RFE/RL |
Інтэрнэт у Беларусі і Кітаі, а таксама - каханьне ў Сеціве.(эфір 30 студзеня)Вядучы Віталь Цыганкоў. Пачнем зь беларускай інфармацыі. На прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, прысьвечанай падрыхтоўцы да выставы “Пэрспэктыўныя тэхналёгіі і сыстэмы-2000” былі падведзеныя вынікі конкусу сярод журналістаў, якія асьвятлялі хаду гэтай імпрэзы, што прайшла 11-13 сьнежня ў выставачным цэнтры “Белэкспо”. Арганізатары назвалі пераможцам конкурсу Сяргея Дзьмітрыева – аўтара сэрыі артыкулаў, апублікаваных у газэце “Компъютерные вести”. Сяргей і атрымаў галоўны прыз – тэлевізар “Гарызонт”. Два дадатковыя прызы дасталіся журналістам інтэрнэт-газэты “Адкрыты канкакт” (open.by), таксама быў адзначаны журналіст “БДГ” Максім Шацкіх. Гэты пералік паказвае, што на тэмы сусьветнага Cеціва ў Беларусі пакуль што найбольш удала і прафэсыйна пішуць аўтары спэцыялізаваных і дзелавых выданьняў. Цяжка прагадаць якія-небудзь сур’ёзныя публікацыі, прысьвечаныя Інтэрнэту, напрыклад, у “Звяздзе”, “Народнай газэце” альбо нават “Народнай волі”. Зрэшты, і самі гэтыя выданьні ў Інтэрнэце ня знойдзеш. Вось і атрымліваецца, што большасьць беларусаў дасюль усё яшчэ ўпэўненая, што Інтэрнэт – гэта нейкі апарат накшталт тэлефону альбо тэлевізара. У адрозьненьні ад беларускіх народных (і ня вельмі) газэтаў, кітайскі ўрад відавочна разумее значэньне Інтэрнэту. І напэўна таму прыняў у гэтую сераду чарговыя правілы, накіраваныя на кантроль за паступленьнем інфармацыі зь кіберпрасторы. Паводле новых палажэньняў, зацьверджаных Дзяржаўным камітэтам па сакрэтнасьці, усе кітайскія сайты будуць правярацца ў справе выяўленьня там “уцечкі дзяржаўных сакрэтаў”. Трэба сказаць, што кітайскае вызначэньне “дзяржаўных сакрэтаў” вельмі расплывістае, і можа быць прымененае фактычна для любой інфармацыі, што не падабаецца ўладам. Акрамя таго, як паведамляе агэнства Associated Press, новыя кітайскія правілы ўстанаўліваюць дзяржаўную рэгістрацыю любога праграмнага забесьпячэньня. У форме для рэгістрацыі патрабуецца ўказаць сэрыйны нумар праграмы і паведаміць імёны ўсіх, хто будзе ёй карыстацца. Больш таго, адна з буйных шанхайскіх газэтаў паведаміла ў сераду, што кітайскае міністэрства друку рыхтуе закон, які вызначыць, што дазволена і не дазволена друкаваць на сайтах. Напэўна, закон будзе накіраваны супраць непадкантрольных дзяржаве інтэрнэт-журналістаў. Гэта звычайныя наведвальнікі сеткі, якія пішуць свае сюжэты ў інтэрнэт-газэты і атрымліваюць за гэта ганарары. Ужо зараз у кітайскім інтэрнэце забароненыя любыя палітычныя публікацыі, якія разыходзяцца зь лініяй уладнай камуністычнай партыі, закрыты доступ да некаторых заходніх сродкаў масавай інфармацыі. Акрамя таго, самі ўладальнікі сайтаў запрашаюць гэтак званых “мадэратараў”, якія фактычна выконваюць ролю цэнзараў. Але найбольшую небясьпеку для кітайскіх уладаў уяўляюць дысыдэнты, якія з-за мяжы дасылаюць праз інтэрнет непажаданую для камуністаў інфармацыю. Праграміст Лі Хай быў асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі за тое, што перадаў дысыдэнтам 30 тысячаў электронных адрэсаў кітайскіх юрыдычных і фізычных асобаў. Як адзначае “New York Times”, рэальна ўзмацніць кантроль над кіберпрасторай будзе дастаткова цяжка – у краіне, дзе апошнія гады назіраецца бум інтэрнэт-кавярняў ды іншых месцаў вольнага доступу ў сусьветную сетку. І ўрадавыя чыноўнікі павінны быць вельмі абачлівымі з індустрыяй, якая ўжо прыносіць істотныя прыбыткі і прыцягвае замежных інвестараў. Паводле ўрадавых ацэнак, у Кітаі зараз каля 9 мільёнаў карыстальнікаў Сеціва, хаця яшчэ год таму гэтая лічба складала толькі 2 мільёны. Аднак некаторыя аналітыкі называюць гэтыя дадзеныя заніжанымі, паколькі ў краіне зарэгістравана 35 мільёнаў электроных адрэсаў. У матэрыялах пра Інтэрнэт неаднаразова адзначалася, што ў сусьветным сеціве ёсьць ня толькі тое, што нясе станоўчае і прагрэсыўнае, але і адваротны бок. Сярод нэгатыўных аспэктаў Інтэрнэту часьцей за ўсё называюць неабмежаваны доступ да парнаграфіі. Зрэшты, сёньня ў гэтай праграме мы ня будзем дасьследваць гэты аспэкт чалавечай натуры. Мы распавядзем пра тое, як Інтэрнэт дапамагае людзям пазнаёміцца і нават пабрацца шлюбам. Інтэрнэт зрабіў сапраўдную рэвалюцыю і ў гэтай сфэры. Традыцыйныя агэнствы знаёмстваў гібеюць і, напэўна, хутка зусім адамруць, як якія-небудзь грамафоны. Дарэчы, на прасторах суьсветнага сеціва існуюць сайты такіх агэнстваў, але яны не карыстаюцца ніякай папулярнасьцю, бо выціснутыя з рынку плыняй нікім не рэгістраваных, вольных знаёмстваў. Кожны, хто цяпер жадае знайсьці ў Інтэрнэце сяброўку, мужа альбо проста сэксуальную прыгоду, можа пайсьці на адзін са шматлікіх сайтаў, дзе любы ахвочы задарма можа даць любую аб’яву на гэтую тэму. Паглядзім на адзін з найбольш папулярных расейскіх сайтаў на гэтую тэму – dating.ru – паколькі, на жаль, уласна беларускіх рэсурсаў у гэтай галіне пакуль што няма. Пабудова сайту адразу дазваляе вызначыцца, якую мэту вы перад сабой ставіце, наведваючы гэты рэсурс. У фотагалерыі сайту разьдзелы наступныя: Рамантыка, шлюбныя, забавы, дзяўчына шукае дзяўчыну, хлопец шукае хлопца. Пад кожнай аб’явай ейны аўтар выстаўляе свой фатаздымак. Вось што пішуць дзяўчаты, якія хочуць знайсьці свайго адзінага і непаўторнага: “Маладая прыгожая, але зь невядомых прычынаў адна. Вельмі хочацца замуж”. “З мэтай стварэньня сям’і пазнаёмлюся з мужчынам з Эўропы”. “Шукаю сталага падарожніка ў жыцьці. Іншагародніх, каўказцаў, студэнтаў, сэксуальназаклапочаных просьба не турбаваць”. “Вам 25-40 гадоў, 175-190 сантымэтраў, прыстойны, заможны”. Варта адзначыць, што менавіта ў гэтым раздзеле ўзрост удзельнікаў і ўдзельніцаў найбольш паважны – аўтарам аб’яваў нярэдка за 30, у той час як звычайныя карыстальнікі Інтэрнэту, і тым больш наведнікі сайтаў знаёмстваў пераважна 15-25 гадовыя маладыя людзі. Менавіта яны найбольш прадстаўленыя ў разьдзеле рамантычных знаёмстваў. Вось якія жаночыя аб’явы можна прачытаць ў гэтай рубрыцы: “Ад цябе хачу цяпла і разуменьня”. “Хачу мілага, добрага, сумленнага чалавека”. “Проста патрэбны надзейны мужчына”. “Я разумная і няўрымсьлівая ў сваіх жаданьнях”. “На прынца не разьлічваю, але ўсё ж…” “Я дыхтоўная пантэра, захапляюся кошкамі і мужчынамі”. “Я сьмелая і дзёрзкая” Патрабаваньні мужчынаў не вылучаюцца асаблівай разнастайнасьцю. “Шукаю прыгожую, прыгожую”. “Пазнаёмлюся з разумннай і сымпатычнай”. ”Пазнаёмлюся з жанчынамі без комплексаў”. Альбо больш канкрэтна: “хачу гімнастку”, “люблю блакітныя вочы” ну, і гэтак далей. Трэба сказаць, што ў гэтым разьдзеле аб’явы не абавязкова абмяжоўваюцца толькі інтымнымі знаёмствамі – часам людзі шукаюць проста сяброў у перапісцы, альбо калегаў у інтарэсах. Гэтага не скажаш пра разьдзел “Забавы”, дзе жаданьні аўтараў выказаныя вельмі канкрэтна. Фатаграфіі, паводле маіх назіраньняў, даюцца ў залежнасьці, скажам так, ад якасьці прапановы. Калі дзяўчына сымпатычная, то даецца фатаграфія (а часам і некалькі) з адкрытым тварам, у поўны рост. Але часта твары прыкрытыя чорнымі акулярамі, а фатаграфіі зробленыя збоку альбо са спіны. Адна дзяўчына ўвогуле была выкрытая ў тым, што выставіла фатаграфію фотамадэлі, а не сваю. У другім выпадку ўсе ўдзельнікі западозрылі, чаму такая прывабная дзяўчына пакутуе на самоту. Вердыкт быў наступны: “Альбо гэта не твая фотка, альбо ты поўная ідыётка, калі дасюль жывеш у самоце…” Як і многія тэхнічныя навінкі, Інтэрнэт спачатку большасьцю наведнікаў выкарыстоўваўся пераважна для забавы. Пачытаць анэкдоты, паўдзельнічаць у кампутарных гульнях, паглядзець эротыку. Але жыцьцё бярэ сваё і нават калі наведваньне сайтаў знаёмстваў для большасьці ўсё яшчэ жарт, то для некаторых знаёмства праз кампутар стала падарункам лёсу. Цяпер амаль у кожным буйным горадзе ёсьць сем’і, якія спаткаліся менавіта дзякуючы Інтэрнэту. Карыкатура: два сабакі працуюць з кампутарам, і адзін кажа: “У Інтэрнэце ніхто ня ведае, што ты – сабака”. Віталь Цыганкоў, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |