RFE/RL |
Чэская нацыя і піва(эфір 22 сакавіка 2000) Аўтар і вядучы – Алена Ціхановіч. Слова “піва” ў чэскай мове (як і ў беларускай) можа мець множны лік. “Kolik si dal piv v?era?” Гэта азначае, колькі куфляў выпіў. Чэская нацыя ў піве – сусьветны чэмпіён. Адзін сярэдні чэх выпівае за год 165 літраў піва. Гэта калі дзяліць нацыянальную норму на ўсіх, улучна з немаўлятамі. А калі толькі на дарослых, то выходзіць, што сярэдні піток за вечар замаўляе ад двух да пяці “піваў”. Пра піва мы сёньня будзем гаварыць з чэхам, якога завуць Власьціміл Флёрэнц. (Флёрэнц: ) “І я маю звычку ды, мяркую, і большасьць чэхаў, калі ім прынясуць піва, то чокнуцца – спачатку разам куфлямі, а потым, кожны куфлем цюкне аб стол, – што, я заўважыў, людзі ў іншых краінах не практыкуюць”. (Ціхановіч: ) “А ў колькі гадоў вы пачыналі піць піва?” (Флёрэнц: ) “Ня ведаю якая практыка сёньня, але ў часы, калі я пачынаў піць піва, дык мне было семнаццаць-васемнаццаць гадоў. І думаю, гэта была проста норма. І цяпер я думаю, пасьля абеду лепш выпіць куфлік піва, чым кока-колы”. (Ціхановіч: ) “А які быў ваш рэкорд. Колькі піваў за вечар?” (Флёрэнц: ) “Магу сказаць так: дзесяць. Цяпер вып’ю так два півы”. (Ціхановіч: ) “Чаму менш?” (Флёрэнц: ) “Таму што піва стала даражэйшае, чым было, па-другое, я старэйшы, чым быў, па-трэцяе, мушу думаць і пра тое, што мяне чакае заўтра – мушу я рана ўставаць ці не”. *** Рэкордная колькасьць піва не праходзіць бея знаку. Але я маю на ўвазе ня толькі бачкаватыя “піўныя” фігуры , якімі многія мужчыны абзаводзяцца да 40 гадоў. Сам па сабе чэскі характар мае нешта ад прыроды піва – такая бурштынавая глыбіня, прыкрытая хісткай і падманлівай пенай. Пачынаючы нейкую справу з чэхам, як кажа мой знаёмы, ніколі ня маеш гарантыі, заўсёды як бы ідзеш на заклад, кладзеш пятак на піўную пену: вытрымае ці не? Абхітрыць, павалыніць, узяць за сваю працу больш, чым тое каштуе, а другому заплаціць менш – усе гэты схільнасьці чэскага характару трэба ўсьведамляць, прымаць як дадзенае прыродай. Гэта чэская хітрасьць даўнейшая, чым Карлаў мост. Пра тое, як самі чэхі змагаліся з хітрунамі-махлярамі раней, расказвае праскі экскурсавод Галіна Максімюк. (Максімюк: ) “Раней, здаралася, пекары пяклі і прадавалі боханы хлеба меншыя, чым звычайна, з недаважкам. Калі пекара на гэтым лавілі, то саджалі яго ў вялікі кош і, навязаўшы на вяроўку, паласкалі гэты кош з моста ў Влтаве. Кажуць, адзін пекар такой ганьбы ня вытрываў і пасьля павесіўся…” Галіна Максімюк расказала адну са шматлікіх гісторый, зьвязаных з Карлавым мостам. Да піва мы яшчэ вернемся. А зараз, як і было абяцана, яшчэ адзін з сакрэтаў аднае з галоўных славутасьцяў Прагі. Карлаў мост, нагадаю, злучае два берагі горада, падзеленыя Влтаваю. Мост цягнецца 520 метраў, а ў шырыню мае 16. Гэтай парой ён ўяўляе сабой доўгую мастацкую галерэю: тут прадаюцца аўтарскія пейзажы, як правіла, зь відамі на той жа мост, скураныя і керамічныя сувэніры, срэбра і камяні. На самым пачатку моста сядзіць дзядзька з катрынкай. Даволі часта тут выступаюць артысты-лялечнікі, барды-падарожнікі. Але за сталае месца працы на Карлавым мосьце трэбы плаціць – гэта значыць, купіць ліцэнзію . Так прагарэў адзін зь беларускіх фальклёрных калектываў: артысты даехалі да Прагі, а на шлях назад зьбіраліся зарабіць, граючы да сьпяваючы на Карлавым мосьце. Ня выйшла. Пасьля першай жа песьні падыйшоў паліцэйскі, спытаў ліцэнзію і ветліва папрасіў. Ну што ж, на ўсе расчараваньні у Карлавага мосту ёсьць лек. На яго парапеце, дакладна пасярэдзіне 520-мэтровай даўжыні, ўмантаваны васьміканцовы крыж, які вельмі нагадвае крыж Эўфрасіньні. Трэба пакласьці на крыж далонь і загадаць жаданьне. Кажуць, што спраўджваецца. *** Славуты чэскі пісьменьнік Багуміл Грабал напісаў, што найбольшае жаданьне кожнага заўсёдніка карчмы – памерці ў сваёй карчомцы, на лаве. Сам Грабал, вялікі аматар піва, памёр тры гады таму, нейкім дзіўным чынам выпаўшы з вакна шпіталю. Грабал ўславіў чэскую карчму ці “гасподу”, ня проста як піўны бар, але якчэскі сусьвет. Ён пісаў пра калектыўнае стварэньне карчмы, дзе дзеецца дармовы спэктакль для кожнага, хто прыйдзе. “Карчма мае нешта надзвычайнае ў сваіх рытуалах, дзе госьці ўвесь час поўняцца то ўзаемапавагай, то ўзаемаіроніяй, то ўзаеманянавісьцю, то абыякавасьцю…Карчма – тое месца, дзе, калі каму захочацца, дык возьме куфаль і паставіць сабе на галаву і рытуальна зь ім танчыць, а калі захоча, то заточыцца ў кут і сядзіць надзьмуты-насуплены і ні зь кім не гаворыць… Гэта месца, дзе без дайпрычыны пачнуць біцца аб заклад, ці пані карчмарова мае грудзі дзевятага ці адзінаццаатага памеру, – гульня, якая на вачах усёй публікі скончыцца тым, што пані карчмарова пачне ўціскаць сваю цыцку ў паўлітровы куфаль, а муж будзе ёй радзіць, надаваць адвагі і падахвочваць”. *** Цяпер яшчэ адно пытаньне. Жанчыны, як вы чулі, практычна ва ўсіх сфэрах могуць выступаць мерай рэчаў. Чэхі на папулярных старонках Інтэрнету працягваюць калекцыянаваць жарты: чаму, нарыклад, піва лепшае, чым жанчына. Цытую: “на піва ніколі не позна”, “ піву ніколі не баліць галава”, “піва можаш раздзяліць з сябрамі”, “калі ты меў, больш, чым адно піва, ня мусіш адчуваць сваю віну”, “плямы ад піва адмываюцца значна лягчэй, чым плямы ад памады” , “халоднае піва – добрае піва”, ну і гэтак далей. Пра тое, ці прыстойна жанчынам хадзіць “на піва” мы працягваем размову з Власьцімілам Флёрэнцам. (Флёрэнц: ) “Чаму б гэта магло быць непрыстойна? Калі ў Францыі жанчыны п’юць віно, якое мацнейшае, чым піва, калі ў Амэрыцы жанчыны п’юць віскі, а ў Расеі ці Беларусі п’юць водку, чаму б у нас жанчыны не маглі піць піва? Ізноў жа, важная мера. Калі жанчына вып’е піва і не перап’е, чаму б не магла піць?” Як пацьвярджаюць апытаньні, жанчыны ў Чэхіі ня так залежныя ад піва, як мужчыны. Жанчыны, дадам, аддаюць перавагу чорнаму піву – у адрозненьне ад сьветлага для колеру ў яго дадаецца карамель. Магчыма, гэта прываблівае жанчын, хаця у чорным піве, з другога боку, больш калёрыяў. Я папрасіла Власьціміла прадэгуставаць піва на словах – што ён адчувае,калі пачынае сьвежы куфаль? (Флёрэнц: ) “Па-першае, мне піва вельмі смакуе. Смак у вуснах. Горкае піва. Гэта, магчыма, прычына, чаму жанчыны не асабліва любяць піва, як мужчыны, таму што ім не смакуе горката. Гэта першае. Па-другое, сваю ролю адыгрывае і той алкаголь, які я, магчыма, так не заўважаю, таму што гэта надыходзіць паступова. Ну, а па-трэцяе, я мяркую, у піва вельмі важная культура піцьця, якая ў Чэскай Рэспубліцы вельмі пашыраная – людзі сядзяць у карчме, п’юць піва і размаўляюць. Гэта вельмі важны элемэнт піцьця піва”. (Ціхановіч: ) “Якому піву вы асабіста аддаеце перавагу?” (Флёрэнц: ) “Радэгасту, за яго гаркату. Цяпер пра алкаголь. Чэхі мелі тое шчасьце, што масаве ўжываньне піва ўратавала нацыю ад алкагалізму. Папулярныя гатункі піва – “дэсітка” (дзясятка) мае каля 4 працэнтаў алкаголю, а дванаццатка – крыху больш за пяць. Вырабляюцца спэцыяльныя гатункі, як найбольш моцныя, так і безалкагольныя – для шафёраў, але гэтыя гатункі, як правіла, застаюцца на пэрыфэрыі попыту. Як вынікае са словаў Власьціміла, важна ж не напіцца – важны абрад. Таму, калі гаварыць пра чэхаў ня звонку, не для турыстаў, а для саміх сабе – то тут піва ўжо ня пена, а як бы агульная група крыві. У ёй тое з чэскай прыроды, што пазнаецца не з першага, але з глыбейшага погляду – такая швэйкаўская дабрыня, неагрэсыўнасьць, безканфліктнасьць. Як кажаў той жа Грабал, хто п’е піва, ня хоча ні войнаў, ні рэвалюцыяў. У чэхаў рэвалюцыя, як мы памятаем, была аксамітнаю ці “вэльветавай” – вэльветавай, як самае пышнапеннае піва “Вэльвет”. *** Некаторыя чэскія півавары, як напрыклад, каралеўскі півавар “Крушовіце”, адлічваюць сваю гісторыю ад канца 16 стагодзьдзя. Часы іх славы і росквіту чаргаваліся з часамі заняпаду. У крытычнай сытуацыі многія чэскія півавары застаюцца і зараз. Пасьля распаду Чэхаславаччыны яны страцілі дзяржаўнае фінансаваньне і былі вымушаныя праводзіць прыватызацыю, браць пазыкі ў банках. Урэшце, зараз некалькі славутых гатункаў чэскага піва належаць замежнікам. Напрыклад, пльзеньскі “Праздрой” належыць Паўднёва-Афрыканскай кампаніі “Breweries”, а “Пільзнер Урквэл” – японскай “Nomuri”. Прэм’ер Земан публічна прысягнуў: і калі будзем вымушаныя прадаць усё, пакінем сабе “Будвар”. *** Тое, што чэская нацыя цалкам аптымістычная, даказвае і просты штодзённы выраз: піва табе не ўцячэ. Гэта азначае, піва – будзе заўсёды, піва ніколі ня кончыцца. Алена Ціхановіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |