RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Карлаў Мост
Чэхія і чэхі зблізку



Наколькі чэхі паважаюць дзяржаўны гімн, або што стаіць за гісторыяй песьні “Дзе мой дом?”, якая паходзіць з вадэвілю?

(эфір 2 лістапада 2000)

Аўтар і вядучая – Алена Ціхановіч.

Чэская гісторыя пацьвярджае, што гімны не ствараюцца спэцыяльна. Яны вырастаюць зь нечага простага, нават несу'рёзнага, а іхныя аўтары не заўсёды бываюць адораныя геніяльным талентам.

У словах чэскага дзяржаўнага гімну няма згадак пра змаганьні і перамогі, як, скажам, у французкай Марсэльезе, няма згадак пра Бога, як у гімнах царскай Расеі ці ў Арсеньнеўскім гімне “Магутны Божа” – там няма нічога, акрамя захапленьня прыгажосьцю роднай зямлі:

“Дзе мой дом, дзе мой дом?
Вада грае ў лугавінах,
Дрэвы шэпчуць на скалінах,
У садзе – цьвету хоць зьбірай,
Як паглядзіш – зямны рай.
Гэта тая зямля – краска,
Зямля чэская, мой дом,
Зямля чэская, мой дом”.

Прэм’ера песьні, якой было суджана стаць чэскіх гімнам, адбылася перад Калядамі 1834 году. Яна прагучала ў спэктаклі “Фідлавачка” , аўтарамі якога былі паэт Ёзэф Каэтан Тыл і кампазітар Францішак Ян Шкроўп, і чыё дзецішча крытыкі ацанілі як ня досыць дасканалае.

Але народ успрыняў яго йнакш, – кажа чэскі музычны гісторык Олдрых Пулкерт, які сёньня бярэ ўдзел у нашай праграме:

“Гэта, уласна, ня опера – гэта быў вадэвіль, спэктакль са сьпевамі ў чатырох частках. А дзея там разгортвалася на народным гуляньні, якое называлася “фідлавачка”.

У сваёй аснове зь гімнам, ці зь нейкім патрыятызмам гэта ніяк не было зьвязанае. Фідлавачка – гэта шаўцоўскі інструмант, якім разгладжвалі скуру.

У свой час абутнікі штогод наладжвалі ў Нусліх – гэта раён Прагі – сваё прафесійнае сьвята, якое назвалі “фідлавачка”.

Такім чынам, сьпектакль быў вельмі блізкі народнаму духу, тагачасным пражанам. На завяршэньне сьпектаклю гэтую песьню сьпяваў папулярны тады актор, сьпявак-бас Карэл Стракаты, ён быў вядомы так сама, як сёньня, скажам, Карэл Гот.”

Такім чынам, радавод чэскага гімну ўзыходзіць да бясхітраснага вадэвілю. А гэта прыблізна тое самае, калі б беларусы ўзялі свой гімн з “Сялянкі” ці “Пінскай шляхты” Дуніна-Марцінкевіча.

Праўда, чэскае адраджэньне тады апераджала беларускае і гадамі, і напорам, і вынікам. Працягвае Олдрых Пулкерт:

“Значнай праблемай таго часу было тое , што чэхі жылі ў Аўстра-Вугорскай імпэрыі, і тут існаваў своеасаблівы моўны дуалізм.

Афіцыйнай мовай была нямецкая. Чэскую мову ўсе чэскія інтэлектуалы – мастакі, літаратары, музыканты імкнуліся ўзьняць на эўрапэйскі ўзровень, каб яна зраўнялася зь нямецкай.

Аж да 1918-га году , пакуль тут была Аўстра-Вугоршчына, афіцыйным гімнам было “Захавай нам гаспадзіна”.

Калі ўтварылася самастойная чэхаславацкая дзяржава ў 1918-м годзе, дык адразу ж у сьнежні рашэньнем міністэрства абароны было пастаноўлена, што ў часе ўрачыстасьцяў будзе выконвацца гімн “Дзе мой дом” разам зь гімнам “Гэй, славакі!” – што было сымбалем двух народаў – чэскага і славацкага.”

Дарэчы, тры гады таму стары вадэвіль “Фідлавачка” быў адноўлены на праскай сцэне. Рэжысёр гэтай пастаноўкі Томаш Тэпфер лічыць, што старая песьня “Дзе мой дом” змагла стаць афіцыйным гімнам якраз дзякуючы сваёй прастаце – як тэкставай, гэтак і інструментальнай.

І хаця ў тэатры песьня гучыць у арыгінальным , а не манумэнтальным гімнавым варыянце, гледачы, як правіла, заўсёды ўстаюць і сьпяваюць разам з акцёрамі.

Свой гімн чэхі сьпяваюць не толькі ў падобных выпадках. Падчас перамогі чэскіх хакеістаў на Алімпіядзе ў Нагана гэтую  песьню сьпявала перапоўненая Старамесцкая плошча ў Празе.

У памяці старэйшага пакаленьня – сьпевы ў 45м, у 68м, у 89м…

Але пашанотнае стаўленьне нацыі ў цэлым не забясьпечвае гімну вечнай нятленнай славы. Ён абрастае не толькі перапевамі, пародыямі, але і кур”ёзамі.

У кожным новым пакаленьні чэхаў знойдзецца скептык, які заўважыць: а чаму, уласна, мы дагэтуль ня ведаем, дзе наш дом?

Зараз мы паслухаем адзін з парадыйных эстрадных варыянтаў песьні…

Свой варыянт чэскага гімну – у рок-гурта  “Жоўты сабака”.

Чэскі сцэнарыст Марцін Вачкарж у сваім інтэрв’ю часопісу Dnes прыгадаў такую гісторыю:

“ У 1969-м годзе мне давялося паехаць у Лёндан разам з бацькамі, якія там мелі  знаёмых паміж старых чэскіх эмігранатаў.

Адразу ж у першы дзень нас запрасілі ў госьці. Двое дзяцей з той сям’і някепска гаварылі па-чэску, але ўжо з выразным ангельскім акцэнтам.

Пасьля вячэры яны зазьбіраліся на нейкі новы фільм. “Пол, Мэры, – зьвярнуўся да іх бацька. – Ня хочаце застацца лепш з намі? Сёння ў нас рэдкія госьці з Прагі, пасядзім, пагамонім…”

Маладыя чэха-брытанцы доўга не думалі: “Дзякуй, але мы б лепш пайшлі ў кіно. Ведаем, што тут будзе. Зноў нап’ецеся ды будзеце сьпяваць “Не ведаю, дзе жыву”…

У чэскім інтэрнэце я натрапіла на так званую “Антыпатрыятычную старонку”, аўтары якой разабралі словы гімну па костках.

Тэкст прызнаны прымітыўным, недасканалым. Так, напрыклад, аўтары пытаюцца , што меў на ўвазе Ёзаф Каэтан Тыл, калі напісаў “вада грае ў лугавінах” – ці не стан прыроднай катастрофы – паводкаў, якія знішчаюць і чэскія землі ?

Праўда, напрыканцы аўтары зрабілі прыпіску, што калі нехта пакрыўдзіцца на такія іхныя заўвагі да нацыянальнага гімну, той іх не зразумеў.

А што на ўсю гэтую крытыку адказаў бы наш госць – музыказнаўца Олдржых Пулкерт?

“Я мяркую, што гэта пытаньне густу і традыцыі. Сёньняшнім чэхам, пры 150 –гадовай традыцыі, цяжка было б прыдумаць, стварыць, ці ўдыхнуць жыцьцё ў нейкі новы гімн. Тыя сучасныя мелёдыі, якія сёньня ствараюцца, на маю думку, цяжка б сьпяваліся ў народзе, у яго масе.

Мяркую таксама, што зь цяжкасьцю знайшоўся б сапраўды паэтычны тэкст, які б усіх захапіў”.

Недзе з год таму нечаканы шок перажыў дэпутат чэскага парляменту, музыкант паводле адукацыі, Францішак Чэх.

Той зазірнуў у закон аб дзяржаўных сымбалях , прыняты ў 1992м годзе і заўважыў, што нотны запіс мелёдыі гімну ўяўляе сабой аматарскі варыянт, дзе прадугледжваліся нават акорды для гітары.

Прыйшлося абмяркоўваць і прымаць папраўку да закону… З аднаго боку, бачна, як сьпяшаліся заканадаўцы, а з другога боку, гэта ж някепска , калі ў парляменце пад рукой у кожны патрэбны момант знойдзецца нечы аматарскі запіс гімну ў акордах для гітары.

Тыя, хто лічыць, што гітара гімну не камапнія, спыталі Ондржэя Гейну, кіраўніка таго самага рок-гурту “Жоўты сабака” – чаму ён напісаў пародыю на гімн?

А той адказаў – “Добрая рэч усё вынясе. А наш гімн такая рэч. Я ў ёй чую старамодную любоў да радзімы і гаўлаўскі крызіс ідэнтычнасьці…”

Алена Ціхановіч, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org