RFE/RL |
Агляд беларускага Сеціва за тыдзень(эфір 28 траўня)Вядучы Сяргей Навумчык. Сярод тэмаў выпуску: Інтэрвію з ананімным аўтарам гумарыстычнага сайту “Карчма ў старога Язэпа”; як беларускія дзяўчаты выкарыстоўваюць вэб-прастору для знаёмстваў з патэнцыйнымі жаніхамі. У адной з ранейшых перадачаў я абяцаў Вам інтэрвію з аўтарам вэб-сайту “Карчма ў старога Язэпа” – хіба што самага папулярнага, нароўні з “Чарнобыльскім вожыкам”, гумарыстычна-сатырычнага сайту. У адрозьненьне ад “Вожыка”, стыль якога – гранічны гратэск, буфанада, зьедлівыя карыкатуры, давядзеньне рэаліяў лукашэнкавай Беларусі да абсурду, – у “Язэпа” іншы стыль, максымальна набліжаны да рэаліяў. Тут – сьмешыя гісторыі з найноўшай гісторыі Беларусі – накшталт таго, як напярэдадні выбараў ініцыятыўная група Лукашэнкі мела намер правесьці “шэсьце пратэсту супраць замаху на жыцьцё кандыдата ў прэзыдэнты”. І ня вельмі сьмешныя – як 9 траўня 94 году Васіля Быкава і Зянона Пазьняка міліцыя не пусьціла да вечнага агню на пляцы Перамогі, пакуль адтуль ня зьехалі тагачасныя сьпікер парляманту і прэмьер-міністар; наконт сусьветна-славутага пісьменьніка і лідара апазыцыі афіцэр міліцыі перадаў начальству па рацыі, што затрымаў “невядомых асобаў”… Ёсьць у Карчме і цікавыя здымкі на тэму беларускай палітыкі. А нехта выступіў у ролі іміджмэйкера Лукашэнкі, з дапамогаю кампутарнага дызайну спачатку пазбавіўшы яго зачосу, а потым і вусоў. Зусім чалавек не пазнаць. А цяпер, нарэшце, інтэрвію. Але яно – незвычайнае. Гэтым разам у ім ня будзе гучаць голасу аўтара вэб-сайту, бо ён застаецца ананімным. Шчыра кажучы, паводле ўскосных прыкметаў я магу здагадвацца, хто гэта – але ня больш таго, і ўсе мае спробы раскрыць аўтара былі безвыніковымі. І зразумела, чаму ў сёньняшняй Беларусі ня толькі “Стары Язэп”, але і ці не самы папулярны дыскусыйны сайт “Дранікі” утрымліваецца ананімным аўтарам. Дарэчы, аналягічная сытуацыя – і ў Кітаі, і на Кубе. Хацеў было працягнуць гэты звыклы для беларуса пералік краінаў з пэўным грамадзкім ладам за кошт Паўночнай Карэі – але так і не ўдалося даведацца пра наяўнасьць там Інтэрнэту ў больш-менш шырокім карыстаньні. З аўтарам сайту “Карчма ў старога Язэпа” мы сьпісаліся з дапамогаю кампутарнай пошты. Я задаў пытаньні – ён адказаў. Найперш, канечне, цікавіла – якая была першапачатковая мэта сайту? (Язэп:) “Нічога грандыёзнага. Папросту мне самому гэтым цікава займацца. А потым я сьцяміў, што і іншым было б цікава. Так і зьявіўся ў інтэрнэце сайт “Карчма”. Але, калі паразважаць, мой сайт мае больш глыбінны сэнс, чым проста сьмяшкі над палітыкамі. Спадзяюся, што “Карчма” адыграе пэўную ролю ў станаўленьні ідэалаў беларускай палітыкі, дасьць людзям магчымасьць глянуць на палітыкаў вачыма простага чалавека, якога цікавіць не палітычная гульня, а свой лёс, лёс сваіх дзяцей, сваёй зямлі. Можа, і завецца сайт “Карчмой” таму, што ў тыя часы простыя людзі шчыра дбалі пра свой дабрабыт, а значыць, і пра дабрабыт свайго краю, не гуляючы ў палітыку. Зараз усе кінуліся ў палітыку і забыліся на свае справы. Гэта нядобра перадусім з той прычыны, што губляецца дыстанцыя, і людзі няздольныя аб’ектыўна ацэньваць сытуацыю з уласнай пазыцыі. Ім навязваецца пазыцыя партыяў і лідараў. Я – захоўваю гэтую дыстанцыю. І назіраю за ўсімі падзеямі, як просты местачковы дзядзька. (Вядучы: ) “Што, на Ваш погляд, павінна адрозьніваць вэб-сайт кшталту Вашага ў справе дызайну?” (Язэп: ) “На жаль, я не прафесыйны дызайнэр. Таму не магу ажыцьцявіць свае задумы па афармленьні сайту. Што да ідэалу, дык ён павінен адлюстроўваць соцыя-культурны кантэкст “Карчмы” і мэнталітэт беларускай нацыі. Тое ж тычыцца й тэкстаў. І над гэтым усім я паволі працую”. Апошнім часам Карчма ў Старога Язэпа папоўнілася новымі віртуальнымі стравамі. Пераважна прыгатаванымі тым, хто да 20 ліпеня 99 году зьяўляўся легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Тут зьмешчаныя ягоныя цытаты, і ня толькі ў тэкставым, але і ў аўдыяварыянце – гэта значыць, што іх можна праслухаць праз кампутар. Паміж іншым, павінен жа прагучаць у нашай перадачы хоць адзін не ананімны голас, голас, уладальніка якога можа пазнаць кожны. Напрыклад, вось такое: (Лукашэнка: ) “Патрэбны бальшыя грошы! Хто нам сёньня дасьць грошы?
Гэтыя камэрсанты не дадуць, бізнэсмэны не дадуць – трэба ісьці к бандытам!”
І ў завяршэньне тэмы нагадаю, што аўтар сайту “Карчма ў старога Язэпа”запрашае
ўсіх, хто ведае якія-небудзь цікавыя факты з найноўшай беларускай гісторыі
– дасылаць іх ў Карчму. Нагадаю адрас сайту – http://www.pig.minsk.by/karczma/
А цяпер – пра тых, хто з Інтэрнэтам зьвязвае ні больш ні меньш, як спадзяваньні на ўласнае шчасьце. Мы ўжо распавядалі аднойчы пра адзін з гэтак званых шлюбных сайтаў, якія па-сутнасьці зьяўляюцца шлюбнымі агэнцыямі. Гэтым разам – пра вэб-сайт Аліса-анлайн, дзе зьмешчаныя больш за дзьве сотні анкетаў грамадзянак Беларусі, якія жадаюць выйсьці замуж. Мяркуючы па ўсім, за замежнікаў, бо вэб-сайт зроблены толькі на ангельскай мове. Прыгадаем, што прафэсія свацьцяў існуе стагоддзі, так што мы усяго толькі маем справу з віртуальным яе варыянтам. З той розьніцай, што патэнцыйных жаніхоў – не два-тры, а дзесяткі тысячаў. Адпаведна, і адказнасьць тых, каму жанчыны дпаверылі свой лёс – значна большая, чым у местачковай свацьці. І найбольш складаная роля, зразумела, у фатографа. І трэба сказаць, якасьць фатаздымкаў на сайце «Аліса-анлайн» адрозьніваецца ад тых, што на некаторых іншых сайтах, якія здольныя хутчэй адштурхнуць ад жанчынаў, чым прывабіць. Жанчыны з Беларусі тут называюцца «ўпрыгожаньнем Усходняй Эўропы» -- з чым мы таксама пагодзімся, і яны, лічаць уладальнікі агэнцыі, спалучаюць прыгажосьць і элегантнасьць Расеі з вопытнасьцю, якую рэдка сустрэнеш у гэтым рэгіёне. Ну, як зразумець апошняе – застаецца загадкаю. Канечне, шчасьце – шмат у чым вынік удачы, але ў гэтым выпадку яно найбольш залежыць ад саміх нявестаў, ад таго, як яны здолеюць сябе паказаць. Прычым, і ў літаральным сэнсе – на фотаздымку, і ва ўскосным – анкетнымі дадзенымі, ды тымі трыма-чатырма радкамі, дзе распавядаюць пра свае прыхільнасьці. Варта сказаць, што, у большасьці, дзяўчаты робяць гэта ўдала. Але – не заўсёды. Вось нехта Алена, 22 гады, паведамляе, што яна жыве ў Менску, бляндынка з зялёнымі вачыма – ну, гэта бачна і па фотаздымку. Яна паведамляе, што любіць спорт, падарожжы, тэатар , кіно, сочыць за сваім зьнешнім выглядам, што жыве ў Менску – перадае “прывітаньне з далёкай Расеі”. Дарэчы, і аўтары сайту шмат дзе падкрэсьліваюць, што прадстаўляюць… беларускіх дзяўчатаў з Расеі. Канечне, слова Russian сьвеце больш вядомае, чым Вelarusіan, аднак, калі аўтары мяркуюць, што робяць гэтым добрую паслугу сваім кліенткам – памыляюцца. Мода на а-ля рюс у сьвеце адыйшла з эпохай Гарбачова, а цяперашні імідж Расеі не спрыяе яе грамадзянам ў замежжы, у чым пераконваецца кожны, хто ў гэтым замежжы быў. Але вернемся да нявестаў. Пра беларускіх дзяўчатаў гаворыцца шмат добрых словаў, і выглядаюць яны прывабна, і разумныя – як не пашкадаваць, што вось выйдуць за англічанаў ды французаў, і зьедуць ў такой вось колькасьці. Тым больш крыўдна, калі некаторыя з гэтых прыгожых жанчынаў самі сабе шкодзяць. Да прыкладу, некаторыя пішуць, што паводле характару – сьціплыя, і друкуюць фотаздымак у больш чым сьмелым купальніку-бікіні, амаль што не галышом. Звычайна такія здымкі заходні мужчына прызвычаіўся бачыць у выданьнях, якія спэцыялізуюцца ў рэкляме зусім не доўгатэрміновых знаёмстваў. Ды й выстаўляць у публічнае месца свой фотаздымак у скураных шортах,
як бы шыкоўна яны не ўспрыймаліся ў Паставах ці ў Баранавічах, на Захадзе
– дурны тон. Прыгожыя ногі паказаць не зашкодзіць, але дзеля гэтага можа
падыйсьці і нешта больш цывілізаванае. Тым больш, што ў выбары партнёра
на ўсё жыцьцё, а не на адзін вечар, ня меньшую ролю адыграе якраз наяўнасьць
густу.
Мяне, праўда, зьдзівілі ўзроставыя крытэрыі да жаніхоў – часам дзяўчаты 18-20 гадоў згодныя выйсьці за мужчынаў ад 45, якія, падаецца, для іх ужо стараватыя. Ну – але справа густу. Тыя, каму ўжо аднойчы не пашанцавала з “другой паловай” і хто мае дзяцей – слушна робяць, што даюць часам фотаздымкі сваіх дзяцей, бо пэўная частка жаніхоў, як гэта не падасца дзіўным былому савецкаму чалавеку, жадаюць ажаніцца менавіта на жанчынах зь дзецьмі. Правільна і тое, што не хаваюць факт ранейшага шлюбу тыя, хто ўжо былі замужам – на Захадзе гэта наогул не ўспрымаецца, як праблема. Тым больш, у часы фэмінізму. І наогул, самае галоўнае – гэта шчырасьць. Эўрапейцы, тым больш амэрыканцы, шмат што могуць дараваць – акрамя хлусьні. І будзе прыкра, калі чароўны вобраз, хай сабе пакуль і віртуальны, імгненна зьнікне пасьля першай жа сустрэчы. Дарэчы, прагледзеўшы анкеты, я заўважыў, што ў графе “ці паліць нявеста” – ніводная не адказала станоўча. Дзяўчатаў сотні – і ніхто ня паліць. Мне такое падалдося крыху дзіўным. А магчыма, я памыляюся, і ў Беларусі менавіта тыя, хто паліць, ня маюць патрэбы ў жаніхах. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |