RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Бывайце здаровыя



Сэкс на здароўе - ІІI

(эфір 24.09.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў

Шчасьлівы і здаровы сэкс – выразны фактар добрага стану псыхічнага і фізычнага здароў’я чалавека. Але шчасьлівае сэксуальнае жыцьцё залежыць ад шматлікіх прычынаў, і перш за ўсё ад сэксуальнай культуры кожнага паасобнага чалавека. Што ж гэта такое – сэксуальная культура, і які яе стан у сёньняшняй Беларусі?

Адзін з заснавальнікаў “псыхааналітыкі” Зыгмунд Фройд лічыў, што здаровы сэкс – гэта рэалізацыя адной з фундамэнтальных патрэбаў чалавека. Замяніць гэтую патрэбу ня можа нішто: ні інтэнсыўныя спартовыя практыкаваньні, ні надзвычай плённае творчае жыцьцё, ні нейкае прысьвячэньне сябе вышэйшым ідэалам.

Здаровы сэкс – гэта эфэктыўная зброя змаганьня са шматлікімі хваробамі, ў тым ліку, з сардэчна-судзіннымі і ракавымі захворваньнямі. “Сэкс замест таблеткі” – такую параду даюць лекары-сэксолягі мільёнам сваіх пацыэнтаў ва ўсім сьвеце.

Сэкс, аднак, мае, як станоўчыя, пазытыўныя, так і адмоўныя бакі. Менавіта з сэксам зьвязаная адна з найбольш небясьпечных хваробаў нашага часу – СНІД, якую называюць таксама “чумой ХХ стагодзьдзя”. Таму ў сэксалёгіі фігуруе сёньня такое паняцьце, як “здаровы сэкс”. Каб дапамагчы нашым слухачам зразумець, што ж такое гэты “здаровы сэкс”, я звярнуўся да кіраўніка Менскага сэксалягічнага цэнтру Дзьмітрыя Капусьціна. Вось, што ён мне адказаў:

(Капусьцін: ) “Здаровы сэкс? Усе залежыць ад шмат якіх паказчыкаў. Менш можна… Чалавек, напрыклад, знаходзіцца ў турме, альбо чалавек даў абяцаньне ня браць шлюб, тады ягоная полавая сыстэма функцыянуе на мінімальных абаротах. Але больш… чалавек ня ў стане зрабіць, як яго ні прасі. Полавая сыстэма мае свае абмежаваньні. Таму здаровы сэкс – гэта ўзаемаадносіны двух людзей рознага полу. І калі іх сэксуальныя патрэбы супадаюць, тады можна гаварыць аб сэксуальнай гармоніі. Калі ж яны розныя – узьнікаюць праблемы сэксуальнай дысгармоніі ў сям’і. Лічыцца, што ад 10 да 60% шлюбаў распадаецца менавіта ў сувязі з сэксуальнай дысгармоніяй”.

Неабходным варункам “здаровага сэксу” зьяўляецца высокі ўзровень сэксуальнай культуры. У такіх краінах як ЗША, Швэцыя, Канада, Вялікая Брытанія праблема падвышэньня сэксуальнай культуры насельніцтва – клопат усяго грамадзтва. У швэдзкіх школах сэксуальныя адносіны вывучаюцца як прадмет. Тое самае робіцца і ў Канадзе і іншых заходніх краінах. А якая сытуацыя ў гэтай галіне ў Беларусі. Адказвае навуковы супрацоўнік Менскага сэксалягічнага цэнтру Ганна Менчанка.

(Менчанка: ) “Узровень сэксуальнай культуры ў нас у Беларусі не вывучаўся. Таму невядома, на якім яна ўзроўні. Калі ж меркаваць паводле ўзроўню сэксуальнай культуры нашых пацыэнтаў, дык за апошнія 20 гадоў яна значна ўзрасла”.

Для некаторых з нашых слухачоў паняцьце сэксуальнай культуры даволі расплывістае. І таму я прапрасіў доктара Менчанку ўдакладніць: што ж гэта такое “сэксуальная культура”?

(Менчанка: ) “Сэксуальная культура – гэта культура адносінаў, адносінаў паміж людзьмі. Гэта сэксуальная выхаванасьць, адукаванасьць. Сэксуальная культура – гэта адносіны бацькоў, адносіны бацькоў са сваімі бацькамі. Гэта інтымныя адносіны. Сэксуальная культура – гэта культура наогул, гэта кульура ашчадных адносінаў да іншай асобы, да свайго партнэра”.

У нашай далейшай размове з навукоўцамі Менскага сэксалягічнага цэнтру мы закранулі праблему залежнасьці сэксуальнай культуры грамадзтва, ад узроўню агульнай культуры. І доктар Капусьцін, і доктар Менчанка амаль ва ўнісон сьцьвердзілі, што Індыя мае самую высокую сэксуальную культуру грамадзтва, хаця ўзровень дабрабыту і іншых фактараў фармаваньня культуры тут на невысокім узроўні. Ганна Менчанка адказвае:

(Менчанка: ) “Сэксуальная культура залежыць ад адукаванасьці людзей. Але нельга сказаць, што адукаваны чалавек аўтаматычна адукаваны і ў сэксуальных адносінах. Шмат залежыць ад характару выхаваньня ў сям’і, ад адносінаў бацькоў паміж сабой”.

Доўгія гады сэкс, сэксуальныя адносіны, іх пазытыўныя і адмоўныя бакі былі тэмай-табу ў сьвеце. Сёньня ж заходнія грамадзтвы выразна зьмянілі свае адносіны да гэтага важнага аспэкту чалавечага жыцьця.

Здаровы сэкс стаў эфэктыўным дапаможнікам лекараў у змаганьні з хваробамі. Здаровы сэкс – гэта паказчык посьпехаў у працы, фактар доўгага і шчасьлівага жыцьця, ён уплывае на працаздольнасьць, нават дапамагае дасягнуць выдатных посьпехаў у спорце.

На Захадзе лекар-сэксоляг – адна з найбольш распаўсюджаных лекарскіх спэцыяльнасьцяў. У вялікіх гарадзкіх канглямэрацыях Захаду працуюць тысячы лекараў гэтай спэцыялізацыі.

На ўсёй тэрыторыі ж Беларусі, як высьветлілася падчас маёй размовы з працаўнікамі Менскага сэксалягічнага цэнтру, на сёньня афіцыйна працуе ўсяго… 11 лекараў гэтай прафэсіі. Толькі ў Менску і Магілеве працуюць спэцыялізаваныя сэксалягтчныя цэнтры. У іншых жа гарадах асобам, якія маюць праблемы з сэксуальнымі адносінамі, папросту няма да каго зьвярнуцца.

Кіраўнік Менскага сэксалягічнага цэнтру доктар Дзьмітры Капусьцін спадзяецца, што ў будучыні пачнуць працаваць падобныя цэнтры ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Але калі зьвярнуць увагу на агульны стан аховы здароў’я ў Беларусі, падобныя спадзяваньні пабудаваныя галоўным чынам на асабістых пераканьнях лекараў-энтузыястаў гэтай справы.

Мікола Іваноў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org