае, што вяртацца ў ціхую і спакойную Беларусь ім не захочацца?” (Сінякевіч: ) “Я думаю, што калі зьнікне Лукашэнка, дык сытуацыя ў Беларусі будзе разьвівацца вельмі дынамічна. Лукашэнка — гэта ў пэўным сэнсе, мэханізм, які сьціскае спружыну беларускага грамадзтва і, калі гэты мэханізм лопне, дык беларускае грамадзтва будзе разьвівацца вельмі дынамічна і, безумоўна, дынамічна будуць разьвівацца сродкі масавай інфармацыі. Таму, я думаю, што ўзьнікнуць цікавыя вакансіі, прафэсійныя магчымасьці. Але я хачу адразу сказаць, што я вярнуся толькі ў тым выпадку, калі будуць менавіта цікавыя пэрспэктывы ў прафэсійным сэнсе. Для мяне ня вельмі йстотныя толькі эканамічныя варункі. Калі будзе цікава ў прафэсійным сэнсе, дык я, магчыма, зноў зьмяню горад. Вось так”. (Дзятліковіч: ) “Я лічу, што калі сытуацыя ў Беларусі сапраўды зьменіцца, дык шмат хто вернецца, але шмат хто й застанецца. Прынамсі, я ведаю шмат людзей, якія сказалі, што нам тут даспадобы і, нават, калі Беларусь будзе без Лукашэнкі, і калі ў Беларусі зьявіцца нармалёвая журналістыка і нармалёвыя магчымасьці зарабляць, усё адно, я застануся тут, таму што гэта Масква, таму што гэта “трэці Рым”… — я ня ведаю, якія ў іх яшчэ там аргумэнты… Але ёсьць людзі, якія лічаць, што калі ў Беларусі ўсё ўсталюецца, дык трэба вяртацца. Працаваць у Беларусі можа нават і цікавей, чым у Расеі. Прынамсі, для мяне Расея ўсё ж такі застаецца чужой краінаю, нягледзячы на тое, што я жыву тут чацьверты год”. (Цыганкоў: ) “Масква ня стала Радзімаю для тых беларускіх журналістаў, якія даволі лёгка заваявалі гэты вялізны горад. Але й Беларусі пакуль не патрэбныя іхныя талент і здольнасьці. Пакуль новыя беларускія “эмігранты” яшчэ заяўляюць, што гатовыя вярнуцца на Радзіму. Будзем спадзявацца, яны не забудуць пра гэта, калі Беларусі зноў спатрэбяцца маладыя і таленавітыя журналісты”. Віталь Цыганкоў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |