RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Беларускі Дыялёг на Інтэрнэце



Пра беларускую інтэрнэт-тэрміналёгію ды іншае

(эфір 3 сьнежня 2000 году)

Вядучыя: Ілона Карабіцкая, Сяржук Сокалаў-Воюш.

У сёньняшнім выпуску перадачы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце вы пазнаёміцеся з інтэрнэт-старонкай газэты “Пагоня”, пачуеце адказы на электронныя лісты, даведаецеся пра беларускую інтэрнэт-тэрміналёгію і пачуеце навіны інтэрнэту. Выпуск падрыхтавалі і вядуць Сяржук Сокалаў-Воюш і Ілона Карабіцкая.

(Карабіцкая: ) “Нягледзячы на тое, што на Беларусі сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць, іншая сітуацыя прагледжваецца ў беларускім інтэрнэце. І гэта радуе. Так, зусім нядаўна нарадзілася старонка гарадзенскай газэты “Пагоня”.
Беларускамоўная ды каляровая яна адразу прываблівае зрок. Але з дзесяці раздзелаў - навіны, грамадства, аб’явы ды іншыя – увайсьці мы змаглі толькі ў пяць. Адразу ж нарадзілася першае пытаньне да рэдактара газэты Міколы Маркевіча.

Спадар Мікола, калі можна ўбачыць астатнія?”

(Маркевіч: ) “Я так думаю, што ўжо заўтра ў большую частку тых разьдзелаў, што не адкрываюцца, можна будзе ўвайсьці. Найперш размова будзе ісьці пра абвесткі ў нашу газэту. Гэта можна будзе зрабіць па электроннай пошце і мы тут жа будзем выстаўляць гэтыя аб’явы, з другога боку ў друкаваным варыяньце газэты таксама будзем выстаўляць абвесткі”.

(Карабіцкая: ) “А што перашкаджае стварэньню вашай старонкі?”

(Маркевіч: ) “Асноўная праблема, якая сёньня ёсьць – гэта брак прафэсіяналізму. Гэта справа для нас новая, і тое, што зараз вы бачыце на сайце, гэта не канчатковы варыянт. Сёньня ёсьць толькі праблемы творчыя, думаю, мы іх пераадолеем, і мы ўпэўнены на сто працэнтаў, што літаральна ў бліжэйшыя два-тры тыдні старонка будзе мець зусім іншы выгляд: больш зручны, больш прывабны і ўсё будзе рабіцца дзеля таго, каб яе лёгка можна было адкрыць і карыстацца”.

(Карабіцкая: ) “Скажыце калі ласка, ці будзе на вашай старонцы лічыльнік і чаго можна чакаць ад яе ў бліжэйшы час?”

(Маркевіч: ) “Безумоўна, лічыльнік мы паставім, але, асабліва на першых парах, мы яго схаваем, каб яго нельга было бачыць пастароннім людзям, таму што гэта ўсё ж такі пачатак і не заўсёды можа быць варта адкрываць гэтую таямніцу. Наперадзе я думаю, што – газэта будзе лепшай, мы робім ўсё неабходнае дзеля таго, каб ў электроннай вэосіі чытачы маглі чытаць паўнацэнную газэту, каб гэты сайт быў лепшым на беларускім Інтэрнэце.

(Карабіцкая: ) “Гэта быў галоўны рэдактар газэты Пагоня Мікола Маркевіч. Інтэрнэт-варыянт выданьня можна знайсьці паводле лучыва: http://www.pahonia.promedia.minsk.by/, якое, зрэшты, можна знайсьці ў друкаваным варыянце газэты”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Днямі электронная пошта прынесла ліст на ймя нашае перадачы. Аўтар допісу – Алесь Шабан з-пад Ваўкавыску прапануе знак паштовага лучыва ампэрфэкс, які зазвычай называюць расейскім запазычаньнем “сабака”, называць запазычаным з польскай – “малпа”. “Пракруціце гэта ў Вашай Інтэрнэт-праграме, – просіць аўтар і разьвітваецца, – Жыве Беларусь!!!”

На прапанову спадара Алеся адразу адгукнуліся нашыя радыйныя вэб-майстры, якія сказалі, што ў Беларускай мове ёсьць прынамсі дзьве сваіх назвы гэтага знаку: “сьлімак” і “парсюк”.

Сьлімак – добра пасуе праз падабенства самога знаку да сьлімаковай хаткі-чарупінкі, а парсюк – упісваецца ў кампанію малпы і сабакі. Абодвы яны маюць шанец на існаваньне. Сьлімак -–як літаратурнае, парсюк – як гутарковае, прастамоўнае.

Гэткім чынам, на сёньня мы ўжо маем свой кішанёвы Беларускі інтэрнэт-слоўнічак у якім знаходзім:

Слэш – касяк.
Адрас – лучыва.

Карыстальнік інтэрнэту зь Менску Ільля Глыбоўскі дадае да гэтага ўжываныя ў ягоным асяродзьдзі:

Прахон – доступ.
Злучво – інтэрфэйс.
Спокліч – пароль.

Яшчэ адзін электронны ліст надаслаў нам гаспадар “Беларускай палічкі” Андрусь Жвір.

Ён паведамляе, што “Палічка” зьмяніла сваё лучыва і цяпер яе можна знайсьці паводле каардынатаў: www.knihi.com.

Там сама вы знойдзіце і выхад на новыя старонкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі, дашлі паштоўку, а таксама тэксты “Маленькага маскоўска-беларускага (крыўскага) слоўнічка Яна Станкевіча і аповесьці Васіля Быкава “У тумане”.

А цяпер да навінаў Інтэрнэту.

(Сокалаў-Воюш: ) “Міністр адукацыі Францыі Жак Лянг і дырэктар французскай пошты Клод Бурмо падпісалі дамову, паводле якой 1 мільён настаўнікаў ды 12 мільёнаў навучэнцаў атрымаюць бясплатныя электронныя адрасы ў пажыцьцёвае карыстаньне. Асноўныя прынцыпы гэтай апэрацыі: абарона прыватнага жыцьця і асабістай свабоды; палітычная, рэлігійная ды камэрцыйная недатыкальнасьць. Цяпер такім чынам будзе адраджацца амаль сканалы эпісталярны жанр ды практыка абмену лістамі паміж людзьмі, пракамэнтаваў гэтую падзею Жак Лянг”.

(Карабіцкая: ) “Амэрыканец Цім Брэй стварыў новы праект Antarcti.ca, дзе інтэрнэт падаецца, як трохвымерная мапа Антарктыды. На ёй віртуальны сьвет выглядае аналягам рэальнага. Ствараюцца раёны “навінаў”, “кампутараў”, “навукі”, будзе раён і “для дарослых”. Замест гарадоў у краіне сайты, а хатнія старонкі будуюцца ў выглядзе маленькіх хатак”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сацыял-дэмакраты Швэцыі распачалі віртуальную акцыю “Стоп Лука”. Арганізаваныя зборы подпісаў пад патрабаваньнем сьледства ў справе Зьміцера Завадзкага, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранкі. Вынік кампаніі будзе агалошаны да 22-га сьнежня. Атрымаць больш падрабязную інфармацыю альбо падпісацца можна на http://www.stopluka.nu.”

(Карабіцкая: ) “Паводле матэрыялаў газэты “Пагоня” адбылося падпісаньне пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж гарадзенскай арганізацыяй “Мадэм” і амерыканскім агенствам IREX. Прадугледжваецца арганізацыйная ды фінансавая падтрымка “Адкрытага Інтэрнэт-Цэнтру”, які працуе на базе тутэйшага медунівэрсітэту. Так сама IREX прапануе бясплатныя праграмы навучаньня ў галінах эканомікі, права, палітыкі. Разглядае прапановы адукацыі тых карыстальнікаў Інтэрнэту, якія хацелі б развіваць беларускамоўнае разгалінаваньне «сеткі».

Ілона Карабіцкая, Сяржук Сокалаў-Воюш
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org