RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Карлаў Мост
Чэхія і чэхі зблізку



Як жывецца чэскім вязьням

(эфір 30 лістапада 2000)

Аўтар і вядучая – Алена Ціхановіч. Старая крэпасьць ў Міраве служыць вязьніцай больш як 600 гадоў. Мураваныя сьцены да дзесяці мэтраў, пад імі – ахоўны роў… Турма найбольш строгага рэжыму дагэтуль не пакідала надзеі на пасьпяховыя ўцёкі. Месяц таму адсюль дзёрзка вырваўся на волю асабліва баронены рэцыдывіст Іржы Каінэк. 7 гадоў таму Каінэк на замову - за 100 тысяч карун (тады – каля 3 тысяч даляраў) - забіў пльзенскага бізнэсмэна і яго ахоўніка.

Забойца быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. Пакараньне сьмерцю у Чэхіі было адменае ў 1990-м годзе. Такім чынам, рукі ў Каінка былі цалкам разьвязаныя: ён мог пракладаць сабе дарогу на волю любымі сродкамі, бо ўсё адно ня мог атрымаць ужо большага пакараньня. Напружанае чаканьне ля тэлевізараў, дыскусіі ў барах і ў прэсе хутчэй спрыялі народнай папулярнасьці ўцекача: бо сотні паліцэйскіх ні Каінка, ні яго сьлядоў не знайшлі і празь месяц.

Пра тое, якім спосабам чэскаму рэцыдывісту ўдалося ўцячы з сама моцна бароненай турмы – крыху пазьней. А зараз нашая размова ў камісіі правоў чалавека чэскага ўраду. Петра Бурчыкава займаецца тут пытаньнямі вязьняў.

(Ціханочіч: ) “Як Вы мяркуеце, ці не гаворыць выпадак Каінка пра тое, што рэжым утрыманьня ў чэскіх турмах надзвычай мяккі? Бо гэта, прынамсі, яго чацьвёртыя ўцёкі…”

(Бурчыкава: ) “У Міраве? Я там была два тыдні таму і ня думаю, што там вольніца – рэжым там здаўна вельмі строгі, і ў той асаблівай ахове, дзе быў і пан Каінэк. Я мяркую, што ў гэтым выпадку чалавек, асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне, ня маючы ніякага выйсьця, проста набраўся адвагі, каб рызыкнуць усім, рызыкаваў пры тых уцёках жыцьцём і меў вялікае шчасьце, што яму гэта ўдалося. Гэта хутчэй пытаньне шанцунку, чым пытаньне мяккага рэжыму”.

(Ціхановіч: ) “Як, паводле досьведу Чэскай Рэспублікі, дэмакратызацыя дзяржавы ўплывае на узровень і характар злачыннасьці?”

(Бурчыкава: ) “Вядома, што дэмакратыя мяняе ўсе грамадзскія ўмовы. Цяпер можна гаварыць пра іншыя парушэньні закону, таму што крымінальны кодэкс быў зьменены. З другога боку, празь зьмену грамадзкіх умоваў людзі атрымалі і іншыя магчымасці, напрыклад, цяпер больш магчымасьцяў фінансавых махінацыяў і махлярства. Але, каб гэта нейкім кардынальным спосабам зьмяніла карціну злачыннасьці, не сказала б.”

(Ціхановіч: ) “Значыць, збольшага за кратамі тыя ж забойцы, гвалтаўнікі і злодзеі?”

(Бурчыкава: ) “Людзі пераважна мяркуюць, што той, хто сядзіць за кратамі, па меншай меры – забойца альбо злодзей. Але мала хто усьведамляе, што ў турмах пераважная большасьць людзей, якія зьдзейсьнілі адносна несур”ёзныя парушэньні закону – ну, напрыклад, нехта можа сядзець за няўплату алімэнтаў. Або ненаўмыснае забойства, што можа стаць кожнаму, скажам, у выніку аўтааварыі”.

А цяпер погляд беларускіга журналіста і вопытнага беларускага вязьня. Гэтымі днямі калега з Гародні Павал Мажэйка атрымаў магчымасьць наведаць знакамітую праскую турму Рузыне. Разам зь ім турму наведаў і Валеры Шчукін. Зараз – уражаньні абодвух:

(Мажэйка: ) “Невысокія, мэтра паўтара-два муры, рэдзенькі калючы дрот, амаль зацёртыя надпісы “Увага! Ахоўваемы аб’ект.” Якая ж гэта турма, скажа беларус, малюючы ў галаве вобраз Валадаркі ці Гарадзенскае турмы. Максымальна, куды сягае ўяўленьне, – сакрэтны завод часоў сацыялістычнае Чэхаславаччыны.

Яшчэ гадоў 15 таму турма ў Рузынах мела дурную славу. У той час гэта быў сьледчы ізалятар СТБ (чэскі варыянт КГБ), тут працавалі розныя спэцслужбы. Праз Рузыны прайшлі многія чэскія дысыдэнты. Сядзеў тут і Вацлаў Гавэл, партрэт якога вісіць сёньня ў кабінэце дырэктара турмы Франьцішка Зэдэка.

Пан Зэдэк кажа, што ягоная турма адна з найвялікшых у краіне. Разам з турмой Панкрац яна забясьпечвае ўсю вобласьць сярэдняе Чэхіі. Утрымліваецца тут 1100 вязьняў, пры норме 915, пры чым бальшыня зь іх яшчэ знаходзіцца пад сьледзтвам.

Першае, што ўражвае, як толькі трапляеш у памяшканьні турмы – гэта пах і чысьціня. Пануе атмасфэра, якую можна параўнаць - ну, хіба, зь беларускай лякарняй. Каля трыццаці мужчынаў, аднастайна апранутыя, у тапках, некаторыя нават басанож, сёрбаюць сабе поліўку, заядаюць кнэдлікамі ды абмяркоўваюць учорашнюю футбольную гульню. Дзьверы камэраў, якія больш справядліва будзе назваць палатамі -- толькі што замыкаюцца на замок -- адкрытыя насьцеж.

Гэта так званы рэжым мяккае ізаляцыі. У вялікім аддзяленьні знаходзяцца разам 30-40 чалавек. Камэры разьлічаныя на двух-трох, тэлевізар, прыбіральня, душ, гарачая вада. Тэлевізар, дарэчы, можа мець кожны і глядзець колькі заўгодна, праўда, калі ёсьць уласны акумулятар.

Аднак, вядомага беларускага палітвязьня Валера Шчукіна ўразіла ў чэскай турме іншае:

(Шчукін: ) “Перш за ўсё, гэта стаўленьне да інфармацыі. У нашых турмах, чалавеку адразу адмаўляюць ва ўсялякай інфармацыі, зьвязанай з вонкавым сьветам. Тут жа, вязень можа чытаць любыя газэты, якія толькі захоча. Прабачце, але ў нашых яму гэтага не даюць. Па-другое, стаўленьне да вязьняў. Супрацоўнікі турмы зьвяртаюцца да вязьняў – пан. Ня трэба - пан, але ў нас нават грамадзянін ня кажуць. Мурло, хамло, дзярмо і гэдак далей.”

Гэта быў Валер Шчукін, якога вы яшчэ пачуеце ў маім рэпартажы.

Дырэктар Рузынскае турмы Франьцішак Зэдэк кажа, каб разьмясьціць вязьняў, супрацоўнікам прыходзіцца часам паламаць галаву. Бо існуе 7 правілаў, паводле якіх пэўныя групы зьняволеных прыходзіцца разьдзяляць. Прыкладам, ніколі ў адной камэры не пасадзяць харвата з сэрбам, альбо расейца з украінцам. А з новага году прыйдзецца яшчэ падзяляць і на тых, хто паліць і не паліць.

Чэскія грамадзяне ўпэўненыя, што ўсё ж выхоўваць чалавека лепей, чым перавыхоўваць, таму чэскія турмы маюць шмат эканамічных праблемаў. Прыходзіцца эканоміць. Гарачая вада ў Рузынскай турме цэлыя суткі падаецца толькі жанчынам, мужчыны могуць памыцца толькі ў вызначаны час. Электрычнасьць улучаецца на паўгадзіны з раніцы і па абедзе.

Гэты факт зьдзівіў Валера Шчукіна :

(Шчукін: ) “Мне неяк рэзанула, тое, што электраэнэргія падаецца вязьням толькі на паўгадзўны з ранку і на паўгадзіны ў абед. Гэта азначае, што чалавек ня можа глядзець тэлевізар, калі яму захочацца. Гэта, відавочна, трэба зьмяняць.”

“Вася, Вася!,”- чуецца з вуліцы, дзе прагульваюцца вязьні. Гэтае імя ўжо прыжылося ў чэскіх турмах. Больш за ўсё тут адбываюць пакараньне з замежнікаў менавіта расейцы, пасьля ўкраінцы, славакі, палякі. Рузынэ, адзіная турма, дзе адбываецца экстрадыцыя замежных грамадзянаў. Гэта азначае, што іх, пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня, высылаюць у родныя, паводле пашпарту, краіны.

Кожны асуджаны каштуе чэхам 400-700 кронаў на дзень (прыблізна дзесяць-двадцаць даляраў). Аднак, сам вязень 40 кронаў выплочвае з уласнае кішэні.

Меню Рузынскае турмы, возьмем, да прыкладу, суботу. Сьняданак – хлеб, гарбата, лівэрка, масла. Другі сьняданак – 50 грамаў мяса, хлеб, запечаны бачок. Абед – штырская поліўка, мэксыканскі гуляш, макарона. Вячэра – бульбяны гуляш, 4 кавалкі хлеба, садавіна, гарбата.

Да параўнаньня, у Гарадзенскае турме вязьні штодзень атрымоўваюць 10 грамаў макароны.

Наступная мая адрэса – аддзяленьне, дзе ўтрымліваюцца непаўнагадовыя. Нас сустракае выхавальнік – малады хлопец у кедах, шортах ды кашульцы з надпісам “Made in USA”. На сьценах разнастайныя плякаты ды малюнкі, у пакоі адпачынку - акварыюмы з чарапахамі, рознымі расьлінамі, рыбкамі, сярод якіх ёсьць нават піраньі.

Да маладых злачынцаў сюды прыходзяць школьныя настаўнікі. Франьцішак Зэдэк дзеліцца ўспамінамі. Некалькі баўгарак, што патрапілі да яго ў турму, мелі дакумэнты 12-гадовых дзяўчынак. Лекары, якія агледзелі іх запэўнілі, што баўгаркам ня менш як па 30 год. Высьветлілася, што тыя падрабілі дакумэнты, спадзеючыся на больш лёгкі рэжым утрыманьня. Цяпер 30-гадовым дзяўчынам прыходзіцца выконваць хатнія заданьні.

(Ціхановіч: ) “Гэта быў Павал Мажэйка. Апошні запіс зь яго дыктафону сьведчыць, што пасьля выхаду з чэскай турмы Валер Шчукін ня мог схаваць свайго захапленьня:”

(Шчукін : ) “У параўнаньні з нашымі беларускім турмамі - гэта ня тое, што крок наперад, гэта два крокі наперад. Мне цяпер стала зразумела – Эўропа ставіцца да нас так, ня толькі таму, што ў нас Лукашэнка – дыктатар, але й таму, што ў нас турмы не такія як ў Эўропе.”

Гэта былі ўражаньні Валера Шчукіна, якія, зразумела, носяць крыху экскурсійны характар. Між тым, некаторыя грамадзяне Беларусі маюць магчымасць адчуць, так бы мовіць, “выгоды” чэскіх турмаў на сабе. Я парасіла удакладніць зьвесткі пра іх прэсавага сакратара турэмнай службы Чэхіі сп. Яна Сахурэка:

(Сахурэк: ) “Апошнія зьвесткі маю на канец 1999-га году – тады было ў чэскіх турмах 53 грамадзяніна Беларусі. Гэта далёка ня самыя вялікія лічбы, маем ім больш зь іншых краінаў – Славаччыны, Румыніі, Украіны, Віетнаму. Хацеў бы падкрэсльліць, што асаблівых праблемаў зь беларусамі ня маем.”

(Ціхановіч: ) “Ці розьніцца рэжым утрыманьня замежных і чэскіх грамадзянаў? Ці маюць яны аднолькавыя правы і ўмовы?”

(Сахурэк:) “Зьняволены чужынец мае такія ж правы, як і зьняволены грамадзянін Чэскай рэспублікі, а да таго ж замежнік мае права стасункаў са сваім консульствам, амбасадай”.

(Ціхановіч: ) “Ці ўжываюць гэтую магчымасць беларускія грамадзяне?”

(Сахурэк: ) “Так, ужываюць. Ня надта часта, але не зьяўляецца гэта й выключэньнем”.

Я папрасіла прэсавага сакратара Турэмнай службы Яна Сахурэка назваць найбольш вядомага ці высокапастаўленага чэскага зьняволенага. Ён прыгадаў толькі сёлетняе зьняволеньне падчас сьледства былога міністра фінансаў Свобады, які быў абвінавачаны ў незаконным спосабе прыватызацыі аднаго з прадпрыемстваў. Пан Сахурэк таксама прыгадаў, што апошнія факты, калі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнавалі чэскіх вязьняў вязьнямі сумленьня, былі да 1989-га году. На сёньня сярод 10 мільённай чэскай нацыі – 22 тысячы 264 зьняволеных.

Петра Бурчыкава у сувязі з гэтым адзначае галоўную, на яе погляд, праблему чэскіх турмаў:

(Бурчыкава: ) “Тое, што яны перапоўненыя – на 130 працэнтаў - мае страшна негатыўны ўплыў як на пэрсанал, так на вязьняў. Таму што такая перапоўненасьць турмаў перашкаджае якім-кольвек пэдагагічным намаганьням з боку пэрсаналу . І пазьней тая інтэграцыя назад у грамадзства вельмі складаная”.

(Ціхановіч: ) “І, пад канец, пару словаў пра стасункі паміж аховай, выхавальнікамі і вязьнямі. Ахоўнік чэскай турмы зарабляе каля 300 -400 даляраў, зарплата гэта ў Чэхіі самая сярэдняя, а прэстыж працы – даволі невысокі. Выказваюцца вэрсіі, што легендарны уцякач Каінак мог скарыстаць дапамогу з волі, якая, зразумела, прыходзіць толькі шляхам подкупу. Было устаноўлена, што ён выкінуў з вакна вязьніцы доўгі канат, сплецены зь прасьціны й лескі, на якім быў замацаваны крук, зроблены з дэталі мэталічнага ложка. Сваё ласо ён закінуў аж на процілеглую сьцяну турмы, пераехаў на яе мур з камэры па канаце, а са сьцяны зноў спусьціў канат. Чым яму удалося перапіліць таўстыя краты вакна, - невядома. Але турэмная служба прызнала, што доўга, на працягу месяцаў, да яго ў камэру вадзілі другога вязьня-забойцу, які там заставаўся гадзінамі. Выхавацель турмы самага строгага рэжыму ў Міраве гэта дазваляў, бо вязьні, асуджаныя на цэлае жыцьцё, зьвярнуліся з просьбай: дайце нам магчымасць пагуляць у шахматы. Як Іржы Каінак скарыстаў гэтую магчымасць, – гэта ўжо справа яго хітрасьці і шанцаваньня.”

Алена Ціхановіч, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org