RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Беларускі Дыялёг на Інтэрнэце



Агляд беларускага (і ня толькі) Сеціва за тыдзень

(эфір 10 верасьня)

Вядучая Вольга Караткевіч.

У сёньняшнім выпуску: абнаўленьне сайту "Дэманстрацыя": артыкул "Малады кансьпіратар", дыскусія пра беларуска-польскія дачыненьне на сайце "Камунікат", Інтэрнэт-навіны. У лічыльніку Акавіта ў катэгорыі “Палітыка” у першую шасьцёрку ўваходзяць сайты “Дэманстрацыя” – сайт для аматараў сходаў, мітынгаў і масавых мерапрыемтваў. Усходне-Эўрапейскі сацыяльна-дэмакратычны форум – сайт міжнароднага аб’яднаньня сацыял-дэмакратычных, сацыялістычных і лейбарысцкіх партыяў Усходняй Эўропы, Камунікат – бюлетэнь Беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія, дзе, апроч польска-беларускіх дачыненьняў, - шмат актуальнай інфармацыі пра Беларусь. Таксама сайт Маладога фронту – які сам сябе называе правым цэнтрам актыўнае беларускае моладзі. Пятым, выперадзіўшы на адну пазыцыю сайт Зянона Пазьняка, Акавіта фіксуе сайт дэпутата так званай Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Шпілеўскага.

Мы зазірнула на старонку лідара – сайт Дэманстрацыя і знайшлі абнаўленьне – артыкул “Малады кансьпіратар. Як супраціўляцца”. Завяршаецца артыкул высновай: “Свабода – гэта ня тое, у што трэба верыць, свабоду трэба адчуць практычна”. У артыкуле гаворка пра гісторыю польскай “Салідарнасьці”і пра прынцыпы падмосьцевай дзейнасьці.. Аўтар заяўляе, што немагчыма вызначыць мяжу кампрамісу з чырвонымі: “Чырвоны ведае толькі адно правіла пальца й рукі: дай яму кончык пальца і не заўважыш, як страціш руку”. Чытайце пра прынцыпы фінансаваньня падпольных арганізацыяў, пра тое, як ствараць сетку зьвязных і гэтак далей. Аднак галоўнае ў змаганьні за свабоду – гэта Салідарнасьць!” – цытуе аўтар сайту Дэманстрацыя польскага дысыдэнта Яцка Кураня.

Трэцім у палітычным рэйтынгу Акавіты – сайт Камунікат – вэб-старонка Беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія. Адрас: www.republika.pl/kamunikat. Гэты сайт, створаны нядаўна, выглядае вельмі прафэсыйным. На старонцы можна дыскутаваць на тэмы – пра будучыню Інтэрнэту, пра беларуска-польскія дачыненьні. На сайце – цікавыя лінкі, інфармацыя пра супрацоўнікаў Беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія. На сувязі ў Беластоку адзін са стваральнікаў сайту журналіст Радыё Беласток Яраслаў Іванюк:

(Iванюк: ) “Дзякую сардэчна за прызнаньне гэтага сайту паўнацэнным. Я паставіў яго фактычна ў гэтае месца пры канцы ліпеня. Раней можна было яго загрузіць зь неафіцыйнай старонкі беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія. Усё пачалося з таго, што супольна зь сябрамі з Палёніі мы вырашылі, што павінен існаваць нейкі бюлетэнь беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія. Думалі мы пра папяровае выданьне. Цягам часу прыйшла выснова, што было б добра, каб паставіць у Інтэрнэце, які ўваходзіць ва ўсе дзялянкі нашага жыцьця”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, Яраслаў, а ці ёсьць ужо сталыя наведнікі сайту. Я бачыла, што ўжо распачатая дыскусія на сайце на некаторыя тэмы. Раскажыце пра гэта…”

(Іванюк: ) “Сталыя наведвальнікі гэтага сайту гэтага ёсьць. Хаця трэба прызнаць, што пакуль няшмат. Калі гаварыць пра дыскусію, дык гэтая дыскусія ў эфіры Радыё Палёнія. Тэма: “Беларусь і Польшча ў сьвеце 21-га стагодзьдзя”. У радыёпраграмах яна яшчэ трывае, хаця ўзнагароды, зьвязаныя з гэтай дыскусіяй, ужо раздадзеныя. Мы раслалі нашым слухачам 15 прымачоў за найбольш цікавыя разважаньні. Першая дыскусія распачалася ў 1994 годзе і была прысьвечаная беларускай мове, яе стану і пэрспэктывам разьвіцьця. Трэба прызнаць, што на гэтую тэму было найбольш разважаньняў. Пазьней мы разважалі пра пэрспэктывы польска-беларускіх дачыненьняў. Пра гісторыя кантактаў, задумоўваліся пра імкненьне Польшчы ў эўраатлянтычныя структуры. Дыскусія пра беларуска-польскія дачыненьні прыцягнула да ўдзелу амаль 40 асобаў. І цяпер на сайце “Камунікат” можна прачытаць самыя цікавыя разважаньні. Цяпер просім слухачоў дасылаць новыя тэмы і прапановы для дыскусіі”.

(Карэспандэнт: ) “Яраслаў, калі падсумаваць, дык як бачаць слухачы Радыё Палёнія і чытачы сайту “Камунікат” беларуска-польскія дачыненьні ў будучыні? Гэта сумеснае, суседзкае разьвіцьцё ў дэмакратычнай Эўропе, ці нейкае адасобленае існаваньне Беларусі…”

(Іванюк: ) “Аўдыторыя Радыё Палёнія і наведнікі сайту “Камунікат” вельмі аптымістычныя. Яны сьхіляюцца да такога погляду, што Беларусь і Польшча будуць з сабой увесь час кантактаваць, ня будзе жалезнай заслоны на рацэ Буг. Хутчэй за ўсё, нашыя слухачы разьлічваюць на тое, што Беларусь і Польшча пойдуць у тым жа напрамку – у напрамку эўрапейскай інтэграцыі. Мне здаецца, што сапраўды, прарокам быць няпроста, але як будзе, пакажа час. І мне напрыканцы хацелася б падзякаваць журналістам Радыё Свабода за зацікаўленьне гэтым сайтам, ужо неўзабаве на гэтым сайце зьявяцца на мой погляд вельмі цікавыя размовы. Першая – суразмоўцам будзе Альбін Абрахамсон са Швэцыі, аўтар кніжкі “Беларусь. 89 мілімэтраў ад Эўропы”. А другая размова, якая больш датычыць Польшчы – гэта размова з паслом Рышардам Чарнэцкім, з выбарчай акцыі “Салідарнасьць” пра закон аб рэпартыяцыі. У новым выпуску “Камунікату” напэўна знойдзецца й нейкі матэрыял пра 20-ці годзьдзе “Салідарнасьці”, якое адзначаецца ў гэтым менавіта годзе”.

На сувязі ў Беластоку быў журналіст Радыё Беласток, супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія Яраслаў Іванюк. Нагадаю адрэсу сайту “Камунікат”:

www.republika.pl/kamunikat.

А Зараз – навіны Інтэрнэту

Пачнем з прыемнага: паводле статыстыкі лічыльніка Акавіта сайт Беларускай свабоды чытаюць ужо ў 73-х краінах сьвету. Нагадаю, што сайт афармляецца клясычным беларускім правапісам.

Цягам месяца ад апошняга аднаўленьня SANA – свойскае агенцтва навінаў і аргумэнтаў - не працавала. Сёньня ўжо можна чытаць матэрыялы на гэтым сайце. Стваральнікі сайту тлумачаць: “SANA мусіла пасыўна адпачываць пад жнівеньскім сонцам. Пасьля інтэрвію для Радыё Свабода для праграмы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце” “дабразычліўцы” атакавалі тэлефонную лінію вэб-майстра SANA. У выніку быў спалены мадэм. Гэта ўжо пяты, як сьцьвярджаюць стваральнікі сайту – Свойскае агенцтва навінаў і аргумэнтаў – за апошні год выпадак шкоды. “Але нашая зямля багатая на электронна-тэхгічныя таленты і самародкі”. Канец цытаты. Менавіта яны й пранавалі SANA дапамогу.Чытайце сайт з адрэсай: www.inform.org.by/sana

А зараз – замежныя Інтэрнэт-навіны.

Заснавальнік самага вядомага амэрыканскага фэсту незалежнага кіно Sundance, актор і рэжысэр Робэрт Рэдфард паведаміў пра стварэньне фэстывалю незалежнага кіно ў Інтэрнэце ў рэжыме он-лайн: The Sundance Online Film Festival. Ад 18-га студзеня да 28-га лютага наступнага году аматары кіно з усяго сьвету змогуць убачыць на сайце фэстывалю новыя фільмы. Фэстываль Sundance адкрыў для Амэрыкі братоў Коўэнаў, Сьцівена Содэрбэрга, Квэнціна Таранціна і Тода Соландца. У інтэрнэт-фэстывалі ў рэжыме on-line The Sundance Online Film Festival: будуць браць удзел дакумэнтальныя, гульневыя і анімацыйныя фільмы. А таксама інтэрактыўныя і экспэрымэнтальныя работы, створаныя для трансьляцыі праз Інтэрнэт.

Днямі акружны суд амэрыканскага штату Мэрыленду зьняў абвінавачваньні з паліцэйскага Дональда Тэйлара, які намагаўся спакусіць непаўнагадовую дзяўчыну празь Інтэрнэт. Пракурор Штату Мэрыленд падаў апэляцыю на пастанову акруговага суду. А гісторыя такая: на адным зь інтэрнэт-чатаў 44 гадовы Дональд Тэйлар пазнаёміўся зь 15-ці гадовай Стэфані. Пасьля інтэрнэт-кантактаў Дональд ськіраваўся ў Мэрыленд на сустрэчу зь дзяўчынай. З сабою ён узяў цацку – медзьведзяня і пачак прэзэрватываў. Замест дзяўчыны яго сустрэла паліцыя. Ролю Стэфані ў сеціве гуляла жанчына-паліцыянт. Суд улічыў гэты факт і палічыў, што злачынства няма. “Мэрылендзкая справа” стала судовым прэцэдэнтам і можа пагражаць эфэктыўнасьці апэрацыяў, якія робяць ФБР і паліцыя, прыкрываючыся ананімнасьцю сеціва. Апэляцыя акруговага пракурара будзе разглядацца ў судзе штату Мэрыленд да кастрычніка.

На мінулым тыдні прэм’ер-міністар Эстоніі Март Лаар правёў першую ў гісторыі краіны віртуарльную сустрэчу з насельнікамі ў рэжыме рэальнага часу. Аднак гэтую спробу азмрочылі хакеры. Сустрэча была арганізаваная на вэб-старонцы эстонскай партыі “Саюз Айчыны”, якая не забясьпечыла неабходнай абароны. У выніку пасьля завяршэньня сустрэчы Лаара з наведнікамі старонкі, некаторыя хакеры яшчэ пэўны час распаўсюджвалі ад ягонага імя адвольныя адказы на пытаньні. Частка сфальсыфікаваных адказаў патрапіла ў Сродкі масавай інфармацыі. Прэсавы сакратар эстонскага ўраду быў змушаны зьвярнуцца да журналістаў з прозьбай “стрымана і крытычна” ставіцца да адказаў Марта Лаара.

Асашыэйтэд прэс паведамляе, што ад 7-га верасьня кампанія Сега паведаміл, што запускае ўласную гульневую сетку СегаНэт. Сетка прызначаная для гульняў на Дрымкаст і ПіСі ў мульціплэерным рэжыме. Доступ да сеткі Сега будуць мець усе карыстальнікі Інтэрнэту. У Злучаных Штатах Амэрыкі СегаНЭТ будзе выступаць у якасьці правайдэра і мець уласныя каналы са шлюзамі ў Інтэрнэт. Карыстальнікі кампутараў змогуць гуляць у сетцы таксама ў гульні для пэрсанальных кампутараў.Ужо сёлета кампанія абяцае запусьціць у сваю сетку да 12 гульняў.

У Японіі створаны чарговы сабака-робат. Сабаку завуць Dog.com. Асноўная асаблівасьць гэтага сабакі – магчымасьць прыстасоўвацца да характару і схільнасьцяў гаспадара. Новы саба ад кампаніі Томі ўмее брахаць, просіцца пагуляць і можа дэманстраваць сабакавы эмоцыі. Апроч таго электронны сабака можа выдаваць 795 гукаў, у тым ліку й некаторыя фразы па-японску. Dog.com можа вырасьці добрым і злым. Каштуе сабака, які гатовы дагаджаць гаспадару, - 15 даляраў.

Вольга Караткевіч, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org