RFE/RL |
Фэстываль вінаробства ў Маравіі.(эфір 26 верасьня 2000) Аўтарка і вядучая – Алена Ціхановіч Я толькі што вярнулася з Паўдзённай Маравіі, традыцыйнага рэгіёну чэскага
вінаробства, дзе правяла досыць часу ў вінных склепах.
(Гук стрэлаў з гарматаў) Вось так, стрэламі з гарматаў звычайна пачынаецца фэстываль вінабрані. Стрэлы абвяшчаюць, што вінаграднікі як бы замкнутыя да вясны, а чалавек мае цешыцца іх дарам – віном. Папросту кажучы, сьвята вінабрані – гэта тыя самыя дажынкі або дакопкі, толькі прысьвечаныя збору вінаграду. Да плошчы, дзе раней праходзілі першамайскія дэманстрацыі, і якія тут забытыя, як выпітае віно, цягнецца бясконцы паток людзей у мараўскіх нацыянальных строях. У жанчын – белы чапец, кароткая, але пышная спадніца, пышныя рукавы. У мужчын – чорная шапка зь пяром, расшытая кашуля і нагавіцы, таксама вышытыя ў нечаканым месцы – ня збоку, але ў цэнтры сьпераду. Маравія па-ранейшаму вылучаецца як гістарычны і этнаграфічны рэгіён на цяперашняй дзяржаўнай тэрыторыі Чэхіі. Таму нярэдка можна пачуць: у Чэхах і на Мараве. Тутэйшыя жыхары, што маюць, натуральна, чэскае грамадзянства, называюць сябе і завуцца Маравіякамі. Вось так гучыць мараўская мелёдыя , якую спыніўшыся проста ля майго мікрафона зайграў фальклёрны гурт з суседняга мястэчка Кыёў – гэта меншы тутэйшы цёзка украінскай сталіцы… У мястэчку Бзэнец таксама добра ведаюць і Менск. Некалькі гадоў таму мясцовая фірма наняла на працу ў швейны цэх групу беларускіх дзяўчат. Цяпер ў кожным нумары інфармацыйнага бюлетэня “Бзэнецкі справадай” ёсьць паведамленьні ў рубрыцы “Вясельлі” такога тыпу: Багуміл Гебнар ажаніўся з Ірынай Паланейчыкавай, Іван Раган – з Галінай Карчуновай. Менскія дзяўчаты, кажуць, маюць тут вялікую папулярнасьць. Зусім верагодна, што многім зь іх замест бульбяных палеткаў прыйдзецца выходзіць на вінаградныя. Цяпер пра тое, якім чынам гэты регіён, па кліматычных умовах далёкі ад Францыі ці Італіі, падтрымлівае добрую славу вінаробчых традыцыяў. Пра гэта мы гутарым са знаўцам і дэгустатарам вінаў, прафэсарам Вілемам Краўсам: (Краўс: ) “Вінаградныя вобласьці Чэскай Рэспублікі ляжаць на паўночных межах пашырэньня вінаграднай лазы. А гэта ўжо характарыстыка, гэта азначае, што нашыя рэгіёны залежаць ад кліматычных умоваў, якія нештогод спрыяльныя для росту вінаграднай лазы, для вызраваньня гронкаў. З гэтай прычыны ў нас можна вырошчваць толькі некаторыя гатункі вінаграду. Гэта мае свае эканамічныя нявыгады, але, з другога боку, гэта мае свае якасныя выгады. Чаму? Таму што вінаградная лаза, якая расьце на мяжы сваіх магчымасьцяў, як бы выкладаецца штосілы, каб гронкі сасьпелі. Таму гэтыя гронкі напоўненыя спэцыфічнымі араматычнымі і смакавымі якасьцямі – і гэтым, у першую чаргу, адрозьніваюцца нашыя белыя віны ад белых вінаў паўдзённых рэгіёнаў”. Такім чынам, як зазначыў прафэсар Краўс, чэскія вінаграднікі галоўным чынам славяцца белымі вінамі – высокая якасьць вінаў, вырабленых з такіх гатункаў вінаграду як Рысьлінг Власкі, Мілер Тургаў і Велтлінске Зэлэне, пацьверджаная на міжнародных конкурсах. Умовы вырабу якаснага чырвонага віна крыху горшыя, але такія гатункі як Франковка і Святовавржінэцкэ традыцыйна ўдаюцца. Прафэсар Краўс, як і іншыя спэцыялісты, зь якімі я гутарыла на фэстывалі мараўскага вінабрані, у адзін голас казалі пра тое, што чэскаму народу яшчэ трэба навучыцца піць віно, у тым ліку і сваё. Калі на сярэдняга чэха прыходзіцца 160 літраў піва на год, то віна – толькі 16, прычым гэтая лічба зусім нядаўна была яшчэ напалову меншай. Ранейшая генэрацыя, як тут жартуюць, адрозьнівала віно толькі двух назваў – белае і чырвонае, і пры тым людзі былі ўпэўнены, што ўсё яно – дрэннае. Прычына простая. Чэхія, як краіна малая, хаця і вырабляе сваё віно, свой рынак абараніць ня можа. На ім прысутнічаюць таксама імпартаваныя віны – як дарагія, так і танныя. Таннае віно, якое уласна віном не зьяўляецца, складае галоўную канкурэнцыю мясцовай прадукцыі і шкодзіць іміджу віна як унікальнага напою. Працягвае прафэсар Вілем Краўс: (Краўс: ) “Мы краіна імпарту, у Чэскую Рэспубліку ўвозіцца больш чым палова спажыванага віна з паўдзённых вінаробчых рэгіёнаў. На рынак віна цісьне ў першую чаргу вельмі нізкая якасьць імпартаваных вінаў, як белых, так і чырвоных, якія ў нас прадаюцца ў кардонных пакетах і моцна канкуруюць зь айчынным сталовым віном. Галоўная праблема зь яго збытам у тым, што мясцовыя людзі, ці значная іх частка, якія ня надта разьбіраюцца ў якасьці віна, купляюць гэтыя танныя віны ў пакетах у супэрмаркетах, а нашыя віны застаюцца па-за ўвагай. Гэта будзе працягвацца некаторы час. Мы мусім зразумець, што чэскае насельніцтва ў першую чаргу спажывае як галоўны напой піва, а малодшая генэрацыя ўжо п’е хімічныя напоі, якіх на рынку агромністае мноства, такім чынам, на віно прыпадае выбар меншай долі насельніцтва, той, якая мае ўяўленьне пра віно, можа яго правільна выбраць і мае на гэта фінансавыя магчымасьці”. Гаварыў прафэсар Вілем Краўс. Разам зь ім на фэстываль вінабрані ў Бзэнец прыехалі некалькі мэдыкаў. Спэцыяльная канферэнцыя была прысьвечаная дабратворнаму ўплыву віна на чалавечы арганізм. Я занатавала некалькі парадаў. Так, некаторыя чэскія мэдыкі праводзяць курс ачышчэння арганізму маладым віном, у якім яшчэ не завяршыўся працэс бражэньня. Па-чэску яно называецца бурчак. Бурчаку трэба выпіць 3-4 літры за курс – столькі, колькі чалавек мае крыві. Доктар Здэнек Сухновскі гаварыў пра тое, што віно дапамагае арганізму пазбавіцца ад так званага дрэннага халестэролу, які накопліваецца звыш нормы. Флаваноіды, якія ёсьць у віне, асабліва ў чырвоным, маюць таксама антыаксіднае ўзьдзеяньне – гэта азначае, дапамагаюць бараніць агранізм ад шкоднага ўплыву навакольнага асяродзьдзя. Парада доктара Сухноўскага такая: (Сухноўскі: ) “Гаворачы пра дабратворны ўплыў віна, мусім таксама лічыцца з тым, што да гэтага неабходна дадаць фізычную актыўнасьць, належную страву і як найменш стрэсавых сытуацыяў. Таксама важна, каб чалавек ня быў хворы на цукроўку, не пераядаў”. Доктар Сухноўскі, як і яго калегі, сышоўся на тым, што 200-300 грамаў віна штодзень – добрая норма. Доктарка Іржына Навакава нагадала пра вынікі дасьледаваньня, якое пацьвердзіла, што віно асабліва добры сродак папярэджаньня хваробаў сэрцава-судзіннай сыстэмы: (Навакава: ) “Людзі, якія пастаянна пілі малую колькасьць віна, мелі на 60 працэнтаў меншую колькасьць інфарктаў, а таксама на 50 працэнтаў ніжэйшую колькасьць праяваў астатніх сьмяротных хваробаў, такіх, як рак і падобныя. Кур’ёзны момант гэтых высноваў у тым, што абстыненты – тыя, хто зусім не п’юць віно, алкаголь, як і моцна пітушчыя, мелі рызыку карыдыёваскулярных хваробаў у роўнай меры”. Што ж на Мараве, дзе увесь час гучаць тосты “На здраві”, відавочна, гэтая рызыка, мінімальная. Рынак айчыннага віна тут папаўняюць тры галоўныя вытворцы – буйныя акцыянэрныя таварыствы, меншыя каапэратывы і прыватныя вінары. Дарэчы, прыватны вінаграднік – зараз у Чэхіі ў самай модзе. Тыя, хто ўжо маюць дом, басэйн, машыну, займаюцца якраз закладкай уласнай дзялянкі вінаграднай лазы. Гэта, зразумела, толькі свайго роду снабізм. Які лёс, аднак, чакае чэскае вінаробства ў цэлым, калі краіна далучыцца да Эўрапейскага зьвязу і апынецца пад ціскам яго эканамічных умоваў? Пра гэта я запытала прафэсара Вілема Краўса: (Краўс: ) “Найбольш баімся таго, што ўжо праявілася – тых танных вінаў, якія будуць да нас і далей плыць патокам з Поўдня, з-за мяжы. Другая небясьпека ў тым, што ў нас пакуль мала прыватных вінароў, якія хочуць цалкам сябе прысьвяціць гэтай працы, і надалей вырошчваць вінаград у нашых цяжкіх умовах. Большасьць людзей вырошчваюць вінаград у якасьці хобі, каб падзарабіць пры асноўнай працы. Як правіла, гэта старэйшыя людзі. Па-трэцяе, будзе яшчэ мець уплыў тое, ці прыцягнем у нашую краіну дастаткова турыстаў, якія б хацелі езьдзіць па чэскіх і марўскіх вёсках, каштаваць нашае віно. Такім чынам, можна было б зьберагчы наша вінаробства, калі б мы прадавалі нашыя віны разам з нашым прыгожым паўднёва-мараўскім краявідам, зь непаўторнасьцю нашых людзей”. Гаварыў прафэсар Вілем Краўс. Ён не выключае, што на працягу бліжэйшых 10 гадоў Чэская Рэспубліка можа пазбавіцца часткі сваіх вінаградных плантацыяў – аднак лепшыя гатункі, лепшыя віны павінныя выжыць, дзякуючы сваёй непаўторнасьці. Варта зайсці ў любы з тысячаў вінных склепікаў, каб упэўніцца: віно тут будзе цячы вечна, як Маравія. Зараз, вы чуеце, як ідзе праца ў такім вінным склепе – гронкі вінараду адціскаюцца ручным прэсам… Так працуе ручны даваенны прэс на адцісканьне вінаграднага соку. Спэцыялісты, якія ўжо прадэгуставалі маладое віно ўраджаю 2000-га году кажуць, што яно папоўніць калекцыю лепшых вінаў стагодзьдзя. На здраві! На здароўе! Алена Ціхановіч,
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |