RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Беларускі Дыялёг на Інтэрнэце



Віртуальны Лукашэнка

(эфір 27 лютага)
Вядучы Віталь Тарас.

Сёньняшні выпуск “Беларускага дыялёгу на Інтэрнэце” прысьвечаны, галоўным чынам, Аляксандру Лукашэнку ў віртуальнай прасторы. Віртуальнаму Лукашэнку можна адправіць пасланьне, ім можна любавацца, яго можна цытаваць, зь ім можна гуляцца ў розныя гульні. Хто і як гуляе “у Лукашэнку” альбо выказвае яму падзяку, вы даведаецеся з нашага агляду. Мы зазірнем таксама на “Падрыўную паэтычна-рэвалюцыйную” старонку ды паслухаем крыху барыкаднай музыкі.

Улады ў Беларусі маглі б парадавацца – побач з афіцыйным сайтам адміністрацыі Лукашэнкі ў глябальным Сеціве нядаўна зьявіўся яшчэ адзін сайт, які называецца проста і ясна “www. Lukashenko. Com”. Прычым, у адрозьненьне ад афіцыйнай Інтэрнэт-старонкі, новая, так бы мовіць народная старонка, выглядае куды больш прывабна й яскрава.

Найперш, мы бачым на экране манітору героя, упрыгожанага нейкім, пэўна, славянскім ордэнам, ад якога зыходзіць таямнічае зьзяньне. Побач зь героем выконваюць няспынны экстатычны танец віртуальныя “гёрлс”. Невядома ці ўпадабалі такое аблічча шэфа ягоныя падначаленыя – дзяржаўныя чыноўнікі, але пра тое, што новая старонка ўжо сталася папулярнай, гаворыць той факт, што ў раздзеле “Message Board” (Дошка аб’яваў) усяго за пару месяцаў існаваньня старонкі, у адказ на прапанову выказвацца аб Лукашэнку, прыйшла агромністая колькасьць пасланьняў – і ня толькі зь Беларусі, але й, напрыклад, зь Нямеччыны. Вось адзін зь першых водгукаў – на ангельскай мове:

“Some men are only alive because it`s illegal to shoot them”.

Аўтар гэтых словаў як бы выказвае шкадаваньне, што некаторыя людзі жывуць толькі таму, што застрэліць іх было б падсудным актам.

Большая частка пасланьняў напісаная па-ангельску ці па-расейску. (мабыць, для кансьпірацыі?) Але трапляюцца й беларускамоўныя тэксты. Вось, напрыклад:

“Віншую ўсіх беларусаў, асабліва сябраў БНФ са сьвятам узьяднаньня з братэрскай Расеяй. Блудная дачка вярнулася да хаты к любай, даражэнькай Расеі. Жадаю дамовіцца за круглым сталом зь лЮбым “бацькам” – нахабнікам, злодзеем і крымінальнікам наконт “дэмакратычных” выбараў у парлямэнт разам з ОБСЁ. Можа, на гэты раз ён ня будзе, як раней, выкідваць вас з выбарчых участкаў пінком пад зад. Даруйце яму, хіба ж гэта балюча? Любіце ворагаў вашых. Калі ён даў вам пад зад – павярніцеся да яго перадам.”

Ёсць, праўда, у героя старонкі й абаронцы (працытуем на мове арыгіналу):

“Я понял одно: пока власть всем морду не набьёт – быдло не успокоится. Ворьё везде! Алексан Григорьич! Мочи их! Если Лукашенко в России смог бы быть президентом, я бы за него проголосовал бы! А вам, Растраповичам и Рабиновичам, только бы культуру поднять (а баксы в Швейцарии спрятать)! Лукаш вам кость в горле”.

Праўда, падазроная дасьведчанасьць аўтара (адкуль яму ведаць пра музыканта Растраповіча?) прымушае ўсумніцца ў ягонай шчырасьці.

Аднак, найлепшым чынам ідэю і зьмест старонкі выказаў нехта Генадзі. У перакладзе на беларускую мову ягонае пасланьне гучыць так:

“Лукашэнка нам чалавечае жыцьцё абяцаў, але паколькі чалавечае жыцьцё ў нас не атрымліваецца, дык ён ужыў гэтае паняцьце да курыных яек, вось і атрымаўся каламбур. Чалавечыя яйцы азначае нармальныя. Курыныя яйкі у крамах зьявіліся, але зрабіліся значна даражэйшымі. У нас усе тавары цяпер пэрыядычна зьнікаюць, а потым зьяўляюцца ў новым увасабленьні, таму каштуюць даражэй. Чалавечыя яйцы ў продажы яшчэ не зьявіліся, да масавай кастрацыі беларусаў справа яшчэ не дайшла…

Я супраць фізычнага зьнішчэньня. Духоўная сьмерць страшней за фізычную. Таму гэтага суб’екта лепш за ўсё размазаць па віртуальнай сьценцы Інтэрнэту, як і было задумана аўтарамі гэтага сайту”.

Між тым, дошкай абвестак зьмест старонкі “www. Lukashenko. Com” не вычэрпваецца. На ёй ёсьць разьдзелы “чат” (для тых, хто жадае пагаманіць на зададзеную тэму), “архівы”, “прыпавесьці”, а таксама “скелеты”, “робаты”, “музыка” і “гульні” (усе назвы на ангельскай мове).

Няма сэнсу апісваць гэтыя разьдзелы, бо іхны дызайн трэба бачыць. Заўважым толькі, што разьдзелы пра “скелетаў” і “робатаў” цяжка зразумець тым, хто ня бачыў галівудзкі фільм “Матрыца”, дзеяньне якога адбываецца ў віртуальнай рэальнасьці.

Узгадаем толькі разьдзел на сайце, у якім кожны можа адчыніць сваю старонку. Жадаючыя ёсьць. Адна зь іх называецца “Дзякуй”. Зьмест яе вельмі ляканічны – “Дзякуй таварышу Лукашэнку за нашую шчасьлівую маладосьць!! Ты чуў пра Слуцкі збройны чын? А пра Гарадзенскі? Хутка пачуеш”. Але пра гэтую старонку – крыху пазьней.

Мы ўжо распавядалі пра вэб-старонку “Карчма ў старога Язэпа”. Нядаўна “Стары Язэп” нагадаў пра сваё існаваньне і даслаў нам ліст электроннай пошта. Аўтар ліста хацеў, відаць, зьвярнуць увагу на пэўныя зьмены, што адбыліся на старонцы. У прыватнасьці, тут зьявіліся два новыя разьдзелы: “Летапіс нараджэньня беларускай дэмакратыі” і “Летапіс нараджэньня беларускай дыктатуры”. У абодвух разьдзелах друкуюцца займальныя эпізоды, дакладней – байкі з найноўшае гісторыі Беларусі. Вось, на выбар, дзьве карацелькі зь летапісу. Паспрабуйце самі здагадацца, да якога разьдзелу належыць кожная зь іх.

“Пасьля першага туру прэзыдэнцкіх выбараў па прапанове Івана Антановіча на дапамогу Вячаславу Кебічу была запрошаная група экстрасэнсаў. Вера Івана Іванавіча ў акультавыя навукі была настолькі вялікая, што нават у дзень галасаваньня ён запэўніваў Вячаслава Францавіча ў хуткай перамозе. Але, мабыць, узровень ня той. Гітлер, напрыклад, прывез у Бэрлін амаль усіх тыбецкіх манахаў”.

“Кто-то дал вам неверную інформацию, не могли вы сами за два дня столько узнать” – абураўся кіраўнік урадавай дэлегацыі Ўладзімер Канаплёў у Страсбургу, на Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, выслухаўшы справаздачу спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі Вольфганга Берэндта, які ня надта лагодна адзываўся аб афіцыйным Менску”.

Што тычыць разьдзелу “Бацькавы словы”, якія цяпер можна слухаць у карчме Старога Язэпа ў аўдыяварыянце, дык новыя паступленьні ў яго ня вельмі ўражваюць. Хіба можна параўнаць фразу: “Я перакананы, што ўсё лепшае ў нас яшчэ напярэдзе” з колішнімі крылатымі словамі: “Беларускі народ будзе жыць кепска, але нядоўга”?

Аўтары згаданай ужо старонкі “Дзякуй!”, якая прапагандуе творчасьць гарадзенскага рок-гурта “Deviation” (Адхіленьне), у адрозьненьне ад Старога Язэпа, й нават сайту “www. Lukashenko. Com”, дзе гуляюць ў скелеты ды іншыя “жарсьці”, ідуць далей. Яны клічуць на барыкады:

(Гучыць музыка)

Гэта быў фрагмэнт песьні “На барыкадах”. Старонка “Дзякуй!” гурта “Deviation” выходзіць, як сьцвярджаюць яе аўтары, “на правох антыдзяржаўнае агітацыі”. Першае, што на ёй чытаем: “Фашызм, камунізм, таталітарызм – гаўно”. І далей: “Як, вас яшчэ не пасадзілі?” – пытаюцца ў нас. Так, пакуль што яшчэ НЕ пасадзілі. Але… Зараз і вы можаце адчуць усю гэтую рамантыку з нашымі музычнымі запісамі, вершамі, фоткамі”.

“Вы забярэце лук і стрэлы – пакіньце толькі твары нам, каб колерам чырвона-белым намаляваць вайсковы стан!” Гэтыя радкі, зноў такі, яскрава адлюстроўваюць накірунак, у якім працуюць гарадзенскія музыкі.

Пры ўсё адрознасьці трох пералічаных сайтаў, усе яны маюць адну асаблівасьць – яны ананімныя. З аднаго боку, можна сказаць, што гэта перажытак таталітарызму, які група “Deviation” лічыць усяго толькі арганічным утварэньнем. З другога боку, ананімнасьць ёсьць прыкметай нашага кампутарнага часу, калі інфармацыя, мода, думкі, ідэі, настроі распаўсюджваюцца імгненна, з хуткасьцю – ну, ня блізкай да хуткасьці сьвету (пакуль у Беларусі існуюць дзяржаўныя правайдэры), але значна большай, чымся друкаваныя органы. І ня столькі важна – хто гаворыць, як і што гаворыцца. Інтэрнэт робіцца, фактычна, ўжо ёсьць, нецэнзураванай зонай – і сайт “www. Lukashenko. Com” цудоўна ілюструе асаблівасьці Інтэрнэту як зьявы ня толькі маладой, але й моладзевай.

І на гэтым мы разьвітваемся. Нагадаю наш адрас: www. svaboda. org.

Shutdown, шаноўнае спадарства!

Віталь Тарас, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org