RFE/RL |
Праваабарончая прэса Беларусі(эфір 31 Ліпеня 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. Напярэдадні 25-е гадавіны прыняцьця Гэльсынскага акту (1 жніўня) наша праграма прысьвячаецца беларускай праваабарончай прэсе. (Цыганкоў: ) “1 жніўня спаўняецца 25 гадоў з моманту прыняцьця заключнага акту Нарады Бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе. Менавіта гэты дзень можна лічыць пачаткам нараджэньня ў сьвеце Гэльсынскага руху. Таму невыпадкова сёньня мы вырашылі прысьвяціць нашую чарговую праграму праваабарончай тэме ў беларускай прэсе. Выданьні, прысьвечаныя правам чалавека, выпускаюць беларускія праваабарончыя арганізацыі. Праваабарончы цэнтар “Вясна” выдае незарэгістраваны штомесячны бюлютэнь “Права на волю”. Сярод друкаваных там матэрыялаў, бадай, самым прыкметным можна ўзгадаць цыкаль аднаго аўтара, прысьвечаны жыцьцю ў зьняволеньні – у турме й “на зоне”. Бюлютэнь “Право на защиту” рыхтуе Цэнтр правоў чалавека, які ўзначальвае Вера Страмкоўская. І нарэшце, бюлетэнь Беларускага Гэльсынскага камітэту літаральна гэтымі тыднямі зьмяніў сваю назву – “Аркуш” – пераўтварыўся ў “Чалавека”. Але разам з назваю памянялася і канцэпцыя гэтага выданьня, зьявілася тэматычная разнастайнасьць. У першым нумары “Чалавека” можна прачытаць ня толькі пра злачынствы камунізму і навацыі ў заканадаўстве, але й рэпартаж зь дзіцячай калёніі і матэрыял пра бяспраўе жывёлаў у Беларусі. Рэдактарка Сьвятлана Курс тлумачыць новую назву і новую канцэпцыю бюлетэню. (Курс: ) “Чалавек – ёсьць вымярэньнем усіх рэчаў. Мы жывем у чалавекацэнтрычным сьвеце. Чалавек – гэта, сапраўды, тое, што “гучыць горда”, тое, што па-сапраўднаму цікавіць грамадзтва. Нашая канцэпцыя вельмі простая – гаварыць усё, што цікавіць чалавека, што тычыцца правоў чалавека, яго свабодаў. Напрыклад, як наша грамадзтва ставіцца да жывёлаў, як ставіцца да сваіх дзетак… У нас у першым нумары ёсьць матэрыялы з “чацьвертай” гомельскай калёніі – там сто адсоткаў дзяцей хворыя. Нам падалося гэта важна, і мы ня лічым, што гэта выходзіць за праваабарончую або праваўсьведамляльную канцэпцыю часопіса”. (Цыганкоў: ) “Гаворачы пра праваабарончую тэму, многія маюць на ўвазе перш за ўсё палітычны аспэкт, які гучыць даволі моцна. Я так разумею, што Вы ў сваім выданьні хочаце пашырыць успрыняцьцё праваабарончае тэматыкі, паказаць, што гэта ня толькі палітыка…” (Курс: ) “Безумоўна, проста існуе многа выданьняў у Беларусі, якія займаюцца палітычнымі й грамадзянскімі правамі. Гэта вельмі важны кавалак працы, але мы робім “Чалавека”, і лічым, што чалавек ёсьць панятак вечны. Магчыма, што наш часопіс, зьмяняючыся, ператворыцца ў беларускі “Time”, магчыма ў беларускія “Итоги” або “Polityka”, і мы павінны быць цікавыя вечна, заўсёды, нават тады, калі грамадзянскія і палітычныя правы будуць больш-менш заспакоеныя, але на пярэдні плян выйдуць правы сацыяльныя або эканамічныя, гендэрныя праблемы, правы дзіцёнка. Мы хочам гутарыць пра тыя праблемы, якія цікавяць чалавека кожны дзень і вечна”. (Цыганкоў: ) “Звычайна праваабарончыя выданьні – гэта незарэгістраваныя бюлетэні. Але, наколькі я зразумеў, у вас грандыёзныя пляны – вы зьбіраецеся рэгістравацца, здабываць падпісчыкаў, пашыраць свой наклад…” (Курс: ) “Мы ўсё гэта зьбіраемся зрабіць абавязкова – і зарэгістравацца, і павялічыць наклад, і займець свайго чытача. Рэгістравацца мы плянуем у верасьні, чакаем некаторых праблемаў. Магчыма прыйдзецца рабіць гэта вельмі доўга, таму што, па-першае, у нас клясычная беларуская мова, а па-другое, як Вы бачыце, Дзяржаўны камітэт друку ўвогуле зрабіў сваю пазыцыю больш жорсткаю. Папярэджаньне атрымалі многія выданьні, у тым ліку і ARCHE, і ТБМ як грамадзкая арганізацыя, і АГП… – чыста з фармальных прыкметаў. Гэта нас насьцярожвае, але мы гатовыя змагацца”. (Цыганкоў: ) “Што Вы думаеце пра іншыя праваабарончыя выданьні? Лічыце вы іх канкурэнтамі або калегамі?” (Курс: ) “Калегамі. Але, мы б хацелі, каб канкурэнцыя абавязкова захоўвалася. Мне вельмі цікава чытаць “Права на волю”, гэта больш спэцыялізаванае палітычна-грамадзянскае выданьне пра палітычныя правы – і гэта нармалёва. Але мы хочам, каб супрацоўнікі “Права на волю” працавалі і з нашым часопісам. Я думаю, у нас такі вялікі фронт працы, што яе хопіць усім”. (Цыганкоў: ) “Гаварыла рэдактарка бюлетэню “Чалавек” Сьвятлана Курс. Зь ейным меркаваньнем пра тое, што ў праваабарончай сфэры працы хопіць усім, здаецца, не выпадае спрачацца. Правы чалавека ў Беларусі парушаюцца аднолькава актыўна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і праваабарончыя выданьні выходзяць ва ўсіх абласьцях Беларусі. Некалькі прыкладаў прадставяць нашыя карэспандэнты. Напачатку Сяргей Астраўцоў з Гародні…” (Астраўцоў: ) “На Гарадзеншчыне існуюць некалькі малатыражных выданьняў, якія засяроджаныя на праваабарончай тэматыцы. Па-першае, гэта бюлетэнь “Маю права”. Выдаецца ён рэгіянальным праваабарончым цэнтрам пры аб’яднаньні “Ратуша”, выходзіць ужо крыху больш за два гады. У ім паведамляецца пра выпадкі парушэньня правоў і асноўных свабодаў чалавека на Гарадзеншчыне. Пішацца пра дзейнасьць Беларускіх і замежных правааборончых арганізацыяў. Бюлетэнь інфармуе пра бягучыя падзеі з гэтай галіны: сэмінары, круглыя сталы, канфэрэнцыі. На пачатку “Маю права” друкаваўся ўнутры газэты “Пагоня”, затым бюлетэнь стаў цалкам самастойным выданьнем. Але апошнім разам “Маю права” зрабіўся старонкаю ў бюлетэні “Рэгіянальная Беларусь”, які выдаецца каардыянацыйным камітэтам “Гарадзенская ініцыятыва”. На абарону правоў асобы заарыентаваны і некаторыя іншыя выданьні. Напрыклад, таксама беларускамоўны бюлетэнь “Праўнае поле”. Гэта – дадатак да “Новай газэты Смаргоні”. Выходзіць ужо год. Абароне правоў спажыўцоў прысьвечаны расейскамоўны “Гродненский потребитель”, першы нумар якога выйшаў летась у верасьні, а таксама “Весткі”. Іх з 1998 году выдае Ваўкавыскае Таварыства абароны правоў падаткаплацельшчыкаў і спажыўцоў “Аслона”. Усе гэтыя выданьні не зарэгістраваныя, маюць наклад 299 асобнікаў”. (Цыганкоў: ) “А вось у Магілеўскай вобласьці выходзіць толькі адно праваабарончае выданьне – у Бабруйску. Перадае Марыя Ўсьціновіч…” (Усьціновіч: ) “Больш за два гады ў Бабруйску выдаецца праваабарончы бюлетэнь пад назваю “Правы чалавека”. На сёньня гэта супольны праект рэгіянальнага аддзелу Беларускага Гэльсынскага камітэту і юрыдычнай прыёмнай для студэнтаў Грамадзянскага Форуму. Апошняя арганізацыя далучылася да выданьня праваабарончага бюлетэня сёлета. Бабруйскія “Правы чалавека” выходзяць у сьвет раз на месяц на васьмі палосах фармату А4. Галоўным рэдактарам зьяўляецца старшыня бабруйскага аддзелу БГК Яўген Чапурышкін. Афіцыйны наклад, як незарэгістраванага выданьня, 299 асобнікаў, але рэальна цікаўных да гэтага выданьня нашмат больш. “Правы чалавека” выходзяць часткова на беларускай, часткова на расейскай мовах. Напрыклад, маніторынг у правах чалавека ў Бабруйску друкуецца па-расейску. У яго ўваходзяць самыя цікавыя пытаньні, зь якімі людзі за мінулы час зьвярталіся ў аддзелы Гэльсынскага камітэту і студэнцкую прыёмную Грамадзянскага Форуму. Рэшта палосаў бюлетэню запаўняецца карыснай інфармацыяй пра тое, як трэба дзейнічаць у адпаведнасьці з законам у розных сытуацыях, юрыдычнымі тлумачэньнямі. Час ад часу ў “Правах чалавеку” зьяўляюцца інтэрвію зь вядомымі праваабаронцамі і юрыстамі, якія наведваюць Бабруйск. Падобнага выданьня ў абласным цэнтры не йснуе. Паводле словаў дырэктара Магілеўскага праваабарончага цэнтру – Сяргея Абадоўскага, сёньня перавага аддаецца рубрыкам “Правы чалавека” ў недзяржаўных абласных выданьнях – “Тыднёвік Магілеўскі” і “Де-факто”, хаця ў магілеўскіх праваабаронцаў ёсьць намеры і адпаведныя пляны прыступіць у бліжэйшай пэрспэктыве да выданьня штомесячнага адмысловага бюлетэню”. (Цыганкоў: ) “Мы падалі панараму беларускіх праваабарончых выданьняў, а цяпер паспрабуем высьвятліць, як ставіцца да гэтае тэматыкі агульная грамадзка-палітычная прэса. Я працягваю размову з рэдактарам бюлетэню “Чалавек” Сьвятланай Курс. Дзяржаўныя выданьні, лічыць Сьвятлана, разглядаюць тэму правоў чалавека як нейкі казус…” (Курс: ) “Вазьміце “Советскую Белоруссию” ці “Рэспубліку”, любую іншую афіцыйную газэту і Вы пабачыце, што там часта гаворыцца пра казусы парушэньня правоў чалавека, але робіцца карэнна няслушная выснова – сьцьвярджаецца, што гэта вінаваты адзін нейкі пэўны чалавек, які сядзіць на чынавенскім крэсьле і пакрыўдзіў таго ж самага селяніна, ці там каго. Лічыцца, што ў нас здаровая дзяржава і толькі некаторае чынавенства парушае законы… Увогуле, ня пішацца пра такую зьяву, як “местачковая мафія” – калі ў нас існуе зрастаньне праваахоўных ворганаў, пракуратуры, судовасьці й гэтак далей. І ня пішацца пра тое, што ў правінцыі чалавек бяспраўны. Пра гэта вельмі выразна піша недзяржаўная прэса. І гэта зьява, якую цяжка пераацаніць – тое, як пра гэта пішуць такія салідныя газэты як “Белорусская деловая газета”, “Белорусская газета”, “Наша Ніва”. Але, на маю думку, нашы журналісты кепска абазнаны ў сучасным стане правоў чалавека і сучасных дакумэнтах пра правы чалавека. Яны зьмяняюцца кожны дзень. Гэтак жа хутка, як беларускае заканадаўства, але, на шчасьце, у добры бок, а ня ў горшы. Тут, мне здаецца, трэба падвысіць свой адукацыйны ровень”. (Цыганкоў: ) “Кажучы пра тое, што незалежная прэса даволі нармальна асьвятляе гэтую тэму, тым ня менш, ці можна вылучыць нейкія сэгмэнты гэтае тэмы, якія застаюцца па-за ўвагаю? Мне здаецца, можа Вы пагадзіцеся ці не, што найбольш увагі надаецца палітыка–грамадзкім справам, а тыя ж самыя правы жывёлаў, гэндэрныя праблемы, праблемы дзяцей, можа якія яшчэ – застаюцца па-за ўвагаю нават незалежнае прэсы… ?” (Курс: ) “Праблема ў тым, што “дзе тонка, там і рвецца”. Без забесьпячэньня грамадзка-палітычных правоў, безь іх захоўваньня – астатнія немагчымыя. Тады грамадзтва пазбаўляецца інструмэнтаў узнаўленьня сваіх правоў: вольнага выказваньня, судовых мэханізмаў, мітынгаў, шэсьцяў свабоды – гэта мы назіраем зараз, калі няма гэтых мэханізмаў. Дзяржава, грамадзтва змагаецца за тое, каб імі авалодаць. Толькі пасьля таго, як гэтыя мэханізмы ёсьць, ідзе змаганьне за гэндэрныя правы і за тыя правы, якія Вы назвалі. Мне здаецца, калі пройдзе гэты боль ад парушэньняў асноўных грамадзянска-палітычных правоў, тады людзі зьвернуцца да парушэньняў правоў зьняволеных, жанчынаў, дзяцей, жывёлаў, экалёгіі. Спачатку грамадзтва імкнецца пераадолець вось гэтую дзірку – абсалютнае парушэньне правоў. Мне здаецца, гэта ў нас наперадзе – аборона абсалютна ўсіх правоў. І зьявіцца шмат спэцыялізаваных выданьняў”. (Цыганкоў: ) “На гэтым інфармацыйным полі – правоў чалавека – увесь час ідзе сапраўдная ідэялягічная вайна паміж беларускімі дзяржаўнымі й незалежнымі СМІ. Хто, на Вашую думку, у гэтай барацьбе перамагае і ў каго лепшыя шанцы ў будучыні?” (Курс: ) “Я вельмі аптымістычна стаўлюся да сытуацыі. Мне здаецца, у людзей ёсьць вялікая запатрабаванасьць ведаць нешта новае, іх ужо не задавальняе тлумачэньне, што вінаватыя мясцовыя бароны і не вінавата вышэйшае кіраўніцтва. Людзі хочуць ведаць: чаму ня дзейнічае суд?, чаму міліцыя пераўтварылася ў нейкую арганізацыю, якая парушае правы чалавека хутчэй, чым іх ахоўвае? Людзі задаюць такія пытаньні. Патрэбныя адказы. Дзяржаўныя сродкі такіх адказаў не даюць. Я кажу гэта абсалютна аб’ектыўна, я вывучаю іх, кожны дзень чытаю вельмі ўважліва. Яны ставяць пытаньні і не даюць адказы, або даюць няслушныя адказы. Нашая задача – даць тыя адказы, якія нам здаюцца слушнымі. Прынамсі, патрабаваць прадаставіць іх грамадзтву. Мне здаецца, што тут асьветніцкая, культурніцкая пазыцыя будзе выйгрышнаю, а ня пройгрышнаю”. (Цыганкоў: ) “Сьвятлана Курс, рэдактарка праваабарончага выданьня “Чалавек”, упэўненая ў перамозе погляду незалежнае прэсы на праблему правоў чалавека. Але, напэўна, гэтая тэма запануе ў грамадзкай сьвядомасьці толькі тады, калі бальшыня беларускіх жыхароў пачне лічыць правы чалавека сваім прыярытэтам. Калі гэта адбудзецца? Я б, напрыклад, не асьмеліўся прагназаваць”. Віталь Цыганкоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |