RFE/RL |
Год Рацыі(эфір 6 Лістапада 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. Сёньняшняя праграма прысьвечаная гадавіне існаваньня ў эфіры Радыё Рацыя. (Цыганкоў: ) “У пятніцу, 3 лістапада, Радыё Рацыя адзначыла першыя ўгодкі з моманту выхаду ў эфір. Кароткая гісторыя існаваньня “Рацыі” непарыўна зьвязаная з Радыё 101,2 — адзінай у сярэдзіне 90-х беларускамоўнай радыёстанцыяй у FM дыяпазоне. У верасьні 1996 году, за два месяцы да сумнавядомага рэфэрэндуму, улады зачынілі Радыё 101,2, папросту адключыўшы перадатчык. Палітычны рэжым красамоўна паказаў, што не дапусьціць існаваньне ў беларускім FM эфіры тых незалежных радыёстанцыяў, якія выходзяць за прапанаваную “зьверху” схэму “музыка + балбатня”. Закрыцьцё “101,2” сталася шокам ня толькі для грамадзкасьці, але, безумоўна, і для саміх супрацоўнікаў радыё. Адна з журналістак, напрыклад, менавіта пасьля зьнішчэньня “101,2” зьехала ў ЗША — радыё было апошняй рэччу, што ўтрымлівала яе ў Беларусі. Але ў цэлым калектыў захаваўся, і стаў касьцяком новага Радыё Рацыя. Што ўтрымлівала людзей разам? — пра гэтага мы гаворым з карэспандэнтам “Рацыі” Генадзям Кесьнерам… Чаму людзі не разьбегліся? Што іх трымала, зьядноўвала разам?” (Кесьнер: ) “Спачатку здаровая злосьць — нас закрылі, нас спрабавалі зьнішчыць як калектыў. Мы самі сабе сказалі — “не, гэтага ня будзе. Мы будзем шукаць новыя магчымасьці, новыя варыянты, што заўгодна”. У гэты прамежак часу частка журналістаў рабіла праграму для Радыё Свабода “Новае пакаленьне выбірае”, частка працавала на беларускую рэдакцыю Польскага Радыё — так што бяз працы ў прынцыпе не сядзелі. І паступова грунтоўна рыхтаваліся да таго, што маем зараз — Радыё Рацыя”. (Цыганкоў: ) “Генадзь Кесьнер упэўнены, што на “Рацыі” сабраліся сапраўдныя прафэсіяналы, якія ўжо не адзін год працуюць на радыё. Але можа ня менш важнае тое, што ў калектыве няма звадніцтва, і як выказаўся Кесьнер, “нездаровае канкурэнцыі”. Што да канкурэнцыі зь іншымі недзяржаўнымі СМІ, дык “Рацыі” відавочна, найперш трэба было знайсьці сваю нішу ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Пра гэта гаворыць сузаснавальнік Радыё Рацыя Жанна Літвіна…” (Літвіна: ) “Ад самога пачатку “Рацыя” вызначыла для сабе гэты самы асноўны дэвіз — “Аб’ектыўна пра рэальнае”. Мы ўвесь час імкнемся яго прытрымлівацца. Напрыклад, у Белтэлерадыёкампаніі на мінулым тыдні цалкам адкрыта на прэс-канфэрэнцыі вядзецца размова, што Беларуская тэлевізія цікавіць ня гэтулькі інфармацыя, колькі пункт гледжаньня. Таму асноўнае адрозьненьне “Рацыі” ад айчынных мэдыяў — у тым, што нас цікавіць у першыю чаргу інфармацыя. У першую чаргу для нас важна данесьці гэтую інфармацыю для свайго слухача — наталіць ягоны голад па аб’ектыўнай апэратыўнай інфармацыі”. (Цыганкоў: ) “Гаварыла Жанна Літвіна. Адразу патлумачым мэханізм працы радыё. “Рацыя” вяшчае на кароткіх хвалях на Беларусь з Польшчы і зарэгістравана менавіта на тэрыторыі гэтае краіны. У Варшаўскім бюро з матэрыялаў беларускіх карэспандэнтаў складаецца эфірная праграма. Бадай, найбольшая творчая праблема, якая паўстала перад “Рацыяй” — знайсьці сваю тэматыку, свой падыход у асьвятленьні падзеяў. Можна пачуць меркаваньне, што “Рацыя” шукае свой, так бы мовіць, электарат, сярод слухачоў Радыё Свабода. Ці ўдалося “Рацыі” пазьбегнуць паўтарэньня той праблематыкі, якую пакрывае Радыё Свабода. Адказвае кіраўнік варшаўскага бюро “Рацыі” Зьміцер Новікаў…” (Новікаў: ) “Радыё Свабода сёньня мае свайго слухача, вельмі канкрэтна скіраваную праграмную палітыку — так што навошта ствараць яшчэ нешта, што было б падобнае. Але цалкам зразумела, што пазьбегнуць перакрыжаваньня ў 100 адсотках матэрыялаў немагчыма — таму што ўсё роўна ёсьць навіны, апэратыўныя матэрыялы, матэрыялы палітычнага кірунку. І зразумела. што мы будзем перакрыжоўвацца — нікуды тут не падзецца. Але гэта я не лічу вялікай праблемаю. Можа быць крыху розная падача, розныя людзі гэта робяць. У Радыё Свабода можа прайсьці адзін аспэкт, у нас іншы, і гэта дасьць мажлівасьць большае колькасьці слухачоў атрымаць больш варыянаў адной і той інфармацыі. Зь іншага боку, адпачатку мы ставіліся да сваёй праграмы такім чынам, каб не перакрыжоўвацца ані зь беларускай рэдакцыяй Польскага Радыё, ані з Радыё Свабода. Мы хацелі яшчэ й большы акцэнт даваць на перадачах пра культуру, літаратуру, гісторыю — як бы больш такі гуманітарна-інфармацыйны канал…” (Цыганкоў: ) “Гаварыў Зьміцер Новікаў, кіраўнік варшаўскага бюро Радыё Рацыя. Неабходнасьць пашырэньня аўдыторыі Рацыі лічыць першачарговай задачаю і Жанна Літвіна…” (Літвіна: ) “Канешне, вельмі хацелася б у пошуку свайго слухача адыйсьці ад нейкай «традыцыйнасьці», пашырыцца. Каб нашая інфармацыя была цікавая ня толькі для людзей, якія займаюцца палітыкаю, якія падрыхтаваныя. Але й хацелася б закрануць і тых 50% грамадзянаў нашае краіны, якія яшчэ ня вызначыліся ў сваіх прынцыпах, учынках. Даць менавіта гэтым людзям інфармацыю, дастукацца да іхных сэрцаў, сьвядомасьці, дамагчыся таго, каб гэтыя людзі й надалей у сваіх учынках кіраваліся рацыяй». (Цыганкоў: ) “Жанна Літвіна ня вельмі жадае гаварыць пра тое, як ставіцца да Радыё Рацыя беларуская ўлада. А там выбралі даволі своеасаблівую тактыку — улада робіць выгляд, нібыта такога радыё проста няма, матэрыялы “Рацыі” ігнаруюцца. Былі нават выпадкі, калі на некаторыя скандальныя сюжэты, якія ўпершыню прагучалі ў эфіры Радыё Рацыя, дзяржаўныя чыноўнікі пачалі рэагаваць толькі тады, калі гэтая інфармацыя зьяўлялася ў іншых незалежных мас-мэдыях. Зрэшты, у непрыхільнасьці ўлады няма нічога дзіўнага для беларускіх незалежных мэдыяў. Дзіўна тое, што за год “Рацыі” сапраўды ўдалося прайсьці шлях, для адоленьня якога іншым патрэбныя гады. І ня толькі ў творчым, але і ў тэхнічным сэнсе. Напрыклад, якасьць гучаньня ранішняе праграмы “Рацыі” цяпер ужо лепшая ва ўсім беларускамоўным эфіры на кароткіх хвалях. Пра далейшыя пляны й пэрспэктывы “Рацыі” распавядае Зьміцер Новікаў”. (Новікаў: ) “Мы плянуем ужо ў бліжэйшы тыдзень-два выйсьці на 6 гадзінаў. Гэта для нас вельмі сур’ёзны крок. Зразумела, што гэта ня будзе 6 гадзінаў арыгінальнага вяшчаньня, але даваць 2,5-3 арыгінальныя гадзіны можа ў нас атрымаецца. Ну й канешне, галоўнае для нас сёньня — выйсьці ў жывы эфір і працаваць ужо “жыўцом”, як кажуць у эфіры. Таму што сёньня ў нас толькі такія невялікія пробы адбываюцца. Зрэдку бывае, калі мы выходзім “жыўцом”, каб выдаць нейкую апэратыўную інфармацыю. Але ж я спадзяюся, што бліжэйшым часам будзем спрабаваць пераходзіць на жывы эфір. Гэта галоўнае для нас зараз”. (Цыганкоў: ) “Зьміцер Новікаў гаворыць пра пэрспэктыву пераходу цалкам на жывы эфір. Калі гэта адбудзецца, дык стане ня толькі новым крокам у разьвіцьці «Рацыі», але й пэўным маяком для іншых беларускамоўных радыёстанцыяў, што працуюць на кароткіх хвалях. А гэта ўжо азначае зьяўленьне здаровае (будзем спадзявацца) канкурэнцыі, якая напэўна пойдзе толькі на карысьць беларускаму слухачу». Віталь Цыганкоў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |