RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Ад панядзелка да панядзелка



“Працоўная” прэса ў Беларусі

(эфір 1 Траўня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Сёняшні выпуск праграмы прысьвечаны выданьням, якія асьвятляюць працоўныя праблемы й канфлікты. Які вобраз рабочага малюе беларуская прэса, якія пытаньні ўздымаюць прафсаюзныя выданьні?

(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Сёньня 1 траўня, у дзень, які ў Беларусі адзначаецца як сьвята працы, мы пагаворым пра прэсу, якая асьвятляе правы й праблемы працоўных.

Адразу давядзецца адзначыць, што такіх выданьняў у Беларусі зусім няшмат, як, дарэчы, і няма тут адпаведных традыцыяў. У савецкі час у гэтай сфэры йснавала толькі “ўсесаюзная” газэта «Труд», уласнага ж беларускага выданьня для працоўных не было.

Толькі ў 1989 годзе прафэсійныя саюзы, якіх тады, ды й зараз яшчэ многія называюць афіцыйнымі, заснавалі газэту «Праца», якая пазьней зьмяніла назву на «Беларускі час». Да апошніх некалькіх гадоў гэта было фактычна адзіная ў краіне газэта, скіраваная на асьвятленьне працоўных праблемаў.

У ліпені 1997 году зьявілася газэта «Рабочы» і некалькі іншых выданьняў незалежных прафэсійных саюзаў.

Пра іх мы распавядзем пазьней, а пакуль зьвернемся да штотыднёвіка «Беларускі час», які выходзіць па пятніцах і мае цяпер 40 тысячаў накладу. Рэдактар Уладзімер Храмянкоў адразу адзначыў, што ягоная газэта ў 1989 годзе стала першым недзяржаўным зарэгістраваным выданьнем у Беларусі…

Уладзімер, грамадзка-палітычную прэсу ў Беларусі прынята падзяляць на дзьве выразныя часткі – дзяржаўная і недзяржаўная, якую часьцей называюць “апазыцыйная”. У гэтай сувязі як бы Вы вызначылі ролю й нішу, якую займае «Беларускі час»?”

(Храмянкоў: ) “Сапраўды, ёсьць такі падзел, але не зусім я з гэтым згодзен. Справа ў тым, што сёньня ў Беларусі склалася такая сытуацыя на рынку прэсы, што дастаткова пісаць праўду, каб быць ужо аднесеным у лягер апазыцыйнае прэсы. Вось з гэтага пункту гледжаньня… – тады «Беларускі час» можна адносіць да тых газэтаў, якія Вы называеце “апазыцыйнымі”, таму што крэда нашае газэты – пісаць толькі тое, што ёсьць на самой справе й паказваць жыцьцё такім, якое яно ёсьць. А на жаль, што гэта за жыцьцё сёньня наступіла ў беларусаў – ведае кожны з тых, хто працуе на прадпрыемствах.

Зразумела, што Фэдэрацыя прафэсійных саюзаў рэагуе на такое становішча й тады мы даем такія афіцыйныя дакумэнты й заяву Фэдэрацыі, але больш газэта расказвае пра такое становішча, пра журналісцкія матэрыялы, пра выправы, наведваньне розных прадпрыемстваў. Сёньня ў Беларусі ў «Беларускага часу» ў кожнай вобласьці ёсьць свой карэспандэнт”.

(Цыганкоў: ) “За кошт чаго выходзіць вашае выданьне? Ці дапамагаюць вам фінансава вашыя заснавальнікі – Фэдэрацыя прафэсійных саюзаў Беларуская?”

(Храмянкоў: ) “Нажаль, сёньня нашая газэта, я б так сказаў, фінансуецца выключна за кошт уласных сродкаў. Ёсьць прафсаюзныя абласныя арганізацыі, якія нам дапамагаюць утрымліваць нашых карэспандэнтаў, але нажаль гэта такія крохі, пра іх нават не стае казаць, што гэта нейкая дапамога. Толькі за кошт падпіскі! Шукаем рэкляму. Зразумела, што дзяржаўных грошай у нашай газэце быць ня можа, таму што мы зьяўляемся такім раздражняльнікам для афіцыйных уладаў. Нажаль і няма ў нас аніякіх выйгрышаў у грантах, таму мы працуем за кошт уласных рэзэрваў”.

(Цыганкоў: ) “Як дзяржава ставіцца да газэты, да вашых карэспандэнтаў, напрыклад? Даюць вам інфармацыю ці не? Ці зьведваеце вы пэўныя складанасьці пры здабычы інфармацыі ў дзяржаўных ворганах?”

(Храмянкоў: ) “Зразумела, што дзяржаўныя ворганы вельмі неахвотна дзеляцца з намі такой інфармацыяй, і таму прафэсійнасьць нашых журналістаў у тым і палягае, каб узяць інфармацыю там, дзе яе не даюць.

Стаўленьне да нашае газэты ў афіцыйных ворганах яшчэ больш нэгатыўнае, чым да адкрыта апазыцыйнае прэсы. Таму, што, Вы ж ведаеце, як гэта ўсё тлумачыцца людзям у розных афіцыйных выданнях – “гэта людзі, якія купленыя Захадам і таму яны адпрацоўваюць свае грошы”.

Калі размова йдзе пра «Беларускі час», то ўсе ведаюць, што гэта газэта працоўных, і што выкладае на сваіх старонках меркаваньні працоўных, таму гэта яшчэ больш раздражняе афіцыйныя ворганы і адсюль выцякае стаўленьне да нашае газэты”.

(Цыганкоў: ) “Ці Вы ведаеце іншыя выданьні, якія асьвятляюць гэтую тэматыку – правы працоўных, сытуацыя ў працоўных калектывах. І калі ведаеце, як Вы да іх ставіцеся?”

(Храмянкоў: ) “Вы ведаеце, магчыма гэта й ня вельмі сьціпла будзе гучаць, але ў сёньняшняй Беларусі на рынку менавіта працоўнае прэсы, прэсы, якая абараняе інтарэсы працоўных, канкурэнтаў і альтэрнатывы «Беларускаму часу» няма. Таму, што гэта газэта, якая адбылася. Ну, а стаўленьне да любое прэсы, якая будзе працаваць у гэтым жа кірунку, у мяне толькі станоўчае, і чым больш будзе такіх газэтаў, чым прафэсійней яны будуць рабіць сваю справу – тым лепш будзе становішча ў працоўных людзей. І магчыма больш правоў удасца абараніць”.

(Цыганкоў: ) “На мае пытаньні адказваў галоўны рэдактар газэты «Беларускі час» Уладзімер Храмянкоў. Зразумела ж, ня толькі спэцыялізаваная прафсаюзная прэса піша пра вытворчыя драмы й працоўныя канфлікты. Гэтую тэму ў той ці іншай ступені асьвятляюць шмат якія выданьні.

Пра тое, як гэта выглядае ў рэгіянальнай прэсе, распавядуць зараз нашыя карэспандэнты, а пачне з Горадні Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “Самай тыражнай газэтаю ў вобласьці застаецца афіцыйная «Гродненская правда». Пра дзейнасьць прафэсійных саюзаў, пра праблемы працоўных, як ня дзіва, па ранейшаму пішацца якраз у ёй. Канешне, гэтыя праблемы ніколі не зьвязваюцца, напрыклад, з эканамічнай палітыкаю, якая праводзіцца ў дзяржаве.

Афіцыйная газэта любіць паведамляць аб станоўчым. Асабліва аб выдаткоўваньні працоўным калектывам санаторных пуцёвак. Хаця пішацца й пра вытворчы траўматызм. За апошні год у вобласьці загінула на працоўных месцах 26 чалавек, на 6 болей чым годам раней.

У канфліктных сытуацыях, калі, напрыклад, страйкуюць прадпрымальнікі «Гродненская правда» бярэ бок уладаў, але ймкнецца таксама больш-менш з боку паказаць праблемы й патрабаваньні бакоў.

Незалежная газэта «Біржа інфармацыі» падрабязна паведамляе пра ўсе акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, звычайна падтрымваючы іх. Але надоечы ўлады вырашылі ўпарадкаваць гандаль на цэнтральным кірмашы, пабудаваць новыя павілёны, каб з асфальту ніхто болей не гандляваў. Газэта падтрымала гэтую ініцыятыву, што выклікала абурэньне ў некаторых дробных гандляроў.

Пытаньнямі прафсаюзнага жыцьця займаюцца незалежныя бюлетэні «Предприниматель», які йснуе ўжо некалькі гадоў і яшчэ два, якія пачалі выходзіць на аб’яднаньнях «Азот» і «Хімвалакно», але яны выдаюцца ў колькасьці 299 паасобнікаў і маюць абмежаванае кола чытачоў. На тым жа «Азоце» выходзіць газэта «Гродзенскі хімік», якая мае наклад у дзьве з паловаю тысячы. Газэту таксама цікавіць дзейнасьць прафэсийных саюзаў, але – афіцыйных”.

(Цыганкоў: ) “З Горадні перадаваў Сяргей Астраўцоў.

У Віцебску прамысловых прадпрыемстваў вельмі шмат, але тэмы працоўных канфліктаў у мясцовай прэсе амаль ня бачна. Перадае Алег Жукоўскі…”

(Жукоўскі: ) “Тэма простага працаўніка амаль не гучыць на старонках газэтаў Віцебшчыны. Да прыкладу, «Віцебскі рабочы», пра рабочых згадвае толькі ў назве, ці ў агульным кантэксьце. Словазлучэньне “працоўная дынастыя” сустрэлася толькі ў шматтыражцы «Трудовая смена» Полацкага вытворчага аб’яднаньня «Шкловалакно», у якую нарысы пра кіраўніцу брыгады між іншым называлі грузчыкаў бацьку й сына Зялёнак. У большасьці ж прозьвішчы рабочых гучаць, як прыклад парушальнікаў працоўнае дысцыпліны, прагульшчыкаў, несуноў, п’яніцаў…

Матэрыялы пра праблемы на працоўных месцах не знайшоў а ні ў гарадзкіх газэтах, а ні ў шматтыражных. У апошнім нумары «Рабочага слова» вытворчага аб’яднаньня «Віцязь» надрукаваны ліст 16 маладых спэцыялістаў, якія пасьля таго, як летась 1 ліпеня набыў моц новы Жыльлёвы кодэкс, страцілі ўсялякую магчымасьць атрымаць кватэры.

“Мы прыехалі паводле разьмеркаваньня на голае месца, і вымушаныя працаваць за жабрацкі заробак, і маем шанец пабудаваць сабе кватэру ў лепшым выпадку праз 10–15 год. А ўвесь гэты тэрмін вымушаныя будзем туліцца на койцы ў інтэрнаце”, – пішуць яны.

Заступнік генэральнага дырэктара Аляксандар Раеў дае жорсткі адлуп: “Ад нас і так сыходзяць лепшыя. Увесь інтэлектуальны патэнцыял гораду – на кірмашы «Дынама». А гэтыя яшчэ й двух гадоў не папрацавалі, а ўжо нешта патрабуюць”. Законы, маўляў, разьлічаныя на сьветлую будучыню, а пакуль трэба цярпець.

Адзінае выданьне, якое заўсёды дае выказацца шэраговаму працаўніку, гэта віцебскі дадатак да газэты «Рабочы». У ім сустрэнеш інтэрвію з працоўнага месца і, напрыклад, разважаньні сьлесара-зборшчыка Анатоля Міськова, на тэму «куды йдуць грошы, якія зьбіраюцца ў якасьці падаткаў»”.

(Цыганкоў: ) “Зь Віцебску перадаваў Алег Жукоўскі.

Які вобраз рабочага малюе магілеўская прэса? Пра гэта распавядзе Марыя Ўсьціновіч…”

(Усьціновіч: ) “«Рабочы Бабруйску» – гэта адзінае адмысловае выданьне ў Магілеўскай вобласьці, якое цалкам прысьвечанае рабочаму руху і ягоным праблемам. Зразумела, гэта штотыднёвы дадатак да рэспубліканскага «Рабочага».

Ёсьць зьвесткі, што прыкладаюцца пэўныя высілкі й да выданьня «Рабочага Магілеву». Рэгіянальная арганізацыя Свабоднага прафэсійнага саюзу выдае час ад часу інфармацыйныя бюлетэні, але на іх пэрыядычны выпуск бракуе часу й няма прафэсіяналаў. Таму лідэры Магілеўскага свабоднага прафэсійнага саюзу аддаюць перавагу зносінам з журналістамі мясцовых дэмакратычных газэтаў «Де факто», «Тыднёвік Магілеўскі» й рэспубліканскіх «Народнае Волі» й «БДГ».

Галоўны рэдактар «Тыднёвіка Магілеўскага» Генадзь Суднік лічыць адметнасьцю рэгіёну тое, што ў цэнтры мясцовых праваабарончых справаў на Магілеўшчыне звычайна не палітыкі, а рабочыя. У вапошнім нумары тыднёвіка расповед пра звальненьне рабочых аўтазаводу, дзе дырэктар кіраваўся прыналежнасьцю іх да Свабоднага прафэсійнага саюзу.

У афіцыйных прафэсійных саюзах Магілеўскае вобласьці свайго выданьня таксама няма. І больш за тое, вельмі працяглы час яны ня могуць знайсьці карэспандэнта для газэты «Беларускі час». Толькі прафэсійны саюз хімікаў ужо пяць гадоў раз на два месяцы друкуе дзьве паласы сваіх інфармацыяў пад назваю «Голас» у шматтыражцы вытворчага аб’яднаньня «Хімвалакно».

Што ж датычна вобразу рабочага чалавека, які малюе дзяржаўная прэса, то ён цяпер вельмі расплывісты. Героем працы на старонках газэты, у адпаведнасьці зь дзяржаўнымі прыярытэтамі фігуруюць усё больш даяркі й мэханізараты.

Пра рабочых узгадваюць у сувязі са страйкамі й патрабаваньнямі аддаць заробкі. І нават калі справядлівасьць іх патрабаваньняў не аспрэчваецца, прысмак таго, што ў рабочых не самае горшае жыцьцё і, маўляў, «ня ім скардзіцца!» ўсё ж застаецца”.

(Цыганкоў: ) “Марыя Ўсьціновіч з Магілеву закончыла традыцыйны рэгіянальны агляд прэсы.

Як бачым, нашыя абласныя карэспандэнты адзначылі, што ў шмат якіх гарадох адзіным выданьнем, якое пераймаецца праблемамі працоўных, ёсьць мясцовы дадатак да газэты «Рабочы». Такім чынам, гэты штотыднёвік можна ўжо назваць своеасаблівым выдавецкім канцэрнам, скіраваным на інфарамацыйнае асьвятленьне жыцьця працоўных людзей.

Пра мэты й пэрспэктывы “працоўнае” прэсы разважае заснавальнік і галоўны рэдактар газэты «Рабочы» Віктар Івашкевіч…”

(Івашкевіч: ) “Разглядаючы прэсу, якая зарыентаваная на рабочых, трэба мець на ўвазе, што яна абапіраецца на структуры прафэсійных саюзаў і, урэшце, наяўнасьць розных прафэсійных саюзаў і вымагае наяўнасьці розных газэтаў, якія, у першую чаргу, аказваюць інфармацыйную падтрымку сваім прафэсійным сюзам.

І калі «Беларускі час» – гэта газэта, якая падтрымліваецца Фэдэрацыяй прафэсійных саюзаў і адлюстроўвае думку Фэдэрацыі, то газэта «Рабочы» якраз адлюстроўвае пазыцыю ці інфармацыйна дапамагае незалежным дэмакратычным прафэсійным саюзам. Акрамя газэты «Рабочы» ёсьць яшчэ газэта «Салідарнасьць», якая распаўсюджваецца бесплатна па структурах Незалежнага прафэсійнага саюзу, ёсьць яшчэ газэта «Рабочая салідарнасьць», якую распаўсюджвае прафэсійны саюз сельскагаспадарчага машынабудаваньня на чале з Бухвоставым”.

(Цыганкоў: ) “Зараз «Рабочы» мае 20 тысячаў накладу. Якая тут назіраецца дынаміка? Ці павялічваецца колькасьць чытачоў?”

(Івашкевіч: ) “Мінулыя два гады газэта распаўсюджвалася бясплатна. І ў канцы мінулага году бясплатная раздача была накладам 140 тысячаў, а калі мы перайшлі да продажу, то на самым пачатку году гэты наклад склаў 3 тысячы, ну а зараз – 20 тысячаў. Дынаміка, вядома, велізарная і зараз гэтымі 20 тысячамі ахопленая тая частка рабочых, якія зьяўляюцца сябрамі, прыхільнікамі Свабодных прафэсійных саюзаў, якія маюць кантакты са структурамі Свабоднага прафэсійнага саюзу.

Ну, а зараз задача выйсьці на больш шырокі асяродак, дзеля чаго мы й ствараем рэгінальныя дадаткі – на сёньняшні дзень у 20 гарадох, якія павінны адлюстроўваць праблемы. І вось дзякуючы гэтым рэгіянальным дадаткам мы думаем да канца году выйсьці на тысячаў 50 накладам”.

(Цыганкоў: ) “У газэце «Рабочы» ўсялякія рубрыкі гістарычныя, крыжаванкі, конкурсы й г.д. На Вашую думку – гэта тое, што падабаецца рабочым? Вы наўмысна пашыраеце тэматычны спэктар? Лічыце, што “рабочая” газэта не павінна засяроджвацца, зацыклівацца толькі на праблемах прадпрыемства й праблемах заробку?..”

(Івашкевіч: ) “У сувязі з тым, што газэту трэба прадаваць, а не проста раздаваць як улётку, дык, натуральна, мы мусім прадугледжваць тэмы, якія б цікавілі людзей – ня толькі пра пытаньні прафсаюзнага ці палітычнага жыцьця. Таму там ёсьць «хатняя гаспадыня» і «агарод» і розныя кансультацыі, і г.д.

А што тычыцца беларускае старонкі й крыжаванак, то гэтыя ўсе крыжаванкі нам дасылаюць дзеці рабочых, якія скончылі ці вучацца ў беларускіх школах, яны самі рыхтуюць гэтыя матэрыялы ў тэме гісторыі Беларусі, тыя пытаньні, якія трэба было б асьвятляць. Так што дарэчы, вось гэтая старонка беларуская з крыжаванкамі на адсоткаў 80 – творчасьць якраз школьнікаў, дзяцей гэтых рабочых”.

(Цыганкоў: ) “Рыхтуючы гэтую праграму, я гаварыў з рэдактарам газэты «Беларускі час» Уладзімерам Храмянковым і ён выказаўся ў тым сэнсе, што ягонае выданьне ня мае канкурэнтаў у гэтай сфэры рынку прэсы. Ці лічыце Вы “Беларускі час» ці іншыя выданьні, апазыцыйныя выданьні сваімі канкурэнтамі ў рабочым асяродзьдзі?”

(Івашкевіч: ) “Я нічога не магу сказаць кепскага супраць газэты «Беларускі час». Асабліва апошнім часам яна даволі апазыцыйная і адлюстроўвае ўсе прафсаюзныя працэсы, але яна ня можа цалкам пакрыць патрэбу для рабочых у альтэрнатыўнай адносна дзяржаўнае інфармацыі.

Бальшыня рабочых ня ведае пра йснаваньне апазыцыйных газэтаў. Газэта «Рабочы», трапляючы праз прафсаюзныя структуры ў асяродак рабочых на заводы, не канкуруе з «Народнай Воляй» ці «Навінамі», таму што там мала чытачоў. Мы запаўняем гэты недахоп альтэрнатыўнай адносна дзяржаўнае інфармацыі ў тым месцы, дзе пуста, а ня ў тым месцы, дзе яно запоўнена «Народнай Воляй» ці «Навінамі»”.

(Цыганкоў: ) “Рэдактар і выдавец газэты «Рабочы» Віктар Івашкевіч упэўнены, што ягонае выданьне знаходзіць сваіх чытачоў, сваю нішу на газэтным рынку.

Дзіўна, але літаральна да апошніх двух-трох гадоў у гэтым кірунку нічога не рабілася. Цяпер жа, безумоўна, пазытыўным знакам трэба прызнаць павелічэньне накладу «Рабочага», павелічэньне колькасьці рэгіянальных дадаткаў да гэтага выданьня, а таксама рост апазыцыйнасьці «Беларускага часу». Выглядае, што “пралетарская прэса” нарэшце пачынае ўсьведамляць сваю важкасьць і патэнцыял уплыву на працоўных”.

Віталь Цыганкоў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org