RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Бывайце здаровыя



Новае пра бясплоднасьць.

(эфір 7.10.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў

Бясплоднасьць – хвароба, ад якой больш баліць душа, чымся цела. Часам яна прыводзіць да сталага стрэсу, які ў сваю чаргу выклікае новыя хваробы. Але апошнім часам навукоўцы зрабілі ў лячэньні гэтай хваробы такі значны прагрэс, што хутка, магчыма, яна будзе цалкам вылечная. Якім жа чынам?

Ад таго часу, калі ў 1978 годзе нарадзілася дзяўчынка Луіза Браўн, першы чалавек, зачаты ў прабірцы, мінула больш за 20 гадоў. З таго часу на сьвеце нарадзіліся дзясяткі тысячаў дзяцей, зачатых па-за арганізмам маці. Але тэхніка падобнага зачацьця ў прабірцы да сёньняшняга дня далёкая ад дасканаласьці. І ў шмат якіх выпадках яна ня ў стане дапамагчы тым, хто хоча, але ня можа мець дзяцей.

Праблема лячэньня бясплоднасьці – гэта таксама праблема фінансавая. Людзі, якія маюць сродкі, могуць дазволіць сабе дарагое гарманальнае лячэньне, і ў рэшце рэшт яны дачакаюцца нашчадкаў. Пэрспэктывы ж для жыхароў бедных краінаў, у тым ліку і Беларусі, куды менш аптымістычныя.

Хваробу бясплоднасьці многія сучасныя лекары-навукоўцы называюць цывілізацыйнай хваробай, якая ў значнай ступені зьвязаная з экалягічным станам навакольнага асяродзьдзя. Дадзеныя амэрыканскай асацыяцыі лекараў сьведчаць, што прыблізна 100 гадоў таму толькі адзін амэрыканец на 200 быў бясплодны. Сёньня падобная хвароба сустракаецца ў Амэрыцы ў дзесяць разоў часьцей.

Ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе бясплоднасьць – хвароба амаль кожнага дзясятага мужчыны. І самае небясьпечнае тут тое, што колькасьць захворваньняў увесь час павялічваецца.

Дасьледаваньні, праведзены ў Японіі, сьведчаць, што сёньня мужчыны ва ўзросьце ад 37 да 53 гадоў больш плодныя, чымся дваццацігадовыя. Прычыны падобнага стану рэчаў палягаюць перадусім у забруджаньні навакольнага асяродзьдзя. Мужчыны, якія працуюць у сельскай гаспадарцы і штодня маюць дачыненьне з пестыцыдамі і штучнымі ўгнаеньнямі, найбольш чульлівыя на бясплоднасьць. Прадукты распаду пестыцыдаў абніжаюць прадукаваньне арганізмам мужчыны тэстастэрону, мужчынскага палавога гармону. Тое самае датычыць працаўнікоў хімічных фабрыкаў, асабліва тых, які маюць дачыненьне да вытворчасьці плястмасаў.

Сучасная прамысловасьць вытварае сёньня некалькі тысячаў рэчываў, якія лекары называюць “парушальнікамі гарманальнай раўнавагі”. Яны пранікаюць у наш арганізм разам з забруджанай ежай, вадой, праз паветра і могуць выклікаць хваробы родапалавой сыстэмы. Пры гэтым, яна можа аднолькава адмоўна дзейнічаць як на мужчынаў, так і на жанчынаў.

Адной з прычынаў бясплоднасьці сярод эўрапейцаў і жыхароў Паўночнай Амэрыкі зьяўляецца і тое, што жанчыны сёньня аддаюць перавагу нараджэню дзяцей ва ўзросьце пасьля 30 гадоў. Ня ўсе пры гэтым ведаюць, што арганізм мужчыны пачынае прадукаваць сперматазоіды, калі ён дасягае палавой сьпеласьці, прыблізна ва ўзросьце 16 гадоў. Жанчыны ж нараджаюцца з той адпаведнай колькасьцю яйцаклеткаў, якія яны маюць у сваім арганізме на працягу ўсяго жыцьця. І таму, калі 40-гадовыя муж і жонка вырашаюць, часам, нарэшце мець дзіця, дык падчас магчымага зачацьця адбываецца злучэньне маладых сперматазоідаў з жаночай яйцаклеткай, якая знаходзіцца ў арганізме кабеты на працягу ўжо 40 гадоў.

Лекары-сэксолягі падкрэсьліваюць, што старыя жаночыя яйцаклеткі маюць значна меншыя магчымасьці правільнага разьвіцьця, а гэта – варунак пасьпяховай цяжарнасьці.

На сёньняшні дзень, на жаль, мэдыцына ня ў стане прыпыніць працэс старэньня жаночых яйцаклеткаў. І таму вельмі часта адзіным шляхам мець дзіця застаецца выкарыстаньне яйцаклеткі іншай жанчыны, якую можна з дапамогай прабіркі апладніць сперматазоідамі яе мужа, і пазьней апладнёную яйцаклетку імплянтаваць у арганізм будучай маці. Але ў гэтым выпадку дзіця ня будзе мець ніякай генэтычнай сувязі з маці.

Новай надзеяй для міліёнаў хворых на бясплоднасьць людзей сталі першыя вопыты ў галіне клянаваньня. Падставай клянаваньня зьяўляецца атрыманьне нашчадкаў з нармальных клетак чалавечага арганізму. У вядомым выпадку кланаваньня авечкі Долі, клетка была ўзятая з цмочка іншай 6-гадовай авечкі. Але клянаваньне, хаця многія лекары і зьвязваюць зь ім вялікія надзеі, мае ў сабе маральныя і іншыя праблемы. І малапраўдападобна, каб яно было легалізаванае ў бліжэйшай будучыні.

Апошнія ж дасягненьні мэдыцыны ў галіне лячэньня бясплоднасьці традыцыйнымі мэтэдамі ўражваюць. У траўні сёлета група эўрапейскіх вучоных з Гішпаніі, Францыі і Італіі правяла сэрыю экспэрымэнтаў, якія дазваляць спадзявацца, што хвароба бясплоднасьці будзе хутка цалкам вылечальная. Яйцаклетка кабеты, як вядома, складаецца з ядра і цытаплязмы, якая яго атачае. Спэрматазоіды падчас апладненьня пранікаюць праз цытаплазму і апладняюць ядро. Але цытаплазма пазьней кіруе ўсімі працэсамі разьвіцьця плоду. Дык вось, дасюль лекары былі ня ў стане аддзяліць ядро ад цытаплазмы. Франка-гішпана-італьянскаму калектыву лекараў у Парыжы гэта ўдалося. Яны ня толькі змаглі аддзяліць ядро ад цытаплязмы, але пазьней змаглі зьмясьціць на месца хворага ядра здаровае ад іншай жанчыны. І што самае важнае, новая яйцаклетка выказала высокую жыцьцяздольнасьць. Некаторыя называюць гэты посьпех рэвалюцыяй у барацьбе з бясплоднасьцю.

А цяпер нашая традыцыйная рубрыка “Новыя навуковыя распрацоўкі ў галіне мэдыцыны”.

1. Амэрыканскія лекары з Мэдычнай акадэміі ў Лёс-Анджэлесе знайшлі спосаб геннай тэрапіі хворых на хваробы Альтгаймэра і Паркінсана. Падчас экспэрымэнтаў, праведзеных пачаткова на мышах, лекі, якія складаліся з генаў, што нэўтралізуюць нэгатыўнае дзеяньне на мозг небясьпечных рэчываў, былі ўведзеныя ў кроў жывёлаў. Дзякуючы спэцыяльным дадаткам лекі атрымалі як бы пропуск да мозгу. Раней дзеля таго, каб увесьці лекі ў мозг пацыэнтаў, трэба было рабіць трэпанацыю чэрапа.

2. Канадзкія навукоўцы з Ванкувэрскага ўнівэрсытэту ў выніку экспэрымэнту прыйшлі да высновы, што няправільнае харчаваньне і дыета на пахуданьне зьнішчае косьці чалавека. У дасьледаваньнях прынялі ўдзел 51 чалавек. Высьветлілася, што жанчыны, якія актыўна сочаць за сваёй фігурай, маюць большую рызыку хваробы касьцей. На стан касьцей нэгатыўны ўплыў таксама маюць стрэсы. Вынікі дасьледаваньняў сьведчаць, што шматгадовы стрэс можа спрычыніцца да зьяўленьня такой хваробы, як остэапароз.

3. Навукоўцы з амэрыканскага ўнівэрсытэту Джона Гопкінса знайшлі новы хімімчны сродак, які можа цалкам аслабіць апэтыт і мае выразны ўплыў на зьмяншэньне вагі цела. Сродак гэты, які амаль цалкам нетаксычны, быў пададзены падвопытным мышам. 20 хвілінаў пасьля яго прыняцьця мышы згубілі зацікаўленьне ежай. На працягу некалькіх наступных дзён мышам не падавана ніякіх прэпаратаў, і іх апетыт цалкам аднавіўся. Сябры навуковага калектыву лічаць, што яны знайшлі новы надзвычайны сродак на пахудзеньне. Але пакуль што працягваюцца далейшыя эксперымэнты.

Мікола Іваноў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org