RFE/RL |
Сардэчна-ссудзінныя хваробы.Удзельнічае: экспэрт Эўрапейскага бюро Ўсясьветнай Арганізацыі Аховы Здароўя доктар Рэміса Пракоскіс. (эфір 9.06.2000) Аўтары і вядучыя: Алена Радкевіч і Мікола Іваноў Сардэчна-ссудзінныя захворваньні – галоўная прычына сьмяротнасьці ня толькі ў Беларусі, але і ў бальшыні краінаў Эўропы і сьвету. Паводле інфармацыі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я, штогод толькі ў Беларусі ад іх памірае больш як 70 тыс. асобаў. Ці існуе нейкі ўнівэрсальны рэцэпт змаганьня з гэтымі галоўнымі забойцамі чалавека? Ці магчымы ратунак? Пачнем сёньняшнюю перадачу з аповяду пра дзьве гісторыі, якія зусім нядаўна здарыліся амаль адначасна ў Ангельшчыне і ў Беларусі, і якія вельмі падобныя адна да адной. У ангельскім горадзе Манчэстэр 42-гадовы працаўнік банку (назавем яго ўмоўна Джон) вырашыў разам з сям’ёй правесьці канец тыдня ў сваёй маці на вёсцы. Ягоны беларускі аднагодак Янка накіраваўся на сваю дачу папрацаваць у гародчыку. Дзень быў цудоўны. Дзеці Джона і Янкі гулялі на падворках, іх жонкі гатавалі ежу, а самі героі нашай гісторыі капаліся ў зямлі – толькі Янка садзіў бульбу, а Джон – ружы. Раптам абодва пачулі даволі моцны боль у грудзях. Джон уздыхнуў глыбей і працягваў працу. Тое самае зрабіў і Янка. Такое здаралася ў іх і раней, але заўсёды дапамагала цыгарэта. Але тым разам, абодва пасьпелі зрабіць толькі дзьве зацяжкі і ўпалі на зямлю. Хуткая дапамога прыехала як да аднаго, так і да другога праз 20 хвілінаў, але толькі пасьпела пацьвердзіць смерць. Калі б Джон ці Янка мелі б у сваім сэрцы тэлекамэру, яна б зарэгістравала наступную карціну апошніх хвілінаў іхнага жыцьця. Працуючы на градцы, абодва змушалі сваё сэрца да высілку, да якога яно не было прызвычаенае. Сэрца працавала ўсё цяжэй і цяжэй, пульс падскочыў ад нармальных 80 ўдараў на хвіліну да амаль 140. Але ссудзіны, праз якія кроў ішла да сэрца, былі моцна зьнішчаныя ў выніку неадпаведнай дыеты, сядзячага ладу жыцьця, паленьня і алкаголю. Крывяносныя ссудзіны Янкі і Джона нагадвалі сабой моцна ўнутры праіржаўленыя водаводныя трубы. Яны былі нагэтулькі завапнаваныя, што і ў нармальных умовах кроў з цяжкасьцю праходзіла праз іх. Сьценкі ссудзінаў былі пакрытыя дробнымі згусткамі вапны. І вось, калі ціск Джона і Янкі ад фізычнага высілку моцна падвысіўся, адзін са згусткаў вапны ня вытрымаў, адарваўся ад сьценкі і закаркаваў сасуд. Частка сэрца Джона і Янкі была адрэзаная ад даплыву крыві і кіслароду, яны адчулі першы боль, але падумалася, што глыбокі ўздых выратуе сытуацыю. Так бывала ўжо не аднойчы… Тым часам, новыя і новыя часткі сэрца не атрымлівалі крыві. Хутка наступіў параліч сэрца, мозг перастаў атрымліваць кроў, і праз некалькі хвілінаў Джон і Янка ўжо не падавалі прыкметаў жыцьця. Кожныя 6 хвілінаў у Беларусі нехта памірае ад сардэчнага прыступу. Сардэчна-ссудзінныя хваробы стала займаюць першае месца сярод прычынаў сьмяротнасьці ў сьвеце. Лідэрам яны і ў Беларусі. Больш за тое, насуперак усясьветным тэндэнцыям, сьмяротнасьць ад іх павялічваецца. Чаму? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне мы пазванілі ў Капэнгагэн, дзе знаходзіцца сядзіба Эўрапейскага аддзелу Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я і папрасілі экспэрта гэтай арганізацыі ў пытаньнях сардэчна-ссудзінных хваробаў доктара Рэміса Прокоскіса пракамэнтаваць падобную сытуацыю: (Прокоскіс: ) “Cардэчна-ссудзінныя хваробы – гэта група хваробаў, якія выклікаюць самую вялікую групу сьмерцяў у разьвітых краінах. Узровень сьмяротнасьці зь іх прычыны прыблізна аднолькавы як у ЗША, так і ў Эўропе. Паводле нашых дадзеных, у Эўропе прыблізна палова ўсіх сьмерцяў выклікаюць сардэчна-ссудзінныя хваробы. Сытуацыя ў паасобных краінах Эўропы, аднак, даволі розная. Ва Ўсходняй Эўропе сьмяротнасьць дасягае 700-800 памёрлых на сто тысячаў жыхароў. Найгоршая сытуацыя ў такіх краінах як Балгарыя, Малдова, Украіна, Румынія, Расея. У Заходняй жа Эўропе самая нізкая сьмяротнасьць на ўзроўні 200-300 памёрлых на сто тысяч жыхароў, гэта ў 3-4 разы ніжэй, чымся на Ўсходзе. Самыя лепшыя паказчыкі ў Францыі, Гішпаніі, Швэйцарыі. Цікава, што ў 70-х гадах, прыблізна 20-30 гадоў таму, сьмяротнасьць ад гэтых хваробаў была амаль што аднолькавая ў Заходняй і Ўсходняй Эўропе, але пазьней тэндэнцыі пачалі рэзка розьніцца: на Захадзе сьмяротнасьць ад хваробаў сэрца пачала рэзка скарачацца, а на Ўсходзе і ў цэнтры Эўропы – павялічвацца. І цяпер яна ў сярэднім у два разы вышэйшая, чымся ў заходніх краінах”. А ў чым жа прычына такой выразнай розьніцы стана здароў’я ў паасобных краінах, спытаўся я ў доктара Пракоскіса: (Прокоскіс: ) “Лічыцца, што Францыя ды іншыя сяродземнаморскія краіны маюць спэцыфічную дыету. Але сардэчна-ссудзістыя хваробы можна назваць хваробамі багатых, эканамічна разьвітых краінаў. Таму што галоўныя фактары рызыкі зьвязаныя з так званым нездаровым харчаваньнем: замнога калёрыяў, зашмат тлушчаў, мала фізычнай актыўнасьці. Усё гэта выклікае высокі крывяны ціск і высокі ўзровень халестэрыну. Сюды дадамо стрэс і паленьне. Але агульная карціна не такая простая. Шмат зьвязана з агульным узроўнем сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, культурай, гісторыяй паасобных народаў. Некаторыя ўсходнія краіны адстаюць ад заходніх краінаў у гэтай галіне на 20-30 гадоў. Але мы спадзяемся, што і ў посткамуністычным сьвеце сытуацыя паправіцца. Яна ўжо папраўляецца. Так, напрыклад, у Чэскай Рэспубліцы ўзровень сьмяротнасьці ад сардэчна-ссудзінных хваробаў зьніжаецца”. ІІ Сёньняшні агляд мэдычных навінаў таксама прысьвечаны сардэчна- ссудзінным захворваньням. 1. Амэрыканскі часопіс “Journel of Cardiolodgy” паведаміў, што, паводле апошніх дасьледаваньняў, жаночы гармон “эстраген” можа зрабіць рэвалюцыю ў лячэньні сардэчна-ссудзінных захворваньняў. Дасюль было вядома, што “эстраген” пазытыўна ўплывае на жаночы арганізм, калі той перажывае пэрыяд клімаксу. Cярод жанчынаў тыя, якія стала прыймалі “эстраген”, маюць значна меншы ўзровень захворваньняў на сэрца, чымся тыя, якія ім не карысталіся. Лячэньне мужчынаў “эстрагенам” прыносіць практычна такія ж самыя пазытыўныя вынікі, як і ў жанчынаў, але ў мужчынаў яно мае таксама некалькі даволі моцных нэгатыўных пабочных эфэктаў (напрыклад, празьмерны рост грудзей ды імпатэнцыя). Цяпер навукоўцы працуюць над нэўтралізацыяй гэтых пабочных эфэктаў. 2. Ці заняткі спортам могуць быць унівэрсальным сродкам тэрапіі сардэчна-ссудзінных захворваньняў? Навукоўцы Лёнданскага гарадзкога кардыялягічнага цэнтру лічаць, што спорт можа быць лекам толькі тады, калі ім займаюцца пад наглядам лекара. Ёсьць, аднак, аптымальныя рэкамэндацыі для хворых сардэчнікаў. Яны ўключаюць 45-хвілінныя заняткі аэробікай, пад час якіх пульс ня можа больш як на 60-70% перавышаць нармальны рытм біцьця сэрца. Сардэчнікам таксама рэкамэндуюцца практыкаваньні з гантэлямі, а таксама практыкаваньні на пругкасьць. 3. Паводле дадзеных Амэрыканскай кардыялягічнай асацыяцыі, сёньня каля 4 млн. амэрыканцаў ня ведаюць, што яны перажылі ціхі інфаркт. Інфаркт можа здарыцца без выразных вонкавых сымптомаў, і выявіць яго магчыма толькі пад час грунтоўнага мэдычнага дасьледаваньня. Ціхі інфаркт, аднак, зусім ня менш небясьпечны, чымся інфаркт з нармальнымі выразнымі сымптомамі. Хутчэй наадварот, сьвядомы інфаркт можа быць папярэджаньнем і змушае чалавека да зьмены стылю жыцьця і адпаведнага лячэньня. Ціхі ж, надварот, прытупляе пільнасьць чалавека ў змаганьні з хваробай. У выніку дасьледаваньня вялікай групы хворых у горадзе Фрамінгаме (штат Масачусэтс) высьветлілася, што амаль кожны чацьверты хворы сардэчнік перанес ціхі інфаркт. 4. Навукоўцы Нацыянальнага Інстытуту дасьледаваньняў у галіне аховы здароў’я ЗША прыйшлі да высновы, што вернікі, якія пастаянна наведваюць царкву, касьцел ці сынагогу, менш пакутуюць на хваробы сэрца ды іншыя захворваньні, чымся людзі, якія ў Бога ня вераць. Алена Радкевіч,
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |