RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Беларускі Дыялёг на Інтэрнэце



Старонка для годнага занятку стомленага па працы беларуса, інтэрнэт-дыяпазон беларускага радыё ў Аўстраліі.

(эфір 12 лістапада)
Вядучыя: Сяржук Сокалаў-Воюш і Павал Мажэйка.

У сёньняшняй праграме мы працягваем знаёміць вас зь беларускамоўнымі старонкамі Інтэрнэту.

Чарговае беларускае лучыва -  kryzavanka.bestc.net, аўтары якога прапануюць стомленаму па працы беларусу не навіны ці там інтэлектуальныя размовы, а значна больш годны занятак – сьвежую крыжаванку на тарашкевіцы разам з філіжаначкаю чорнае гарбаты бяз цукру.

“У Беларусі, – адзначаюць аўтары сайту, – зусім бракуе на нармалёвыя, у добрым сэнсе гэтага слова, “папсовыя” выданьні на беларускай мове. Няма ў нас ні сваёй "Вэрсіі“, ні “Зусім сакрэтна” (а ці ставіліся б Вы да апошніх са сьвятой пагардай, калі б тыя выдаваліся клясычным правапісам?). Ды й гэта зразумела – калі ж нашым сур’ёзным дзядзькам займацца рознымі забаўкамі. Зь цяжкасьцю ўяўляецца такая недарэчнасьць і вычварэнства, як, скажам, тая ж крыжаванка ў “Нашай Ніве” ці інтымныя падрабязнасьці з жыцьця “зорак” на радыё “Свабода”, – тлумачаць ідэю стварэньня сайта-крыжаванкі ягоныя аўтары.

Крыжаванка, праўда, абнаўляецца ня штотыдзень, як рэклямуецца, а штомесяц, але затое грунтоўна. З усіх словаў, што выкарыстоўваюцца ў крыжаванках, ствараецца ўласны беларускі тлумачальны слоўнік. Там ужо апісаныя вызначэньні 140  беларускіх словаў.  Што вы думаеце наконт такіх пэрлінаў беларускае мовы, як, вяхотка, гіцаль, стаўбур альбо трэнзель?  А ў слоўніку на старонцы яны ўжо зафіксаваныя, разам з тлумачэньнямі, і гэта не мяжа, бо разьдзелы на шмат якія літары пустыя наогул.

Новая, дзевятая крыжаванка, прапануе згадаць між іншага, што гэта за жывёла такая аўстралійская з даўгімі заднімі нагамі. Або як гучыць сапраўднае прозьвішча Адама Глёбуса.

Ёсьць на сайце і свая Дзесятка лідараў, куды трапляюць тыя, хто найбольш удала разьвязвае крыжаванкі. На сёньня там занятыя толькі восемь пазыцыяў, так што запрашаем на сайт паказаць свае здольнасьці ў беларускай мове і заняць лідарскую пазыцыю галоўнага мовазнаўцы.

Днямі, блукаючы інтэрнэтнымі сьцежкамі, я натрапіў на старонку Беларускай службы аўстралійскага радыё і затэлефанаваў да кіраўніка гэтай службы Вячаслава Елькановіча.

(Сокалаў-Воюш :) “Вячаслаў, як я зразумеў, вашае радыё пашырыла свой дыяпазон і на Інтэрнэт?”

(Елькановіч :) “Абсалютна правільна вы зразумелі нас. Мы ў складзе нашае тэлерадыёкарпарацыі SBS, у якасьці экспэрымэнта выйшлі ў сусьветнае электроннае сеціва ў пачатку лістапада.”

(Сокалаў-Воюш :) “А які аб’ём займае беларуская рэдакцыя ў Інтэрнэце?”

(Елькановіч :) “Пакуль што, як я ўжо адзначыў, гэта экспэрымэнт. Мы мусім пускаць толькі невялікія сэгмэнты, кавалкі нашае праграмы, якія не первышаюць 10-11 хвілінаў. Мы вымушаныя выбіраць цікавую інфармацыю. Я магу адзначыць некалькі досыць цікавых інтэрвію, якія прагучалі ў нашых папярэдніх праграмах. Гэта інтэрвію з беларускімі параалімпійцамі, інтэрвію зь генэральным сакратаром беларускага Параалімпійскага камітэту. А таксама надзвычай цікавае інтэрвію з прадстаўнічкай на Міжнародным кангрэсе юных палітыкаў у Сыднэі-2000, які на прыканцы мінулага году прайшоў у нас.”

(Сокалаў- Воюш :) “Вячаслаў, калі гэта экспэрымэнт, дык ён мае на ўвазе нейкія вынікі…”

(Елькановіч :) “Экспэрымэнт датычыцца толькі тэхнічных умоваў, і ён больш дадзены ня нам, журналістам і вядучым праграмы, а нашым тэхнікам і кампутаршчыкам. З мэтай, каб яны знайшлі найлепшы фармат, вырашылі, як разьмеркаваць той аб’ём памяці, што належыць нам у міжнародным электронным сеціве.”

(Сокалаў-Воюш :) “Як нашым слухачам патрапіць на інтэрнэт-старонку Беларускае службы аўстралійскага радыё?”

(Елькановіч :) “Наш адрас у Інтэрнэце – www.sbs.com.au. Далей трэба двойчы націснуць на radio і ўвайсьці ў мэню беларускае праграмы

А цяпер да навінаў Інтэрнэту:

Паводле дадзеных  сацыялягічных дасьледаваньняў, праведзеных у ЗША,   вобраз тыповага амэрыканскага карыстальніка Інтэрнэту зазнаў значныя зьмены. Калі раней гэта быў малады, бяз жонкі і дзяцей нефармал, які да таго ж жыў на гарышчы. Дык цяпер сярэднестатыстычны спажывальнік сеціва – гэта ўжо 40-гадовы мужчына, што атрымоўвае 65 тысячаў даляраў штогадавога прыбытку і віртуальна гадуе 2,81 дзіця.

Дасьледваньне зафіксавала і такую досыць цікавую дэталь. Чым больш чалавек працуе ў Інтэрнэце, тым часьцей ён набывае ўсемагчымыя тавары праз сеціва інтэрнэт-крамаў. Таму ўладальнікам гэтых крамаў прапануецца зьвяртаць большую ўвагу не на кошты, а на якасьць абслугоўваньня.

Днямі навукоўцы зь Лёнданскага Каралеўскага коледжу вырашылі ня больш, ня менш, як удыхнуць жыцьцё ў Інтэрнэт. У будучыні ахоўчая сыстэма Інтэрнэту будзе нагадваць імунную чалавечую. У міжнароднае сеціва будуць загнаныя так званыя “валацужнікі” – праграмы-дэтэктары, асноўнай задачай якіх стане пошук не зусім прыстойных лучываў і, калі спатрэбіцца, іхнае зьнішчэньне. Ангельцы ўпэўненыя, што сыстэма здолее запрацаваць ужо праз тры гады.

Сусьветнавядомая кампанія Майкрасофт пачала тэставаньне  наступнай вэрсыі свайго браўзэра – Internet Explorer 6. Ён збольшага будзе арыентаваны на працу з мультымэдыйнай інфармацыяй, музыкай, відэа і графікай.

Па ўсім відаць, што зусім хутка Інтэрнэт перастане быць напоўніцу вольнай сыстэмай. Адна кампутарная фірма з Каліфорніі заплянавала зрабіць да студзеня 2001 года падрабязную фізычную мапу Інтэрнэту. Супрацоўнікі фірмы разлічваюць да гэтага часу прасканаваць 4,2 міліярды наяўных лучываў, з мэтай прывязаць кожнае зь іх гэаграфічна. Гэта дазволіць вызначаць месцазнаходжаньне карыстальніка з дакладнасьцю да гораду ці нават да паштовага індэксу.

У гэты самы час камуністычныя ўлады Кітаю забаранілі кітайскім сайтам, што падаюць навіны, друкаваць уласназдабытую інфармацыю ды інтэрвію. Сайты маюць права выкарыстоўваць толькі паведамленьні дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Аднак і на гэта неабходна атрымаць папярэдні дазвол урадовай інфармацыйнай службы. Сайты таксама абавязаныя захоўваць інфармацыю пра наведвальнікаў тых лучываў, дзе абмяркоўваюцца забароненыя ўладамі Кітаю тэмы.

Павал Мажэйка, Сяржук Сокалаў-Воюш
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org