RFE/RL |
Ведамасныя і завoдзкія шматтыражныя выданьні(эфір 6 Сакавіка 2000) Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. Гэтая перадача прысьвечаная галіноваму друку – ведамасным і завoдзкім
шматтыражным выданьням.
(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Многія вядомыя сёньня журналісты й пісьменьнікі любяць часам узгадваць, як яны рабілі першыя прафэсійныя крокі, пачыналі свой творчы шлях у завoдзкіх шматтыражках. Гэтыя выданьні сапраўды сталі першай школаю жыцьця й прафэсіі для многіх людзей, якія надалей вырашылі зьвязаць свой лёс з журналістыкаю. Аднак ня трэба думаць, што зьмены апошніх гадоў пераўтварылі шматтыражкі адно ў нагоду для салодкіх успамінаў мэтраў пяра. Беларусь нездарма часам называюць краінаю, у якой час спыніўся. Як гэта не падасца дзіўным, бальшыня завадзкіх выданьняў сёньня па-ранейшаму існуе, і як вы пачуеце далей, адчувае сябе часам зусім нядрэнна. Шматтыражка – такая ўнікальная зьява, якая не прызнае традыцыйнага падзелу на сталіцу й правінцыю. Некаторыя рэгіянальныя газэты прадпрыемстваў і ведамстваў часам уражваюць сваімі накладамі нават на тле менскіх грамадзка-палітычных выданьняў. З самага багатага на галіновы друк рэгіёну – Гарадзеншчыны – распавядае Сяргей Астраўцоў…” (Астраўцоў: ) “Страты ў гарадзенскiм ведамасным друку, бадай, невялiкiя. Першай перастала iснаваць шматтыражка вайсковага прадпрыемства «Аўтамагнiтола». Болей пратрымалася абласная будаўнiчая газэта «Высота». Але i яе няма ўжо некалькi год. А вось газэта «Гродненский химик» (аб’яднаньня «Азот») дагэтуль рэгулярна выходзiць – штотыдзень. Амаль 31 год. Тыраж – каля 2 500 паасобнiкаў. Друкуецца ва ўласнай друкарнi. Зрэшты, гэта самае буйное прадпрыемства. На iм працуе практычна сем тысячаў чалавек. Можна ў «Химику» прачытаць i пра эканамiчны стан прадпрыемства, i пра тое, як заводзкiя прафэсійныя саюзы змагаюцца за правы працаўнiкоў. Зьменшылася ў фармаце й тыражы газэтка «Гродзенскi ўнiверсiтэт», якая iснуе з 1986 году. Але зьявiлiся новыя. Напачатку 90-х было адноўлена выданьне «Гродненских епархиальных ведомостей», якiя iснавалi ў царскiя часы. Амаль тры гады выходзiць каталiцкая газэта «Слова жыцьця». Вельмi iнфармацыйная новая абласная газэта «Милицейский вестник». Выдаецца з канца 1996 году. Ёсьць публiкацыi на беларускай мове. Газэта iмкнецца паведамляць i пра грамадзкiя падзеi ў горадзе й вобласьцi. Яе рэдагуе мiлiцэйскi пiсьменьнiк Георгi Сысой. Тыраж – 11 000. Тры гады выходзiць яшчэ адная газэта – «Аркуш». Яе выдае абласная друкарня. Тыраж – 6 000. Аб’ём – дванаццаць старонак. Зьмест такi – для дому, для сям’i. Друкуюцца з працягам даўно вядомыя дэтэктывы. У вапошнiм нумары – Чэстэртон. Праўда, апроч самое назвы, у газэце беларускага слова амаль ня знойдзеш”. (Цыганкоў: ) “З Гародні перадаваў Сяргей Астраўцоў. У Магілеве лёс галіновае прэсы пераважна залежыць ад эканамічнага стану прадпрыемстваў. Распавядае Марыя Ўсьціновіч…” (Усьціновіч: ) “Самая вядомая з завoдзкіх шматтыражных газэтаў магілеўскае вобласьці – «Працоўная слава», якая 25 гадоў існуе на вытворчым аб’яднаньні «Хімвалакно». Наклад гэтага штотыднёвіка 3 500 асобнікаў і апошнія тры гады ён застаецца на адным роўні. Супрацоўнікі «Працоўнае славы» сьцьвярджаюць, што павялічыць яго – не праблема на прадпрыемстве, дзе працуюць 16-17 тысячаў чалавек. Але чым большы наклад, тым большыя выдаткі й страты. Адзін нумар газэты на чатырох палосах каштуе сёньня 15 рублёў, падпіска й вельмі абмежаваны продаж «Працоўнае славы» кампэнсуе выдаткі ўсяго на 7 адсоткаў. Летась шматтыражка каштавала «Хімвалакно» 4,5 мільярды недэнамінаваных рублёў, а сёлета гэтая сума за кошт інфляцыі падвоіцца. Падобная сытуацыя і з газэтаю бабруйскага камбінату «Белшына» – «Шыннік» – якая мае наклад у 2 600 асобнікаў. У 1990 годзе ў Магілеве й Бабруйску існавала яшчэ некалькі паўнавартасных шматтыражных газэтаў на прадпрыемствах сярэдняга памеру. На камбінаце шаўковых тканінаў – зараз гэта арэндавае прадпрыемства «Магатэкс» – утрымлівалі газэту «Новатор». Сёньня яна называецца «Пульс Магатэксу», выдаецца толькі з нагодаў сьвятаў на дзьвюх палосах практычна на грамадзкіх пачатках, бо ейны рэдактар сёньня стаў начальнікам гаспадарчага адьдзелу. Пераўтварэньні перажыла й старэйшая шматтыражка Бабруйску – «Швейник» народнае вытворча-камэрцыйнае фірмы «Славянка». Штотыднёвік выходзіць на дзьвюх палосах і распаўсюджваецца ў калектыве бясплатна. Газэта «Сцяг працы» ўвогуле спыніла сваё існаваньне. Шматтыражныя газэты прадпрыемстваў звычайна друкуюць артыкулы пераважна вытворчага характару. Але вызначана, што, напрыклад, у «Працоўнай славе» дзяржаўныя ўстановы Кастрычніцкага раёну Магілеву маюць права друкаваць свае матэрыялы, і ў гэтым выпадку павялічваць наклад канкрэтнага нумару за свой кошт”. (Цыганкоў: ) “З Магілеву перадавала Марыя Ўсьціновіч. У Віцебску на адным з прадпрыемстваў шматтыражка зьнікла, затое зьявілася выданьне ў мясцовых міліцыянтаў. Перадае Сабіна Радзько…” (Радзько: ) “Сярод выданьняў, што асьвятляюць жыцьцё й праблемы буйных прадпрыемстваў Віцебску, на сёньняшні дзень найстарэйшай зьяўляецца газэта «Кімавец», якая выходзіць на прадпрыемстве лёгкай прамысловасьці «КІМ» з 1932 году. Зараз наклад складае 1 600 асобнікаў і выданьне атрымлівае амаль палова ўсіх супрацоўнікаў прадпрыемста. Калі ўлічыць, што на «КІМе» працуюць у васноўным жанчыны, то, натуральна, рэдакцыі зважае на іхныя інтарэсы. Пры газэце працуе ўласнае літаратурнае аб’яднаньне. Да 1995 году «Кімавец» выдаваўся па-беларуску, але пасьля рэфэрэндуму яе палічылі патрэбным зрабіць дзьвюхмоўнай. Аднак за апошнія 5 год чыста расейскамоўнай газэта зрабіцца так і не пасьпела, хаця тэндэнцыя да гэтага йснуе. З 1981 году на тэлезаводзе «Віцязь» выходзіць расейскамоўная газэта «Рабочее слово», якая рыхтуецца адзначыць сваё дваццацігодзьдзе. Яна выдаецца рэгулярна раз на тыдзень накладам больш за 2 000 асобнікаў. І паводле галоўнага рэдактара спадара Ўладзімера Івашкевіча, карыстаецца на прадпрыемстве попытам, бо закранае сацыяльна-эканамічныя праблемы «Віцязя» і прамысловасьці ўвогуле. Цікавай зьявай сярод ведамственных выданьняў сталася газэта віцебскай міліцыі. Мабыць, мяйсцовыя міліцыянты палічылі, што менскія «Милицейский вестник» і «На страже» недастаткова асьвятляюць іхныя праблемы, і з 1996 году выдаюць сваю ўласную газэту, якая, апроч распаўсюджваньня сярод супрацоўнікаў, патрапляе і ў розьнічны продаж, праўда, у абмежаванай колькасьці. Дарэчы, у віцебскай калёніі таксама выдаецца ўласная газэта – «Фрегат надежды» – незарэгістраваная, зь невялікім накладам. Эканамічныя праблемы вобласьці адбіліся на ведамасных выданьнях. Так, адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў вобласьці – завод «Маналіт» – раней выдаваў нават не газэту, а ўласны часопіс з аднайменнай назваю. Аднак з 1996 году часопіс «Маналіт» не выходзіць”. (Цыганкоў: ) “Зь Віцэбску перадавала Сабіна Радзько. Даволі нетыповым горадам для Беларусі можна назваць Наваполацак. Унікальнасьць выявілася нават і ў тым, што шматтыражка зьявілася там раней за першыя дамы. З Наваполацку Вінцэсь Мудроў…” (Мудроў: ) “У кастрычніку 1958 году, калі на месцы Наваполацку яшчэ не было збудавана аніводнага дому, рэдкалегія шматтыражкі ўжо працавала й месьцілася ў вадным з намётаў. Называлася газэта ў духу таго часу – «Знамя новостройки» і зьяўлялася друкаваным ворганам партыйнага камітэту і адміністрацыі будаўнічага трэсту № 16 «Нафтабуд». Працяглы час газэта была адзінай у горадзе і апроч мабілізацыі працоўных, друкавала сякую-такую надзённую інфармацыю. Там жа пры рэдакцыі працавала літаратурнае аб’яднаньне, якое ўзначальваў самадзейны паэт Валянцін Лукша і якое па-сутнасьці заклала падваліны наваполацкай школы паэзіі і прозы. У жніўні 1997 году, выдаўшы да дня будаўніка сьвяточны нумар, «Знамя новостройки» спыніла сваё існаваньне. Прычынаю таму сталі эканамічныя цяжкасьці, якія пержываў трэст, і хаця вэтэраны «Нафтабуду» зьвярнуліся да адміністрацыі з просьбаю захаваць газэту, кіраўніцтва мусіла адмовіцца да паслугаў друкаванага прапагандыста й агітатара. На сёньняшні дзень у рэгіёне выдаецца толькі адна шматтыражка – ворган калектыву полацкага вытворчага аб’яднаньня «Шкловалакно» «Трудовая смена», якая ў студзені сёлета адзначыла сваё 20-годьдзе. Газэта мае прыстойны наклад і гэта дапамагае ёй выжыць. Ну а ўзьняць наклад удалося з дапамогаю полацкіх пэнсіянэраў, якія выпісваюць выданьне дзеля праграмы тэлевізійных перадачаў”. (Цыганкоў: ) “Вінцэсь Мудроў з Наваполацку закончыў традыцыйны для нашае праграмы агляд сытуацыі ў рэгіёнах. Аднак вернемся ў сталіцу. У бальшыні сваёй шматтыражкі найбуйнейшых менскіх прадпрыемстваў па-ранейшаму працягваюць існаваньне, і маюцца часам даволі нядрэнна. Такія зь іх, як «Інтэграл», «Горизонт», «Атлант» раздаюцца бясплатна на прахадных прадпрыемстваў. Галоўны рэдактар газэты «Атлант» Дзьмітры Чаховіч распавёў мне, што газэта, якая выходзіць ужо 20 гадоў, мае цяпер наклад 4 000 асобнікаў. Два завoдзкіх выданьні – «Тракторостроитель» і «Аўтазаводзец» нават унесеныя ў агульнабеларускі каталёг падпісных выданьняў, і на іх можа падпісацца любы грамадзянін краіны. Шматтыражка «БЕЛАЗу» каштуе 20 рублёў, мае наклад 6 тысячаў і выходзіць два разы на тыдзень – 8 старонак у суботу і 4 ў сераду. Я зьвярнуўся да рэдактара «Аўтазаводца» Георгія Філончыка з просьбаю распавесцьці пра сваю газэту, яе тэмы й пазыцыю”. (Філончык: ) “Газэта «Аўтазаводзец» – адна са старэйшых у Рэспубліцы, яна была ўтвораная праз тры гады пасьля стварэньня «МАЗу» – 1красавіка 1947 году. Быў час, наш тыраж даходзіў ажно да дваццаці тысячаў, але цяпер гэта вельмі дарагое задавальненьне. Мы імкнемся быць па-за палітыкаю, у нас хапае сваіх, нутрызавадзкіх справаў. Што б яно не было, якая б не йснавала дзяржаўная сыстэма, задача калектыву – добра працаваць і выпускаць тую прадукцыю, за кошт якой гэты калектыў жыве. Ну, і задача газэты – сёньня, як і раней – дапамагчы калектыву. Мы паказваем лепшых, заўсёды чалавек задаволены, калі бачыць, што ён добра працуе, калі яго пакажуць на старонках газэты, напішуць ці замалёўку, ці нарыс, ці фотарэпартаж – гэта заўсёды прыемна гэтаму чалавеку. Тыя, пра каго мы пішам, дзякуюць. Цяпер вялікія газэты гэта й ня робяць. Глянеш «Советскую Белоруссию» – пра людзей там ня пішуць”. (Цыганкоў: ) “Скажыце, а неяк адлюстроўваюцца ў вашым выданьні працоўныя канфлікты, што бываюць на прадпрыемстве?” (Філончык: ) “Канешне. Бяз гэтага не абыйдзесься – калі ёсьць канфлікты, пра іх і трэба пісаць. Хаця тут мы часам ня толькі інфармуем, але іншы раз прыходзіцца і аналізаваць. Напрыклад, мы не заўсёды згодныя з дзеяньнямі нашага Свабоднага прафэсійнага саюзу. Гэта ж лягчэй за ўсё – давай, падвышай заробкі! А я ім часта кажу так – хлопцы, слушна, заробак падвышаць трэба, але чаму вы, калі выражаеце інтарэсы працоўных, чаму вы ані разу не скажаце гэтым працоўным, сябрам свайго прафэсійнага саюзу – давайце мы падвысім прадукцыйнасьць працы, якасьць, будзем мацаваць дысцыпліну працы. Тады можна і з адміністрацыі патрабаваць… Вось яшчэ што хачу сказаць. Неяк так атрымалася, што цяпер шматтыражкамі ў дзяржаве ніхто не кіруе, хаця, можа й хацелі б. Чаму? Бо ў нас заснавальнік завод – ён і патрабуе ад нас, ён плаціць грошы, патрабуе тое, што трэба заводу. І гэта зусім справядліва, я лічу”. (Цыганкоў: ) “Пра сваё выданьне распавядаў галоўны рэдактар газэты «Аўтазаводзец» Георгі Філончык. Як бачым, шматтыражкі сёньня ад усіх «вольныя», бо залежаць толькі ад свайго заснавальніка – адміністрацыі прадпрыемства. Ці выкарыстоўваюць кіраўнікі заводаў гэтыя газэты для прапагандысцай працы сярод рабочых? І ў сваю чаргу, ці карыстаюцца гэтыя выданьні пэўным аўтарытэтам у працаўнікоў? Пра гэта мы гаворым з намесьнікам рэдактара незалежнае газэты «Рабочы» Ірынаю Жыхар…” (Жыхар: ) “Зразумела, што шматтыражкі карыстаюцца ўвагаю і інтарэсам рабочых, таму што толькі тут можна прачытаць пра існуючыя праблемы на прадпрыемстве. Таму яны прывабныя для таго працоўнага калектыву, дзеля якога й робіцца газэта. Але ж трэба й добра разумець, што музыку замаўляе той, хто плаціць за яе грошы. І грошы, якія выдаткоўваюцца сёньня на выпуск гэтых шматтыражак, выдаткоўваюцца і разьмяркоўваюцца адміністрацыяй прадпрыемства. І ў гэтым і ёсьць складанасьць. Праблемы падымаюцца правільныя – падаюць аб’ёмы вытворчасьці, зьніжаецца заробак. Але калі аналізуюцца прычыны – чаму гэта адбываецца зь некалі эфэктыўнай вытворчасьцю? – тут пачынаюцца пэўныя цяжкасьці, бо аніводная шматтыражка ня скажа праўду”. (Цыганкоў: ) “Вы хочаце сказаць, што ў гэтых выданьнях прадстаўленае толькі меркаваньне адміністрацыі, а пункт гледжаньня, напрыклад, незалежных прафэсійных саюзаў ня мае там права на існаваньне?” (Жыхар: ) “Ня мае права на існаваньне. Больш за тое, у тых шматтыражках, якія выпускаюцца і распаўсюджваюцца на прадпрыемствах, дзе існуюць вольныя і незалежныя прафэсійныя саюзы, топяцца ўсе ініцыятывы, зь якімі выступаюць вольныя прафэсійныя саюзы. Для шматтыражак гэта небясьпека – яны ня маюць права на іншадумства. Успомніце, паўтары гады таму на прадпрыемствах увялі новую пасаду – намесьнікі дырэктара ў выхаваўча-інфармацыйнай палітыцы. І зараз гэта – непасрэдныя куратары ўсіх шматтыражак, каб, крый Божа, не прайшло якое-небудзь незалежнае меркаваньне – чаму прадпрыемства апынулася ў крызысным стане. Гэтыя рэчы там нельга аналізваць, таму што гэта прамы “наезд” на існуючы дзяржаўны лад. Адміністрацыя ставіць умовы рэдактарам – людзі павінны чытаць толькі шматтыражкі, каб рабочым не хацелася мець і чытаць газэту «Рабочы» ці «Народную Волю» ці «Нашу Свабоду». Таму да якасьці ёсьць пэўныя патрабаваньні”. (Цыганкоў: ) “А чаму адміністрацыя ідзе на ўтрыманьне гэтых выданьняў – гэта не такія ўжо й дробныя грошы. Чым тлумачыцца такая дабрачыннасьць? Ці гэта сапраўды патрэбна, каб неяк зьядноўваць, умацоўваць калектыў, дапамагчы людзям… ці гэта нейкі ідэялягічны атавізм?” (Жыхар: ) “Гэта кантроль за мысьленьнем працоўнага чалавека. Калі паглядзець на расклад працоўных рэсурсаў Беларусі, то зь 5 мільёнаў занятых бальшыня працуе ў народнай гаспадарцы, на буйных прадпрыемствах. І таму кантроль за настроямі – гэта вельмі важная ідэялягічная пазыцыя. Адміністрацыям сфармуляванае заданьне, каб яны кантралявалі. Калі кіраўнік прапрыемства падпісвае кантракт, гэта чырвонай ніткаю праходзіць – ён павінен трымаць сваіх рабочых. Іначай ён проста ня будзе кіраўніком”. (Цыганкоў: ) “Гэта было меркаваньне намесьніка рэдактара газэты «Рабочы» Ірыны Жыхар. Выглядае, што ідэялягічная барацьба не спыняецца нават у працоўных калектывах. Напэўна, гэтым і тлумачыцца сакрэт выжывальнасьці шматтыражак у сёньняшніх умовах”. Віталь Цыганкоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |