RFE/RL |
|
Беларускі Інтэрнэт
Днямі споўніцца тры месяцы, як Беларуская Служба Радыё Свабода выстаўляе матэрыялы сваіх штодзённех праграмаў у Інтэрнэт.
Нашая сёньняшняя перадача будзе як найболей адпавядаць самому яе загалоўку. Пагаворым пра беларускі дыялёг на інтэрнэце, пра статыстыку нашай WEB-старонкі, пра кантакты, зваротную сувязь і пашырэньне віртуальнай беларускай прасторы. Трэці месяц запар нашая старонка займае трывалыя пазыцыі, здабытыя ёй зь першых тыдняў існаваньня. Сярэднямесячная колькасьць заходаў на старонку трымаецца на ўзроўні 16-18 тысячаў. Усяго хоць адзін раз наш сайт наведалі каля дзьвюх тысячаў карыстальнікаў, што дае пэўнае ўяўленьне пра памеры беларускай інтэрнэтнай супольнасьці. Не апраўдаліся прагнозы пэсымістаў, якія прарочылі нам няўдачу з прычыны нібыта няўдалага выбару мовы і прапанавалі адразу перайсьці на расейскую або ангельскую мовы. Колькасьць чытачоў Радыё Свабода задавальняе нас нагэтулькі, што мы плянуем зусім прыбраць з старонкі англамоўныя тэксты, якія выстаўляліся напачатку, каб пры нагодзе ўратаваць сытуацыі -- калі б беларускіх наведнікаў аказалася замала. Рэальнасьць перавысіла ўсе нашыя спадзяваньні, за што ЎСІМ ВАМ, хто нас чытае (і слухае) ШЧЫРА ДЗЯКУЕМ! Заставайцеся з намі. Яшчэ крыху статыстыкі. Наведваньне ў буднія дні прыблізна аднолькавае, тым часам як у выхадныя нас чытаюць меней - па-першае, мы не выстаўляем у суботу й нядзелю новых матэрыялаў, дый слухачы нашыя таксама адпачываюць. На працягу дня найбольш візытаў прыпадае на 19-20 гадзіну паводле менскага часу. Прычына збольшага ясная - да гэтага часу якраз абнаўляецца зьмест старонкі, а ў нашых чытачоў на амэрыканскім кантынэнце якраз пачынаецца перапынак на абед. У сьпісе краінаў першае месца стала трымаюць Злучаныя Штаты Амэрыкі. Беларусь у першы месяц была на другім месцы, а цяпер, памяняўшыся з Канадай, займае трэці радок. За першыя месяцы ў дзясятку першых уваходзілі таксама Нямеччына, Расея, Літва, Вялікабрытанія, Швэйцарыя, Польшча, Італія, Ізраіль і Вугоршчына. Сярод рэдкіх экзатычных краінаў, дзе нас чытаюць -- Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Багамы, Маляйзія, Паўдзённая Афрыка, Тайвань, Таілянд. А цяпер - пра дыялёг. Ад нашага запуску прайшло толькі тры месяцы, а спасылкі на нашу старонку ўжо пасьпелі зьявіцца на дзясятках беларускіх WEB-сайтаў. На жаль, наш статус не дазваляе нам адказаць ім поўнай узаемнасьцю і разьмясьціць іхныя банэры або лінкі на нашай старонцы. Аднак, мы прынамсі можам пералічыць некаторыя зь іх у нашай перадачы. Адрасы ў эфіры я падаваць ня буду -- гэта заняло б зашмат часу. Спасылкі будуць пазначаныя ў інтэрнэтным варыянце чытанага мною цяпер тэксту. Натуральна, што спасылка на старонку Беларускай Свабоды зьявілася адразу ў беларускіх WEB-каталёгах. Беларускі WEB каталёг Янука Сякеры -- гэта частка інтэрнэтнага праекту Дранікаў (якія беларускім карыстальнікам Інтэрнэту прадстаўляць няма патрэбы). Гэты каталёг можна знайсьці на Драніках, а таксама на WEB-сайце «Хартыі-97». Яшчэ адзін каталёг -- Беларускі WEB ад А да Я, аўтар якога, на жаль, нам невядомы. Каталёг інфармацыйных рэсурсаў «Беларускія Навіны» бясспрэчна выйграў бы любы конкурс візуальнай зручнасьці - кожны лінк прадстаўлены лягатыпам адпаведнага рэсурсу. Паводле статыстыкі, найбольш наведнікаў, так сказаўшы, збоку, прывяла да нас, дзякуючы спасылцы на сваёй старонцы, Беларуская палічка Андруся Жвіра -- найлепшая (а можа й адзіная на сёньня) віртуальная беларуская бібліятэка. Сярод сродкаў масавай інфармацыі першай (а можа і адзінай) спасылку на нас зьмясьціла «Наша Ніва». Натуральна, гэтая спасылка паўтораная і ў шырэйшым віртуальным культурным праекце, які вырас на базе «Нашай Нівы» - газэце/галерэі/кнігарні/клюбе... гэты сьпіс можна было б доўжыць, які мае назоў «Краявід». Слухаюць нас фаны гурта НРМ празь лінк з старонкі, якую стварыў Віктар Дзятліковіч. Зь іншых прыватных WEB-сайтаў, якія рэклямуюць Беларускую Свабоду пералічу «Беларускую старонку Кастуся Мардвінцава», арыгінальны старасьвецкі праект Міколы Пачкаева, палітычную старонку «Беларусь» Сяргея Палевікова, WEB-сайт «Рэспубліка Беларусь - Шлях да свабоды і дэмакратыі» беларускага студэнта з Бэрліну, схаванага за мянушкай«Фанкі» і вядома, старонка бэнгальскага беларуса Рашэда Чоўдгуры, які жыве ў Кувэйце. Безумоўна, гэта далёка не вычарпальны сьпіс удзельнікаў нашага дыялёгу на Інтэрнэце, і мне прыкра адчуваць, што я чыста фізычна не магу падзякаваць усім. На заканчэньне апошняя навіна. Інтэрнэтная старонка Беларускай Службы Радыё Свабода апрача ранейшага, мае цяпер і спрошчаны адрас. Вось ён: Нагадаю заадно і адрас электроннай пошты нашай інтэрнэтнай старонкі - svaboda@rferl.org. Слухайце нас, чытайце нас у Інтэрнэце, пішыце. Заставайцеся са Свабодай. Сяргей Шупа, webmaster, Прага
|
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |