RFE/RL |
97. Вольнае паступленьне на падрыхтоўчы курс у Польшчы.У чым сутнасьць гадавога падрыхтоўчага курсу ў польскім унівэрсытэце? Ці адчыняе ён аўтаматычна для абітурыентаў з Беларусі дзьверы ў польскія вышэйшыя навучальныя ўстановы? Што трэба зрабіць дзеля таго, каб паехаць вучыцца на гэты курс за блізкую мяжу? Гэтыя ды іншыя пытаньні – тэма сёньняшняй перадачы. У другой частцы перадачы, як заўсёды, прагучаць актуальныя навіны ўсясьветнага акадэмічнага жыцьця – наш калёквіюм. Калі меркаваць паводле водгукаў слухачоў, перадачы Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода “Гаўдэамус”, якія мы пераважна атрымліваем электроннай поштай, пакідаюць ўражаньне, што дзеля таго, каб паступіць у польскі ўнівэрсытэт неабходна ў той ці іншай ступені пераконваць польскія ўлады ў сваім сапраўдным, ці не да канца сапраўдным, польскім паходжаньні. А што ж рабіць тым маладым беларускім грамадзянам, якія такога паходжаньня ня маюць альбо ня хочуць выдаваць сябе за палякаў? Высьвятляецца, што сытуацыя зусім ня безвыходная. У Польшчы сёньня ёсьць даволі шмат беларусаў-студэнтаў, якія падкрэсьліваюць пры кожнай нагодзе сваё беларускае паходжаньне, якія ніколі сябе за палякаў не выдавалі, і якія пасьпяхова вучацца ў польскіх унівэрсытэтах. Пры гэтым тут мова ня йдзе пра тых, хто атрымаў у Польшчы статус палітычнага ўцекача. Гэта невялікая спэцыфічная група студэнтаў. Я ж маю на ўвазе пераважна тых, хто проста пасьля школы вырашыў паехаць вучыцца ў замежжа, ў Польшчу. Каб даведацца пра іх шлях у польскую вышэйшую вучэльню я вырашыў зьвярнуцца да аднаго з падобных студэнтаў. Гэта студэнтка падрыхтоўчага курсу Ўроцлаўскага палітэхнічнага інстытуту, дзевятнацацігадовая менчучка Паліна Папкова. Яна толькі што пасьпяхова здала экзамены за гэты падрыхтоўчы курс і цяпер рыхтуецца паступаць на першы асноўны курс унівэрсытэту, на юрыдычны факультэт. Але дамо магчымасьць расказаць пра свой шлях самой Паліне Папковай. На маё першае пытаньне – што ж прывяло яе ў Польшчу? Чаму яна вырашыла адразу пасьля сканчэньня школы, дарэчы беларускамоўнай, паехаць вучыцца за блізкую мяжу? – Паліна Папкова адказала наступнае: (Папкова: ) “Па-першае, гэта ня так далёка ад Беларусі. Польская мова вельмі падобная. Калі я прыехала сюды ва Ўроцлаў, я сустрэла шмат студэнтаў з розных краінаў. Можна сказаць, што ад іх я атрымала галоўную дапамогу. Гэта былі студэнты з Беларусі, з Украіны, з Казахстану. Мае першыя крокі былі наступныя. Я накіравалася да дэкана факульэту польскай мовы. Ён выдаў мне накіраваньне, і я пачала вучыцца”. Як бачым, пачатак уладкаваньня на падрыхтоўчы факультэт быў надзвычай просты. Дастаткова было толькі жаданьня абітурыенткі, каб яе прынялі. Але ці змагла яна атрымаць стыпендыю ці нейкую іншую фінансавую дапамогу? Паліна Папкова адказвае: (Папкова: ) “Я, на жаль, не атрымала стыпендыі. З гэтым тут ёсьць цяжкасьці”. (Іваноў: ) “Ці сапраўды палякі прымаюць на гэты падрыхтоўчы факультэт кожнага, хто прыяжджае?” (Папкова: ) “Так, з задавальненьнем”. На пытаньне, як уладкавалася яна ва Ўроцлаве, ці атрымала яна інтэрнат, Паліна Папкова адказала: (Папкова: ) “Так мне далі інтэрнат, але за гэта трэба было плаціць. Гэта прыблізна 50 даляраў у месяц”. Далейшая наша размова з Палінай Папковай была прысьвечаная сунасьці самога працэсу навучаньня польскай мовы, тым цяжкасьцям, якія яна сустрэла ва Ўроцлаўскім палітэхнічным інстытуце. Вось яе думка: (Папкова: ) “Спачатку для мяне было цяжка. Я трапіла спачатку ў такую групу, дзе ўсе ўжо ведалі польскую мову, а я ня ведала ніводнага слова. Усе размаўлялі добра па-польску, а я мела з гэтым клопаты”. Штогод у Польшчу з ўсіх куткоў сьвету прыяжджаюць тысячы абітурыентаў, каб вывучаць польскую мову і пазьней быць аўтаматычна прынятымі ў польскія вышэйшыя навучальныя ўстановы. Паліна Папкова расказвае, што разам зь ёй у групе вучыліся прадстаўнікі наступных краінаў: (Папкова: ) “Са мной вучыліся студэнты з Казахстану, з Украіны, з Галяндыі”. Пасьля гадавога курсу навучаньня Паліна Папкова, як і сотні іншых замежных студэнтаў, здавала экзамены і тэсты. Якія? Паліна адказвае: (Папкова: ) “Пад канец году мы здавалі экзамены польскай мовы і польскай гісторыі. Экзамены былі вусныя і пісьмовыя. З польскай мовы мы пісалі сачыненьне і дыктоўку. А пазьней яшчэ быў вусны экзамен. Пад час гэта вуснага экзамену, трэба было адказваць на пытаньні, датычныя розных пісьменьнікаў, праблемаў літаратуры”. Пад канец нашай размовы з Палінай Папковай я папрасіў яе крыху расказаць пра тую атмасфэру, якая пануе ў навучальным працэсе польскага палітэхнічнага інстытуту. Вось яе думка: (Папкова: ) “Пануе добрая атмасфэра. Усе сябруюць. Заўсёды ўсе трымаюцца разам. Вельмі добра ставяцца да нас настаўнікі. Яны заўсёды дапамагаюць, калі зьяўляюцца нейкія клопаты. Іншыя студэнты, якія вучыліся на 2 ці 3 курсе, заўсёды прыходзілі, знаёміліся, дапамагалі нам, калі была патрэба. Увогуле панавала сяброўская атмасфэра, якая мне падабаецца”. Пра свае далейшыя пляны Паліна Папкова расказвае: (Папкова: ) “Мне хацелася б скончыць юрыдычны факультэт Урацлаўскага ўнівэрсытэту. Скончыць з добрымі адзнакамі, пазьней вярнуцца на Беларусь і працаваць там. На заканчэньне гэтай гутаркі са студэнкай падрыхтоўчага курсу Ўроцлаўскага палітэхнічнага інстытуту Палінай Папковай хацелася б выказаць надзею, што ўсе яе адукацыйныя пляны, пра якія яна расказала ў гэтай перадачы, стануць рэальнасьцю. А цяпер, мы пераходзім да другой часткі сёньняшняй праграмы “Гаўдэамус”, да нашага традыцыйнага калёквіюму, у якім я пазнаёмлю вас з некаторымі апошнімі навінамі ў галіне ўсясьветнай адукацыі. 1. З кожным годам на сьвеце расьце колькасьць абітурыентаў, якія паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы з дапамогай Інтэрнэту. Толькі ў Злучаных Штатах Амэрыкі больш за 600 тыс. чалавек атрымліваюць рознага роды стыпендыі ды іншыя формы фінансавай дапамогі праз кампутары. На сьвеце, напрыклад, больш за 137 тыс. чалавек карыстаецца рознымі формамі фінансавай дапамогі Фонду Кока Колы. Як лічыць адміністрацыя фонду, за апошнія 5 год колькасьць студэнтаў, якія праз Інтэрнэт атрымліваюць ад іх дапамогу падвоілася. Араганізатры інтэрнэтаўскіх вэб-старонак у галіне адукацыі лічаць, што штогод праз Інтэрнэт разьмяркоўваецца на сьвеце да аднаго мільярда даляраў у выглядзе стыпендыяў і іншых формаў дапамогі для студэнтаў. 2. У брытанскім парлямэнце тэмай абмеркаваньня стала
3. У ЗША расьце колькасьць школаў і каледжаў, якія вядуць выкладаньне на дзьвюх мовах. На сёньняшні дзень каля 6% іх дзьвюхмоўныя (bilingual). Cпэцыялісты амэрыканскага міністэрства адукацыі лічаць, што за падобнай формай асьветы будучыня. Яна дазваляе дзецям ня толькі эмігрантаў, але і карэнных амэрыканцаў пазнаць свае нацыянальныя карэньні, а пасьля заканчэньня каледжу свабодна валодаць другой замежнай мовай. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |