RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Беларускі Дыялёг на Інтэрнэце



Новая старонка з абсягаў Беласточчыны, сайт Хартыі-97 па-беларуску і Лукашэнка на чачэнскай web-старонцы.

(эфір 9 студзеня)
Вядучы Сяржук Сокалаў-Воюш.

Беларускі інтэрнэт і цікавасьць да яго ў сьвеце пашыраюцца. Старонку Беларускай службы Радыё Свабода ў апошні месяц 99 году наведвалі прадстаўнікі 42 краінаў. Сярод іх і такія далёкія як Пэру, Кітай, Тайлянд, Калюмбія і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.
Разам з тым беларускае сеціва пашыраецца ня толькі зь межаў сучаснае, а й з абсягаў этнаграфічнае Беларусі. Інтэрнэтная Віленшчына ўжо мае некалькі Беларускіх старонак, а ў апошнія дні мінулага году да Віленшчыны у асобе электроннага варыянту газэты “Ніва”, далучылася й Беласточчына.

“На гэтых старонках, – чытаем у першым выпуску віртуальнага пэрыёдыку, – вы знойдзеце (…) поўны выпуск нашай газеты згодны (…) са сваім варыянтам на паперы. Робім гэта з думкай пра чытача ў Беларусі, у якой у пачатку 90-х гадоў спынілася распаўсюджаньне нашага тыднёвіка шляхам міждзяржаўнай дамоўленасьці. На працягу ўсёй дэкады распаўсюджаньне ніколі не ўзнавілася. Цана нашай газэты (на польскія ўмовы крышку ніжэйшая за сярэднюю) у перакладзе на эканамічную рэальнасьць Беларусі робіць тыднёвік недаступным шырэйшай чытацкай публіцы. Дзякуючы гэтай старонцы Вы зможаце перапісаць кожны выпуск „Нівы” ў свой кампутар, аддрукаваць яго, прачытаць, а, мабыць, і пазычыць знаёмым, якія цікавяцца жыцьцём беларусаў у Польшчы”. Каардынаты старонкі: http://www.kurier-poranny.com/niwa/

У першым выпуску “Нівы” Зьміцер Кісель апавядае пра папярэднія зьвесткі з апошняга перапісу насельніцтва Беларусі, Мікола Ваўранюк спускаецца на 800 мэтраў пад зямлю, а Ганна Кандрацюк нетрадыцыйна апавядае пра “Каханьне 2000”. Мяркуйце самі:

“Міраслава Сьцепанюк усё жыцьцё шукала вялікага каханьня.
— Яно мела быць боскае, такое з электратокавым аргазмам. Каб пазьней некалькі дзён у сярэдзіне і мазгах было верасова.
Свой эратычны рытм улаўляла на карцінах Шагала, і ў старых, падляшуцкіх песьнях, што як птушкі выляталі зь яе жывата. Міра ведала сваю чарадзейную моц і баялася сябе”.

“Internet, – чытаем у першым выпуску “Нівы”, – зьяўляецца той прасторай, у якой беларуская мова можа адчуваць сябе поўнасьцю свабодна. У рэальным жыцьці – незалежна ад геаграфічных каардынат – прасторы такой няшмат. Таму на нашых электронных старонках мы вырашылі аддаць перавагу слову (перагружаць іх графікай ня будзем – ні цяпер, ні ў будучым)”.

А вось далей аўтары старонкі пачынаюць пярэчыць самі сабе (цытую):

“А пішацца-ж наша газэта наркомаўскім правапісам. Гэта ні пратэст супраць чаго-небудзь, ні падтрымка чаму-небудзь. Прычына цалкам іншая, чытач у кожным кутку сьвету павінен яе зразумець – газэта выкарыстоўваецца ў якасьці дапаможніка ў тых школах Беласточчыны, у якіх вядзецца яшчэ навучаньне беларускай мовы. А навучаецца яна паводле тае нормы, для якое йснуюць падручнікі. У выпадку, калі-б Рэспубліка Беларусь прызнала беларускую мову як сваю дзяржаўную й пачала сваіх дзяцей вучыць чытаць і пісаць зь мяккім знакам – інакш выглядала-б навучаньне мовы на Беласточчыне, іначай пісалася-б наша газэта”.

Што да дзетак, то яны, па-першае, наўрад ці масава карыстаюцца інтэрнэтнай старонкай “Нівы”, а, па-другое, тут бы ім і растлумачыць і пытаньні правапісу, і пытаньні дзяржаўнасьці, і савецкасьць падручнікаў. Дарэчы, як будуць ужывацца гэтыя падручнікі, калі – ня дай Божа – праз год-два ў іх зьявяцца цытаты з Лукашэнкі тыпу:
“Людзі, каторые гаварат на белорускам языке, не могут дзелать нічэго, кроме как разгаварываць на беларускам языке, патаму, что па-беларускі нельзя выразіть нічэго велікага. Беларускій язык – бедный язык. В міре существует только два велікіх языка – рускій і англійскій”. Дарэчы, гэтае і іншыя выказваньні Аляксандара Лукашэнкі вы зможаце прачытаць, калі ў пошукавай сыстэме “Апорт” набярэце назву “Бацькавы словы”.

Ужо пару гадоў, як старонка “Хартыя-97” мела з роднае мовы толькі назву і сякія-такія выразы, што ў атачэньні расейшчыны выглядалі экзотыкай. А вось жа і тут справа зрушылася.

ПАВАЖАНЫЯ НАВЕДНІКІ!, – чытаем мы сёньня на згаданай старонцы, – АД 11 СТУДЗЕНЯ НАШ САЙТ ПАЧНЕ
ПРАЦАВАЦЬ НА ТРОХ МОВАХ – БЕЛАРУСКАЙ, РАСЕЙСКАЙ І
АНГЕЛЬСКАЙ. ЗАСТАВАЙЦЕСЯ З НАМІ. ЗА ВАШУЮ І НАШУЮ ВОЛЮ!

Пакуль невядома якім правапісам будзе друкавацца гэтая старонка, але адгукнуцца на просьбу “ЗАСТАВАЙЦЕСЯ З НАМІ” асабіста мне стала лягчэй. Прынамсі, ведаеш зь кім застаесься.

Сярод іншых навінаў Беларускага Інтэрнэту адзначу як прафігуравала прозьвішча Лукашэнкі на старонцы “Каўказ-цэнтру”, што асьвяляе падзеі вайны ў Ічкерыі з пункту гледжаньня чачэнскіх незалежнікаў:
“У рэдакцыю, – паведамляе “Каўказ-цэнтар”, – прыйшла заява арганізацыі “Рэвалюцыйнае Кантактнае Аб’яднаньне Расеі”. У заяве у сувязі з прыходам да ўлады ў Расеі Пуціна, сказана (цытую): “Труна кнчаткова зачынілася над Расеяй. Залітая крывёй мірных жыхароў Чачня крычыць пра адплату і сьведчыць, што чакае пры новай уладзе нас усіх… Ноч таталітарызму і фашызму апускаецца над Расеяй. (…) Пакуль мы яшчэ жывыя і на свабодзе, мы абвяшчаем гэтай фашыстоўскай уладзе спэцслужбаў, якая падмяла пад сябе расейскую дэмакратыю, непрымірымую татальную вайну. Крывавы кат Чачні Пуцін мусіць быць зрынуты, як і беларускі тыран Лукашэнка,” – напісана ў заяве Рэвалюцыйнага Кантактнага Аб’яднаньня Расеі, якую вы можаце знайсьці паводле наступных каардынатаў: http://www.kavkaz.org./

Вось на сёньня і ўсё.

Праграму падрыхтаваў і вёў

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org