RFE/RL |
Дзелавая прэса Беларусі(эфір 3 Красавіка 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. Тэмаю чарговае праграмы “Ад панядзелка да панядзелка” стане дзелавая прэса Беларусі. Які сёньняшні стан мас-мэдыяў, арыентаваных на эканоміку й прадпрымальніцтва, чаму неаторыя зь іх вымушаныя пераходзіць на новы фармат і станавіцца грамадзка-палітычнымі выданьнямі. (Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Сёньня прадметам аналізу нашае праграмы стане дзелавая прэса. У пачатку 90-х выданьні, скіраваныя на інфармацыйныя патрэбы прадпрымальнікаў і бізнэсмэнаў, перажывалі эпоху свайго станаўленьня й росквіту. Некаторыя зь іх зьяўляліся на некалькі месяцаў і паміралі, некаторыя трывала занялі сваю нішу на газэтным рынку. На сёньняшні дзень у гэтай сфэры дзейнічаюць тыднёвікі «Белорусский Рынок» і «Белорусская газета», часопіс «Дело (Восток + Запад)», а таксама «Белорусская деловая газета», якая цяпер выходзіць ужо чатыры разы на тыдзень. Наколькі грунтоўна гэтыя выданьні выконваюць сваю задачу – асьвятляць праблемы бізнэсу і эканомікі? Першае меркаваньне ў нашай праграме – карэспандэнткі «Reuters» у Беларусі Ларысы Саенкі, якая кожны дзень рыхтуе для сваёй агэнцыі шмат эканамічнай інфармацыі. Наколькі дапамагаюць ёй у гэтым беларускія бізнэс-выданьні і ў чым іхныя асноўныя асаблівасьці?..” (Саенка: ) “Я адразу прачытываю ўсе тры выданьні: «Белорусскую деловую газету», «Белорусскую газету» й «Белорусский рынок» – і, магчыма, больш інфармацыі я магу знайсьці у «Белорусском рынке». Але як чытач я магу адзначыць, што яна занадта… нэйтральная газэта, яна як-бы ня мае душы. Магчыма я памыляюся, бо, напрыклад, у такіх газэтах, як «Белорусская газета», дзе я… ну не заўжды ўпэўнена ў даставернасьці й дакладнасьці фактаў, але яны могуць знайсьці нейкі такі незвычайны паварот, нейкі новы струмень тэмы. Я магу не падзяляць іхныя погляды, але гэта больш цікава”. (Цыганкоў: ) “У рэйтынгу вашых спасылак – калі Вы рыхтуеце інфармацыю для «Reuters» і спасылаецеся на нейкае беларускае выданьне – хто тут займае першае месца?” (Саенка: ) “Я ніколі не праводзіла гэтага рэйтынгу… але ня толькі гэтыя делавыя, бізнэсовыя тыднёвікі я ўзгадваю і цытую. Гэта могуць быць і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, але часьцей усё ж такі «Белорусский рынок». Ну і «Белорусская деловая газета», бо часта там я знаходжу цікавыя тэмы, хаця яна больш палітызаваная”. (Цыганкоў: ) “Калі б у Беларусі, скажам, быў бы свой аналяг «Financial Times» – такога штодзённага дзелавога выданьня – гэта Вам дапамагло б у вашай працы?” (Саенка: ) “О, было б вельмі добра. Але ж рынак наш разьвіваецца, памятаю тры гады назад дзелавой інфармацыі навогул цяжка было знайсьці – яшчэ 3–4 гады таму! І я вельмі ўдзячна, што зьявіліся гэтыя выданьні. Канечне яны дапамагаюць! Цяжка сачыць за ўсім аднаму карэспандэнту зь іншае замежнай агэнцыі, бо, як правіла, гэта адзін чалавек”. (Цыганкоў: ) “Карэспандэнтка «Reuters» Ларыса Саенка бачыць на рынку беларускае дзелавое прэсы пазытыўныя якасныя зрухі. Аднак у эканамічным пляне дзелавыя выданьні зараз знаходзяцца ў вельмі крытычным стане. Пераарыентацыя беларускай эканомікі на рынкавы сацыялізм, дзяржаўная палітыка зьнішчэньня незалежнага прадпрымальніцтва закранула іх у найбольшай ступені. Недзе ў летуценным мінулым, у блаславённых 93-96-м гадох, засталіся прыстойныя паводле беларускіх мерак заробкі, вялізныя аб’ёмы рэклямы й адпачынкі журналістаў за кошт газэты. Сёньня дзелавыя выданьні перажываюць беспрэцэдэнтны за ўвесь час свайго йснаваньня крызыс. Пра некаторыя аспэкты гэтага крызысу ў інтэрвію зь Вячаславам Хадасоўскім, рэдактарам “Белорусского рынка” – найстарэйшага дзелавога выданьня ў краіне…” (Хадасоўскі: ) “У сёлетнім годзе нашаму выданьню спаўняецца 10 гадоў. І увесь гэты час мы спрабавалі растлумачыць і нашаму чытачу, і нашаму ўраду перавагі рынкавай эканомікі. Увесь гэты час мы рабілі гэта па-рознаму. Спачатку трэба было растлумачыць нейкія катэгорыі: што ёсьць рынкам, што такое фондавая біржа і г.д. Потым зьявіліся ўдзельнікі самаго гэтага рынку й трэба было расказваць аб досьведзе іхнае працы. Зараз мы спрабуем працягваць тую ж самую лінію, але трэба сказаць, што працаваць стала значна цяжэй. Па-першае, у нашым грамадзтве ўсё менш і менш застаецца эканомікі, тым больш эканомікі альтэрнатыўнай, незалежнай ад дзяржавы. І ўсё больш і больш робіцца палітыкі, палітыкі такой… аднастайна сумнай! А па-другое – тыя людзі, зь якімі мы працуем, усё больш і больш баяцца размаўляць з намі, даваць нам нейкую інфармацыю. Гэта датычыць, напрыклад, дырэктарскага корпусу. Ведаеце, існуюць неафіцыйныя дакументы, якімі ўлада забараняе чыноўнікам, у тым ліку і з вытворчасьці, мець справы зь «нячэснымі» журналістамі”. (Цыганкоў: ) “Гэта нават пры тым, што «Белорусский рынок» зусім ня ймкнецца быць апазыцыйнай газэтаю і даволі, так бы мовіць, памяркоўны, і даволі разважлівы ў сваіх ацэнках і ў сваіх матэрыялах…” (Хадасоўскі: ) “Я не лічу, што нейкае выданьне павінна быць апазыцыйным ці дзяржаўным, яно павінна быць аб’ектыўным перш за ўсё. Нашая канцэпцыя такая: мы павінны даваць дакладную інфармацыю, інфармацыю разнабаковую, якая ўлічвае пункты гледжаньня розных удзельнікаў працэсу. Тым ня менш нас лічуць апазыцыйнымі, мы ўваходзім у дзясятку «нядобрых» газэтаў і ўлады ствараюць усялякія перашкоды. Цікавая сытуацыя, калі мы ведаем, што ўрадавыя чыноўнікі таксама ня маюць поўнай інфармацыі і ня маюць доступу да гэтай інфармацыі, і «Белорусский рынок» бывае для іх адзінай крыніцаю”. (Цыганкоў: ) “А чаму, на вашую думку, у Беларусі няма свайго аналягу «Financial Times»? Чаму не нараджаюцца праекты, скіраваныя на абслугоўваньне толькі дзелавых людзей, прадпрымальнікаў, бізнэсмэнаў? Ці дакладней, калі яны й нараджаюцца, то потым вымушаныя неяк зьмяняцца… Чым гэта можна патлумачыць?” (Хадасоўскі: ) “Я мушу зазначыць, што такія праекты ёсьць. Ёсьць праекты стварэньня буйных выданьняў. Гэта датычыць як грамадзка-палітычных выданьняў, гэтак і дзелавых выданьняў. Няма іншага – няма грошай. Каб стварыць больш-менш прыстойнае выданьне, якое можна параўнаць калі не з «Financial Times», хіба што з польскімі выданьнямі. Трэба толькі грошы. Ведаеце, што інвэстыцыяў у нашую краіну практычна не йснуе. Інвэстар баіцца ўкладаць грошы, баіцца палітычнае сытуацыі. Я думаю, што нашых творчых здольнасьцяў хапіла бы, каб стварыць выданьне эўрапейскага тыпу. Але патрэбны інвэстыцыі. Мая думка, што такое выданьне можа зьявіцца празь некалькі год, калі зьменіцца навогул абстаноўка ў краіне, калі зьявяцца дэмакратычныя інстытуты ў нашам грамадзтве, калі зьявяцца інвэстыцыі”. (Цыганкоў: ) “Гэтак лічыць рэдактар газэты “Белорусский Рынок” Вячаслаў Хадасоўскі. Пра эвалюцыю, якую сёньня вымушаная зьведваць дзелавая прэса, мы пагаворым пазьней, а цяпер зьвернем увагу на рэгіянальны аспэкт праблемы. У Горадні прэса для прадпрымальнікаў мела даволі цікавую гісторыю станаўленьня й разьвіцьця. Распавядае Сяргей Астраўцоў”. (Астраўцоў: ) “Сёньня ў Гораднi выходзiць газэта «Биржа Информации», якую можна залiчыць да прэсы, разьлiчанае на прадпрымальных людзей. Яе можна ўбачыць i ў офiсе, i на рынку – у руках прадпрымальнiкаў. А пачаткi дзелавое прэсы ў нашым горадзе былi закладзены ў 1990 годзе, калi зьявiлася газэта «Перспектива». Яе з здавальненьнем чытала iнтэлiгэнцыя, каапэратары, а таксама чыноўнiкi. Выдавала газэту аб’яднаньне каапэратываў вобласьцi. «Перспектива» перастала йснаваць у першай палове 1992 году. Гэта было аб’ёмнае – на 16 старонак выданьне. Пазьней фiрма «Младзi» заснавала газэтку «Инфобиржа» – напачатку чыста рэклямную. Потым яна стала ператварацца ў грамадзка-iнфармацыйную. Выданьне набыло сваё адметнае аблiчча. Але здарыўся канфлiкт памiж заснавальнiкам i рэдакцыяй. Журналiсты заснавалi iншую газэту, але з падобнай назваю – «Биржа Информации». Спадзяваньне было на тое, што чытачы прымуць яе за сваю адразу. I гэтак адбылося, але паступова. Праз паўгады «Инфобиржа» перастала йснаваць. Выйшла 278 нумароў. А яе наступнiца выходзiць ужо два гады й адзiн месяц. Рэдакцыя адразу стала практыкаваць новую для гарадзенскiх газэтаў форму матэрыялаў – апытаньнi пад рубрыкаю «100 званкоў гарадзенцам». На розныя тэмы: ад палiтыкi – «Цi трэба нам аб’ядноўвацца з Расеяй?» да жыцьцёвых – «Што вы дазволiце сабе на навагоднiм стале?» або «На якi адпачынак улетку ў вас хопiць грошай?» «Биржа» выходзiць на дзьвюх мовах. Чацьвертая старонка – нетрадыцыйная для падобнае прэсы. Тут штонумар друкуюцца матэрыялы гiстарычныя – i пра Вялiкае Княства Лiтоўскае, вялiкiх князёў, i пра гарадзенскую мiнуўшчыну, гiсторыю вулiцаў i камянiцаў Старога гораду. Я праглядзеў апошнiя нумары. I вось што цiкава. Чым болей у краiне зьнiшчаецца малы бiзнэс, чым больш парушаюцца правы чалавека – адпаведна зьмяняецца й газэта. Больш апавядаецца пра страйкi прадпрымальнiкаў, а не пра сам бiзнэс. Усё болей публiкацыяў пра палiтыку, акцыi апазыцыi, пра суды над ахвярамi рэжыму. I, па-сутнасьцi, «Биржа Информации» ўсё больш робiцца газэтаю грамадзка-палiтычнай. Была яшчэ спроба наладзiць выпуск дзелавога выданьня – абласны саюз прадпрымальнiкаў пачаў друкаваць невялiкую газэту «Правый берег». Матэрыялы былi пра бiзнэс i – крыху пра палiтыку. Выходзiла яна зусiм нерэгулярна – раз у два месяцы, нават у паўгады. I пару гадоў таму перастала йснаваць. Што да афiцыйнае «Гродзенскае праўды», дык пра бiзнэс там, як правiла, друкуюцца публiкацыi двох тыпаў. Або прыклады станоўчыя – аб фiрмах, якiя ладзяць з уладамi й трымаюцца на плыву. Або матэрыялы кантрольных ворганаў, у якiх выкрываюцца «нячэсныя» прадпрымальнiкi”. * * * (Цыганкоў: ) “У другой частцы нашае праграмы вы пачуеце, чаму некаторыя зь дзелавых выданьняў вымушаныя мяняць свой фармат і станавіцца грамадзка-палітычнымі. А цяпер мы працягнем агляд рэгіянальнае прэсы. Як яна асьвятляе праблемы прадпрымальніцтва, ці ёсьць там спэцыялізаваныя выданьні. Зь Віцебску Алег Жукоўскі…” (Жукоўскі: ) “Дзелавое жыцьцё Віцебскае вобласьці адлюстроўваюць амаль усе газэты, але кожная па-рознаму, са сваім ухілам. Абласны віцебскі «Рабочы» даволі станоўча ставіцца да буйнога бізнэсу і не выпадкова, бо там багата былых іхных партыйных паплечнікаў. З асаблівым імпэтам асьвятляюцца супольныя акцыі ўладаў і моцных недзяржаўных прадпрыемстваў. Затое да драбязы ставяцца адмоўна – па прыкладу вярхоў. Сваю старонку мае тэма прадпрымальніцтва ў другой абласной газэце «Народнае слова». Яе асаблівасьці – расповед пра дзелавое жыцьцё правінцыі да самых глухіх куткоў. Сярод матэрыялаў, якія засталіся ў памяці – нарысы пра нешматлікіх фэрмэраў і іхнае нялёгкае жыцьцё. Найбольш шырока раскрывае праблему буйнога й больш дробнага бізнэсу, што натуральна, недзяржаўны «Віцебскі кур’ер». Дарэчы, ён стала адсочвае барацьбу за свае правы прыватнікаў на рынку. Адзіная адмысловая газэта для бізнэсоўцаў у горадзе – расейскамоўныя віцебскія «Деловые новости», якія выходзяць з восені мінулага года раз на тыдзень. Іхны заснавальнік – Асацыяцыя недзяржаўных прадпрыемстваў. Спачатку выданьне можна было купіць у шапіках, але зараз увесь скарочаны наклад – тысяча паасобнікаў – разыходзіцца праз распаўсюднікаў ці па канкрэтных адрэсах. Чаму так адбываецца, галоўны рэдактар Віктар Несьцераў пракамэнтаваў каротка: «Які стан прадпрымальніцтва, такі й стан прэсы». Газэта шырока асьвятляе ўсё, што адбываецца ў віцебскім бізнэсе. У рубрыцы «вучыцца капіталізму належным чынам» з нумару ў нумар друкуюцца ўрыўкі з кнігі Лія Кокі «Кар’ера мэнэджэра». Але выданьне не аб’мяжоўваецца толькі адмысловымі праблемамі. Так, газэта распавядала пра палітычныя акцыі, што праходзілі ў горадзе. А побач з рознымі парадамі чытач сустракае і гумарыстычныя вершы. «Віцебскія делавыя навіны» імкнуцца быць выданьнем народным, бо як сказана ў адным зь іхных артыкулаў, прадпрымальнікі – гэта частка народу і яны бліжэй да яго хаця б тым, што іхныя тавары таньней чым у дзяржаўнай краме”. (Цыганкоў: ) “Зь Віцебску перадаваў Алег Жукоўскі. А ў Магілеве ўвогуле няма аніводнага мясцовага выданьня для прадпрымальнікаў. Пра тое, як асьвятляецца гэтая тэма ў тамтэйшай прэсе, распавядзе Марыя Ўсьціновіч…” (Усьціновіч: ) “Сродкі масавай інфармацыі Магілеўскае вобласьці далёка ня шмат увагі надаюць недзяржаўнаму сэктару эканомікі, а калі й надаюць, то перад жыхарамі прыватны сэктар паўстае як ня вельмі рэальны й шмат чым падобны на ценявы. Часьцей за ўсё пішуць пра камэрцыйныя шапікі й гандляроў на рэчавых кірмашох, звычайна ў сувязі зь нейкімі скандаламі. Напрыклад, страйкамі ці чарговымі гвалтоўнымі перасоўваньнямі гандлёвых месцаў. Вельмі рэдка і пераважна ў недзяржаўных выданьнях можна прачытаць у такіх інфармацыйных паведамленьнях хаця б скупыя разважаньні на тэму таго, што прадпрымальнікі – таксама грамадзяне й падаткаплацельшчыкі, і маюць усе канстытуцыйныя правы. Таму міжволі ствараецца вобраз прыватніка як сварлівага чалавека з непамернымі патрабаваньнямі, ірвача й махляра. Напрыклад дзяржаўная газэта «Могилевские ведомости» ў дадатак ахвотна друкуе матэрыялы праверак кантрольнымі ворганамі прадпрымальнікаў, якія гандлююць звычайна ня тым і ня так. Аналітычных матэрыялаў пра дзейнасьць прыватнага сэктару эканомікі ўвогуле не заўважаецца, апошні вялікі матэрыял паводле вынікаў працы за мінулы год быў надрукаваны ў «Магілеўскай праўдзе», але гэта зноў-такі ў выглядзе інтэрвію чыноўніка, які адказвае за разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. * * * (Цыганкоў: ) “Матэрыял Марыі Ўсьціновіч з Магілеву завершыў наш агляд рэгіянальнае прэсы. Як бачым, сёньня нават у рэгіёнах выданьні, раней арыентаваныя толькі на прадпрымальнікаў, вымушаныя мяняць свой фармат і шукаць новыя падыходы, новых чытачоў. “Белорусская деловая газета” відавочна, ідзе наперадзе гэтае тэндэнцыі, што прызнае намесьніца рэдактара газэты Ірына Халіп…” (Халіп: ) “Вы ведаеце, мне здаецца, што зараз «Белорусская деловая газета» не зьяўляецца ўжо дзелавым выданьнем у літаральным сэнсе гэтага слова. «Белорусская деловая газета» – гэта ўжо проста гандлёвая марка, гэтак сама як «Камсамольская праўда» ўжо даўна не зьяўляецца камсамольскай праўдаю. Проста «Белорусская деловая газета» йснуе ўжо восем гадоў і, відавочна, што яна замацавалася вельмі моцна на газэтным рынку й таму мяняць назву, мяняць лёгатып было б няслушна. Але сёньня «Белорусская деловая газета» – гэта хутчэй грамадзка-палітычнае выданьне, якое тым ня менш па-ранейшаму арыентуецца на сваіх чытачоў-прадпрымальнікаў, на нейкія дзелавыя колы, якія пакуль што яшчэ йснуюць, на шчасьце, у Беларусі, але пасьля таго, як «Белорусская деловая газета» аб’ядналася з газэтаю «Имя», мы яшчэ змаглі захапіць кола чытачоў газэты «Имя» – тых, хто можа раней ня надта цікавіўся эканомікаю, ня надта цікавіўся тымі тэндэнцыямі, якія існуюць ў бізнэсе, але зараз яны проста вымушаныя чытаць і эканамічныя блёкі ў газэце”. (Цыганкоў: ) “Пасьля зьліццьця з газэтаю «Имя» «БДГ» моцна палітызавалася, у вадрозьненьні ад іншых дзелавых выданьняў, газэта ўвесь час у цэнтры розных скандалаў, судовых справаў. Ці апраўдвае сабе, на вашую думку, стаўка на гэтакую тактыку?” (Халіп: ) “Гэтая стаўка сябе апраўдвае, гэта сапраўды, мне здаецца, найбольш красамоўны аргумэнт, гэта тое, што за мінулы год наш наклад вырас на 185 адсоткаў. Вы ведаеце, што «Белорусская деловая газета» сапраўды ня ймкнецца быць апазыцыйным выданьнем, у вадрозненьні, дарэчы, ад газэты «Имя». Але ў «Белорусской деловой газеты» ёсьць, мне здаецца, нават больш нейкіх небясьпечных рэчаў для ўладаў, таму што «БДГ» працуе з інфармацыяй. А на самой справе інфармацыя часта становіцца больш небясьпечнай, чым, напрыклад, нейкая яскравая публіцыстыка, тыпу «Далоў рэжым!», «Далоў Лукашэнку!», як, напрыклад, гэта адбываецца ў «Народнай Волі»”. (Цыганкоў: ) “Але магчыма, іншы аспэкт гэтакае пазыцыі газэты – гэта зьніжэньне рэклямы на ейных старонках?..” (Халіп: ) “А зьніжэньне рэклямы – гэта аб’ектыўны працэс, таму што многія рэклямадаўцы проста зараз ня могуць дазволіць сабе тое, што маглі дазволіць раней. І асабліва гэта стала праяўляцца пасьля расейскага крызысу 17 жніўня, тады, мне здаецца, ва ўсіх выданьнях рэзка зьнізілася рэкляма. Але, усё ж такі, у параўнаньні зь іншымі выданьнямі, мне здаецца, мы трымаемся даволі няблага”. (Цыганкоў: ) “Чаму, на вашую думку, у Беларусі няма свайго аналягу “Financial Times”? Чаму не нараджаюцца праекты, накіраваныя на інфармацыйнае абслугоўваньне толькі дзелавых людзей (прадпрымальнікаў, бізнэсмэнаў) ? А калі й нараджаюцца, то потым вымушаныя зьмяняцца. Чым гэта патлумачыць?” (Халіп: ) “Таму што ў нармальнай дзяржаве кола прадпрымальнікаў, кола бізнэсмэнаў заўсёды пашыраецца, а ў нашай краіне насупраць, звужваецца й нават пяць гадоў назад колькасьць прадпрымальнікаў у параўнаньні з колькасьцю грамадзянаў у краіне была значна вышэй чым зараз. І таму, калі звужваецца кола прадпрымальнікаў, то гэта значыць – для выданьня ёсьць толькі сапраўды два шляхі – ці спрабаваць выжыць, арыентуючыся толькі на гэтае кола й памяншаць наклад. Іншы шлях – гэта паспрабаваць захапіць іншыя сэгмэнты газэтнага рынку, так, напрыклад, як гэта зрабіла «БДГ»”. (Цыганкоў: ) “Гэтак лічыць намесьніца рэдактара «БДГ» Ірына Халіп. «Белорусская деловая газета» й «Белорусский рынок» прадстаўляюць сёньня два кардынальна розныя падыходы да прынцыпаў існаваньня дзелавое прэсы. «БР» застаецца ў добрым сэнсе кансэрватыўным салідным выданьнем. Аднак у цяперашніх палітычных ды эканамічных умовах газэта згубіла частку чытачоў і страціла ў матэрыяльным пляне. «БДГ» у сваю чаргу імкнецца пасьпяваць за зьменамі ў грамадзтве й заваёўваць новыя нетрадыцыйныя нішы газэтнага рынку. Выглядае, што на сёньня гэта адзіная магчымасьць для дзелавой прэсы выжываць і разьвівацца”. Віталь Цыганкоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |