RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Беларускі Дыялёг на Інтэрнэце



Агляд беларускага Сеціва за тыдзень

(эфір 5 траўня)
Вядучы Віталь Тарас.

Сярод тэмаў выпуску: Дзень перамогі ў беларускім Інтэрнэце; Кастусь Каліноўскі на беларускай палічцы; гісторыя беларускага гэбрайства ў глябальным Сеціве.

Сталася ўжо амаль традыцыяй – у першую дэкаду травеня чытачы ў Беларусі цалкам застаюцца без газэтаў. У выхадныя й сьвяточныя дні дзяржаўныя друкарні не працуюць, а ў выніку ў сьвет не выходзяць ні дзяржаўныя, ні незалежныя выданьні. Здавалася б, недахоп візуальнай інфармацыі ў гэтыя дні мог бы запоўніць Інтэрнэт. Але на дзіва, папулярныя ў Беларусі інтэрнэт-старонкі (сярод іх, напрыклад, Хартыя-97) таксама былі зачыненыя на адпачынак зь 7-га па 9-га травеня ўключна. Праўда, за некаторымі выключэньнямі. Але пра гэта – напрыканцы праграмы.

Цяпер пра навінкі старонкі “Беларуская палічка”. Нагадаю ейны адрас: www.wu-wien/ac.at/groups/belarus

На гэтым тыдні тут зьявілася пэрсанальная старонка Дзяніса Новікава. Дарэчы, ён мастак згаданай ужо старонкі “Патрыёты бацькаўшчыны”, створанай пры падтрымцы магілеўскае кампаніі “Кола сяброў.” Так што актыўнасьць магілеўцаў у беларускай інтэрнэт-прасторы вартая адзнакі.

У разьдзеле Беларускі кнігазбор на “палічцы” зьявілася інтэрнэт-вэрсія кнігі “Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасьць”, якая выйшла ў Менску ў 1999 годзе. Аўтар укладаньня, прадмовы і пасьляслоўя Генадзь Кісялёў.

У электронным варыянце кнігі можна прачытаць творы Каліноўскага, падпісаныя імем “Яська гаспадар з-пад Вільні”, а таксама іншыя творы тагачаснай беларускай паўстанцкай публіцыстыкі. У гэты разьдзел улучаныя, да прыкладу, Паўстанцкая песьня і малавядомы дагэтуль шырокаму чытачу “Маніфэст аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы да беларусаў”.

У 2-м нумары часопісу “Скарына”, які ёсьць дадаткам менскага часопісу “Архэ” і які рэцэнзуе навінкі, датычныя беларускай культуры (у тым ліку, у Сеціве) надрукаваная анатацыя на сайт “Гісторыя беларускага гэбрайства”. Старонку з адрасам beljewhist.virtualave.net выпускаюць студэнт-гісторык Беларускага дзяржаўнага ўнуівэрсытэту Аляксандар Фрыдман, які выкладае ў беларускім аддзяленьні Адкрытага ўнівэрсытэту Ізраілю, ды ягоны брат, вэб-дызайнэр Віталь.

У якасьці дэвізу на старонцы прыведзеныя словы гісторыка пачатку ХХ стагодддзя зь Мсьціслаўя Сямёна Дубнова: “У мінуўшчыне гэбрайскага народу захоўваюцца дзіўныя гаючыя сілы для стомленай гэбрайскай душы”.

У расейскамоўнай вэрсіі старонкі “Гісторыя беларускага гэбрайства” ёсьць разьдзелы “Яны нарадзіліся ў Беларусі”, “Галакост” , “Паэзія”, “Сыянізм”. У рубрыцы “Галерэя” можна бачыць рэпрадукцыі твораў славутага Марка Шагала. Ствараецца сваеасаблівая энцыкляпедыя беларускіх мястэчак. Ёсць англамоўная вэрсія. Адзіны, але найбольш істотны недахоп, які з жалем даводзіцца адзначыць, – адсутнасьць беларускамоўнай вэрсіі.

І на заканчэньне – да тэмы дня Перамогі. У гэты дзень інфармацыю, прысьвечаную 9-му травеня, можна было бачыць на старонцы Маладога Фронту. У адной нататцы паведамлялася пра ўскладаньне кветак актывістамі партыі БНФ да мэмарыялу ахвяраў растрэлу вязьняў менскага гета, другая – пра адмову ўладаў задаволіць заяўку Кансэрватыўна хрысьціянскай партыі БНФ на правядзеньне мітынгу.

Сваеасабліва адзначыў гэты дзень інтэрнэтаўскі часопіс “Чарнобыльскі вожык”. Як паведаміла рэдакцыя, менавіта ў гэты дзень яна вымушаная была сысьці з амэрыканскага сэрвэру на брытанскі. Чарнобыльскі вожык займеў новы адрас ва ўсясьветным павуціньні – “www.czavo.f2s.com”.

9 травеня ў гасьцёўні Чарнобыльскага вожыка зьявіўся адзіны на той дзень запіс, які прыйшоў ад Юрася зь Ню-Ёрку. Запіс варты таго, каб яго працытаваць: “Сёньня 55 гадоў зь дня перамогі над фашысцкай Нямеччынай. Няхай жа, як 55 гадоў таму, ўвесь сьвет перамог нямецкага фюрэра, так і наш народ пераможа ягонага беларускага прадаўжальніка”.

На заканчэньне – некалькі навінаў тыдня.

Як паведаміла агенцтва Associated Press, Аранэль дэ Гузман зь Філіпінаў, якога падазравалі ў стварэньні кампутарнага вірусу ILOVEYOU, даў у чацьвер прэсавую канфэрэнцыю. Ён заявіў, што мог выпадкова запусьціць вірус у Сеціва.

22-гадовы дэ Гузман быў выключаны з каледжу за курсавую работу пад назвай “Траянская праграма збору пароляў”, дзе падрабязна выкладалася схема бясплатнага доступу ў Інтэрнэт. Зараз філіпінская паліцыя вядзе сьледзтва, але пакуль ня вылучыла супраць дэ Гузмана афіцыйных абвінавачаньняў. Справа ў тым, што на Філіпінах няма закону, які прадугледжваў бы адказнасьць за падобныя гакерскія дзеяньні

Паведамляецца, што згаданы філіпіскі гакер і яшчэ адзін студэнт уваходзілі ў нелегальную групу праграмістаў, якая пісала курсавыя працы для іншых студэнтаў за грошы.

І яшчэ адна навіна – як зарабіць грошы на Інтэрнэце. Новай зьяўляецца не сама прапанова (падобных камэрцыйных прапановаў у глябальным Сеціве шмат), а тое, што старонка напісаная на беларускай мове. Яна мае адрас “mysiteinc/com/dmitrymail”. Ейны стваральнік, які назвае сябе Зьміцерам, заклікае (цытуем із захаваньнем ягонай лексікі й сынтаксісу) “Слухай сюды ды не кажы больш, што ня чуў (або ня чула!) Нейкія жырныя ад гамбургераў буржуіны выдумалі выплочваць ТАБЕ грошы за тое, што ты зарэгіструешся… Ня трэба задаваць пытаньняў – трэба скарыстаць магчымасьць халяўныя грошы. Скарыстай яе адразу ж – ЖМАКНІ СЮДЫ”.

Астатняе, так бы мовіць, справа тэхнікі. Насамрэч, пра дабрачыннасьць тут няма гаворкі. Правайдэры ва ўмовах канкурэнцыі зацікаўленыя ў пашырэньні інфармацыйнае прасторы, а значыць – і рэклямы на старонках Інтэрнэту.

Нагадаем – усё, пра што вы чулі, можна прачытаць і ў электроннай версіі на інтэрнэце. Наш адрас www.svaboda.оrg

На гэтым мы разьвітваемся. Shut Down!

Віталь Тарас
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org