RFE/RL |
90. Менскае Бюро праграмы Тэмпус. Заканчэньне гутаркі з дырэктарам.На сьвеце існуюць дзясяткі, сотні міжнародных і нацыянальных фондаў, якія спэцыяльна прызначаныя дзеля дапамогі тым, хто хоча атрымаць адукацыю, але ня мае на гэта сродкаў. Сёньня без падтрымкі гэтых фондаў амаль немагчыма ўявіць сабе працэсы інтэграцыі вышэйшай асьветы Беларусі ва ўсясьветныя адукацыйныя структуры. Але сярод усіх гэтых фондаў выразна выдзяляецца фонд Тасіс-Тэмпус, які створаны адукацыйнай камісіяй Эўрапейскага Зьвязу. Фонд Тасіс-Тэмпус – бадай што адзіны з эўрапейскіх гуманітарных адукацыйных інстытутаў, які мае сваё сталае прадстаўніцтва ў Беларусі. І гэта невыпадкова. Адукацыйны фонд Тэмпус, які зьўляецца часткаю агульнага фонду Тасіс, прызначанага на падтрымку рынкавых адносінаў у былых сацыялістычных краінах, за апошняе дзесяцігодзьдзе выдаў у Беларусі больш 10 млн. даляраў. Ніводзін іншы заходні адукацыйны фонд ня можа пахваліцца падобнай шчодрасьцю. Больш таго, фонд Тэмпус выразна апалітычны, і ягоныя структуры ў Беларусі ў апошнія гады не зьменшылі сваёй актыўнасьці, нягледзячы на тое, што кіраўніцтва ЭЗ рэкамэндавала некаторым сваім структурам абмежаваць кантакты з беларускім рэжымам у сувязі зь яго антыдэмакратычнымі дзеяньнямі. Фонд Тэмпус мае ў Менску сваё беларускае прадстаўніцтва. І як нашыя слухачы ведаюць з папярэдняй перадачы “Гаўдэамус”, ягоны дырэктар Ігар Ганчаронак ахвотна згадзіўся адказаць на пытаньні Беларускай рэдакцыі Радые Свабода. Тым разам першае пытаньне, зь якім я зьвярнуўся да Ігара Ганчаронка, датычыла магчымасьці паасобных слухачоў перадачы “Гаўдэамус”, якія зацікаўленыя ў атрыманьні стыпендыяў Тэмпусу, непасрэдна зьвяртацца ў менскае прадстаўніцтва гэтай арганізацыі. Наколькі незалежнымі яны могуць быць у гэтым сэнсе? Адказ выканаўчага дырэктара фонду Тэмпус ў Беларусі Ігара Ганчаронка быў наступны: (Ганчаронак: ) “Праграма Тэмпус – гэта праграма супрацоўніцтва паміж унівэрсытэтамі. Толькі унівэрсытэт мае права зьвяртацца па фінансаваньне да Эўрапейскага Зьвязу. Але існуюць іншыя магчымасьці дапамогі кожнаму паасобнаму слухачу Радыёстанцыі Свабода, грамадзяніну Беларусі, беларусу ў замежжы. Трэба з намі ўступіць у кантакт. Нашае заданьне – працаваць ня толькі ў галіне праграмы Тэмпус. Праграма Тэмпус створаная такім чынам, што яна дазваляе і дапамагае нам шукаць іншыя крыніцы фінансаваньня, каб яны маглі самастойна, без дапамогі ўнівэрсытэту, пачаць супрацоўніцтва з эўрапейскім бокам на ўзроўні кожнага паасобнага грамадзяніна. І таму запрашаю зьвяртацца да нас за дапамогай”. (Іваноў: ) “Праграма Тэмпус, як мы ўжо падкрэсьлівалі на пачатку перадачы, разьлічаная на ўсе краіны былога Савецкага Саюзу, за выключэньнем краінаў Прыбалтыкі і з далучэньнем Манголіі. Для прыбалтаў існуе свая спецыфічная праграма. І зразумела, што за грошы ЭЗ існуе нармальная здаровая канкурэнцыя. Кожная з краінаў намагаецца прадстаўляць у штаб-кватэру Эўрапейскай Адукацыйнай Камісіі найбольш канкурэнцыйныя дакумэнты, каб атрымаць найбольш сродкаў. Часам здараецца, што нявыкарыстаныя адной краінай сродкі перадаюца іншай. А як выглядае Беларусь у гэтым сэнсе? Наколькі ж дзейнасьць беларускіх вышэйшых навучальных установаў пасьпяховая ў гэтым сэнсе? У чым яе спэцыфіка? Чым яна выдзяляецца?” (Ганчаронак: ) “Беларусь, на маю думку, самая актыўная ў галіне праграмы Тэмпус. Калі параўноўваць памеры краіны, колькасьць насельніцтва і іншыя паказчыкі з колькасьцю заявак, якія штогод паступаюць у фонд Тэмпус, дык Беларусь, безумоўна, зьяўляецца лідэрам. Нават сёлета, калі для Беларусі конкурс быў абвешчаны вельмі позна, беларускія прадстаўнікі былі вельмі актыўнымі. Найбольш актыўнымі у гэтым сэнсе зьяўляюцца Беларускі Дзяржаўны ўнівэрсытэт, Беларускі Дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт і прыватная вышэйшая навучальная ўстанова – Эўрапейскі Гуманітарны ўнівэрсытэт. Дарэчы, гэты апошні – фэномен для былога Савецкага Саюзу, ды і для ўсей Эўропы. Ён знайшоў сваё выразнае месца ў адукацыйнай прасторы краіны. Беларусь штогод падае больш як 20 заявак для ўдзелу ў гэтай праграме. Тут мушу адзначыць, што ў Беларусі ўсяго толькі 42 вышэйшыя дзяржаўныя навучальныя ўстановы і 13 прыватных ВНУ”. (Іваноў: ) “Тут я хацеў бы задаць вам адно істотнае пытаньне: ці ў сваёй дзейнасьці падзяляеце вышэйшыя навучальныя ўстановы на дзяржаўныя і прыватныя. Ці маеце розны падыход да іх? Ці маюць дзяржаўныя перавагу, ці яны абсалютна роўныя?” (Ганчаронак: ) “Яны абсалютна роўныя, але я павінен сказаць, што аб’ектыўна недзяржаўныя ВНУ не заўсёды гатовыя канкураваць на роўных з дзяржаўнымі. Яны і не такія актыўныя ў гэтым сэнсе. Яны ня маюць разьвітой матэрыяльнай і лябараторнай базы. Яны ня маюць дасьведчаньняў працы з замежнымі партнэрамі. Таму мы ім дапамагаем, але на пачатковым этапе. На этапе падачы заявак у праграму Тэмпус, яны цалкам роўныя. Наадварот, праграма Тэмпус натхняе гэтыя прыватныя інстытуты на ўдзел у гэтай прагарме”. (Іваноў: ) “Адна з самых галоўных праблемаў для тых, хто зьвяртаецца па дапамогу ў фонд Тэмпус – гэта крытэрыі ацэнкі праектаў. Не сакрэт, што ў савецкія часы ў галіне выдзяленьня сродкаў на навуковыя дасьледаваньні, асабліва ў галіне грамадзкіх навукаў, панавала кумаўство і блат. Часта сродкі атрымліваў той, хто быў бліжэй да дырэктара, хто распрацоўваў беспэрспэктыўную, але правільную з ідэалягічнага пункту гледжаньня тэму. У выніку страты несла сама навука. Ці ёсьць небясьпека, што і ў Тэмпус могуць трапіць элемэнты падобных постсавецкіх негатыўных зьяваў? Якія крытэрыі ацэнак у фондзе Тэмпус?” (Ганчаронак: ) “Што датычыць праграмы Тэмпус – гэта праграма супрацоўніцтва паміж унівэрсытэтамі, і таму, калі грант атрыманы, унівэрсытэт стварае сваю ўласную камісію. І вось гэтая камісія вырашае: хто паедзе, на якіх умовах і калі. І кожны ўнівэрсытэт робіць гэта па-свойму. Што ж тычыцца паасобных паездак грамадзянаў Беларусі па адукацыю за мяжу, мы шукаем крыніцы фінансаваньня ў кожным паасобным выпадку. І тады камісія ствараецца непасрэдна тымі спонсарамі, тымі арганізацыямі, якія гэтую дапамогу прадстаўляюць”. (Іваноў: ) “Але для нас найбольш цікава: хто ж прымае пастанову ў справе выдзяленьня сродкаў на этапе зацьверджаньня гранта для ўнівэрсытэту, а не на этапе разьмеркаваньня сродкаў, ужо зацьверджаных грантаў. Як вы сказалі, сам унівэрсытэт аўтаномна вырашае справу разьмеркаваньня сродкаў, але толькі тых, якія ўжо выдзеленыя. Але на этапе зацьверджаньня грантаў: хто вырашае – менскае бюро ці Эўрапейская Адукацыйная камісія ў Брусэлі?” (Ганчаронак: ) “Не, не. Мы ў Беларусі гэта не вырашаем. Мы дапамагаем усім толькі зьвярнуцца ў Эўрапейскую камісію, каб удзельнічаць у гэтым конкурсе. Крытэрыі вельмі простыя: акадэмічная вартасьць. Экспэрты ня толькі з краінаў ЭЗ, але і з Беларусі вызначаюць акадэмічную вартасць таго ці іншага праекту. Гэта першае. Другое – гэта тэхнічная вартасьць. Іншымі словамі: ці сапраўды патрэбнае тое абсталяваньне, якое яны запрошваюць, ці рэальны ягоны кошт. Акрамя таго свой пункт гледжаньня выказвае Міністэрства адукацыі Беларусі. І канчатковую пастанову прымае Эўрапейская камісія”. Фонд Тэмпус – арганізацыя ўнікальная. Яе стваральнікі зыходзілі з таго, што шчодрая фінансавая дапамога адукацыйным арганізацыям посткамуністычных краінаў у галіне ўніфікацыі заходняй і ўсходняй сыстэмаў навучаньня – гэта лепшы сродак набліжэньня канчатковай мэты стварэньня супольнага багатага і дэмакратычнага эўрапейскага дому. Ня ўсё тут атрымліваецца так, як было заплянавана на пачатку. На шляху да гэтай ідэальнай мэты, як высьветлілася, яшчэ шмат цяжкасьцяў. Ды і сама яна, як высьвятляецца, не такая ўжо блізкая як хацелася б… Але самае галоўная, што мэта гэта дасягальная. І фонд Тэмпус пацьвярджае гэта амаль кожны дзень сваёй эфэктыўнай і карыснай працай. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |