RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Бывайце здаровыя



Пэрспэктывы лячэньня інфэкцыйных хваробаў

Інфэкцыйныя хваробы, якія яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя былі галоўнай прычынаю сьмяротнасьці ў сьвеце й часам літаральна спусташалі некаторыя краіны Эўропы, сёньня выразна адступілі. Мэдыцына зрабіла вялізны прагрэс у змаганьньні зь імі. Такія хваробы, як чума, халера, сібірская язва, поліяміэліт, сёньня сустракаюцца вельмі рэдка, а ў некаторых краінах яны зьніклі зусім.

Але інфэкцыйныя хваробы яшчэ далёка не пераможаныя. Сярод галоўных прычынаў сьмяротнасьці ў Беларусі яны займаюць 9 месца. Штогод ад іх, паводле дзяржаўнай статыстыкі, памірае каля тысячы чалавек.

Але статыстыка гэтая не зусім дакладная. Як сьведчаць апошнія дасьледаваньні, некаторыя хваробы, у тым ліку й ракавыя захворваньні, таксама трэба аднесьці да катэгорыі інфэкцыйных. Апошнія навуковыя экспэрымэнты даводзяць, што за рак адказны вельмі спэцыфічны вірус.

Дзе ж яна ляжыць, гэтая мяжа паміж інфэкцыйнымі й неінфэкцыйнымі хваробамі? І якія хваробы мы можам без сумневу аднесьці да катэгорыі інфэкцыйных? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка групы экспэртаў Усясьветнай арганізацыі здароўя Бэрнардофа Гантэра. Вось што ён адказаў па тэлефоне з Капэнгагену, дзе знаходзіцца галоўная эўрапейская сядзіба арганізацыі.

(Гантэр: ) “У дадзены момант мы прыйшлі да высновы, што некаторыя хваробы, перш за ўсё гэта датычыць некаторых відаў раку, могуць выклікацца спэцыфічнымі мікробамі. Гэта новае. Яшчэ 10 – 15 гадоў таму галоўныя характарыстыкі інфэкцыйных хваробаў былі выразна акрэсьленыя. Гэта хваробы, якія выклікаюцца вірусам альбо мікробам. І яны выразна адрозьніваліся ад неінфэкцыйных хваробаў. А цяпер апошнія дасьледаваньні сьведчаць, што некаторыя хваробы, і перш за ўсё рак, перадаюцца з дапамогай інфэкцыйных фактараў”.

Інфэкцыйныя хваробы вядомыя чалавецтву з даўніх часоў. Гісторыя змаганьня чалавека зь імі налічвае не адно стагодзьдзе. Але чаму адны зь іх былі пераможаныя даволі хутка, а іншыя ўсё яшчэ трымаюць сваей кашчавай рукой чалавека за горла? Доктар Бэрнардоф Гантэр, кіраўнік дэпартамэнту Ўсясьветнай арганізацыі здароўя адказвае:

(Гантэр: ) “Дзякуючы ангельскаму навукоўцу Флемінгу мы атрымалі ў свае рукі такую моцную зброю змаганьня з інфэкцыйнымі хваробамі, як антыбіётыкі. І зь іх дапамогай мы змаглі пасьпяхова змагацца са шматлікімі хваробамі. І хаця першую вакцыну адкрылі больш як 100 гадоў таму (гэта была вакцына супроць воспы), але прайшло шмат гадоў перад тым, як былі распрацаваныя іншыя вакцыны. І сёньня ў нашым распараджэньні прыблізна 8 –10 вакцынаў, пры дапамозе якіх можна пасьпяхова змагацца з заразнымі хваробамі. Кожны год на рынак паступаюць новыя вакцыны. Гэтая даволі спрыяльная сытуацыя пераканала некаторых лекараў у 1950 – 60 гады, што праблема інфэкцыйных хваробаў будзе хутка вырашаная. Але, на жаль, мы вымушаныя былі зьмяніць гэткі пункт гледжаньня.

Прычына? Па-першае, распрацоўка новых вакцынаў – гэта доўгі й карпатлівы працэс, і яны вельмі дарагія. Некаторыя краіны й паасобныя людзі папросту ня могуць дазволіць сабе карыстацца такімі вакцынамі. Так, напрыклад, цяпер распрацаваныя новыя вакцыны супроць рэсьпіратарных хваробаў і пнэўманіяў, але яны надзвычай дарагія й нават у ЗША яшчэ не шырока выкарыстоўваюцца. І таму галоўны сродак барацьбы з інфэкцыямі – гэта хуткае іх распазнаньне й лячэньне. А таксама мы намагаемся такім чынам паўплываць на навакольнае асяродзьдзе, каб зрабіць яго неспрыяльным для ўзьнікненьня інфэкцыйных хваробаў.

Але ў барацьбе зь некаторымі хваробамі мы дасягнулі значных посьпехаў. Так, напрыклад, поліяміэліт цяпер сустракаецца толькі ў 30 бедных краінах сьвету, і да 2005 году мы паімкнемся цалкам зьліквідаваць гэтую хваробу. Але, з другога боку, расьце колькасьць захворваньняў на СНІД, вэнэрычныя хваробы, на сухоты й малярыю. Перад намі вялікая праца”.

А якая, на думку Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, сытуацыя ў галіне інфэкцыйных захворваньняў у паасобых краінах Эўропы, асабліва на посткамуністычнай прасторы? На гэтае пытаньне доктар Гантэр адказвае:

(Гантэр: ) “Інфэкцыйныя хваробы не прызнаюць ніякіх дзяржаўных межаў. Яны падарожнічаюць разам зь людзьмі, часам разам з жывёлінамі, часам з вадою, якая цячэ празь межы. Зразумела, што ёсьць значная розьніца ў характары распаўсюджваньня інфэкцыйных хваробаў. Я мяркую, што прычыны тут эканамічныя. На Захадзе папросту значна больш грошай, рэсурсаў на барацьбу з заразнымі хваробамі. У некаторых усходнеэўрапейскіх краінах цяпер назіраецца выразны рост паасобных захворваньняў. Раней гэтыя краіны былі закрытыя, яны ня мелі такіх шырокіх кантактаў са сьветам. У Расеі, напрыклад, назіраецца цяпер выразны рост вэнэрычных захворваньняў. Але ня толькі ў Расеі, але й ва ўсім усходнім блёку. Там назіраецца таксама рост выпадкаў СНІДу й выразны рост захворваньняў на сухоты”.

І на заканчэньне размовы з кіраўніком групы экспэртаў у галіне інфэкцыйных хваробаў Усясьветнай арганізацыі здароўя доктарам Бэрнардофам Гантэрам я папрасіў яго ўявіць такую сытуацыю, калі на сьвеце зьнікнуць усе заказныя хваробы. Ці такое ўвогуле магчыма? Доктар Гантэр адказвае:

(Гантэр: ) “Я думаю, што гэта мара ўсіх эпідэміёлягаў. І я лічу, што гэта магчыма. Гэта вельмі далекая пэрспэктыва. Перад намі вялікая праца, якая будзе патрабаваць значных рэсурсаў. Але гэта абсалютна рэальна зрабіць. З тэхнічнага пункту гледжаньня зьявіліся новыя магчымасьці, асабліва ў галіне прадухіленьня хваробаў. Многія краіны пачалі выкарыстоўваць вакцыны, якіх яны ня мелі ў сваім распараджэньні яшчэ 2–3 гады таму. Напрыклад, вакцына супроць гепатыту. На сёньняшні дзень мы цалкам зьліквідавалі толькі адну хваробу – воспу. Але ёсць магчымасць зрабіць тое самае й зь іншымі хваробамі. Мяркую, што прыйдзе такі час, калі інфэкцыйныя захворваньні будуць адыгрываць усё меншую й меншую ролю, але гэта будзе ня хутка”.

А цяпер традыцыйная рубрыка “навінкі навуковых мэдычных распрацовак”:

1. Амэрыканскі часопіс “New Englаnd Journal of Medicine” паведамляе, што навуковая група прафэсара Чарльза Фуша з Бостанскага ўнівэрсытэту правяла экспэрымэнт, удзельнікамі якога былі 88 тысячаў мэдычных сёстраў. На працягу двух гадоў усе яны дакладна запаўнялі анкеты, адказваючы на пытаньні пра свае спосабы харчаваньня. У выніку дакладнага аналізу сабранага матэрыялу брытанскія навукоўцы не знайшлі беспасярэдняй залежнасьці паміж спосабам харчаваньня й захворваньнем на рак. Ня знойдзена таксама залежнасьці паміж колькасьцю сырой клеткавіны (морква, бурак, чорны хлеб), якой харчаваліся ўдзельнікі экспэрымэнту, і небясьпекай захварэць на рак.

Такім чынам, не пацьвердзілася ранейшая гіпотэза, якая зьвязвала нізкі ровень захворваньняў на рак у Афрыцы зь вялікай колькасьцю сырой клеткавіны, якую спажываюць жыхары гэтага рэгіёну.

2. Вядома, што ніводзін зь існуючых сёньня супроцьзачаткавых сродкаў не дае 100% гарантыі. Брытанскі часопіс “Science Online“, аднак,

надрукаваў у адным з апошніх сваіх нумароў артыкул пад назвай “Супроцьзачаткавая бомба”. У ім сьцьвярджаецца, што амэрыканскія навукоўцы знаходзяцца на парозе адкрыцьця новага дасканалага супроцьзачаткавага сродку. Рэч у тым, што адкрыты мэханізм працы біяхімічных рэцэптараў на паверхні жаночых яйцаклетак. Цяпер распрацоўваецца мэтад падману гэтых рэцэптараў такім чынам, каб жаночая яйцаклетка не рэагавала на мужчынскае семя й паводзіла сябе як ужо аплодненая.

3. “An apple a day keeps the doctor away” (Адзін яблык штодня, – сьцьвярджаецца ў вядомай амэрыканскай прымаўцы, – і вам ня трэба зьвяртацца да лекара). Але амэрыканскія спэцыялісты з навукова-дасьледчага цэнтру ў горадзе Кернэсьвіль папярэджваюць, што з садавіною трэба абыходзіцца вельмі асьцярожна. На бачынах часопісу “Applied and Enviromental Microbiology” яны пішуць, што маленькія садавінавыя мушкі могуць пераносіць небясьпечныя бактэрыі, якія пазьней пранікаюць у пашкоджаныя, парэзаныя ці пабітыя яблыкі. Пацьверджаньне гэтаму пакуль што атрымана ў лябараторных умовах, але цяпер амэрыканскія навукоўцы хочуць правесьці шырокамаштабны экспэрымэнт на адной зь вялікіх яблычных плянтацыяў.

Мікола Іваноў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org