RFE/RL |
89. Менскае Бюро праграмы Тэмпус. Гутарка з дырэктарам.Сыстэма фондаў, якія дапамагаюць у атрыманьні адукацыі, падвышэньні кваліфікацыі і навуковай дзейнасьці яшчэ зусім нядаўна была цалкам невядомаю ў Беларусі. Сёньня ж без падтрымкі фондаў амаль немагчыма ўявіць сабе вышэйшую адукацыю ў Беларусі. Сярод гэтых фондаў выключную ролю займае фонд Эўрапейскага Зьвязу – Тасіс-Тэмпус. Прыгадаю напачатку, што ў пачатку 90-х гадоў Эўрапейскі Зьвяз прыняў пастанову выдзяліць даволі значныя сродкі на дапамогу былым сацыялістычным краінам і былым савецкім рэспублікам у працэсе дэмакратызацыі грамадзтва і рынкавай перабудове іх гаспадарак. Каардынацыя выдзяленьня сродкаў для паасобных краінаў была ўскладзеная на спэцыяльна створаны дзеля гэтай мэты фонд Тасіс. А ў рамках гэтага вялізнага фонду была ўтвораная спэцыяльная фундацыя Тэмпус, сродкі якой прызначаюцца на разьвіцьцё супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навуковых дасьледваньняў. Пры гэтым, спэцыяльная ўвага ў рамках дзейнасьці фонду Тэмпус прысьвячаецца дапамозе ў галіне атрыманьня заходняй асьветы маладымі грамадзянамі посткамуністычных краінаў. Беларусь у дзейнасьці фонду займае даволі значнае месца. Сродкі, якія выдзяляюцца Эўрапейскім Зьвязам на разьвіцьце супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, даволі значныя. Хаця апошнім часам у сувязі з палітыкай ураду Аляксандра Лукашэнкі некаторыя праграмы супрацоўніцтва і былі замарожаныя. Дзеля таго, каб канкрэтна даведацца пра дзейнасьць прадстаўніцтва фонду Тэмпус у Беларусі, я пазваніў у ягонае Менскае прадстаўніцтва. Вось што расказаў мне пра сутнасьць дзейнасьці фонду Тэмпус у Беларусі ягоны выканаўчы дырэктар у Беларусі Ігар Ганчаронак: (Ганчаронак: ) “Праграма Тэмпус прыйшла ў Беларусь у 1993 годзе. Пачаткова яна была разьлічаная толькі на чатыры незалежныя краіны, якія ўзьніклі на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, у тым ліку, і на Беларусі. І калі на першым этапе праграма Тэмпус была праграмай дапамогі Эўрапейскага Зьвязу, дык цяпер гэта праграма супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі. Так, што Беларусь была адной зь першых краінаў, якая ўступіла ў гэтую праграму”. (Іваноў: ) “Тыя з вас, паважаныя радыёслухачы, хто слухаў апошнія перадачы сэрыі Гаўдэамус, памятае, што ў размове са мной Генэральны дырэктар Тэмпусу Арыен Вос падкрэсьліў, што праект Тэмпус прадугледжваў пачаткова выкарыстаньне ня толькі сродкаў Эўрапейскага Зьвязу, але і сродкаў самой Беларусі. Гэта павінна было быць ня чыстае спонсарства, а амаль роўнапраўнае супрацоўніцтва. Але пазьней выявілася, што Беларусь папросту забедная дзеля таго, каб нароўні супрацоўнічаць із Заходняй Эўропай. І таму я пацікавіўся ў спадара Ганчаронка, выканаўчага дырэктара прадстаўніцтва фонду Тэмпус у Беларусі: у якой жа ступені пры рэалізацыі праекту Тэмпус выкарыстоўваюцца ўласныя беларускія сродкі. Вось ягоны адказ: (Ганчаронак: ) “Гэтае сьцьверджаньне справядлівае толькі ў тым сэнсе, што беларускія сродкі могуць выкарыстоўвацца толькі тады, калі яны ёсьць. Але дасюль тут выкарыстоўваўся толькі бюджэт самога Тэмпусу. І гэты бюджэт прадстаўляецца Эўрапейскай Супольнасьцю. Але тэарэтычна ў тым выпадку, калі беларускі бок мае адпаведныя сродкі, – і гэтыя сродкі могуць быць выкарыстаныя”. (Іваноў: ) “Калі не сакрэт, які ж гадавы бюджэт Тэмпусу ў Беларусі? У нашых папярэдніх перадачах сэрыі Гаўдэамус згадваліся сродкі бюджэту Тэмпуса для Расейскай Фэдэрацыыі, якія назваў генэральны дырэктар Тэпусу Арыен Вос. Мы б маглі параўнаць гэтыя сродкі”. (Ганчаронак: ) “На гэты год бюджэт праграмы Тэмпус у Беларусі яшчэ ня вызначаны, але ад самага пачатку ажыцьцяўленьня праграмы Тэмпус у Беларусі мы атрымалі ад Эўрапейскага Зьвязу больш за 6 млн. эўра. Гэта прыблізна 6 млн. амэрыканскіх даляраў. Усе гэтыя сродкі выкарыстоўваліся дзеля супрацоўніцтва з беларускімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі”. (Іваноў: ) “Спадар Ганчаронак, наколькі вы, як галоўны распараджальнік фонду Тэмпус у Беларусі, аўтаномны ў сваёй дзейнасьці. Як вас кантралюе Эўрапейскі Саюз? Ці вы падлягаеце кантролю беларускіх уладаў?” (Ганчаронак: ) “У нас есьць афіцыйныя сродкі так званага кантролю. Гэта – маніторынгавы аўдыт, які праводзяць незалежныя арганізцыі. Яны вызначаюцца Эўрапейскім Зьвязам, але не зьяўляюцца залежнымі ад яго. Што ж датычыць афіцыйнае палітыкі фонду Тэмпус, дык яе вызначаюць улады ЭЗ супольна зь беларускім урадам. Зь беларускага боку гэта Міністэрства адукацыі і спэцыяльнае каардынацыйнае бюро праграмы Тасіс. Так што палітыка вызначаецца супольна, а вось формы кантролю зусім незалежныя. У ім удзельнічае нэўтральны трэці бок”. (Іваноў: ) “Калі нехта з нашых радыёслухачоў пасьля гэтай перадачы хацеў бы зьвярнуцца да вас у фонд Тэмпус па дадатковую інфармацыю, ці такая магчымасьць у яго есьць? Ці вы прысутнічаеце ў Інтэрнэце, ці выдаеце даведачную літаратуру, ці існуюць іншыя формы інфармацыі пра вашую дзейнасць?” (Ганчаронак: ) “Я ня бачу тут ніякіх праблемаў. Усе сродкі інфармацыі
даступныя, і мы адказваем на ўсе пытаньні ў гэтай галіне. Мы маем свой
сайт інтэрнэтаўскі. Адрас наступны: www.@.unibel.by
(Іваноў: ) “Калі я раблю правільную выснову з нашай размовы, спадар Ганчаронак, праграма Тэмпус прызначаная перш за ўсё дзеля супрацоўніцтва паміж унівэрсытэтамі, паміж вялікімі адукацыйнымі цэнтрамі. А ці некаторыя з нашых слухачоў, зацікаўленыя ў працягу адукацыі за мяжой, маглі б зьвярнуцца да вас асабіста. Калі гэта так, што б вы параілі ім рабіць. Ці ёсьць магчымасьць зьвярнуцца да вас асабіста, ці да Эўрапейскага Зьвязу? Ці шлях да адукацыі на Захадзе палягае толькі праз свой унівэрсытэт?” (Ганчаронак: ) “Праграма Тэмпус – гэта перадусім праграма супрацоўніцтва паміж унівэрсытэтамі. Толькі унівэрсытэт можа аформіць заяўку на гэтую праграму. Але ёсьць іншыя сродкі, з дапамогай якіх мы маглі б дапамагчы паасобнаму слухачу, грамадзяніну Беларусі ці беларусу з замежжа. Трэба кантактаваць з намі. Праграма Тэмпус дазваляе нам шукаць іншыя крыніцы фінансаваньня для нашых грамадзянаў, каб яны маглі атрымаць дапамогу ня толькі на ўзроўні ўнівэрсытэтаў, каб яны маглі супрацоўнічаць з Эўрапейскім бокам на ўзроўні паасобнага грамадзяніна. Трэба да нас зьвяртацца па дапамогу”. Аб тым, якія канкрэтна формы фінансавай і іншай дапамогі існуюць для грамадзянаў Беларусі, якія хацелі б атрымаць адукацыю на Захадзе, выканаўчы дырэктар фонду Тэмпус у Беларусі Ігар Ганчаронак раскажа ў наступнай перадачы сэрыі Гаўдэамус. Мікола Іваноў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |