RFE/RL |
Моўная сытуацыя ў Малдове.Удзельнічаюць: зь Менску – журналіст і сацыёляг Сяргей Ільчанка, з Кішынёву – старшыня Каардынацыйнай рады беларускіх суполак Малдовы Ўладзімер Дзяржыцкі (эфір 20.11.2000) Аўтар і вядучы: Сяржук Сокалаў-Воюш (Сокалаў-Воюш: ) “У самы, так бы мовіць, разгар перабудовы я апынўся ў Малдове. Спакойны ўдзень Кішанёў ажываў вечарамі, калі на пляцы ля помніка нацыянальнаму гэрою краіны Штэфану чэл Марэ зьбіраўся народ і пачыналіся дыскусіі. Тымі ж днямі малдоўскі ўрад прыняў пастанову пра вяртаньне да лацінскай графікі. “А я, – спрачаўся ў той вечар з малдаванамі нейкі расеец, – уже 20 лет жіву здесь, а ні слова по-малдавскі не знаю і не собіраюсь”. “Ну, хоць бунэ сяра (добры дзень) вы сказаць можаце?” – не стрываўся я. “Магу, но не буду”, – адказаў расеец. Крыху ў баку ад спрэчнікаў стаяла сівая, інтэлігэнтнага выгляду жанчына. Пасьля маіх “трох грошыкаў” яна падыйшла да мяне і сказала “Грацыя”. Мы разгаварыліся, і яна распавяла мне незвычайную гісторыю. За ўсе тыя гады, што малдаўская мова перадавалася на пісьме кірылкай, жанчына не прачытала ніводнай кніжкі, бо ніяк не магла чужыя літары зьвязаць у родныя словы. Пасьля Кішанёву я патрапіў у спакайнейшы Тыраспаль, якому праз пару гадоў наканавана было стаць цэнтрам бунтоўнага Прыднястроўя. Дзясятак вывучаных мной на той час малдаўскіх словаў прыхільна ўспрымалі тамтэйшыя жыхары, незалежна ад іхнай нацыянальнасьці. Па вечарох я бываў у навакольных вёсках, і калі разам зь вяскоўцамі мы сядалі за бяседны стол, застаўлены талеркамі садавіны і пляшкамі хатняга віна, я прыгадваў свайго вайсковага знаёмага, ад якога я ўпершыню пачуў, што ён – Харлампій Дзеліпей – гагаўз. Што ёсьць у Малдове такі народ – гагаўзы, які мае сваю мову, але ня мае школы, мае сваю культуру, але ня мае аўтаноміі. Тады ж я досыць пасьпяхова паспрабаваў запомніць некалькі гагаўскіх словаў, зь якіх да сёньня дажыло ў памяці толькі адно: гізэль, што азначае – хараство. Памятаю, як пераконваў я Харлампія, што ў іхнага народа ўсё яшчэ будзе: і школы, і кніжкі, і аўтаномія. У адказ ён толькі недаверліва хітаў галавой, але, каб не пакрыўдзіць мяне, згаджаўся. Сёньня гагаўзы маюць школы, кніжкі і аўтаномію. Яны – другі паводле колькасьці народ Малдовы. Іх – 130 тысячаў. Магчыма, гэтая лічба не зусім дакладная. Апошні перапіс у краіне быў дзесяць гадоў таму, і паводле яго, агульная колькасьць насельніцтва складала каля 4 мільёнаў чалавек. Сёньня колькасьць жыхароў Малдовы ацэньваецца па-рознаму, і пэсымісты называюць нават лічбу 1.5 – 2 мільёны з улікам таго, што шмат хто выехаў на заробкі. Даўні сантымэнт да гагаўзаў аўтаматычна пацягнуў за сабой маё першае пытаньне да сёньняшняга суразмоўцы, журналіста і сацыёляга Сяргея Ільчанкі. Спадар Сяргей, якая моўная сытуацыя ў Гагаўзіі сёньня?” (Ільчанка: ) “Я досыць добра ведаю Гагаўзію. Там няма праблемаў з расейскай мовай. Паміж сабой людзі размаўляюць па-гагаўску, але ўсе разумеюць расейскую. Я сумленна спрабаваў вывучыць некалькі гагаўскіх фразаў і ня здолеў. Выглядае, што расейская мова не сумяшчальная з гагаўскай у сьвядомасьці расейскага чалавека. Я нічога кепскага не хачу пра яе сказаць, але факт застаецца фактам. А праблемаў зносінаў па-расейску там няма. Расейскамоўных там успрыймаюць зусім нармалёва”. (Сокалаў-Воюш: ) “А ці ёсьць у Гагаўзіі праблемы з нацыянальнымі школамі, са саправаводзтвам?” (Ільчанка: ) “Тут, я казаў бы, траістая праблема. Па-першае, гэта ўсе праблемы малога народу – праблемы графікі, абэцэды. Па-другое, праблема з кадрамі. Чалавек становіцца настаўнікам гагаўскай мовы. Гэта азначае, што яго непазьбежна чакае праца ў вёсцы. У наш час трэба быць літаральна самаахвярнікам, каб адважыцца выбраць сабе гэткі лёс. Па-трэйцяе, цяжкасьць засваеньня. І гэта ня толькі для мяне. Цяжка і іншым расейскамоўным. Нейкая яна гэтая мова занадта спэцыфічная. Самі ж гагаўзы, якія жывуць у Гагаўзіі, сваю мову ведаюць, і нельга сказаць, што гэтая мова памірае ці зьнікае”. (Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Сяргей, яшчэ адзін народ у Малдове – украінцы…” (Ільчанка: ) “Чыста фармальна я таксама ўкраінец, бо так напісана ў пашпарце. Але я расейскамоўны. Такіх у Малдове пераважная бальшыня. Украінскамоўныя ўкраінцы заўсёды зь вёскі альбо са скрайняй поўначы Малдовы (дзе ўкраінская мова больш архаічная). На самым поўдні яна больш сучасная. Але гарадзкое насельніцтва пераважна размаўляе па-расейску. Нават, фармальна ўкраінскае. Вось я адзін з такіх”. (Сокалаў-Воюш: ) “А ці ёсьць у гэтых украінскіх вёсках украінскія школы?” (Ільчанка: ) “Справа ў тым, што пры савецкай уладзе сытуацыя была досыць дзіўная. У адных месцах школы зачынялі дырэктыўна і казалі што яны – непатрэбныя, у іншых месцах, яны сапраўды не былі патрэбныя, бо не было жаданьня вывучаць украінскую мову. Гэта было вылучна прагматычнае дзеяньне. Навошта навучацца на мове, на якой ня можаш працягваць адукацыю? Нельга сказаць, што было нейкае імкненьне зачыняць украінскія школы, як нельга сказаць і адваротнае. Хутчэй за ўсё, гэта было неразумнае адміністраваньне. Цяпер, калі ўкраінцы хочуць адчыніць сваю школу, ім звычайна адказваюць: вось Украіна – зьвяртайцеся да яе па дапамогу, а ў нас на свае школы сродкаў не хапае. Таму праблема ўкраінскіх школаў стаіць дастаткова гойстра”. (Сокалаў-Воюш: ) “Сяргей Ільчанка – журналіст і сацыёляг, рэдактар аддзелу палітыкі газэты “Незавісімая Малдова”, дырэктар і ўладальнік сацыялягічнай лябараторыі. Паводле адукацыі – фізык. Працаваў у закрытых Навукова-дасьледчых інстытутах Масквы, у Малдоўскай Акадэміі Навук. Гаворыць толькі па-расейску, чытае і разумее па-малдаўску. На маё пытаньне пра ўкраінскую мову адказаў: “Калі вы са мной загаворыце – я зразумею, але адкажу па-расейску”. Мова сям’і – расейская. Сямігадовы сын малдаўскай мовы ня ведае, але знаходзіць агульную мову з нерасейскамоўнымі малдаўскімі сябрамі. Сяргей Ільчанка лічыць, што ў Малдове статус дзяржаўнай мовы мусіць мець і расейская. Спадар Сяргей, а ў якім стане цяпер расейскія школы Малдовы?” (Ільчанка: ) “Расейскія школы знаходзяцца ў трагічным стане. Я ведаю пытаньне, бо маё дзіця пайшло ў школу. Пачнем з таго, што ў свой час зусім штучна ўсе немалдаўскамоўныя былі залічаныя ў нацыянальныя мяншыні. Пасьля гэтага нам пачалі казаць, што тут усяго 11% расейцаў. Украінцаў, такіх як я, тут значна больш і таму расейцы – адна зь невялікіх нацыянальных мяншыняў. У выніку мясцовыя нацыяналісты цалкам наўмысна павялі кампанію здушэньня расейскай мовы, і цяпер расейскія школы знаходзяцца ў стане развалу. Расейскую мову ў іх вывучаюць жахліва і мала. Выпускнікоў расейскіх школаў, якія прыходзяць да нас у газэту, трэба перавучваць ад 6 – 7 клясаў. Гаворка ідзе пра элемэнтарнае няведаньне артаграфіі. Абвінавачваць іх цяжка, бо расейская мова ў іх вывучаецца з чацьвертай ці пятай клясы ў аб’ёме 1-2 гадзіны на тыдзень. Падручнікаў нармалёвых няма. Усе яны для расейскіх школаў перакладзеныя з румынскае мовы. Пераклады гэтыя – няўдалыя. Перакладчыкі расейскай мовай добра не валодаюць. Нас крытыкуюць за няведаньне малдаўскай мовы, але навучаньне ёй у расейскіх школах – у катастрафічным стане. Падручнік, які атрымаў у школе мой сын – гэта жах. Ён разьлічаны на тое, што бацькі ведаюць малдаўскую мову, а мусіў бы быць разьлічаным на тое, каб бацькі маглі вучыцца разам з вучнямі. Напрыклад: першая старонка з выявамі розных зьвяроў. Надпісаў ніякіх няма. Хатняе заданьне: вывучыце, як называюцца гэтыя зьвяры...” (Сокалаў-Воюш: ) “А як выглядае сытуацыя з малдаўскімі, ды і з расейскімі школамі ў Прыднястроўі?” (Ільчанка: ) “Адразу скажу, што тут ёсьць адна асблівасьць. Прыднястроўе не перайшло на лацінку. На тое было шмат падставаў. Гэта складанае пытаньне, калі прыгадаць, што і Румынія да 60-ых гадоў мінулага стагодзьдзя пісала кірылкай. У Малдаўскіх школах Прыднястроўя ўжываюцца старыя падручнікі. Адмоўны бок гэтага – неадпаведнасьць падручнікаў духу часу. Дадатны – яны непараўнальна лепшыя дыдактычна. Выпускнікі прыднястроўскіх школаў лёгка пераходзяць на лацінку, а падваліны мовы ў іх цудоўныя. Але ёсьць у Прыднястроўі школы, напрыклад дырэктара Іоўчава, дзе прынцыпова ўжываецца лацінка, што не падабаецца тамтэйшым уладам і вядзе да канфліктаў. Хаця, па-мойму, было б больш карысьці, каб спадар Іоўчаў менш займаўся палітыкай і больш школай, хай сабе і з лацінскім пісьмом. Бо тут, у Кішанёве, як не зьбярэцца якое зборышча, каб нагаварыць паскудстваў пра Прыднястроўе – спадар Іоўчаў у іх на ганаровым месцы. Я нярэдка бываю ў Прыднястроўі. Там цудоўная вусная малдаўская мова. Я не вялікі спэцыяліст у малдаўскай мове. Я па-малдаўску не размаўляю. У мяне дзіўнае пасыўнае валоданьне гэтай мовай: калі трэба сказаць адно – абавязкова скажу іншае, але добра чытаю і добра разумею з голасу. Аднойчы я нават здолеў папрацаваць у малдаўскай газэце. Сёньня сам зьдзіўляюся, як гэта атрымалася… Малдаўская мова Прыднястроўя мае некаторыя асаблівасьці, якіх румыны не ўспрыймаюць. Але так гавораць і заўсёды гаварылі ў Малдове… І яшчэ пара словаў пра адукацыю ў Прыднястроўскім малдаўскім унівэрсытэце. У астатняй Малдове амаль ўсе расейскамоўныя групы ў ВНУ былі пазачыняныя адразу. Год таму мы вялі барацьбу за вучняў Рэспубліканскай мэдычнай вучэльні, якія вучыліся год-два па-расейску, а потым ім сказалі, што далей яны будуць вучыцца па-малдаўску, дакладней, па-румынску. У нас хаця мова канстытуцыйна – малдаўская, але паспрабуй сказаць гэта дзе-небудзь у навучальнай установе – зьядуць, задзяўбуць выкладчыкі. Вучні адказалі, што яны ня ведаюць і ня ўмеюць. Ім адказалі: будзеце вучыцца. Два месяцы не вучыліся – змагаліся, страйкавалі. У выніку, зь вялікай цяжкасьцю дамагліся аднаўленьня некаторых расейскіх групаў. У Прыднястроўі адваротны малюнак. Рэктар тамтэйшага ўнівэрсытэту Бірыла стварае поўны навучальны працэс на ўсіх трох мовах – расейскай, малдаўскай і ўкраінскай. На сёньня для расейскай ёсьць усё – выкладчыкі, падручнікі, а зь іншымі гэтага няма. Кожны год на малдаўскіх плынях мы, папярэдне падрыхтавана, два-тры прадметы пераводзім на малдаўскую мову. Гадоў праз 8 тры навучальныя плыні будуць паўнавартаснымі”. (Сокалаў-Воюш: ) “Давайце змадэлюем сытуацыю, Я прыяжджаю жыць у Малдову і хачу вывучыць дзяржаўную мову гэтай краіны…” (Ільчанка: ) “Тэарытычна гэта – магчыма. Але якасьць выкладаньня, на мой суб’ектыўны погляд, добрая толькі на курсах Кашэнкі, які самаахвярна арганізаваў тут курсы. Яго бясконца цкуюць нацыяналісты, бо ён выкладае малдаўскую мову не паводле румынскіх мэтодыкаў. Ён распрацаваў свае, а гэта палічылі дзёрзкасьцю. Ягоная мэтодыка арыентаваная на расейскую мову, гэта значыць, што ў малдаўскай мове падобнае, а што не падобнае. Курс ідзе прыблізна 150 гадзінаў, але каб нармалёва вывучыць мову, Кашэнка лічыць, што курс павінен быць да трохсот гадзінаў, плюс самастойныя заняткі. Каштуе гэта 50-60 леяў на месяц, пры сярэднім заробку 220-250 леяў. (Адзін даляр –12-13 леяў). Кашэнка хацеў бы мець і дармовыя групы, але пакуль што няма спонсараў. Ёсьць розныя курсы па румынскіх мэтодыках. Я сутыкнуўся зь імі і ўражаньне засталося кепскае. Да Кашэнкі я хадзіў на заняткі. Праслухаў прыблізна 20% курсу, але часу ва ўмовах выжываньня і здабычы сродкаў для існаваньня проста не хапае. Я перакананы, што трэба проста вучыць дзяцей. Я перакананы, што спадары нацыяналісты, якія цяпер трымаюць уладу, ня хочуць, каб расейцы ведалі сваю мову. Цяпер няведаньне расейскай мовы вельмі зручны інструмэнт, каб вылучыць нас з палітычнага жыцьця, прыбраць зь дзяржаўнай службы. Пра гэта сьведчыць і той факт, што нікога так жорстка не цкуюць, як расейскамоўнага чалавека, які працуе ў калектыве нацыяналістаў і ведае мову”. (Сокалаў-Воюш: ) “У чым выяўляецца гэтае цкаваньне?” (Ільчанка: ) “Іх проста выціскаюць зь якой заўгодна нагоды. Напрыклад: вы будзеце скарочанымі ў першую чаргу, вы будзце ў глухой ізаляцыі ад калегаў. Канкрэтная гісторыя: мой добры знаёмы і добры лекар быў выкінуты з калектыву наступным чынам: ён працаваў на рэхаграфічным апараце і менавіта для ягонага апарату не было запасных частак, альбо ён атрымліваў іх апошнім. Па-малдаўску ён размаўляе свабодна. Я ведаў яго, калі ён ня ведаў мовы, ведаў – калі вучыў яе і ведаў, калі вывучыў. Гэта быў подзьвіг. Але пасля гэтага ён стаў непатрэбным. Ён стаў небясьпечным. Таму што як лекар ён вышэйшы, чымся калегі, а апошні інструмэнт, якім тыя зацьвярджалі сваю перавагу – мова – зьнік”. (Сокалаў-Воюш: ) “І, нарэшце, апошняе: спадар Сяргей, ці ёсьць у Малдове беларускае зямляцтва?” (Ільчанка: ) “Зямляцтва ёсьць, але я досыць кепска стаўлюся да зямляцтваў, бо лічу, што яны граюць ролю рэзэрвацыяў. Ня трэба аб’ядноўвацца ў зямляцтвы і замыкацца ад сьвету. Мы – грамадзяне гэтай краіны, мы мусім дамагацца паўнавартаснага ўдзелу ў ейным жыцьці. Я ніяк не хачу пакрыўдзіць беларусаў, але тут яны ўсе – расейскамоўныя і беларускай мовы я тут, даруйце, ня чуў”. (Сокалаў-Воюш: ) “І ўсё ж беларуская мова ў Малдове гучыць. Гаворыць старшыня Каардынацыйнай Рады беларускіх суполак Малдовы Ўладзімер Дзяржыцкі:” (Дзяржыцкі: ) “Мова і захаваньне мовы – адна з галоўных мэтаў нашай працы, нашай суполкі. Яна называецца “Беларуская Грамада ў Рэспубліцы Малдова”. Гэта этна-культурная грамадзкая арганізацыя, для каторай мова, вывучэньне мовы, захаваньне мовы ў сьвядомых беларусаў – мэта нашай працы. На сёньня працэс асыміляцыі – бязьлітасны і тут трудна захаваць родную мову, у варунках, калі яна не карыстаецца штодзённа. Але мы робім, што можна. Наш актыў сустракаецца штомесяц. На гэтым актыве мы імкнемся размаўляць на беларускай мове”. (Сокалаў-Воюш: ) “А як вялікая вашая суполка?” (Дзяржыцкі: ) “Наша суполка каля пяцісот сяброў. А актыўна працуе так якіх 150-200 чалавек. Па-за тым, што ў нас тут у Кішанёве асноўная суполка, у нас ёсьць горад Бельцы і Прыднястроўе”. (Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Уладзімер, вы сказалі пра асымілятарскую палітыку. Вы маеце на ўвазе малдаўскія ўлады?” (Дзяржыцкі: ) “Асымілятарская не палітыка, а асыміляцыя, як неўнікнёны вынік пражываньня без кантактаў з Радзімай”. (Сокалаў-Воюш: ) “Уладзімер Дзяржыцкі. Нарадзіўся ў 1918 годзе на Варшаншчыне. Калісь, калі быў уздым нашай беларускасьці, – кажа спадар Уладзімер, – закончыў Другую Ўзорную сямігодку імя 1905 году ў Воршы. Потым 50 гадоў жыў за межамі Беларусі. Паводле адукацыі – лекар, выпускнік Ленінградзкай ваенна-мэдычнай акадэміі.
Галоўны спэцыяліст міністэрства аховы здароўя ў таксыкалёгіі. Ваяваў, працаваў
старэйшым выкладчыкам ваеннай мэдыцыны і ў мэдычным інстытуце ў Кішанёве.
Ён – старшыня Каардынацыйнай Рады беларускіх суполак Малдовы і Прыднястроўя
і сябра Ўправы Каардынацыйнай Рады нацыянальных мяншыняў Малдовы. Узнагароджаны
мэдалём ганаровага грамадзяніна Малдовы. Кожны год бывае на Беларусі.
Мова сям’і – расейская. Спадар Уладзімер, а ці дапамагае беларускай суполцы ўрад Малдовы?” (Дзяржыцкі: ) “Ёсьць такая ўрадавая арганізацыя – Дэпартамэнт міжнацыянальных адносінаў і функцыянаваньня моваў. Гэты Дэпартамэнт працуе ў сталым кантакце з нацыянальнымі мяншынямі. Мы ўдзельнічаем у сустрэчах зь кіраўніцтвам рэспублікі, ня раз сустракаліся з прэзыдэнтам”. (Сокалаў-Воюш: ) “Расейцы наракаюць на малдоўскіх нацыяналістаў. А як складаюцца адносіны паміж гэтымі нацыяналістамі і беларусамі?” (Дзяржыцкі: ) “Беларусы маюць нядрэнную рэпутацыю ня толькі тут, а і ў сьвеце, хіба. Праз свае рысы талерантнасьці ў міжнацыянальных адносінах. Мы тут менш адчуваем таго нацыянальнага ўціску беларусаў. Што да расейцаў – вядома, якая палітыка нацыяналістаў была. Быў такі ўздым, калі быў дэвіз такі: “Чамадан – вакзал – Расея!” І былі сапраўды такія агрэсыўныя адносіны да нацыянальных меншасьцяў, найбольш – да расейцаў. Тут да гэтай пары ня вырашаная справа, зь якой пачалася з канфлікту моўнага вайна. Грамадзяне Малдовы, якія жывуць на левым беразе Днястра не згадзіліся з палітыкай, якую пачалі праводзіць малдаўскія ўрадавыя арганізацыі…” (Сокалаў-Воюш: ) “Сёньня мы толькі закранулі праблему Прыднястроўя. Гэтая тэма, вядома ж, вымагае асобнай гаворкі і мы вернемся да яе ў выглядзе асобнай перадачы. Пагатоў, што погляды беларускай суполкі Прыднястроўя на праблемы мовы адрозьніваюцца ад поглядаў нашых землякоў зь Кішанёву”. Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |