RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Бывайце здаровыя



Ці можна павялічыць максымальную працягласьць чалавечага жыцьця?

(эфір 2.12.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў

Удзельнічае: прафэсар геранталёгіі Тыну Рантанен (Фінляндыя).

(Іваноў: ) “Паняцьце “доўгажыхар” спадарожнічае чалавецтву на працягу ўсёй ягонай гісторыі. Біблія паведамляе пра шматлікія выпадкі доўгажыхарства ў бібліейскія часы. Ёсьць гістарычныя сьведчаньні таго, што некаторыя людзі жылі 70, 80 і нават 90 гадоў тысячагодзьдзі таму. І было гэта ў той час, калі сярэдняя працягласьць жыцьця не перавышала 25 – 30 гадоў.

Ад таго часу сярэдняя працягласьць жыцьця павялічылася ў некалькі разоў і дасягнула ў разьвітых краінах Захаду амаль 80 гадоў, але сярэдні ўзрост доўгажыхароў павялічыўся зусім назначна. А калі параўнаць яго з унікальным прагрэсам мэдыцыны за апошнюю тысячу гадоў, дык міжволі прыходзіш да высновы, што максымальная працягласьць чалавечага жыцьця – катэгорыя амаль нязьменная, на якую мэдыцына сёньня мае яшчэ вельмі абмежаваны ўплыў.

Мэдыцына сёньня пасьпяхова перамагае такія небясьпечныя хваробы, якія яшчэ зусім нядаўна здаваліся сьмяротнымі, як чума, халера, воспа, сухоты і інш. Але яна пакуль што вельмі мала можа зрабіць, каб перамагчы працэс старэньня і падоўжыць максымальную працягласьць чалавечага жыцьця. Ці сапраўды працягласьць жыцьця – гэта раз і назаўсёды дадзеная нам нязьменная катэгорыя?

Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне, я зьвярнуўся ва Ўсясьветную арганізацыю аховы здароў’я ў Жэневе, і там мне парэкамэндавалі ў якасьці экспэрта прафэсара гэранталёгіі Ўнівэрсытэту ў Гэльсінкі (Фінляндыя) Тыну Рантанен. Вось яе камэнтар на гэтую тэму”.

(Рантанен: ) “Няма ніякага сумневу, што ёсьць выразная мяжа працягласьці чалавечага жыцьця. У нас ёсьць дакумэнтальныя сьведчаньні пра людзей, якія жывуць у межах 120 гадоў. Але няма дакумэнтальна пацьверджанай праўдзівай інфармацыі пра людзей, якія б жылі больш за 120 гадоў. Мы ў гэранталёгіі сёньня вызначылі ўзрост 100 гадоў у якасьці мяжы доўгажыхарства. Паміж гэрантолягамі сьвету, праўда, ідуць дыскусіі: ці ня вызначыць узрост 95 гадоў у якасьці мяжы доўгажыхарства. Але гэта толькі дыскусія.”

(Іваноў: ) “Працягласьць жыцьця чалавека залежыць ад шматлікіх фактараў. Але ж чаму такія фактары, як паляпшэньне ўмоваў жыцьця, зьмяншэньне распаўсюджваньня заразных хваробаў і інш. у такой малой ступені ўплываюць на максымальную працягласьць жыцьця? Адказ прафэсара Гэльсынскага ўнівэрсытэту Тыны Рантанен на гэтае пытаньне быў наступны”.

(Рантанен: ) “Пытаньне аб тым, якія фактары найбольш уплываюць на працягласьць жыцьця – вельмі спрэчнае. Амэрыканскія гэрантолягі, напрыклад, правялі даследваньне, у выніку якога яны сьцьвярджаюць, што людзі, якія жывуць 100 гадоў і болей, усё жыцьцё вызначаліся надзвычайным здароў’ем і не хварэлі. Амэрыканскія лекары лічаць, што менавіта добрае здароў’е дазваляе гэтым людзям жыць так доўга.

Аднак, група скандынаўскіх вучоных, якія мелі магчымасьць праводзіць свае даследваньні не на добраахвотніках, а на ўсім насельніцтве, высьветліла, што доўгажыхары былі зусім не такімі здаровымі людзьмі і ў дзяцінстве хварэлі на тыя самыя хваробы, што і іншыя людзі, якія памерлі значна раней.

Калі скандынаўскія даследваньні дакладныя, тады можна прыйсьці да высновы, што некаторыя хваробы, перанесеныя ў маладым узросьце, асабліва зьвязаныя з геннымі адметнасьцямі арганізму, карысныя для чалавека ў старасьці.

Так, напрыклад, залішняя вага і дыябэт, якія ў маладым узросьце могуць стаць прычынай сардэчна-сасудавых захворваньняў, ва ўзросьце больш за 90 гадоў могуць адыгрываць спрыяльную для доўгажыхарства ролю.”

(Іваноў: ) “Памятаю, у маладосьці мне і іншым жыхарам тагачаснага Савецкага Саюзу даводзілася сустракацца з афіцыйнай савецкай інфармацыяй аб тым, што найбольшая працягласьць жыцьця на нашай плянэце – у жыхароў горных раёнаў Грузіі. Рэкардсмэнам, калі не памыляюся, быў нейкі горац, які пражыў нібыта каля 160 гадоў і памятаў яшчэ напалеонаўскую вайну.

Ці сапраўды так моцна ўплывае на максымальную працягласьць жыцьця гэаграфічны фактар? Ці варта паехаць на сталае жыхарства высока ў горы Грузіі, каб жыць доўга? Тына Рантанен, прафэсар Гэльсынскага ўнівэрсытэту, адказвае”.

(Рантанен: ) “Сапраўды, у гэранталягічнай літаратуры сустракаецца інфармацыя пра такія рэгіёны сьвету, дзе людзі жывуць даўжэй. Прыгадаю толькі горныя раёны Грузіі і Перу. Сапраўдыё. у гэтых мясьцінах ёсьць фактары, якія спрыяюць доўгажыхарству: добры клімат, карысная дыета, а таксама высокі сацыяльны статус людзей сталага ўзросту, якіх усе паважаюць.

Аднак, інфармацыю пра доўгажыхарства там вельмі цяжка праверыць. Мы, напрыклад, сутыкнуліся зь некалькімі выпадкамі, калі сыны выдавалі сябе за сваіх бацькоў, каб такім чынам пазьбегнуць службы ў войску.”

(Іваноў: ) “Ёсьць такая думка, што пазытыўныя эмоцыі вельмі добра ўплываюць на стан здароў’я, што людзі, якія жывуць радасна, жывуць і даўжэй. Ці гэта сапраўды так? Думка прафэсара Рантанен на гэтую тэму была наступнай”.

(Рантанен: ) “Гэта цалкам магчыма. Цяпер у нас праводзяцца даследваньні ўплываў пазытыўных эмоцыяў на здароў’е і дабрабыт людзей ва ўзросьце больш за 90 гадоў. І першыя вынікі сьведчаць аб тым, што добрыя эмоцыі процідзеюць хваробам і нават сьмяротнасьці.

Так што гэта магчыма, хаця нельга параўноўваць уплыў пазытыўных эмоцыяў на старых і маладзейшых людзей. Справа ў тым, што нельга вывучыць характар тых, хто ўжо памёр. Але няма сумневу, што пазытыўныя эмоцыі карысныя”.

(Іваноў: ) “А як вы можаце пракамэнтаваць апошнія выдатныя дасягненьні мэдыцыны ў галіне геннай тэрапіі? Ці яны ў стане карэнным чынам паўплываць на максымальную працягласьць чалавечага жыцьця?”

(Рантанен6: ) “Гэта папулярная тэма. Цяпер, сапраўды, праводзіцца шмат даследваньняў у галіне ўплыву геннай структуры арганізму на доўгавечнасьць. Напрыклад, даследваньні на блізьнятах сьведчаць, што ўплыў геннай структуры на доўгавечнасьць даволі абмежаваны. Аўтары, напрыклад, аднаго дасьледваньня прыйшлі да высновы, што працягласьць жыцьця чалавека толькі прыблізна на 20% залежыць ад ягонай геннай структуры.

На працягласьць жыцьця ўлывае такая вялікая колькасьць генаў, што даследваньні тут яшчэ толькі ў пачатковай фазе. Некаторыя цяжкія хваробы, напрыклад, увогуле выклікаюцца адсутнасьцю тых ці іншых генаў. Ёсьць некаторыя гены, якія непасрэдна адказныя за працягласьць жыцьця. Я ня думаю, што ў бліжэйшай будучыні будзе знойдзеная генная тэрапія, якая б магла рэальна ўплываць на працягласьць жыцьця”.

(Іваноў: ) “І на заканчэньне нашай размовы з прафэсарам Гэльсынскага ўнівэрсытэту Тынай Рантанен я папрасіў яе даць некалькі практычных парадаў нашым радыёслухачам, каб жыць доўга…”

(Рантанен: ) “Я галоўным чынам займаюся вывучэньнем рухавых і мускульных функцыяў чалавечага арганізму ў старым узросьце. І я лічу, што самастойнае хаджэньне для доўгажыхароў адыгрывае ключавую ролю для добрага самапачуцьця і захаваньня здароў’я. І таму я раю людзям сталага ўзросту як мага болей рухацца і хадзіць пешкі.”

(Іваноў: ) “У другой частцы гэтай праграмы, якую мы звычайна прысьвячаем навінам мэдычнага жыцьця і новым навуковым распрацоўкам у галіне мэдыцыны, сёньня мы раскажам пра “антыаксыданты”.

Гэта адносна новы сродак, які ўжо пасьля некалькіх гадоў знаходжаньня на рынку – спачатку ў ЗША, а пазьней у іншых рэгіёнах сьвету – заваяваў мільёны прыхільнікаў. Паводле дадзеных Амэрыканскай лекарскай асацыяцыі, сёньня розныя формы антыаксыдантаў у ЗША рэгулярна прыймаюць каля 45 млн. чалавек. Антыаксыданты сёньня поўнасьцю даступныя і на рынку лекаў у Беларусі.

Што ж гэта за лек такі, “антыаксыдант”? Якім чынам ён дзейнічае на арганізм чалавека?

Стан нашага здароў’я і доўгавечнасьць непасрэдна залежаць ад нармальнага функцыянаваньня кожнай клеткі нашага арганізму. Для яе спраўнай дзейнасьці патрэбна даволі шмат кампанэнтаў, і перш за ўсё, кісларод. Але часам бывае так, што кіслароду гэтага зашмат. І тады лішак кіслароду можа прывесьці да вельмі небясьпечных наступстваў.

Каб гэтага не адбылося, у кожнай клетцы чалавечага арганізму дзейнічаюць спэцыяльныя рэчывы, якія вучоныя назвалі антыаксыдантамі. Іх заданьне якраз і палягае ў тым, каб нэўтралізоўваць гэты лішак кіслароду.

Шматлікія даследваньні вучоных сьведчаць аб тым, што ў няспраўнасьці сыстэмы дзеяньня антыаксыдантаў, сыстэмы нэўтралізацыі – лішак кіслароду зьяўляецца галоўнай прычынай зьяўленьня такіх хваробаў чалавека, як ракавыя захворваньні, сардэчна-сасудавыя хваробы, дыябэт. Гэты лішак таксама паскарае працэсы старэньня арганізму чалавека.

Вось чаму апошнім часам такую вялікую папулярнасьць заваявалі лекі, якія маюць антыаксыдантныя ўласьцівасьці. Вучоныя высьветлілі, што найлепшымі антыаксыдантамі зьяўляюцца вітаміны -- перш за ўсё, вітаміны С, А і Е. У спалучэньні з такімі расьліннымі рэчывамі, як флаваноіды, адпаведна дабраныя вітаміны ў стане рэальна ўплываць на працэсы старэньня чалавечага арганізму і процідзеяць шматлікім захворваньням.

Дзеля спраўнага і эфэктыўнага дзеяньня антыаксыдантаў у склад лекаў уваходзяць таксама такія мінэральныя дадаткі, як жалеза, цынк і магнэзыўм.

Антыаксыдатнты, як сьцьвярджаюць лекары – рэальны шанец жыць даўжэй і здаравей”.

Мікола Іваноў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org