RFE/RL |
Крымінальная тэматыка ў беларускай прэсе(эфір 20 Сакавіка 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. Тэмаю сёньняшняга выпуску праграмы “Ад панядзелка да панядзелка” стане крымінальная тэматыка ў беларускай прэсе. Як асьвятляецца злачыннасьць і крымінал у беларускім друку? Які ровень спэцыялізаваных выданьняў, якія пішуць на гэтую тэму? (Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Крымінальная тэматыка заўсёды была ўдзячнай і запатрабавальнай тэмаю ў прэсе ўсіх часоў і народаў. З крымінальных нататак пачыналі сваю кар’еру многія знакамітыя журналісты й пісьменьнікі. Але менавіта апошнія гады ў Беларусі, як і на ўсёй постсавецкай прасторы, адбываецца ў пэўным сэнсе бум гэтага жанру. Безь інфармацыі пра злачыннасьць не абыходзіцца амаль аніводнае выданьне. Нават на дзяржаўнай тэлевізіі ў праграме “Панарама” ня рэдкасьць рэпартаж пра забойства на побытавай глебе, якое нічым не адрозьніваецца ад сотняў падобных. Пра асьвятленьне крымінальнае тэмы на старонках грамадзка-палітычных выданьняў мы распавядзем пазьней, а зараз зьвернем увагу на спэцыялізаваныя выданьні. “Пакупнік пакусаў прадаўца”, “Зубы тапілі ў ванай”, “Заафіл зганьбіў казу”, “Сэксуальны шантаж”, “Труп у лядоўні” – гэта толькі некаторыя загалоўкі аднаго з нумароў газэты “Частный детектив”. “Частный детектив” і “Детективная газета” – найбольш вядомыя ў Беларусі выданьні гэтага жанру. “Детективная газета”, напрыклад, выходзіць накладам 120 тысячаў асобнікаў, распаўсюджваецца, акрамя Беларусі, у Расеі, Украіне й Прыбалтыцы. Акрамя гэтага, заснавальнікі выпускаюць 14 газэтаў і 1 часопіс. На думку некаторых журналістаў, сярод недзяржаўнага друку менавіта газэты, што пішуць на крымінальную тэму, зьяўляюцца самымі пасьпяховымі ў камэрцыйным пляне. Ці гэта на самой справе так, мы паспрабуем высьвятліць у размове з галоўным рэдактарам “Детективной газеты” Дзьмітрыям Новікавым. (Новікаў: ) “Ну наконт гэтага цяжка сказаць. Увогуле, дэтэктыўная тэматыка заўсёды была даволі прыбытковай. Але ў прынцыпе, самы вялікі прыбытак дае “Детективная газета” і за кошт гэтага мы фінансуем нашыя дзіцячыя выданьні. “Детективная”, як кажуць, для камэрцыі, а ўжо дзіцячыя – іх у нас выходзіць 7 – калі можна так сказаць, для душы. У нас у Беларусі ўвогуле зь дзіцячымі выданьнямі даволі складанае становішча…” (Цыганкоў: ) “Вы падкрэсьлена апалітычныя? Ці калі напрыклад, нейкая тэма можа быць быць зьвязаная з палітыкаю – вы і яе возьміце?” (Новікаў: ) “Увогуле мы падкрэсьлена апалітычныя – гэта нашае падставовае адрозьненьне. Але калі, напрыклад, нейкая крымінальная тэма датычыць палітыкі, то… ў прынцыпе, любому крыміналу можна надаць палітычнае гучаньне. Калі, напрыклад, мы пішам пра нейкія службовыя злоўжываньні, пра хабар і гэтак далей – тут можна глядзець зь любога канца. Пра тое буйное злоўжываньне службовым становішчам можна напісаць, што гэта недахоп існуючай сыстэмы. Зь іншага боку, можна напісаць, што гэта – плюс існуючай сыстэме, бо гэты хабар быў выкрыты й злачынца атрымалі па заслугах. Разумееце, у чым справа? Таму, мы глядзім на гэтыя рэчы бесстароньне. Мы выкладаем іх бязь нейкае палітычнае падаплёкі. А чалавек ужо сам павінен вырашаць, куды гэта аднесьці”. (Цыганкоў: ) “Ці вы праводзіце ў газэце нейкія доўгія расьледваньні, які могуць запатрабаваць некалькі тыдняў і потым выліцца ў вадзін матэрыял?” (Новікаў: ) “Ёсьць такія расьледваньні. Вядуцца яны зь вялікай цяжкасьцю, асабліва калі датычаць крыміналу, што зьдзейсьнены, напрыклад, праваахоўнымі ворганамі або людзьмі, якія раней там працавалі. У дадзеным выпадку мы намагаемся арыентавацца на нейкія афіцыйныя паперы й дакумэнты. Таму што вы самі разумееце, што сёньня журналісцкае расьледваньне вельмі моцна павінна быць падмацаванае нейкімі дакумэнтамі. Зыскі, якія ўчыняюць нашым газэтам, мы ведаем, так што…” (Цыганкоў: ) “Я і хацеў спытаць – ці былі ў вас праблемы з законам?” (Новікаў: ) “Увогуле не было – давайце так скажам. То бок яны былі, але яны вырашаліся ў рабочым парадку. Якраз што датычыць працы з праваахоўнымі ворганамі, то я б не сказаў, што інфармацыю мы там атрымліваем зь першага заходу. Але ўвогуле не было такога, каб нехта нешта адмовіў – часам нч зь першага разу, пасьля запытаў, але даюць. У нас больш пытаньняў для нашага заканадаўства, да рамак, у якіх знаходзіцца прэса”. (Цыганкоў: ) “Не сакрэт, што часам журналісты заахвочваюць свае крыніцы інфармацыі. Ці даводзіцца вам матэрыяльна “заахвочваць” свае крыніцы ў тых жа праваахоўных структурах?” (Новікаў: ) “Не. У нас такой практыкі няма. У нас практыка звычайная. Калі, напрыклад, піша журналіст у сааўтарстве зь нейкім супрацоўнікам праваахоўных ворганаў, мы яму плацім нейкі невялікі ганарар. Усё! Ну, у нас свае людзі, давайце так скажам, якія працуюць за сумленьне. Гэта ў васноўным афіцэры праваахоўных ворганаў, якія нам даюць інфармацыю і падтрымліваюць сувязі. Ну бывае, што мы такую інфармацыю даем як ананімную, хаця нам крыніца вядомая, але гэта бывае вельмі рэдка”. (Цыганкоў: ) “Гэта была размова з галоўным рэдактарам “Детективной газеты” Дзьмітрыям Новікавым. Мы распавялі пра спэцыялізаваныя выданьні, а цяпер паспрабуем разабрацца, як крымінальную тэму асьвятляе грамадзка-палітычны друк. Пачнем з рэгіёнаў. У магілеўскай прэсе асьвятленьне крымінальных навінаў часьцей за ўсё мае характар стараннага перапісваньня міліцэйскіх зводак, якія прадастаўляе прэсавы цэнтар абласной управы нутраных справаў. Перадае Марыя Ўсьціновіч…” (Усціновіч: ) “Ніхто не займаецца журналісцкімі расьледваньнямі – нават і дэталі ў дадатак да сухіх фактаў службовай інфармацыі высьвятляюць толькі зрэдку. Але трэба прызнаць, што справа гэта сапраўды складаная. Міліцэйскія начальнікі ў Магілеве – далёка не самы адкрыты й дабразычлівы народ. Тым больш, што час ад часу хтосьці робіць памылкі. Напрыклад, у вадной з газэтаў журналіст скапіяваў зводку й тым самым абнародаваў прозьвішча дзяўчыны, якую згвалцілі. На агульнм тле вылучаюцца газэты “Вячэрні Магілеў” і “Вестнік Магілеву”, якія маюць звычку квяціста размалёўваць злачынствы й прыдумляць думкі й словы за ахвяраў і злодзеяў. Лічыцца, што такія міні-дэтэктывы якраз падабаюцца магілеўскае публіцы. Быў выпадак, калі карэспандэнта выклікалі сьледчыя і пыталіся, адкуль сталі вядомыя такія падрабязнасьці злачынства. Цяжка было пераканаць міліцыянтаў, што гэта толькі творчая выдумка. На дзяржаўным тэлеканале “Магілеў-1” кожны панядзелак выходзіць у эфір адмысловая праграма “Цяжкі дзень”. Дзеля яе і ўначы дзяжурыць тэлегрупа, каб прадэманстраваць гледачам некалькі трупаў. Магілеўцы памятаюць, напрыклад, мазгі чатырохгадовага хлопчыка на асфальце, якога зьбіў аўтамабіль. Абласная ўправа нутраных справаў пакуль ня мае сваёй уласнае газэты, але такія пляны ёсьць. Пакуль жа, прэс-цэнтар з посьпехам выкарыстоўвае палосы ўсіх выданьняў для інтэрвію міліцэйскіх начальнікаў, якія больш падобныя на справаздачы”. (Цыганкоў: ) “З Магілеву перадавала Марыя Усьціновіч. У Горадні адна з журналістак за асьвятленьня тэмы змаганьня са злачыннасьцю нават стала выдатнікам міліцыі. Пра асьвятленьне крымінальнае тэмы мясцовай прэсаю распавядае Сяргей Астраўцоў…” (Астраўцоў: ) “Раённыя газэты Гарадзеншчыны па-рознаму асьвятляюць крымiнальную хронiку. Хтосьцi толькi раз у месяц. А некаторыя, як, да прыкладу, наваградзкая раёнка, стараюцца даваць яе штотыдзень. Газэты гарадзенскiя таксама не абыходзяць увагаю гэтую тэматыку. Ад разу да разу дае падборку крымiнальных iнфармацыяў абласная “Гродзенская праўда”, рэгулярна пачала друкаваць хронiку “Биржа Информации”. Апроч гэтага, усе газэты намагаюцца зьмясьцiць публiкацыi аб гучных злачынствах або здарэньнях. Журналiстка з газэты “Гродзенская праўда” Галiна Стома за асьвятленьне тэмы змаганьня са злачыннасьцю ў гэтым месяцы нават стала “выдатнiкам мiлiцыi”. Тры гады ў нас выходзiць абласная газэта “Милицейский вестник”, i ўсе крымiнальныя падзеi – збольшага там. Крымiнальная хронiка друкуецца штонумар. Але часам здарэньнi выбiраюцца дробныя. Хтосьцi ў кагосьцi скраў два слоiкi сочыва або пляшку гарэлкi. Хаця ва ўрэзцы чытаем лiчбы за тыдзень i толькi дзiвiмся. За 7 дзён у вобласьцi гiне часам па 26 – па 30 чалавек. Зь iх, напрыклад, толькi дзьве ахвяры дарожных аварыяў i адна ахвяра забойства. Сярод астатнiх бальшыня часьцей – самагубцы. Дык вось, у хронiцы пра гэта анiчога няма. За мiнулы тыдзень 22 чалавекi загiнулi, 31 паранены. Сухiя лiчбы ўражваюць, але iхны зьмест не раскрываецца. Хаця для крымiнальнае падборкi гэтым разам абраны больш-менш цiкавыя паведамленьнi. Пра разбойныя напады на кватэры, пра стралянiну дзятлаўскае мiлiцыi па “Мазьдзе-626”, якая не спынялася, i кіроўца якой быў п’яны. А ўвогуле iнфармацыi аб здарэньнях i злачынствах у “Милицейском вестнике” вельмi шмат. I ня дзiва. За тыдзень у вобласьцi адбываецца ў сярэднiм 150 злачынстваў”. (Цыганкоў: ) “З Гародні перадаваў Сяргей Астраўцоў. А ў суседнім Бярэсьці спроба выдаваць ведамасную газэту не атрымалася. Распавядае Алег Супрунюк…” (Супрунюк: ) “Яшчэ некалькі гадоў таму рабілася спроба стварыць адмысловае выданьне, на старонках якога друкаваліся б матэрыялы на гэтую тэму . Такое выданьне сапрўды было створана, мела назоў “02” і натуральна, што заснавальнікам яго зьяўлялася ўправа нутраных справаў Берасьцейсккага вабласнога выканаўчага камітэту. Але спадзяваньні міліцэйскага кіраўніцтва на тое, што гэтая газэта будзе мець прыстойны наклад, які б дазваляў, калі не атрымліваць прыбытак, дык хаця б акупляць ўсе выдаткі, не спраўдзіліся, і газэта “02” прайснавала на працягу ўсяго некалькі месяцаў. Такім чынам, матэрыялы на крымінальную тэму, якія зьвязаныя зь Берасьцейскім рэгіёнам, зьяўляюцца пераважна ў гэтак званым “масавым мясцовым друку”, але й тут зьвяртаюць на сябе ўвагу пэўныя разыходжаньні ў асьвятленьні той ці іншай падзеі. Напрыклад, абласная дзяржаўная газэта “Заря” зьмяшчае на сваіх старонках пераважна паведамленьні афіцыйных крыніцаў. Альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі амаль не выкарыстоўваюцца й таму вельмі зрэдку можна заўважыць на старонках гэтага выданьня, каб ягоныя супрацоўнікі праводзілі асабістыя журналісцкія расьледваньні найбольш гучных справаў. Дарэчы, менавіта спробы некаторых незалежных выданьняў праводзіць уласнае журналісцкае расьледваньне часам выклікаюць у прадстаўнікоў праваахоўных ворганаў ня толькі нэрвовую рэакцыю, але й зьяўляюцца нагодаю да разьвязваньня судовых працэсаў, пад час якіх журналістаў спрабуюць абвінавачваць у раскрыцьці таямніцы сьледзтва ды ў іншых парушэньнях закону. Праходзяць гэтыя судовыя працэсы зь пераменным посьпехам кожнага з бакоў, але ня цяжка заўважыць, што пасьля падобных судоў колькасьць публікацыяў, у якіх прадстаўнікі мэдыяў спрабуюць самастойна прааналізаваць тую ці іншую крымінальную зьяву, значна скарачаецца. Характэрным прыкладам можна лічыць гісторыю з забойствам берасьцейскага сьвятара айца Міхала Стацюка ў кастрычніку 98-га году. Сьледзтва ў гэтай гучнай справе цягнецца ўжо больш за паўтары гады, але кіраўніцтва мясцовае міліцыі і пракуратуры раяць журналістам не закранаць гэтую тэму. Больш за тое, журналістаў ужо папярэдзілі, што будучы судовы працэс хутчэй за ўсё будзе закрытым для грамадскасьці”. (Цыганкоў: ) “Алег Супрунюк закончыў агляд рэгіянальнае прэсы. Як бачым, беларускі друк ахоплівае крымінальную тэматыку ня якасьцю, а колькасьцю. Пішуць пра гэта шмат, але не стае аналітыкі, дасьледваньняў – сур’ёзных і складаных жанраў. Лепшыя зь незалежных выданьняў даволі шырока і ўсебакова асьвятляюць праваабарончую тэматыку ці, так бы мовіць палітычна-крымінальныя справы. Але пры гэтым неяк у баку застаецца тое, якія працэсы праходзяць у крымінальным сьвеце, наколькі карумпаванае беларускае чынавенства? Гэтыя тэмы аддадзеныя домыслам і публіцыстычным наскокам. Чаму так адбываецца? Магчыма, пэўную долю адказу на гэтае пытаньне вы знойдзеце ў маёй размове з карэспандэнтам газэты “Звязда” Міколай Дзябёлам, які займаецца крымінальнай тэматыкаю…” (Цыганкоў: ) “Ці часта на вашую думку, беларускія журналісты зь дзяржаўных і недзяржаўных выданьняў, пішучы на крымінальныя тэмы, займаюць нейкі бок? Бо нярэдка падобныя справы зьвязаныя з палітыкаю. Калі вам даюць інфармацыю, вы адразу яе публікуеце ці вы сумняецеся, пераспраўджваеце – на чыю карысьць яна можа пайсьці? (Дзябёла: ) “Безумоўна, я ніколі не публікую адразу інфармацыю, якая да мяне трапляе. Гэта не датычыць нават інфармацыі з палітычным падтэкстам. Любая інфармацыя, на маю думку, павінна спраўджвацца журналістам, нават калі гэта не датычыць вядомых ці ўплывовых людзей. Гэта адно з самых цьвёрдых правілаў журналістыкі, і тут я не адкрыў аніякай Амэрыкі…” (Цыганкоў: ) “Я ўдакладню – вы спраўджваеце нават інфармацыю, якая ідзе з афіцыйных каналаў?” (Дзябёла: ) “Усё залежыць ад таго, што гэта за інфармацыя. Калі нам прыходзіць факсам паведамленьне з прэс-цэнтру МУС ці Пракуратуры, то безумоўна, мы ня спраўджваем гэтыя афіцыйныя зьвесткі. Але звычайна гэта вельмі кароткая інфармацыя і датычыць нейкага эпізоду. Што да ўласных матэрыялаў, якія я пішу, то я, безумоўна, спраўджваю ўсе зьвесткі ды імкнуся спраўджваць гэта зь некалькіх крыніцаў. Сапраўды, вы маеце рацыю, што бываюць выпадкі, калі інфармацыю “зьліваюць” асобы, якія зацікаўленыя ў тым, каб тая ці іншая справа была разгледжаная на карысьць таго ці іншага чалавека. У такім выпадку, прэса проста выкарыстоўваецца. Што датычыць нейкіх гучных справаў, то сапраўды дзяржаўныя газэты ня могуць так пісаць на гэтыя тэмы, як, напрыклад, апазыцыйныя – з пункту гледжаньня палітыкі. Самі ведаеце – чаму”. (Цыганкоў: ) “Чаму ў Беларусі няма такой газэты, як, напрыклад, расейскія “Совершенно секретно”, дзе праводзіліся б гучныя расьледваньні. Няўжо няма патрэбы ў такой інфармацыі або журналісты пабойваюцца?” (Дзябёла: ) “Справа не ў журналістах. На маю думку, у нашай краіне (як і ў той жа Расеі) дастатковая колькасьць сур’ёзных і разумных журналістаў, якія здольныя былі б правесьці расьледваньне. Рэч вось у чым – у нас, у вадрозьненьні ад Расеі, няма такіх гучных крымінальных справаў, такіх “разборак” паміж рознымі кланамі й мафіёзнымі групоўкамі. У нас вельмі цяжка было б выдаваць падобную газэту, бо не было б дастаткова фактуры такога кшталту. Па-другое – у нас няма чыста эканамічных мажлівасьцяў, каб выдаваць такую газэту. Яна павінна быць недзяржаўнай і патрэбныя пэўныя вялікія сродкі, падобная праца (расьледваньні) павінна добра аплочвацца. Патрэбен штат журналістаў, і даць мажлівасьць людзям працаваць спакойна, паколькі ў такіх выпадках памыляцца нельга – па судох зацягаюць. А потым – такія справы можна месяцамі расьледваць, журналіст мусіць быць вольным ад іншых абавязкаў. У нас жа журналісты працуюць па канвэернай сыстэме, як у Генры Форда – кожны дзень павінны выдаваць нейкую інфармацыю. Безумоўна, у пагоні за такім валам цяжка праводзіць сур’ёзныя расьледваньні. Але я думаю, што зь цягам часу ў нас зьявяцца такія выданьні. У нашай краіне дастаткова было б мець часопіс такога кірунку, і туды можна было знаходзіць і пісаць даволі цікавыя матэрыялы на крымінальную тэму”. (Цыганкоў: ) “Нельга не згадзіцца з журналістам “Звязды”. Незалежныя газэты, дзе часам увесь штат складаецца зь некалькіх журналістаў, ня могуць дазволіць сваім супрацоўнікам прысьвяціць увесь месяц стварэньню аднаго артыкула, няхай нават на падставе самага сэнсацыйнага дасьледваньня. Разам з тым – хто будзе ўкладаць грошы ў праект саліднага вострага выданьня, калі ўлады ў любы момант могуць яго прыдушыць? Зь іншага боку Мікола Дзябёла ўпэўнены, што калі ў Беларусі пачнецца сапраўдная прыватызацыя, а значыць і перадзел уласнасьці, адпаведна распачнуцца крымінальныя войны, пранікненьне злачыннага сьвету ва ўладу й гэтак далей. Вось тады ў нас зьявяцца й выданьні, якія будуць усё гэта апісваць. Невядома, праўда, ці трэба гэтаму радавацца”. Віталь Цыганкоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |