RFE/RL |
93. Умовы для навучаньня беларусаў у Польшчы. Плата за студыі.Праблема платы за адукацыю за мяжой для беларускіх студэнтаў бадай што ня менш важная, чымся сама якасьць адукацыі. Адкуль ўзяць грошы, каб заплаціць за вучобу, якім чынам можна знайсьці сродкі на кватэру і харчаваньне ў замежжы? Перад тым, аднак, як прыступаць да разгляду адказаў на гэтыя пытаньні, я хацеў бы зрабіць наступную заўвагу. Перадача “Гаўдэамус” ужо два гады ў эфіры. У амаль 100 выпусках гэтай перадачы мы расказвалі пра шматлікія аспэкты вышэйшай адукацыі ў замежжы. Але, зразумела, далёка ня ўсе аспэкты гэтай вялізнай праблемы мы закранулі. І таму мне хацелася б зьвярнуцца да слухачоў з просьбай дапамагчы нам у плянаваньні далейшых выпускаў перадачы “Гаўдэамус”. Што б вы хацелі пачуць у ёй? У якіх краінах, і на якіх кантынэнтах пабываць? Зь якімі заходнімі ўнівэрсытэтамі пазнаёміцца? Каго з беларускіх студэнтаў, якія ўжо вучацца ў замежжы, пачуць у “Гаўдэамусе”? Пра якія новыя формы вышэйшай адукацыі даведацца? Лісты з гэткімі і падобнымі просьбамі прыходзяць да нас і цяпер, але будзем радыя кожнаму новаму нашаму карэспандэнту. З лістоў апошняга тыдня адзначу электроннае пасланьне нашага сталага, як ён піша, слухача Андрэя Музарава. Андрэй просіць расказаць пра завочную форму адукацыі ва ўнівэрсытэтах Заходняй Эўропы. У яго ёсьць і спэцыфічная просьба. Ён хоча даведацца пра завочны ўнівэрсытэт гораду Хаген у Нямеччыне. Дзякуй Вам, Андрэй, за ліст. У адной з наступных перадачаў сэрыі “Гаўдэамус” мы абавязкова задаволім Вашую просьбу. А цяпер пераходзім да тэмы нашай сёньняшняй перадачы. Удзел у ёй бярэ даволі спэцыфічны суразмоўца. Гэта Раман Кавальчук, чалавек, які пасьля сканчэньня Эўрапэйскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту ў Менску накіраваўся ў Польшчу, каб тамака працягваць сваю адукацыю. Пра тое, што спаткала яго там, ён і расказвае сёньня. Перш за ўсё я папрасіў яго распавесьці, ці трэба яму было здаваць нейкія экзамены дзеля таго, каб быць прынятым у лік польскіх студэнтаў? Раман Кавальчук адказвае: (Кавальчук: ) “Звычайна польскія ўнівэрсытэты патрабуюць ад беларускіх абітурыентаў здачы экзаменаў толькі па польскай мове, як у вуснай, так і пісьмовай форме. У польскія ўнівэрсытэты не прыймаюць асобаў з дрэнным веданьнем мовы, якія ня ў стане здаць адпаведнага экзамену. Гэтых студэнтаў накіроўваюць на так званы “нулявы” курс, дзе яны вывучаюць мову. Толькі пасьля заканчэньня гэтых курсаў пад варункам пасьпяховай здачы экзамену, іх прыймаюць на першы курс таго факультэту, куды яны падаюць заяўкі”. (Іваноў: ) “Але, як высьвятляецца, гэта далека ня ўсё. Веданьне польскай мовы можа быць толькі варункам дзеля таго, каб стаць студэнтам польскага ўнівэрсытэту, але далёка не адзіным і не галоўным. Галоўная праблема – фінансавая. Якім чынам атрымаць стыпендыю альбо дзе ўзяць грошы на адукацыю?” (Кавальчук: ) “Я ведаю пяцёх студэнтаў, зь якіх тры асобы навучаюцца ў Беластоку. Яны атрымалі стыпендыі ад дзяржавы альбо ад незалежных міжнародных фондаў. Яны могуць больш-менш нармальна вучыцца і ўдзельнічаць у працы грамадзкіх арганізацыяў. Ім ня трэба засяроджваць увагу на элемэнтарных праблемах: дзе ўзяць грошы, каб купіць харчаваньне, якім чынам аплаціць кватэру ці інтэрнат, на што купіць падручнікі. А гэта праблема нумар адзін для бальшыні беларускіх студэнтаў”. (Іваноў: ) “А што ж робяць тыя, хто не атрымаў стыпендыю і ня мае свабодных грошай, каб заплаціць за адукацыю? Ці йснуе ў іх нейкая магчымасьць дадатковых заробкаў?” (Кавальчук: ) “Некаторыя студэнты намагаюцца знайсьці працу ў Польшчы. Але гэта вельмі цяжка. Але ёсьць людзі, якія знайшлі іншы спосаб фінансавай раўнавагі. Яны амаль штотыдзень накіроўваюцца ў Беларусь. Прывозяць адтуль нейкія прадукты, прадаюць іх тут у Польшчы і такім чынам маюць грошы. Такім чынам ім дапамагаюць іх бацькі. Яны таксама могуць набыць у Беларусі нейкую вопратку таньнейшую. Так яны жывуць, хаця і вельмі сьціпла. Гэтыя студэнты таксама вельмі абмежаваныя ў тым, каб набыць неабходныя навучальныя дапаможнікі. Фактычна ім хапае грошай на самы мінімум. Амаль усё яны вязуць з Беларусі”. І на заканчэньне маёй размовы з выпускніком Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту ў Менску Раманам Кавальчуком я папрасіў яго паспрабаваць акрэсьліць (акрамя фінансавых) іншыя складаныя праблемы, якія стаяць перад беларускімі студэнтамі ў Польшчы. Вось ягоная думка: (Кавальчук: ) “Беларускія студэнты ў Польшчы хацелі б атрымліваць больш інфармацыі з Беларусі. Калі нехта ня слухае беларускую Свабоду ці беларускую рэдакцыю польскага радыё ,ў яго няма апэратыўнай інфармацыі з Беларусі. Добра было б, каб беларускія дэмакратычныя арганізацыі адкрылі нейкі кансультацыйны цэнтар для тых, хто хацеў бы навучацца ня толькі ў Польшчы, але ва ўсіх краінах Усходняй Эўропы. Каб праз гэты цэнтар можна было б атрымаць поўную інфармацыю – якія ёсьць тыпы стыпендыяў, якія патрабаваньні да тых, хто хоча іх атрымаць. У Польшчы, напрыклад, можна атрымаць стыпендыю ад міністэрства асьветы, а можна атрымаць ад нейкіх фондаў. Але міністэрства асьветы імкнецца выдаваць стыпендыі толькі студэнтам польскага паходжаньня. Атрымаць жа стыпендыі ад прыватных фондаў даволі цяжка нават для палітычных уцекачоў. Яны патрабуюць добрыя рэкамэндацыі з Беларусі. Ёсьць яшчэ адзін момант, на які трэба зьвярнуць увагу. Гэта – спосаб пражываньня ў Польшчы. Ёсьць частка студэнтаў, якія рэгулярна могуць прыяжджаць у Беларусь. Яны атрымліваюць візы для шматразовага ўезду, якія каштуюць 14 даляраў і якія трэба ўвесь час аднаўляць. Усім жа астатнім патрэбная спэцыяльная студэнцкая карта “сталага побыту”. Польшча сёньня перажывае сваеасаблівы бум вышэйшай асьветы. Колькасьць студэнтаў тут за апошнія 10 год павялічылася амаль у тры разы. Выразна зьмяніўся і сам характар ведаў, якія студэнты атрымліваюць ва ўнівэрсытэтах. Веды гэтыя маюць выразна прыкладны характар, прыстасаваны да патрэбаў разьвіцьця посткамуністычнага грамадзтва, стварэньня рынкавай гаспадаркі і дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця. І невыпадкова, што польская вышэйшая асьвета прывабная для беларусаў, для тых, хто хацеў бы бачыць сваю Бацькаўшчыны сярод цывілізаваных краінаў сьвету. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |