RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Ад панядзелка да панядзелка



Гістарычная прэса

(эфір 26 Чэрвеня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэмаю сёньняшняе праграмы стане гістарычная прэса. Колькі ў Беларусі часопісаў, прысьвечаных гістарычным дасьледваньням, як тэма гісторыі асьвятляецца ў неспэцыялізаваных выданьнях?

(Цыганкоў: ) “Сёньня ў Беларусі выходзяць тры агульнадзяржаўныя і шэраг рэгіянальных гістарычных выданьняў, пры гэтым усе яны нарадзіліся ў апошняе дзесяцігодзьдзе. На сёньня найбольш аўтарытэтным і дасьведчаным прызнаецца часопіс “Спадчына”. Ад свайго заснаваньня ў 1989 годзе “Спадчына” фінансавалася дзяржаваю, але тры гады таму Дзяржаўны камітэт у справах друку не ўключыў гэты часопіс ў пляны фінансаваньня. Такім чынам, “Спадчына” пайшла ў вольнае плаваньне і за гэты час сваім прыкладам даказала магчымасьць існаваньня незалежнага гістарычнага выданьня.

Такую магчымасьць даказвае і знакаміты пісьменьнік і гісторык Генадзь Сагановіч, які выдае часопіс “Беларускі гістарычны агляд”.

Дзяржаўныя датацыі сёньня атрымлівае толькі “Беларускі гістарычны часопіс”. Да нядаўняга часу выходзіла газэта “Беларуская мінуўшчына”, якая імкнулася папулізаваць гісторыю для шырокага кола чытачоў, але вось ужо два гады з-за фінансавых прычынаў гэтае выданьне не друкуецца.

Пра беларускія гістарычныя выданьні, іхныя тэматычныя адрозьненьні разважае гісторык, сябра рэдакцыйнае калегіі часопісу “Спадчына” Анатоль Грыцкевіч…”

(Грыцкевіч: ) “Кожны мае сваю адметнасьць і, як цяпер называюць, нішу. “Спадчына” – гэта ўжо сталы часопіс, якому больш за дзесяць гадоў, які за гэты пэрыяд зарэкамэндаваў сябе вельмі салідным і галоўнае – нацыянальным выданьнем. Там нават гістарычныя аспэкты, якія тычацца ня толькі Беларусі, заўсёды праходзяць неяк скрозь прызму нашае гісторыі. Там друкуецца шмат матэрыялаў або новых, або такіх, якія мала каму вядомыя, нават спэцыялістам.

Што тычыцца “Беларускага гістарычнага часопіса” – гэты часопіс хутчэй скіраваны ня столькі на навукоўцаў, колькі на выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх навучальных установаў, у тым ліку школаў. Тым часам ёсьць матэрыялы і ў распрацоўцы школьных заняткаў, артыкулы настаўнікаў.

А “Беларускі гістарычны агляд” я б назваў тыпова тэарэтычным гістарычным часопісам. Ягоны галоўны рэдактар Генадзь Сагановіч вельмі падрыхтаваны гісторык, ён зрабіў ухіл у гісторыка-філязофскім кірунку. Там шмат ня толькі беларускіх матэрыялаў, але матэрыялаў чыста ўсясьветных, шмат сапраўды тэарэтычнай інфармацыі. Гэта часопіс для падрыхтаванага чытача.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам, ці можна сказаць, што гэтых трох часопісаў хапае для асьвятленьня гістарычнае тэмы? Ці варта мець яшчэ выданьні на гэтую тэму?”

(Грыцкевіч: ) “Думаю, што нядрэнна было б мець і гістарычнае выданьне тыпу “Беларускае мінуўшчыны”, якое было больш папулярнае. Лічу, што не хапае часопіса й па сучаснай гісторыі. З аналізам ня столькі паліталёгіі, колькі цяперашняй гісторыі за апошнія, можа, дзесяць ці пятнаццаць гадоў, каб было больш набліжана да нашага часу”.

(Цыганкоў: ) “Калі параўноўваць нашыя гістарычныя выданьні з аналягічнымі ў іншых краінах – як выглядае ў параўнаньні беларуская гістарычная прэса?”

(Грыцкевіч: ) “Калі параўноўваць з краінамі Заходняй Эўропы, ці Амэрыкі, дык там гістарычных выданьняў непараўнальна больш. Мне адразу прыходзіць на ўспамін францускія часопісы зьвязаныя зь сярэднявеччам. У нас такіх часопісаў няма. Прычым такія навукова-папулярныя – толькі сярэднявечча. Што датычыцца нашых суседзяў, напрыклад Расеі, дык там таксама часопісаў няшмат. Зьвязана гэта зь цяжкім эканамічным становішчам. У Польшчы лепей, там ёсьць часопісы нават лякальныя. Дзе ёсьць нейкі ўнівэрсытэт – два-тры выданьні на месцы. У ваяводзтве, ці для ўсёй Польшчы, у гэтым сэнсе там багацей”.

(Цыганкоў: ) “Як гэта ня дзіўна, і ў беларускай правінцыі выходзяць гістарычныя выданьні. Найбольш насычаная імі, як і варта было чакаць, Гарадзеншчына…”

(Грыцкевіч: ) “Зь гістарычных выданьняў, якія сёньня існуюць на Гарадзеншчыне, першым пачаў выходзіць “Лідзкі летапісец” – краязнаўчы й гісторыка-літаратурны часопіс. З 1977 году часопіс пачаў выдаваць Станіслаў Суднік накладам 299 асобнікаў. Апошнім часам выходзіць нерэгулярна. Гістарычныя і краязнаўчыя публікацыі сапраўды прысьвечаны пераважна мінуламу Лідчыны, зьмяшчаюцца й літаратурныя творы.

А вось ў Горадні аматарам гісторыі больш падабаецца назва “альманах”. Выйшлі ўжо два нумары пад назваю “Гарадзенскія апосталы”. На вокладцы пазначана – гістарычны альманах. Праўда, унутры можна знайсьці іншыя вызначэньні выданьня, а менавіта – “гісторыка-краязнаўчы часопіс”. Выдае яго моладзевы альянс імя Вітаўта Вялікага. Наклад – дзьвесьце асобнікаў.

Выданьне своеасаблівае – у кожным нумары зьмяшчаецца толькі адна грунтоўная праца аднаго аўтара. Першы нумар быў прысьвечаны гарадзенскаму пэрыяду ў дзейнасьці ўраду БНР. Другі – падзеям паўстаньня 1830-31 гадоў на Гарадзеншчыне. Рыхтуецца трэці нумар, прысьвечаны палітыцы царызму на Гарадзеншчыне пасьля гэтага паўстаньня. Аўтар – асьпірант БДУ, гарадзенец Алесь Радзюк.

Сьледам за “Гарадзенскімі апосталамі” пачаў выходзіць навукова-гістарычны і краязнаўчы часопіс з назваю “Гістарычны альманах”. Завадатар выданьня доктар гістарычных навук Гарадзенскага ўнівэрсытэту Алесь Краўцэвіч. Выйшлі два нумары. Наклад – сто асобнікаў. Павялічыць аб’ём і наклад не дазваляе пакуль адсутнасьць грошай. У часопісе каля ста старонак.

“Atheneum Grodnensis” – так будзе называцца новы альманах, задуманы ў лябараторыі праблемаў рэгіянальнае культуры, якая заснавана пры Гарадзенскім унівэрсытэце. Кіраўнік лябараторыі Сьвятлана Куль-Сяльверстава паведаміла мне, што ў альманаху вялікая ўвага будзе нададзеная тэматыцы памежжа. Напрыклад, памежным дыялектам, разьвіцьцю кантрабанды, гісторыі зьменаў межаў паміж дзяржавамі. Трэба яшчэ дадаць, што студэнтамі ўнівэрсытэту выдаецца гісторыка-краязнаўчая газэта “Дзедзічы”. Выходзіць яна, як і іншыя выданьні, нерэгулярна”.

(Цыганкоў: ) “У Магілеўшчыне таксама існуюць выданьні, прысьвечаныя гісторычнай тэме. Але Марыя Ўсьціновіч распавядзе таксама, якое адлюстраваньне гэтая тэма знаходзіць у неспэцыялізаванай прэсе…”

(Усьціновіч: ) “Гістарычныя артыкулы й нататкі – папулярны жанр у сродках масавай інфармацыі Магілеўшчыны. Усьплёск цікавасьці да багатай гісторыі краю пачаўся ў 90-х гадох дзякуючы энэргічнай працы маладых гісторыкаў з Магілеву, беларускамоўных і дэмакратычна скіраваных. Вынікам іхных намаганьняў стаў тоўсты гістарычны й культурна-асьветніцкі часопіс “Магілеўская даўніна”, рэдактарам якога зьяўляецца дацэнт Магілеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Агееў. Зараз выйшаў у сьвет сёмы нумар штогадовіка.

Зазначым, што нягледзячы на прысутнасьць у рэдакцыйнай радзе дзяржаўных устаноў, выдаецца “Магілеўская даўніна” на недзяржаўныя сродкі.

З рэгіянальных выданьняў, якія ў асноўным скіраваныя на гістарычныя тэмы, трэба назваць бабруйскую газэту “Галасы гісторыі”. Яе робіць клюб “Шукальнік” бібліятэкі № 4, які ставіць сабе на мэту вывучэньне гісторыі Бабруйскае фартэцыі. Амаль што кожная газэта ў вобласьці мае адмысловыя рубрыкі. Напрыклад, у “Магілеўскай праўдзе” ёсьць цэлая паласа пад назваю “Пергамэнт”.

Тое ж датычыцца электронных СМІ. На дзяржаўным тэлеканале “Магілеў-1” шмат гадоў існуе праграма “Галасы гісторыі”. У яе зьмяняюцца аўтары і ўдзельнікі, але перадача стабільна атрымлівае эфірны час.

У раённых выданьнях усё залежыць ад мясцовых актывістаў. Шклаўчанін Алесь Грудзіна, выкладчык мясцовае прафэсійна-тэхнічнае вучэльні, надрукаваў шмат артыкулаў у раёнцы па гісторыі сваёй зямлі.

Цікавыя гістарычныя матэрыялы рэгулярна зьяўляюцца на старонках самага буйнога дэмакратычнага выданьня вобласьці газэты “Тыднёвік Магілеўскі”. Рубрыку “Сто зруйнаваных помнікаў Магілеву” вядзе Алесь Асіпцоў, а дырэктар музэя Магілеву Ігар Пушкін распавядае з працягам пра жыцьцё пад немцам”.

(Цыганкоў: ) “Распавядала Марыя Ўсьціновіч. Ці зьмянілася асьвятленьне гістарычных падзеяў у Беларускай прэсе за апошнія пяць гадоў? Мы працягваем размову з гісторыкам Анатолям Грыцкевічам…”

(Грыцкевіч: ) “Тут зьмены вялікія. За шэсьць гадоў прэзыдэнства Лукашэнкі ды прамаскоўскага рэжыму ўрадавыя газэты перайшлі на асьвятленьне гісторыі з тых пазыцыяў, якія былі яшчэ ў савецкі час. Вяртаемся, так бы мовіць, да таго ж самага.

Што датычыцца прэсы недзяржаўнай, дык тут больш разьняволеньня. Застаюцца тыя самыя інтарэсы й да даўняй гісторыі, менавіта беларускай, і да новай таксама. Часам друкуюць матэрыялы гісторыі Беларусі XX стагодзьдзя, сталінскіх рэпрэсіяў, і ня толькі сталінскіх, вельмі рэдка – пэрыяду барацьбы за незалежнасьць Беларускае Народнае рэспублікі. Амаль няма, на жаль, матэрыялаў пэрыяду даўняга часу, пэрыяду барацьбы зь вялікім княствам Маскоўскім, ці з Расейскай імпэрыяй”.

(Цыганкоў: ) “Я якраз хацеў спытаць пра гэты перакос апошніх гадоў у асьвятленьні гістарычных тэмаў. Усё больш пішуць пра падзеі XX стагодзьдзя, і ўсё менш – пра даўнюю гісторыю Беларусі. У чым тут справа – зьмяніліся інтарэсы людзей ці пра старажытны пэрыяд усё ўжо сказана?”

(Грыцкевіч: ) “Я ня думаю, што зьмяніўся інтарэс людзей, тут хутчэй журналістаў больш цікавяць ці сучасныя праблемы, ці праблемы блізкай гісторыі, зьвязаныя з сучаснасьцю. Мне здаецца, гэта накладвае адбітак цяперашняя палітычная сытуацыя ў Беларусі. Пэрспэктывы выданьня часопісаў, нават прысутнасьць гістарычнае тэматыкі ў газэтах, даволі добрыя. У нас ёсьць ужо даволі вялікая група гісторыкаў патрыятычнага кірунку, выхаваных ўжо ў гады незалежнасьці, – тых, хто набыў больш ведаў, хто атрымаў дыплёмы пад час незалежнасьці. Яны стаяць на тых жа самых пазыцыях, можа некаторыя крышачку асьцяражней. Я думаю ёсьць людзі, якія ў будучым могуць узяцца за гэтую тэму, таксама, як і журналісты. Мы не капітулявалі й капітуляваць не зьбіраемся”.

(Цыганкоў: ) “У гэтым упэўнены Анатоль Грыцкевіч. І сапарўды, можна адзначыць, што ўсе гістарычныя выданьні, якія выходзяць сёньня ў Беларусі, маюць выразна нацыянальны кірунак і беларускі погляд на гістарычныя падзеі. Іншая справа, што цяперашняе кіраўніцтва дзяржавы бярэ “рэванш” на гістарычным полі ў школьных падручніках і ва ўнівэрсытэцкіх праграмах. Аднак, відавочна, што на гэтым узроўні сытуацыю можна зьмяніць толькі палітычным шляхам”.

Віталь Цыганкоў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org