RFE/RL |
Інтэрнэт у беларускіх мас-мэдыях(эфір 13 Сакавіка 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. Тэмаю чарговага выпуску праграмы «Ад Панядзелка да Панядзелка» стала праблема інтэрнэту ў беларускіх мас-мэдыях. У перадачы будзе разгледжана некалькі аспэктаў гэтага пытаньня – ці прадстаўленыя беларускія выданьні ў інтэрнэце, наколькі шырока журналісты карыстаюцца ўсясьветным Сецівам, і як навіны інтэрнэту знаходзяць сваё адлюстваваньне ў беларускіх газэтах. (Цыганкоў: ) “Напэўна, няма ніякай патрэбы пачынаць гэтую праграму з агульных фразаў і тлумачыць ролю й значэньне інтэрнэту ў сучасным сьвеце. Сусьветнаму сеціву прысьвечаная адмысловая перадача ў нашым эфіры. Задача сёньняшняга выпуску “Ад Панядзелка да Панядзелка” – распавесьці, наколькі шчыльнымі сувязямі зьнітаванае ўсясьветнае павуціньне зь беларускай друкаванай прэсаю. Адразу скажам, што на сёньняшні дзень бальшыня найбольш прыкметных беларускіх газэтаў маюць свае старонкі ў інтэрнэце і абнаўляюцца даволі рэгулярна. Так, зь дзяржаўных выданьняў ужо ўраніцу ў дзень выхаду можна прачытаць “Советскую Белоруссию”, адносна ня даўна ў сусьветным сеціве зьявіліся “Народная Газета” й “Рэспубліка”. Даўгі час не аднаўляецца даўна існуючая старонка “Звязды”. Толькі марыць пра сусьветнае павуціньне застаецца такім бюджэтным выданьням, як “ЛіМ” і “Культура”… Незалежныя СМІ падыходзяць да прысутнасьці ў інтэрнэце вельмі адказна – сецевая вэрсія, напрыклад, “Белорусская деловая газета” зьяўляецца нават раней за друкаваную. Да таго ж частцы падпісчыкаў “Деловая” разсылае свае выпускі электроннай поштаю. “Белорусский Рынок”, “Белорусская Газета”, “Свободные новости” й “Рабочы” таксама рэгулярна выстаўляюць ва ўсясьветным Сеціве свае сьвежыя нумары… Бадай, сярод асноўных недзяржаўных выданьняў толькі “Народная Воля” ня мае сваёй старонкі ў інтэрнэце. Пра прычыны такой сытуацыі я пагаварыў з галоўным рэдактарам “Народнай Волі” Іосіфам Сярэдзічам. Размова атрымалася кароткай, але зьмястоўнай… Спадар Сярэдзіч, чаму вашае выданьне не прадстаўленае ў інтэрнэце?” (Сярэдзіч: ) “Няма грошай. Я лічу кожную капейку”. (Цыганкоў: ) “Але вы зьбіраецеся выстаўляцца ў Інтэрнэце?” (Сярэдзіч: ) “Думаем абавязкова, але шукаем зараз сродкі й магчымасьці”. (Цыганкоў: ) “А калі гэта можа адбыцца?” (Сярэдзіч: ) “Мне здаецца, сёньня гэта не пытаньне. Калі будуць грошы. Вось і ўсё”… (Цыганкоў: ) “Далей пад час нашае размовы ў спадара Сярэдзіча прагучала, што праблема інтэрнэту – ня самая гарачая тэма для беларускай прэсы ўвогуле і для “Радыё Свабода” ў прыватнасьці. Пакідаючы за рэдактарам “Народнае Волі” права на ўласную сыстэму прыярытэтаў, мы скіруем свой позірк на беларускую рэгіянальную прэсу. Ці карыстаюцца там інтэрнэтам, ці выстаўленыя нейкія выданьні ва ўсясьветным павуціньні? Вы пачуеце паведамленьні зь Берасьця й Горадні. У Горадні два выданьні маюць свае старонкі ў інтэрнэце. Перадае Сяргей Астраўцоў…” (Астраўцоў: ) “Толькi дзьве гарадзенскiя газэты можна сёньня рэгулярна чытаць у інтэрнэце. “Glos znad Niemna” чатыры апошнiя месяцы мае сваю iнтэрнэцкую адрэсу. Але першай стала выстаўляць у інтэрнэце свае старонкi газэта “Биржа Информации”. Праўда, уласнай адрэсы яна ня мае, а карыстаецца паслугамi мясцовага “Аблтэлекаму” – iнтэрнэт-клюбу “Гродно”. Нейк у газэце друкаваўся лiст чытачкi са Штатаў. Былая гарадзенка зьехала туды з бацькамi. Атрымала адукацыю, мае добрую працу, а на працы – кампутар. Знайшла ў інтэрнэце “Биржу Информации” i цяпер стала яе чытае. Яна пiсала, што някепска зарабляе, гадуе дачку. Але як пачытае газэту, дык ёй хочацца вярнуцца ў Горадню, прайсьцi вулiцамi Старога гораду. У “Пагонi” мне сказалi, што праз IREX дасылалi ў інтэрнэт некаторыя старыя нумары. Але сама рэдакцыя да ўсясьветнага электроннага павуцiньня не падлучаная. Зрэшты, “Пагоня” не выходзiць ужо тры тыднi – фiнансавыя цяжкасьцi. Што датычыць электроннае пошты, дык яе маюць усе пералiчаныя газэты – “Glos znad Niemna”, “Биржа Информации”, “Пагоня”. А таксама – газэты “Аркуш” i “Гродзенская праўда”. Ня мае e-mail’у толькi “Милицейский вестник”. (Цыганкоў: ) “Распавядаў Сяргей Астраўцоў. А я магу дадаць, што на Гарадзеншчыне нават некаторыя раённыя незалежныя выданьні – такія як “Газэта Слонімская”, выстаўленыя і рэгулярна абнаўляюцца ва ўсясьсьветным Сеціве. Пра сытуацыю на Берасьцейшчыне распавядзе Алег Супрунюк…” (Супрунюк: ) “Рэгіянальны берасьцейскі друк, у першую чаргу недзяржаўны, апошнім часам актыўна імкнецца карыстацца інтэрнэтам дзеля атрыманьня інфармацыі. Тым ня менш, выкарыстаньне матэрыялаў, зьмешчаных у інтэрнэце, застаецца даволі абмежаваным. У рэдакцыяў мясцовых газэтаў тлумачаць гэта ня толькі тым, што інтэрнэтавыя паслугі каштуюць сёньня вельмі дорага, а фінансавыя магчымасьці бальшыні выданьняў не дазваляюць ім гэтакую раскошу. Яшчэ адную прычыну абмежаванага карыстаньня інтэрнэтам прадстаўнікі берасьцейскіх мэдыяў зьвязваюць з вынікамі чытацкіх апытаньняў. Паводле іх, у рэгіянальных выданьнях чытачоў у першую чаргу цікавяць мясцовыя навіны, і куды менш тое, што адбываецца ў сьвеце. Таму, нават наведваючы ўсясьветную інфармацыйную прастору, газэты ў бальшыні выпадкаў шукаюць толькі матэрыялы, у якіх узгадваецца пра падзеі ў Беларусі ды ў краінах СНД. Таксама адметнасьцю зьяўляецца тое, што выданьні, як правіла, наведваюць расейскамоўныя сайты, з дапамогаю якіх складаюць старонкі матэрыялаў забаўляльнага або крымінальнага зьместу. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі Берасьцейшчыны ня лічаць патрэбным рабіць нават гэта і аддаюць перавагу бясплатным інфармацыйным блёкам, падрыхтаваным афіцыйнай агэнцыяй “БелТА”. Такое стаўленьне да інфармацыйных крыніцаў можна лёгка растлумачыць тым, што дагэтуль некаторыя раённыя газэты ня толькі цьмяна ўяўляюць магчымасьці інтэрнэту, але й ня маюць уласнай электроннай адрэсы. Што да сваёй прысутнасьці ва ўсясьветнае кампутарнае Сетцы, дык дзьве вядучыя мясцовыя газэты “Брестский курьер” і “Вечерний Брест” пачалі асвойваць яе амаль адначасова. У ліпені мінулага году ў інтэрнэце зьявіліся іхныя web-старонкі, якія на сёньняшні дзень уяўляюць электронную вэрсію згаданых друкаваных выданьняў. Пазьней да дзьвюх газэтаў далучылася яшчэ адная – “Брестский рынок”, якая пачала зьмяшчаць у інтэрнэце рэклямныя аб’явы сваіх чытачоў. Ці дае такая рэкляма плён, застаецца невядомым. Але апошнім часам абвестка пра падобную паслугу зьнікла са старонак “Брестского рынка”. Застаецца дадаць, што мясцовыя сувязісты чакаюць, што цікавасьць да інтэрнэту спраўдзіць іхныя спадзяваньні на атрыманьне сталых крыніцаў даходу. На мінулым тыдні ў буйнейшых берасьцейскіх газэтах зьмешчаныя вялікія рэклямныя матэрыялы, якія заклікаюць грамадзянаў наведваць усясьветную кампутарную прастору. Пакуль жа ў Берасьцейскай вобласьці колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту не дасягае нават аднае тысячы”. (Цыганкоў: ) “Паведамленьне Алега Супрунюка завершыла агляд стасункаў зь інтэрнэтам рэгіянальнае беларускае прэсы. Карціна прысутнасьці беларускіх мас-мэдыяў у інтэрнэце дае падставы зрабіць выснову, што атрымаць доступ да ўсясьветнага Сеціва і выстаўляць там сваё выданьне сёньня можа фактычна кожны, хто рэальна гэтага жадае і бачыць у гэтым пэўную патрэбу. Калі ўдалося “Газэце Слонімскай”, чаму не ўдаецца “Народнай Волі”? Тым больш што зараз ёсьць структуры, гатовыя тут дапамагчы беларускім мэдыям. Шмат для пашырэньня інтэрнэту ў беларускіх СМІ робіць прадстаўніцтва арганізацыі IREX у Беларусі. Гэта й бясплатны доступ ва ўсясьветнае Сеціва, і азнаямленчыя курсы для журналістаў, і багаты архіў беларускіх выданьняў на сайце самой арганізацыі. Па падрабязнасьці я зьвярнуўся да тэхнічнага адміністратара прадстаўніцтва IREX у Беларусі Юрыя Алешэвіча…” (Цыганкоў: ) “Юры, ці маюць падключэньне да інтэрнэту беларускія выданьні й наколькі шырока, на вашую думку, беларускія журналісты скарыстоўваюць матэрыялы ўсясьветнага Сеціва?” (Алешэвіч: ) “Наколькі я ведаю, амаль ўсе рэдакцыі маюць доступ да інтэрнэту. Зараз зьявілася такая паслуга “Белтэлекома”, як беспарольны доступ. Я ведаю, што многія газэты з рэгіёнаў карыстаюцца гэтай паслугаю, а таксама пераважна менскія выданьні карыстаюцца паслугамі незалежных правайдэраў такіх, як “Open.by”, “Network Systems”. Больш складаная сытуацыя ў рэгіёнах і на месцах, але ў Менску амаль ўсе карыстаюцца ўсясьветным Сецівам, некаторыя маюць нават кругласуткавы доступ. Але я бы не сказаў, што журналісты вельмі актыўна карыстаюцца інтэрнэтам. Грае ролю тое, што, з аднаго боку, у рэдакцыях ня так шмат працоўных месцаў, пэрсанальных кампутараў для журналістаў, з другога боку, не ва ўсіх рэдакцыях ёсьць дастаткова якасны інтэрнэт. Я думаю, каб былі дастатковыя сродкі, а таксама тэхнічныя веды й нейкая тэхнічная адукаванасьць у журналістаў, то гэты працэс мог мець большае разьвіцьцё, чым яно ёсьць”. (Цыганкоў: ) “Рэдактар “Народнае Волі” спадар Сярэдзіч казаў мне, што для выхаду ў інтэрнэт патрэбныя вельмі вялікія грошы, непад’ёмныя для газэты. Ці сапраўды зараз гэта такое дарагое задавальненьне?” (Алешевіч: ) “Калі атрымліваць вельмі карысны доступ да інтэрнэту на тым жа роўні, як гэта ёсьць зараз ў Эўропе, дык сапраўды, трэба даволі-такі буйная сума, але я ведаю, што зараз ў незалежных газэтаў ёсьць магчымасьць амаль што бясплатна карыстацца інтэрнэтам, а што тычыцца таго, што сказаў Іосіф Сярэдзіч, то я думаю, што на самой справе трэба проста знайсьці час і знайсьці спэцыяліста, які мог бы зрабіць он-лайнаваю вэрсію газэты “Народная Воля” – і гэта можна ўжо зьмяшчаць у інтэрнэце. Я думаю, што тут многае залежыць ад рэдакцыйнае палітыкі”. (Цыганкоў: ) “У беларускім інтэрнэце адбываюцца даволі актыўныя працэсы – зьяўляюцца новыя сайты, рэйтынгавыя сыстэмы. Але ўсё гэта, як мне здаецца, знаходзіць даволі малое адлюстраваньне на старонках прэсы. Апошняе, што магу ўзгадаць – гэта матэрыял у “БДГ” пра “Старонку старога Язэпа”. Чаму так мала ўвагі на старонках друку надаецца беларускім падзеям усясьветнага Сеціва?” (Алешэвіч: ) “Віталь, я не зусім згодны з Вамі. Апошнім часам “БДГ”, “Белорусский рынок” даволі часта публікуюць інфармацыю пра беларускія сайты. Таксама ёсьць штотыднёвік на ангельскай мове “Belarus today”, які на апошняй старонцы прыводзіць рэйтынг беларускіх выданьняў і старонак у інтэрнэце. Таксама ёсьць спэцыялізаваныя выданьні, такія як “Компьютерная газета”, якая пэрыядычна друкуе агляд беларускага інтэрнэту…” (Цыганкоў: ) “Усе беларускія выданьні, якія выстаўленыя ў інтэрнэце, можна чытаць там бясплатна. У той час як міжнародная практыка зусім іншая – за інтэрнэтавыя вэрсіі трэба плаціць гэтаксама, як за папяровыя. Чым, на Вашую думку, гэта тлумачыцца і як доўга можа працягвацца падобная дабрачыннасьць?” (Алешэвіч: ) “У першую чаргу гэта можна патлумачыць тым, што ў нас няма плацёжаздольных карыстальнікаў гэтае прадукцыі. Маё ўласнае меркаваньне – гэта залежыць ад таго, што няма публічнае палітыкі, таму інфармацыя вельмі танна каштуе, на жаль. Як гэта будзе ўсё разьвівацца? Я думаю, што ўсё пойдзе тым самым шляхам, як зараз на Захадзе або ў Расеі. Поўны зьмест артыкулаў празь нейкі час будзе атрымлівацца за грошы, а бясплатна будзе даступны толькі ланцужок навінаў”. (Цыганкоў: ) “Калі гэта можа адбыцца?” (Алешевіч: ) “Я думаю – гэта адбудзецца тады, калі рэдакцыі наладзяць прафэсійны стан сваіх web-старонак, наладзяць тэхнічную працу рэдакцыі, і неўзабаве пачнуць асвойваць рынак”. (Цыганкоў: ) “На мае пытаньні адказваў тэхнічны адміністратар прадстаўніцтва IREX у Беларусі Юры Алешэвіч. Такім чынам, зробім пэўныя высновы. Можна адзначыць, што беларускія журналісты пераважна хутчэй за прадстаўнікоў іншых прафэсіяў зразумелі важнасьць і ролю ўсясьветнага павуціньня. Для параўнаньня скажу, што, напрыклад, у вялікім будынку Міністэрства замежных справаў толькі ў некалькіх кабінэтах ёсьць доступ да інтэрнэту. Але для журналістаў інтэрнэт стаў чымсьці накшталт элемэнту прэстыжу – выставіць сябе ва ўсясьветным Сеціве лічыць патрэбным любое сур’ёзнае выданьне. І гэта, безумоўна, пазытыўны знак”. Віталь Цыганкоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |