RFE/RL |
92. Умовы для навучаньня беларусаў у Польшчы.Польшча спрадвек была своеасаблівай “альма-матэр” для многіх пакаленьняў беларускіх студэнтаў. Францішак Скарына, Ігнат Дамейка, Вацлаў Іваноўскі – вось толькі некаторыя імёны выдатных беларусаў, якія кіраваліся па веды на берагі Віслы. А як сёньня жывуць беларускія студэнты ў Польшчы? І ці ўвогуле захавалася традыцыя паездак у Польшчу па веды? Польшча – блізкая суседка Беларусі. Але ня толькі геаграфічным становішчам тлумачыцца цяга беларусаў вучыцца ў Польшчы. Штогод польскае міністэрства адукацыі дае беларускім грамадзянам больш за сто стыпендыяў, каб вучыцца ў польскіх унівэрсытэтах. Частка гэтых стыпэндыяў даецца маладым беларускім грамадзянам польскага паходжаньня, але ня толькі. Атрымліваюць іх і тыя, хто да польскасьці ня мае непасрэднага дачыненьня. Польшча – гэта краіна, якая мае вялікія адукацыйныя традыцыі. Самаму старому і шанаванаму польскаму ўнівэрсытэту, Ягелонскаму ўнівэрсытэту ў Кракаве, (дзе, дарэчы, вучыўся і выкладаў Францішак Скарына) больш за 600 гадоў. Другі аўтарытэтны польскі ўнівэрсытэт – Таруньскі, вядомы тым, што тут працаваў і зрабіў свае ўнікальныя адкрыцьці Мікалай Капернік. Высокі эўрапейскі ўзровень маюць Варшаўскі, Пазнанскі і Ўроцлаўскі ўнівэрсытэты, дыплёмы якіх прызнаюцца самымі высокімі міжнароднымі камісіямі. У сёньняшняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус” я вырашыў расказаць пра магчымасьці вучобы беларусаў у Польшчы з дапамогай чалавека, які сам зусім нядаўна накіраваўся туды, каб знайсьці магчымасьць працягваць сваю адукацыю. Гэта Раман Кавальчук, выпускнік Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту ў Менску. Вось, што ён расказаў пра тое, як сустрэла яго ў Польшчы: (Кавальчук: ) “Я хацеў бы пачаць з таго, якія катэгорыі беларускіх студэнтаў ёсьць у Польшчы. Фактычна яны дзеляцца на тры групы. Але гэта ўмоўны падзел. Першая група – гэта асобы, якія атрымалі ў Польшчы палітычны азыль, якія перасьледваліся беларускім рэжымам і па розных прычынах вымушаныя былі пакінуць уласную краіну. Некаторых зь іх перад гэтым выключылі з унівэрсытэтаў”. (Іваноў: ) “Як многа такіх людзей?” (Кавальчук: ) “Я асабіста ведаю прыблізна 12-15 асобаў, пра лёс якіх я ведаю дакладна. Ёсьць другая група. Гэта тыя, хто пасьля заканчэньня сярэдняй школы вырашыў паспрабаваць свае сілы за мяжой. Есьць людзі, у якіх гэта адбылося вельмі ўдала. Большасьць такіх студэтаў вучыцца ў Любліне, у мясцовым Каталіцкім унівэрсытэце. Бальшыня гэтых студэнтаў скончыла адзін зь беларускіх унівэрсытэтаў альбо перад тым, як выехаць, вучылася на апошнім курсе беларускага ўнівэрсытэту. Альбо нават у 1998 годзе. Есьць яшчэ адна катэгорыя студэнтаў, якія прыяжджаюць з Беларусі пасьля заканчэньня сярэдняй школы. Яны прыехалі ў Польшчу таму, што дзеля гэтага ёсьць фінансавыя магчымасьці. Яны не патрабуюць стыпендыі і могуць плаціць за адукацыю, яны лічаць, што ў Польшчы можна атрымаць лепшую адукацыю”. (Іваноў: ) “Але, калі не памыляюся, вы тут не згадалі адну самую колькасна шматлікую групу беларускіх студэнтаў. Гэта тыя, якія належаць да польскай нацыянальнай меньшасьці ў Беларусі. Штогод польская амбасада ў Менску наладжвае кваліфікацыйную размову з падобнымі кандыдатамі і паводле яе вынікаў адбіраецца да 100 чалавек, якія атрымліваюць стыпендыі польскага міністэрства адукацыі. Усе яны, дарэчы, падпісваюць абавязальніцтвы вярнуцца пасьля заканчэньня вучобы на Беларусь. Так, што яны ёсьць і застаюцца беларускімі грамадзянамі. А вось што Раман Кавальчук гаворыць на гэтую тэму”. (Кавальчук: ) “Ёсьць такая катэгорыя студэнтаў, але яны лічаць сябе палякамі. Сапраўды ў Польшчы ёсьць праграма, і даволі шырокая праграма, прыёму студэнтаў польскага паходжаньня. І нават некаторыя студэнты, якія падаюць дакумэнты ў польскія вышэйшыя навучальныя ўстановы, вымушаныя дэкляраваць сваё паходжаньне як польскае”. (Іваноў: ) “Самая бадай што балючая праблема беларускага студэнцтва ў Польшчы палягае ў тым, што толькі невялікая група тых, хто прыехаў з Беларусі, зьбіраецца вяртацца пасьля заканчэньня вучобы дамоў на Бацькаўшчыну. Бальшыня ж ставіцца да свайго побыту ў Польшчы, як да магчымасьці вырвацца з шэрай беспэрспэктыўнай беларускай рэчаіснасьці, як да магчымасьці вырвацца ў Эўропу і такім чынам палепшыць свае ўмовы жыцьця. Праблема: вяртацца ці не вяртацца, стаіць толькі для тых, хто сапраўды зацікаўлены ў росквіце сваёй Бацькаўшчыны”. (Кавальчук: ) “Я ўжо казаў пра тую групу людзей, якія прыяжджаюць у Польшчу таму, што маюць грошы. Ім ня трэба плаціць за інтэрнат. Ім не патрэбная стыпендыя. З гэтых людзей, мала хто пасьля сканчэньня польскага ўнівэрсытэту, які мае міжнароднае прызнаньне, захоча вярнуцца ў Беларусь. Яны будуць імкнуцца знайсьці працу ў Польшчы ці ісці далей на Захад. Тыя ж студэнты, які прыяжджаюць вучыцца паводле палітычных прычынаў, для іх пераважна мае значэньне сама адукацыя. І яны хацелі б выкарыстаць свае веды ў Беларусі. У найбольш цяжкім становішчы знаходзяцца студэнты, якія прыяжджаюць у Польшчу, каб пазьбегнуць перасьледу з боку рэжыму Лукашэнкі. Яны маюць меншыя сувязі са сваякамі . Яны больш абмежаваныя фінансава і, можа быць, інфармацыйна”. (Іваноў: ) “Хто ж дапамагае тым беларусам, якія вымушаныя накіроўвацца ў Польшчу паводле палітычных прычынаў?” (Кавальчук: ) “Розныя палітычныя і грамадзкія арганізацыі Беларусі вядуць актыўную працу з польскімі ўнівэрсытэтамі і зь міністэрствам асьветы, каб дапамагчы студэнтам зь Беларусі ўладкавацца на вучобу, асабліва тым, хто пакідае ўласную краіну не па ўласным жаданьні”. (Іваноў: ) “А якія арганізацыі канкрэтна?” (Кавальчук: ) “Я, напрыклад, ведаю, што Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
партыі Зенон Пазьняк мае непасрэднае дачыненьне да ўладкаваньня некалькіх
студэнтаў ва Ўроцлаўскі ўнівэрсытэт. Ён, а таксама аддзяленьні гэтай арганізацыі
на Бацькаўшчыне, заўсёды
Перад студэнтам у замежжы заўсёды вельмі шмат праблемаў. Наколькі добра трэба ведаць польскую мову, каб пасьпяхова ўдзельнічаць у занятках, здаваць іспыты і экзамены? Ці хапае стыпендыяльных грошаў на жыцьцё? Якія ўмовы пануюць ў польскіх студэнцкіх інтэрнатах? Пра ўсё гэта вы даведаецеся ў наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |