RFE/RL |
Што маюць да чытаньня вучні й настаўнікі?(эфір 4 Верасьня 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. Тэмаю сёньняшняе праграмы — пэдагагічныя і навучальныя выданьні. (Цыганкоў: ) “Надыход новага навучальнага году наша праграма вырашыла адзначыць тэматычным выпускам. Відаць, было б лягічным менавіта ў гэтыя, першыя вучэбныя дні распавесьці пра пэдагагічныя выданьні ў Беларусі, прэсу для вучняў і настаўнікаў. Звычайны беларускі чытач, нават даволі дасьведчаны ў розным пэрыядычным друку, сярод выданьняў на навучальную тэматыку назаве, бадай, толькі “Настаўніцкую газету”. Гэта, зразумела, самае вядомае і самае масавае выданьне для пэдагогаў. Але мала хто, акрамя саміх настаўнікаў, ведае пра шэраг іншых выданьняў, закліканых дапамагчы настаўніку сеяць добрае, вечнае… Пачнем з самых маленькіх. Дашкольнаму выхаваньню прысьвечаны часопіс “Пралеска”. Гаворыць сама за сябе й назва іншага навукова-мэтадычнага штомесячніка — “Пачатковая школа”. Далей трэба назваць часопісы “Народная асвета” і “Адукацыя і выхаванне”. Апошні, дарэчы, мае 23 тэматычныя дадаткі амаль па ўсіх навучальных прадметах. Сваю спэцыялізацыю мае і часопіс “Роднае слова” (які раней выдаваўся пад назваю “Беларуская мова й літаратура ў школе”). Варта адразу адзначыць, што заснавальнікам ўсіх гэтых часопісаў выступае Міністэрства адукацыі Беларусі і выходзяць яны на бюджэтныя сродкі. Я гутару з галоўным рэдактарам “Роднага слова” Міхасём Шавыркіным. І першае пытаньне — як спадар Шавыркін ацэньвае ўзровень і колькасьць беларускіх выданьняў, прысьвечаных адукацыі і навучаньню…” (Шавыркін: ) “У нас, калі прыгледзіцца ўважліва, пэдагагічных выдяньняў дастаткова. Пачынаючы ад дашкольных установаў і сканчваючы вышэйшай школаю… Але хацелася, каб нашы часопісы былі ілюстраваныя. Мы падаем ілюстрыцыі, але яны чорна-белыя, гэта дзесьці 50-я – 60-я гады, зараз ужо патрэбны колер…” (Цыганкоў: ) “Усе гэтыя пэдагагічныя выданьні, пра якія мы зараз гаворым, падтрымліваюцца дзяржаваю. Чаму ў Беларусі ня вырасла прыватнага буйнога і аўтарытэтнага выданьня на тэму пэдагогікі і навучаньня?” (Шавыркін: ) “Ва ўсе часы культуру і адукацыю падтрымлівае дзяржава. У свой час да нас прыяжджалі прадстаўнікі зь UNESCO і зьбіралі культуралягічныя і пэдагагічныя выданьні. Некаторыя выданьні хацелі выходзіць самастойна, але гэтыя спадары папярэдзілі, што культурныя і адукацыйныя выданьні не вытрымаюць ніякае канкурэнцыі. І таму абавязкова мусіць быць датацыя з боку дзяржавы”. (Цыганкоў: ) “Сёньняшні настаўнік: ці сапраўды ён мае час, мае магчымасьці чытаць усе гэтыя выданьні, падвышаць свой прафэсійны ўзровень? Ці з улікам таго, што настаўнікаў часам проста не хапае і яны разумеюць, што іх ніхто не заменіць, яны асабліва й не зьвяртаюць ўвагу на падвышэньне свайго ўзроўню і застаюцца на тым узроўні абы выжыць, абы неяк вытрымацца?” (Шавыркін: ) “Нашы пэдагагічныя часопісы не чытаюць… Шчыра скажу, не чытаюць. Зь імі працуюць, імі карыстаюцца ў неабходнасьці. І толькі некаторыя цікавыя матэрыялы ідуць на ўрок. Вось калі тая ці іншая навучальная тэма закранута, тады зьвяртаюцца, перабіраюць, спраўджваюць. А вось так проста — не чытаюць”. (Цыганкоў: ) “Калі я прачытаў гэтыя выданьні, дык у мяне склалася такое ўражаньне, што яны скіраваныя пераважна на гуманітарныя дысцыпліны. Ці не здаецца, што тут ёсьць нейкі прабел для фізыкі, матэматыкі, хіміі?” (Шавыркін: ) “Ёсьць часопіс “Народная асвета”, які дае матэрыялы і для фізыкаў і для хімікаў, і па астраноміі. Ну, і дадаткі ёсьць да “Адукацыі і выхавання”, але дадаткі выходзяць раз у квартал. Дваццаць тры спэцыялізаваныя дадаткі. Але зноў падкрэсьлю тое, што настаўнікі мусяць працаваць з душою сваіх выхаванцаў і таму у пэдагагічных выданьнях разглядаецца больш культуралягічных пытаньняў”. (Цыганкоў: ) “Так лічыць рэдактар часопіса “Роднае слова” Міхась Шавыркін. Душа душою, а ці могуць беларускія настаўнікі дазволіць сабе купіць пэдагагічныя выданьні? Ці існуе нейкая сыстэма абавязковае падпіскі або пакрыцьця гэтых выдаткаў? Тлумачыць Міхась Шавыркін…” (Шавыркін: ) “Нашым настаўнікам на набыцьцё пэдагагічнае ды мэтадычнае літаратуры дзяржава выдаткоўвае адзін мінімальны заробак. Зараз гэта 2,6 тысячы рублёў”. (Цыганкоў: ) “Але яны вольныя патраціць іх на літаратуру або на бананы?” (Шавыркін: ) “Яны вольныя. Але ў сувязі з тым, што ў траўні–чэрвені ўсе настаўнікі ідуць у адпачынак і ім не хапае грошай, у нас адразу скарачаецца падпіска ва ўсіх і пэдагагічных і непэдагагічных выданьнях”. (Цыганкоў: ) “Гаварыў галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Міхась Шавыркін. Працягнем наш расповед пра адукацыйную прэсу. Зразумела, што гэтая тэма ўключае ў сабе ня толькі менскія мэтадычныя часопісы, што выдаюцца міністэрствам адукацыі. Гэта й студэнцкія, і ліцэйскія, і нават школьныя газэты. Палітру ўсіх гэтых выданьняў прадставяць у праграме нашыя рэгіянальныя карэспандэнты. Зь Віцебску Алег Жукоўскі…” (Жукоўскі: ) “На Віцебшчыне існуе толькі адзіная зарэгістраваная газэта, якую можна лічыць студэнцкай — “Медвузовец” Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Аднак, калі паглядзець ўважліва на яе зьмест, а таксама на зьмест выданьняў Дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту і Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ствараецца ўражаньне, што жыцьцё студэнтаў — жыцьцё без праблемаў: адныя ўручэньні дыплёмаў, балы, конкурсы вясёлых і знаходлівых, аб’явы, віншаваньні ды псыхалягічная сумяшчальнасьць. Вось традыцыйная тэматыка ці ня кожнага з нумароў. Цікавай падалася толькі рубрыка, дзе заморскія студэнты-мэдыкі распавядаюць пра свае краіны. Больш вострымі можна палічыць выданьні грамадзкіх арганізацыяў, кшталту “Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў”. Такія як аршанскі “Залік”, полацкі “Канспект”, віцебскія “Верас” і “Студэнцкі стыль”. Там хоць прысутнічае беларуская мова. Аднак, калі паглыбляесься ў зьмест, высьвятляеш адно — колькі за месяц арганізацыя правяла сэмінараў і з кім, ці калі арганізацыя была заснаваная, перарэгістраваная і якія яна праводзіць праекты. Прачытаўшы ў “Канспекце” выдатны, амаль навуковы, артыкул пра тое, як студэнт п’е, удосталь пасьмяяўшыся з выкладак і графікаў, напрыканцы са зьдзіўленьнем заўважаеш, што гэта перадрукоўкі зь менскіх “Студэнцай думкі” і “Навінак”. Трэцяя група выданьняў ліцэйскія або школьныя. Прыклады — “Шабаш” 37-е школы і “Царства трыдзявятае” 39-е сярэдняе школы, ці “Тэрра інкогніта” ліцэю №1. Дзе-нідзе праскоквае беларуская мова. Школьнае жыцьцё віруе, друкуюцца вершы, малюнкі, карыкатуры, аднак крыху падыхае афіцыйшчынай, ці бачна, што ўсё гэта больш патрэбна адміністрацыям школаў, а ня вучням. Калі жыцьцё студэнтаў ці школьнікаў мае хоць нейкае асьвятленьне, дык пра настаўнікаў ці выкладчыкаў, акрама таго ж “Студэнцкага стыля”, магчыма прачытаць толькі ў афіцыйнай прэсе”. (Цыганкоў: ) “Зь Віцебску распавядаў Алег Жукоўскі. У Магілеве свае выданьні выпускаюць найперш мясцовыя ўнівэрсытэты. Як і ва ўсёй Беларусі, недзяржаўных выданьняў для пэдагогаў і навучэнцаў у вобласьці не йснуе…” (Усьціновіч: ) “Старэйшае выданьне ў Магілеўскай вобласьці — выданьне для пэдагогаў і студэнтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі — не зьмяніла сваю назву. З даваенных гадоў газэта называецца “Савецкі студэнт”. Супрацоўнікі й студэнты сяльгасакадэміі, сярод якіх на тэму зьмены назвы газэты правялі анкетаваньне, вырашылі прытрымлівацца традыцыйнай. “Савецкі студэнт” выдаецца раз на месяц, але рознымі накладамі. Пад час набору студэнтаў ён дасягае дзесяці тысячаў асобнікаў і дасылаецца ва ўсе школы краіны. А ў іншы час залежыць ад умоваў фінансаваньня. Праўда грошы сельскагаспадарчая акадэмія зарабляе няблага. Сёлета паўтысячы студэнтаў прынятыя на платныя адзяленьні. Вось з гэтых сродкаў і фінансуецца “Савецкі студэнт”. Магілеўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт мае ня толькі сваю газэту — “Універсітэцкі веснік”, але й “Веснік МДУ імя Аркадзія Куляшова”. Інфармацыйная газэта для выкладчыкаў і студэнтаў выдаецца тут пяты год. Выходзіць яна ў сьвет раз на месяц, накладам у дзьвесьце пяцьдзясят асобнікаў і распаўсюджваецца бясплатна. Часопіс, які робіць унівэрсытэт чатыры разы на год, зьявіўся ня так даўно ў якасьці навукова-мэтадычнага выданьня. Там друкуюцца ня толькі мясцовыя навукоўцы, але і іх калегі з Кітаю, Латвіі, Кыргыстану ды іншых краінаў. Магілеўскі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт таксама заснаваў летась сваё выданьне — газэту “Паралель”. Дзьве сотні асобнікаў, пэрыядычнасьць, прыкладна, раз на квартал у залежнасьці ад грашовых магчымасьцяў. Упраўленьне адукацыі магілеўскага абласнога выканкаму пачало выданьне свайго “Педагагічнага весніка”. Пакуль выйшла два нумары па сто асобнікаў, каб у кожны раён дасылаць па некалькі газэтаў. Да таго ж “Веснік” закранае толькі праблемы дашкольнага выхаваньня. Недзяржаўных спэцыялізаваных выданьняў для пэдагогаў і навучэнцаў у Магілеўскай вобласьці не йснуе”. (Цыганкоў: ) “Марыя Ўсьціновіч з Магілеву завершыла агляд прэсы на тэмы адукацыі і навучаньня. Тое, што без дзяржаўных датацыяў пэдагагічным выданьням амаль немагчыма выжыць, пацьверджвае прыклад незалежнае газэты “Новая школа”. Яна выходзіць усяго раз у месяц, аднак усё роўна мае мізэрны наклад, які да таго ж даволі слаба разыходзіцца. Нават “Настаўніцкая газета” пераўтварылася за апошнія гады фактычна ў навучальна-мэтадычнае выданьне, як кажуць пра яго, “хуткая дапамога міністэрства адукацыі”. А яшчэ ў пачатку 90-х “Настаўніцкая” была вострым грамадзка-палітычным выданьнем, якое цытавалі, зь якім спрачаліся. Відаць, такі цяпер час, што беларускія пэдагогі, як слушна заўважыў рэдактар часопіса “Роднае слова”, купляюць толькі тыя выданьні, які патрэбныя ў працы. А сучасная беларуская пэдагогіка — ня тая сфэра, дзе могуць расквітнець незалежныя якасныя выданьні. Няма ў іх масавага спажыўца”. Віталь Цыганкоў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |