RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Ад панядзелка да панядзелка



Беларуская жаночая прэса

(эфір 10 Красавіка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У гэтым выпуску аналізуецца беларуская жаночая прэса. Якія вобразы жанчыны малююць беларускія выданьні: сучасная самастойная асоба або хатняя гаспадыня?..

(Цыганкоў: ) “Бяручыся за гэтак званую «жаночую прэсу», я, натуральна, усьведамляю ўсю небясьпеку звароту да гэтае тэматыкі. Умоўнасьць і няпэўнасьць тоіцца нават у самім вызначэньні – што сёньня можна лічыць жаночай прэсаю? Ці ня ёсьць тут элемэнт гіранічна-абразьлівы, які прысутнічае, напрыклад, у дэфініцыі «жаночая журналістыка». Але пакінем у баку непатрэбныя сумневы, і будзем карыстацца агульнапрынятымі фармулёўкамі. Такім чынам, «жаночая прэса» – гэта тыя выданьні, якія пішуць для жанчынаў і асьвятляюць праблемы, якія яны называюць жаночымі.

Хаця жанчыны й складаюць звыш 53 адсоткаў насельніцтва Беларусі, у краіне фактычна выходзіць толькі тры выданьні, якія прысьвечаныя жаночай тэматыцы. Гэта штомесячнік «Алеся», штотыднёвік «Гаспадыня» і «Женский журнал», які выходзіць непэрыядычна раз у некалькі месяцаў.

Найстарэйшым тут ёсьць часопіс «Алеся», які стаў пераемнікам адзінага беларускага жаночага выданьня савецкага часу «Работніца і сялянка», што выходзіла ажно ад 1924 году. Нажаль, галоўны рэдактар «Алесі» Раіса Баравікова на працягу двух тыдняў не знайшла пяці хвілінаў для «Радыё Свабода», каб распавесьці пра свой часопіс. Што ж, давядзецца сказаць самім колькі словаў…

Былая «Работніца і сялянка» застаецца беларускамоўным выданьнем, хаця каля паловы аб’ёму займае расейскамоўны ўкладыш пра шыцьцё й кулінарыю. Наклад «Алесі» – 15 тысячаў, і гэта прыблізна ў 10 разоў меней за наклад іншага дзяржаўнага выданьня – штотыднёвіка «Гаспадыня» – унікальнае зьявы для беларускае прэсы.

Нарадзіўшыся на пачатку 90-х, «Гаспадыня» даволі хутка адваявала сваю нішу стаўкаю на жыцьцёвыя гісторыі, а таксама канкрэтныя гаспадарчыя і кухонныя парады. Як высьветлілася, беларускім жанчынам гэта патрэбна нашмат болей за паэзію і гісторыю.

Пра беларускую жаночую прэсу мы гаворым з намесьніцаю рэдактара культуралягічнага часопісу «ARCHE» Аляксандраю Андрыеўскай…”

(Андрыеўская: ) “Калі гаварыць пра тое, што ў нас выдаецца й прадаецца, то я б гэтыя часопісы падзяліла на дзьве вялікія групы – прыгожыя і непрыгожыя. Прыгожыя – тыя, якія прывозяць нам з Расеі – «Космополитен», «Мэри Клер», «Эль», і непрыгожыя – тыя, што выдаюцца ў нас. Непрыгожыя яны выключна дзеля таго, што ў іх вельмі кепская паліграфія, кепскія малюнкі й друк”.

(Цыганкоў: ) “Калі ж зьвярнуцца да зьместу гэтых беларускіх выданьняў, якую карціну яны малююць? Якую беларускую жанчыну ймкнуцца прэзэнтаваць? Ці гэта хатняя гаспадыня або сучасная эмансыпаваная жанчына? На каго яны скіраваныя, на вашую думку?”

(Андрыеўская: ) “Калі я пераглядала беларускія «жаночыя» часопісы, у мяне стварылася вельмі дзіўнае і непрыемнае ўражаньне пра іх. Прыгожыя часопісы – напрыклад, «Космополитен», ствараюць вобраз самаўпэўненай, сэксуальна разьняволенай, прыгожай жанчыны, якая клапоціцца толькі пра тое, як добра выглядаць. Як, напрыклад, атрымаць працу, апрануўшы кароткую спадніцу, як мець адначасова трох каханкаў, як выйсьці замуж…

Беларускія ж часопісы ствараюць вобраз жанчыны сацыяльна залежнай. Вось я, да прыкладу, трымаю 10-ты нумар часопісу «Гаспадыня» за 1999 год. Што я там бачу? Я бачу расповед пра бабулю, якую выгналі з хаты, артыкулы пад назваю «Вы мне помогли», «Я каждый день плачу», «Што имеем, не жалеем». Напрыклад, гэта – жанчына, якая ня можа пайсьці ў краму й нешта сабе купіць – яна вымушаная запасацца на зіму, купляць кабанчыка, яна вымушаная сама сабе вязаць, сама выхоўваць дзяцей…

Вельмі цікава дасьледваць шлюбныя аб’явы. Якія тут ёсьць прапановы? “Я мать-одиночка, я разведённая, я очень маленького роста, у мяне был очень хороший и красивый муж, но два года назад он скоропостижно умер”. Гэта ж часопіс нейкай, даруйце, багадзельні.

Тое ж самае прыблізна часопіс «Алеся». А вось «Женский журнал» – гэта ўжо сваеасаблівы беларускі аналяг «Космополитена», але таксама стварае вобраз жанчыны сацыяльна залежнай у тым пляне, што яна залежыць ад таго, як яна выглядае. Гэта часопіс не для свабодных жанчынаў…

І ўвогуле, калі гаварыць пра жаночую прэсу (як і пра мужчынскую прэсу) яна апэлюе да самых першасных, самых ніжэйшых інстынктаў чалавека. Нажаль, яна будзе йснаваць, бо йснуюць жа такія выданьні як «Анекдот», «Я + Я», «СПИД-инфо». Гэтыя часопісы трэба ставіць у адзін шэраг з такімі выданьнямі”.

(Цыганкоў: ) “Даволі жорсткі прысуд вынесла беларускім жаночым выданьням намесьніца рэдактару «ARCHE» Аляксандра Андрыеўская. Каб знайсьці доказы або абвяржэньні гэтага прысуду, накіруемся ў правінцыю. Як прадстаўленая жаночая тэма ў рэгіянальным друку? Ці ёсьць там адмысловыя выданьні?

Агляд рэгіянальнае прэсы пачнем з Гародні. Там вобраз жанчыны, які малюе мяйсцовая прэса, у значнай ступені залежыць ад кірунка й характару выданьня. Перадае Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў): “Ва ўсiх гарадзенскiх газэтах любяць друкаваць здымкi з конкурсаў прыгажосьцi й з паказаў моды, якiя сталi частай зьяваю. У iншым ёсьць адрозьненьнi.

Газэта «Аркуш», напрыклад, зьвяртае ўвагу на жаночыя слабасьцi. «Блiжэй да цела» – так называецца публiкацыя з малюнкамi аб гiсторыi сподняй бялiзны й купальных строяў. Працяг тэмы – iнтэрвію з мужчынам – дырэктарам крамы жаночае бялiзны. Ён зазначае, што вочы гарадзенак стомленыя i самi яны выглядаюць вельмi зьнябытымi. А каб жанчына была вясёлай i бесклапотнай, ёй патрэбна сацыяльная, эканамiчная i праўная абароненасьць. Каб яна не працавала да сёмага поту, як цяпер, а хадзiла на працу дзеля задавальненьня… «Аркуш» друкуе таксама матэрыял аб тэнiсыстках i вершы паэтак: з 11-цi, дарэчы, толькi адная пiша на беларускай мове.

«Милицейский вестник» прапагандуе жанчыну-мiлiцыянта, афiцэра, якая працуе нароўнi з мужчынамi i якiя паважаюць яе за дабрасумленнасьць, працавiтасьць i прафэсiяналiзм.

«Glos znad Niemna» найболей апавядае аб жанчынах-мучанiцах, аб манашках.

«Пагоня» крытыкуе самую высокую, паводле пасады, жанчыну вобласьцi – намесьнiцу старшынi абласнога выканаўчага камітэту Марыю Бiрукову, якая калiсьцi была абкамаўскай iдэялягiчнай сакратаркаю. Крытыкуе за стыль i мэтады кiраўнiцтва.

У «Гродзенскай праўдзе» традыцыйна апавядаецца пра кiраўнiкоў жаночых саветаў, жанчынаў-лiдэрак: дырэктарку школы або нейкай установы. Напрыклад, зьмешчана iнтэрвію з фотаздымкам Марыi Праташчык – кiраўнiцу мясцовага дзяржаўнага кантролю. Але апроч улiку й кантролю, у iнтэрвію – амаль нiчога асабiстага. Жанчына толькi гаворыць, што любiць музыку, кнiгi, а таксама тэатар, але часу для адпачынку ў яе зусiм мала.

У вапошнiм нумары ёсьць публiкацыя «Жаночы погляд на лiдэрства». Гэта аповед аб сэмiнары: сучаснае лiдэрства, яго псыхалёгiя, iмiдж жанчыны-лiдэркі. Мiжволi кiдаюцца ў вочы здымкi жанчынаў на першай старонцы «Гродзенскай праўды», калi пачынаеш гартаць газэтны гадавiк. Не, зусiм не каралевы прыгажосьцi глядзяць на чытача. А здымкi – такiя ж, па-сутнасьцi, як у сталiнскiя часы. Завод «Белкард», печ для гартаваньня крыжавiн токам высокае часьцiнi, побач – жанчына ў грубых рукавiцах i фартуху. У iншым месцы – жанчына–сьвiдравальшчыца мэханазборнае вытворчасьцi. Або жанчыны, якiя робяць сыры. Такiм чынам, згодна савецкае газэтнае традыцыi, перш за ўсё друкуюцца здымкi, на якiх жанчыны выглядаюць спрацаванымi, непрывабна апранутымі. Iншымi словамi, такiмi, якiмi iм самiм быць ня хочацца.

У горадзе таксама выходзiць незалежны жаночы бюлетэнь «Саламея», якi мае невялiкi наклад. У iм iншая арыентацыя. Падаюцца прыклады жанчыны дзелавой, гаспадынi свайго жыцьця, якую цiкавiць посьпех уласнае справы, каханьне, сэкс”.

(Цыганкоў: ) “У Віцебскай вобласьці жаночыя арганізацыі імкнуцца выдаваць уласныя бюлетэні. Пакуль, аднак, гэтыя саматужныя намаганьні выглядаюць даволі няўклюдна. Зь Віцебску Алег Баршчэўскі…”

(Жукоўскі: ) “На Віцебшчыне ўсе газэты аддаюць жаночым праблемам належнае месца. У першую чаргу гэта тычыцца розных парадаў, моды, стасункам у сям’і. Але цікавасьць выклікаюць тыя артыкулы або нарысы, якія друкуюцца не ў адмысловых жаночых рубрыках, а ў, так бы мовіць, «агульначалавечым» кантэксьце. Амаль усім падабаюцца цудоўныя здымкі ў «Віцебскім кур’еры», і ў першую чаргу традыцыйная «дзяўчына нумару».

Ёсьць некалькі бюлетэняў жаночых арганізацыяў, якія выходзяць на правох нутранае дакумэнтацыі. Выдала першы нумар «Подруги» гарадзкая грамадзкае аб’яднаньне жанчынаў «Ульляна», у якім знаёміць чытачоў са сваёй працаю і дзейнасьцю віцебскае філіі Беларускага жаночага руху «Адраджэньне Айчыны» ў справе дабрачыннае дапамогі малазабясьпечаным сем’ям, дзецям-інвалідам, непаўнагадовым, якія адбываюць тэрмін зьняволеньня.

Другі нумар таксама расейскамоўнага бюлетэню «Закон для вас», які выдае аддзел беларускай Асацыяцыі жанчынаў-юрыстаў, прысьвечаны праблеме гвалту над жанчынамі, у тым ліку хатняму. Артыкул цікавы, але гэта ўсё перадрукі зь іншых выданьняў.

Прыцягвае погляд артыкуламі на тарашкевіцы «Жаночы весьнік» гарадзкога Аб’яднаньня працоўных жанчынаў, які ўжо стала выходзіць некалькі месяцаў. Але пра саму працу арганізацыі, акрамя ўдзелу яе чальцоў у шматлікіх сэмінарах, нічога не гаворыцца. Ды й заяўленая беларуская мова амаль не прысутнічае, а калі й зьяўляецца, то моваю гэта назваць цяжка. Не дапамагаюць чытачу й дзясяткі памылак у кожна нататцы.

Найбольш інфармацыйным і прафэсійным выглядае на гэтым тле бюлетэнь Рады жаночых арганізацыяў гораду Барань Аршанскага раёну «Слова да жанчыны», першы нумар якога толькі што выйшаў. У ім знайшлося месца й для знаёмства з рознымі жаночымі суполкамі, і для матэрыялу пра жаночую раду фірмы «Лёс», і для артыкулу пра праблемы шматдзетнае сям’і Жаўровых, і пра конкурс маленькіх дзетак, і шмат іншага. І саме галоўнае – праз выданьне праходзіць любоў да свайго гораду і ягоных людзей”.

(Цыганкоў: ) “Калі адная з магілеўскіх газэтаў надрукавала парады вядомае сьпявачкі, як заўсёды выглядаць перад мужам прывабнай і абаяльнай, гэта выклікала шквал нэгатыўных водгукаў чытачак. З Магілеву Марыя Ўсьціновіч”.

(Усьціновіч: ) “Вобраз сучаснае жанчыны ў магілеўскай прэсе – гэта заматаная жыцьцём асоба, яка вымушаная адначасова 8 гадзінаў аддаваць працы, няспынна займацца хатняй гаспадаркаю, выхоўваць дзяцей і адначасова араць і сеяць на лецішчы. Менавіта для іх у кожнай абласной газэце ёсьць жаночая старонка.

Звычайна яны напоўненыя кулінарнымі рэцэптамі й парадамі ў нейкіх хатніх справах. Інфармацыі для бізнэс-вумэн няма, і стратэгічна гэта цалкам апраўдана – бальшыня жыхарак Магілеўшчыны далёкая ад бізнэсовых справаў. Газэта «Дняпроўскі тыдзень», напрыклад, робіць акцэнт на парадах пра рэчы, якія можна прыгатаваць з найменшымі грашовымі выдаткамі. І гэта карыстаецца вялікім посьпехам.

Затое аднойчы парады ад Хрысьціны Арбакайтэ – як заўсёды выглядаць перад мужам прывабнай і абаяльнай – выклікалі шквал нэгатыўных водгукаў чытачак, якія ня маюць часу й сілаў, каб выглядаць яшчэ й дома прывабна.

Газэта «Вячэрні Магілеў» у дадатак да звычайных хатніх матэрыялаў вырашыла нагадаць людзям пра прыгажосьць і адначасова прыцягнуць новых чытачак. Нядаўна быў аб’яўлены конкурс «Міс Вячорка – 2000». Праўда, цяпер у ім бяруць удзел толькі школьніцы й маладыя студэнткі. Друкуюцца іх проста немажлівыя фотаздымкі й тэксты прыкладна такога зьместу: “Люблю слухаць музыку, спаць, бяз шкодных звычак”.

А вось недзяржаўная газэта «Де-факто» насупраць прысьвяціла сваю апошнюю жаночую старонку тэме «Жанчына й палітыка». Яна распавядае пра сэмінар, дзе днямі ў Магілеве абмяркоўваліся ідэі жаночага лідэрства й прыцягненьня жанчынаў да палітычнае дзейнасьці”.

(Цыганкоў: ) “Марыя Ўсьціновіч з Магілеву завершыла агляд жаночае тэмы ў рэгіянальным аспэкце. Карціна, як бачым, вымалёўваецца не самая яркая. Магчыма, адзінай сьветлай зьяваю на гэтым пераважна шэрым тле стаў леташні адмысловы выпуск часопісу «ARCHE–Кабеты». Мы працягваем размову з намесьніцаю рэдактара гэтага культуралягічнага выданьня Аляксандраю Андрыеўскай…

Аляксандра, што вы хацелі даказаць гэтым выпускам, якую звышзадачу ставіла рэдакцыя?”

(Андрыеўская: ) “Гэты нумар «ARCHE–Кабеты» (http://arche.home.by/3-1999/num399.html) стаў нейкім накідам, эскізам да вобразу беларускае жанчыны. Ён, безумоўна, не вырашаў аніякіх сацыяльных праблемаў, хаця гэта менавіта патрэбна нам зараз. Магчыма, мы ў ім спрабавалі даць нейкі ўзор, нейкую мадэль таго, якой мусіць быць свабодная беларуская жанчына”.

(Цыганкоў: ) “Як на Вашую думку, ці варта было б у Беларусі мець фэміністычны часопіс?”

(Андрыеўская: ) “Я сутыкнулася з тым, што ў Беларусі зусім ня так успрымаецца слова «фэмінізм», як яго ўспрымаюць эўрапейцы ці амэрыканцы. Для беларусаў тое, што ёсьць жанчына – звычайная, зь ейнымі праблемамі – калі яна змагаецца за свае правы (не за палітычныя, а проста – каб нармальна жыць) – гэта ўжо ёсьць фэміністка. Хаця насамрэч гэта ня так.

Мабыць, такое выданьне патрэбнае, але я лічу, што да гэтага яшчэ трэба дарасьці. Гэта яшчэ ня хутка будзе”.

(Цыганкоў: ) “Пад час нашае размовы вы жорстка скрытыкавалі існуючыя ў Беларусі жаночыя часопісы. А што трэба, каб у краіне зьявілася вартае выданьне на гэтую тэматыку. Чаго не хапае – кадраў, жаданьня ці эканамічная сытуацыя не спрыяе такім праектам?”

(Андрыеўская: ) “Усяго ў нас хапае. Нельга думаць, што жаночы часопіс зьяўляецца, як нейкая апазыцыя мужчынскаму ладу жыцьця ці патрыярхальнаму грамадзтву. Бо мы насамрэч не жывем у патрыярхальным грамадзтве, мы жывем у грамадзтве бязполавым. Я лічу, што нашыя мужчыны прагнуць падзяліцца з жанчынамі сваёй адказнасьцю, сваёй працаю.

Ідэя такога часопісу ўжо распрацоўвалася ў рамках выдавецкага праекту «ARCHE» і, магчыма, гэты часопіс зьявіцца. Мы ўжо прыдумалі назву – ён будзе называцца «Баба» і… (сьмяецца) – гэта цудоўнае беларускае слова, вельмі прыгожае і сапраўднае беларускае… Гэта будзе часопіс свабодных беларускіх жанчынаў, які накіраваны на традыцыйныя беларускія каштоўнасьці. Гэта будзе часопіс для жанчыны адукаванай, палітычна адукаванай, якая валодае беларускай моваю, якая мае сям’ю ці хоча яе займець. Калі гэта адзінокая – значыць, гэта жанчына, якая робіць добрую кар’еру. Гэта абсалютна не жанчына сэксуальна разьняволеная. Якая думае толькі пра тое, каб добра апрануцца. Але нажаль, ані ў Расеі, ані ў Беларусі няма аналягаў такога выданьня – таму нам прыйдзецца пачынаць з нуля”.

(Цыганкоў: ) “Гэтак аптымістычна лічыць Аляксандра Андрыеўская.

Такім чынам, рызыкнем падвесьці пэўныя вынікі. Раней жаночыя праблемы фармуляваліся самой назваю адзінага беларускага жаночага выданьня – «Работніца і сялянка». Савецкія работніцы й сялянкі станавіліся кіраўнікамі прафэсійных і раённых камітэтаў, міністрамі й касманаўтамі. У пасьлясавецкі час эстафэту перахапіла «Гаспадыня», жанчына, якая гатуе, шые, завіхаецца на кухні й корпаецца ў гародзе. Яна нарыхтоўвае кансэрвы на зіму і ўважліва ўчытваецца ў гараскопы – калі ж зоркі дадуць шанец спаткаць сваё шчасьце. Прынамсі, такі вобраз малуюць цяпершанія жаночыя выданьні. Сучасная незалежная беларуская жанчына пакуль не знаходзіць свайго адлюстраваньня ў беларускім друку”.

Віталь Цыганкоў, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org