RFE/RL |
Агляд беларускага (і ня толькі) Сеціва за тыдзень(эфір 20 жніўня)Вядучая Вольга Караткевіч. У сёньняшнім выпуску – Інтэрнэт дае расейцам магчымасьць гаварыць. Пра рэальную сытуацыю вакол катастрофы ў Баранцавым моры. “Думай! Гэта зусім не балюча!” – пад такім назовам на сайце Хартыі-97 зьмешчаны артыкул старшыні АГП Анатоля Лябедзькі. Інтэрвію з аўтарам сайту “Беларускі” Сяргеем Палевіковым, які жыве ў Х’юстане. Мы прадстаўляем сатырычныя навінкі сайтаў “Дзед Талаш” і “Карчма ў старога Язэпа”. Пачну з сайту, зьяўленьне якога выглядае вельмі актуальным для беларускіх карыстальнікаў Інтэрнэту. На сайце “Ратуйце іхныя душы!” – перапіска неабыякавых да падзеяў вакол затанулай расейскай падводнай субмарыны “Курск”. Былы капітан падводнага плаваньня Кірыл Бекасаў, афіцэр у адстаўцы, які жыве ў расейскім горадзе Стаўрапалі, выкарыстаў Інтэрнэт, каб выказаць трывогу з нагоды афіцыйных вэрсіяў катастрофы ў Баранцавым моры. Бекасаў аналізуе тое, што адбылося пад час аварыі атамнай субмарыны “Курск”. На сайце з адрэсай www.stavropol.net/kirill/aplguest/htm – допісы былых маракоў, сваякоў маракоў, людзей, якіх абурае практыка замоўчваньня сапраўднай інфармацыі пра катастрофу і лёс экіпажу. Цытую аднаго ўдзельніка дыскусіі, які зьвяртаецца да ўладальніка сайту Кірыла Бекасава: “Паважаны Кірыл, прапаноўваю стварыць сайт, адрасаваны ўраду, з патрабаваньнем адстаўкі галоўнакамандуючага Ваенна-марскога флёту Расеі”. Сьвятлана напісала, што яе брата, які служыць на падводнай лодцы Паўночнага флёту, няма на борце “Курска”, але даведацца пра гэта і што ён жывы ўдалося пасьля шматлікіх гістэрычных тэлефанаваньняў. Расеец, які жыве ў ЗША піша, што там наагул гавораць, што ніякага сыгналу SOS з лодкі не было, і хлопцы загінулі ў першыя хвіліны аварыі. Што да пытаньня замежнай дапамогі Расеі, карыстальнік зь іменем Мішка піша: “Трэба было крычэць пра дапамогу і зьвяртацца да ангельцаў, амэрыканцаў, швэдаў, Бога ці д’ябла, але маракоў уратаваць. Дарэчы, пра інтэрнэт -старонку былога марака Бекасава, які жыве ў расейскім стаўрапольлі напісала вядомая амэрыканская газэта “The Christian Science Monitor” і артыкул назвала “Інтэрнэт дае расейцам магчымасьць гаварыць” На сайце грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” зьмешчаны артыкул лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі “Думай! Гэта зусім не балюча”. Анатоль Лябедзька разважае пра выбары і піша, што “паміж выбарамі і рэвалюцыяй выбірае першае, і паміж выбарамі і выбарчым фарсам – таксама першае”. Чаму апазыцыя ня можа, не павінная ўдзельнічаць у сцэнары, прапанаваным “Чырвоным домам”, - пытаецца Лябедзька і адказвае, - “любыя спробы граць на полі Лукашэнкі азначае граць бяз правілаў, гэтыя спробы – беспэрспэктыўныя”. Адзначу што да сайтаў буйных палітычных партыяў, дык іхя старонкі не аднаўляюцца. Я тэлефанавала ў Менск і ў офісе партыі БНФ Адраджэньне і БСДП “Народная Грамада” мне паведамілі прычыну: у першай – лета, у другой – падрыхтоўка да выбараў. Днямі ў Інтэрнэце зьявілася старонка гомельскага моладзевага цэнтру Гарт. Адрэса: www.hart.boom.ru Гарт – некамэрцыйная, недзяржаўная арганізацыя і мае досьвед у працы ў трэцім сэктары. Сайт цэнтру Гарт прысьвечаны моладзевым арганізацыям Гомельшчыны, іх дзейнасьці. На сайце наведнікі могуць знайсьці базу дадзеных моладзевых дэмакратычных аб’яднаньняў рэгіёну з кароткім апісаньнем кожнае, таксама каардынаты незалежных моладзевых выадньняў. У рубрыцы навіны – аповед пра падзеі ў рэгіёне. У нас на сувязі ў Гомелі кіраўнік Моладзевага цэнтру “Гарт” Алесь Карніенка: (Карніенка: ) “Ну, на сёньня дасьпелі да таго, што была магчымасьць, прычым усё гэта зробленае на энтузіязьме нашых сябраў і ніякай падтрымкі дадатковай мы ня мелі на гэта. Я б адразу хацеў падзякаваць за працу і натхненьне Сяргея Адзінца, намесьніка старшыні моладзевага цэнтра “Гарт”. (Карэспандэнт: ) “Я праглядала сайты іншых моладзевых арганізацыяў, недзяржаўных арганізацыяў Беларусі. Гэтыя сайты ад пачатку вельмі моцна пра сябе заяўляюць, а пасьля інфармацыя на гэтых сайтах рэдка абнаўляецца. Якімі вы валодаеце рэсурсамі, каб гэты сайт быў паўнацэнным і абнаўляўся?” (Карніенка: ) “Пачалі выдрукоўваць такі маленькі бюлетэнчык “Гарт-інфарм”. Ужо выйшла каля 7-8 нумароў. Ад пачатку мы ў гэтым бюлетэні падавалі інфармацыю ня толькі пра тое, што робіць “Гарт” альбо да чаго мае дачыненьне, але пра ўсе моладзевыя арганізацыі дэмакратычнага накірунку. Напэўна, гэты досьвед падачы інфармацыі, збору інфармацыі і кантактаў з тымі, хто нешта робіць у нашым рэгіёне, ён і дазваляе зараз выходзіць на ўзровень добрага сайту ў Інтэрнэце. Спадзяюся, у гэтым зацікаўленыя і арганізацыі, пра якія там згадваюцца”. (Карэспандэнт: ) “Пра што вы будзеце расказываць? Якая сытуацыя ў моладзевым дэмакратычным сэктары Гомельшчыны?” (Карніенка: ) “Я б сказаў так. Калі браць пачатак 97-га году, ці наагул 96-ты. Дык пры канцы 96 году была дата – 10-ці годзьдзе стварэньня “Талакі”, відаць, самай старой дэмакратычнай арганізацыі Беларусі. Менская “Талака” некуды падзелася, а ў Гомелі яна засталася. Напачатку 97-га году паўсталі такія 2 арганізацыі: “Яравіт” і гомельскае адзьдзяленьне “Грамадзянскага форуму”, зь якога выйшаў потым і “Гарт”. На сёньня гэта больш як 10 арганізацыяў, суполак. І мы выходзім за межы абласнога цэнтру, бо ўжо ёсьць арганізацыі ў раёнах, а таксама выданьні”. Алесь Карніенка таксама паведаміў, што сайт гомельскага моладзевага
цэнтру Гарт рыхтуецца да асьвятленьня выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў,
таму што шмат маладых людзей розным чынам будуць браць удзел у гэтай кампаніі:
падтрымліваючы кандыдатаў і ў акцыі байкоту.
Усё пра Беларусь – на ангельскамоўным сайце Беларускі: www.belarusian.com На сайце падрабязная інфармацыя пра геаграфію, гісторыю, культуру Беларусі. Пра палітычную сытуацыю ў краіне. Сайт выглядае вельмі прафэсыйным, ўтрымлівае статыстыку колькаснага складу беларускіх палітычных партыяў, фіксуе асноўныя падзеі, зьвязаныя з замежнай палітыкай краіны і гэта далей. Што найбольш уражвае – сьпіс знакамітых беларусаў. Сярод расейскіх літаратурных клясыкаў шмат беларусаў – Дастаеўскі, Грыбаедаў, Аляксандар Грын. Гэтаксама як і кампазытараў –Глінка, Мусаргскі, Стравінскі, Шастаковіч… Прачытаўшы сайт, вы даведаецесе, што бацька актора Майкла Дугласа Кірк мае беларускае паходжаньне. Як і былы прэм’ер Грэцыі Андрэас Папандрэу. І гэтак далей. Я скантактавалася з аўтарам сайту. Сяргей Палевікоў жыве цяпер у Амэрыцы. Я папрасіла яго расказаць пра сябе і беларускі сайт. На сувязі ў Хьюстане стваральнік сайту Беларускі www.belarusian.com – Сяргей Палевікоў: (Палевікоў: ) “Дзякуй, Вольга, за Ваш тэлефонны званок. Мяне завуць Сяргей, я прыехаў у Штаты ў 1995 годзе і вучуся зараз ва ўнівэрсытэце Х”юстана. Мая спэцыяльнасьць “Фінансы і эканоміка”. Сайт стварыўся ў 1998 годзе на дабраахвотных пачынаньнях. Спачатку я быў адзіным стваральнікам сайту, але потым яшчэ знайшоў людзей. Я ствараў гэты сайт, каб людзі на Захадзе ведалі пра Беларусь. Таму гэты сайт на беларускай мове”. (Карэспандэнт: ) “Скажыце, цягам гэтых гадоў ці абдываліся кантакты ў пытаньнях сайту? Калі вы даеце інфармацыю пра партыі, дык указваеце колькасны склад. Адкуль вы бераце інфармацыю?” (Палевікоў: ) “Натуральна, я кантактую з многімі людзьмі зь Беларусі. Нам шмат дасылаюць лістоў празь Інтэрнэт. Інфармацыю пра партыі я атрымаў з артыкула зь незалежнага беларускага друку. Мне прыслалі.У нас у Амэрыцы таксама ёсьць беларускія выданьні. Так што інфармацыя ёсьць.” (Карэспандэнт: ) “Мяне ўразіў пералік беларускіх знакамітасьцяў… Гэта папулярна. Прыкладам, газэта “Навінкі” пісала, што Моніка Левінскі таксама паходзіць зь Беларусі… Хто вам дапамагаў складаць гэты пачэсны сьпіс?” (Палевікоў: ) “Большасьць знакамітых людзей мы выбіралі для сьпісу самі. І палічылі, што нават людзі, якія нарадзіліся ў Беларусі, могуць уваходзіць у гэты сьпіс.” (Карэспандэнт: ) “Якія сайты беларускага Інтэрнэту Вы б адзначылі адпаведнымі ўсясьветным стандартам?” (Палевікоў: ) “Натуральна, я б адзначыў сайт Радыё Свабода. Вельмі прафэсыйна
падаецца інфармацыя. А таксама сайт Хартыі-97.
(Палевікоў: ) “Дзякуй вялікі. Я б сказаў, што любая дапамога была б вялікай дапамогай. Мы б, канешне, шукалі дабраахвотнікаў, якія б нам дапамаглі прадстаўляць інфармацыю на беларускай мове.” Да нас зьвярнуўся аўтар першага беларускага электроннага парталу і каталёгу “Дзед Талаш” і паведаміў, што распачаў штодзённую публікацыю аўтэнтычных беларускіх анэкдотаў, показак, сьмешных гісторыяў. Аўтар праекту запрашае карыстальнікаў Інтэрнэту, якія маюць пачуцьцё гумару ці ведаюць сьмешныя гісторыі далучацца і дасылаць свае анэкдоты. Празь Інтэрнэт, натуральна. Адрас: www.dt.hom.by Мы пацікавіліся пачуцьцём гумару Дзеда Талаша: Двадцатыя гады. Невялiкi хутар на мяжы Заходняе й Усходняе Беларусi.
Што да гумару на Беларускім інтэрнэце, то зьява гэтая становііца ўлюбёным сродкам абнаўленьня сайтаў. Прычым галоўны герой жартаў першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Сайт “Карчма ў Старога Язэпа” ўжо прапаноўвае вэрсыю на польскай мове. Аўтар праекту тлумачыць польскамоўным карыстальнікам, што Карчма зьяўляецца цэнтрам жыцьця беларускага народу. Ня толькі месцам, дзе можна выпіць і пераначаваць, але інфармацыйным цэнтрам. У ёй распаўсюджваюцца навіны, плёткі. На сайце “Карчма ў старога Язэпа” разьмешчаны падбор фатаздымкаў Аляксандра Лукашэнкі пад час ягонай службы ў войску. Можна ўбачыць Лукашэнку, які маршыруе ў калёне, стаіць зь мячыкам, правярае, ці ёсьць патроны ў стрэльбе. Гэты фотаальбом называецца “Дэмбельскі”. На сайце абнаўляецца калекцыя выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, якія можна паслухаць у фармаце рэальнага аўдыё. Стары Язэп працягвае зьбіраць цытаты беларускіх палітыкаў і журналістаў. Выбары ў Беларусі актуалізуюць разьдзелы сайту “Карчма ў старога Язэпа” – “Летапіс беларускай дэмакраты” і “Летапіс беларускай дыктатуры”. У “Летапісе беларускай дэмакратыі” – гісторыі 6-ці гадовай даўніны. “Усе помнікі Леніну будуць зьнесеныя ў нас і ва ўсім сьвеце. Улада антыхрыста мінае”, – гаварыў 11 чэрвеня 1994 году Зянон Пазьняк. Тагачасны міністар замежных справаў Пётар Краўчанка напярэдадні візыту Біла і Хіляры Клінтанаў замовіў у народнага майстра Веры Салдатавай саламяны капялюш для Хіляры Клінтан, за які, аказваецца, дагэтуль не разьлічыўся. На загад Мечаслава Грыба ў былым будынку ЦК КПСС аднавіў дзейнасьць масажны кабінэт. А падпісваючы Канстытуцыю, Мечаслаў Грыб гаварыў “Шкада, пяро не залатое!”. А напярэдадні самых прэзыдэнцкіх выбараў газэта “Свабода” раіла Лукашэнку зьмяніць імя Аляксандар на Алесь – каб быць бліжэй да народу. Наведайце сайт Карчма ў старога Язэпа і ўзгадайце “залаты час” Беларускага тэлебачаньня, калі палова краіны чакала на трансьляцыі сэсіяў Вярхоўнага Савету Беларусі і перадачу маладога незалежнага аналітыка Паўла Шарамета “Праспэкт”. Электронны адрас сайту: www.pig.minsk.by. Вольга Караткевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |