RFE/RL |
85. Дзе дастаць грошы на навуку за мяжой?Эўрапейскі Зьвяз бадай што самая ўплывовая і багатая міжнародная арганізацыя на Эўрапейскім кантынэнце. Ля вытокаў яго стварэньня амаль 40 год таму назад ляжалі ідэі супольнай дэмакратычнай Эўропы, здольнай гарантаваць кожнаму Эўрапейцу свабодны доступ да крыніцаў ведаў, да культуры і навукі. Практычна ад самага заснаваньня ў рамках адукацыйнай камісіі Эўразьвязу пачалі дзейнічаць розныя праграмы, накіраваныя на пашырэньне магчымасьцяў атрыманьня адукацыі для грамадзянаў садружнасьці. Але ня менш важнай зьяўляецца патрэба забесьпячэньня доступу да ведаў для грамадзянаў тых краінаў, якія яшчэ толькі будуюць дэмакратычнае грамадзтва. І ад 1990 году ў рамках адукацыйнай камісіі Эўразьвязу пачала дзейнічаць спэцыяльная праграма “Сакратэс”, якая непасрэдна скіраваная на посткамуністычны сьвет. Яе асноўная мэта – пераадолець тую прорву ў галіне адукацыі, якая паўстала ў выніку шматгадовага панаваньня на значнай частцы Эўрапейскага кантынэнту камуністычнага таталітарызму. На гэтыя мэты толькі ў 1995 – 1999 гг. Эурапэйскі Зьвяз выдаткаваў больш за 120 млн. даляраў. А на наступнае пяцігодзьдзе плянуецца павялічыць выдаткі ў гэтай галіне на 15%. У рамках праграмы “Сакратэс” фінансуюцца праграмы супрацоўніцтва паміж унівэрсытэтамі Захадў ды Ўсходу Эўропы, арганізоўваюцца спэцыяльныя курсы і летнія школы для студэнтаў і выкладчыкаў з посткамуністычных краінаў, выдзяляюцца штогод сотні тысяч паасобных грантаў і стыпендыяў для грамадзянаў краінаў былога сацыялістычнага лягеру. Каб больш дакладна прадставіць вам сутнасць праграмы “Сакратэс” я пазваніў у Брусэль, дзе знаходзяцца ўстановы Адукацыйнае камісіі Эўразьвязу. Інтэрвію для праграмы “Гаўдэамус” згадзілася даць загадчыца інфармацыйнага аддзелу праграмы “Сакратэс” Бенэвата Кацэрыя. Спадарыня Кацэрыя працуе ў праграме “Сакратэс” ужо тры гады. Яна прадстаўляе Грэцыю. На мае пытаньне, датычнае сутнасці праграмы “Сакратэс” яна адказала: (Кацэрыя: ) “Праграма “Сакратэс” – гэта шэраг дзеяньняў Эўрапейскага Зьвязу ў галіне адукацыі. Гэтая праграма прадугледжвае шэраг захадаў, кожны зь якіх прысьвечаны адпаведнаму аспэкту адукацыі. “Эразмус” прысьвечаны супрацоўніцтву ў галіне вышэйшай адукацыі. “Комэніўс” – школьнай адукацыі, “Лінгва” – адукацыі ў галіне замежных моваў, і есьць яшчэ праграма звочнай адукацыі”. А як адбываецца рэгістрацыя тых, хто хоча атрымаць стыпендыю? Куды зьвяртацца і якім чынам? Кіраўнік аддзелу інфармацыі адукацыйнае праграмы “Сакратэс” Эўрапейскага Зьвязу Бэнэвата Кацэрыя адказвае: (Кацэрыя: ) “Звычайна гэта ўваходзіць у адказнасьць мясцовага ўнівэрсытэту – разглядаць заявы студэнтаў і настаўнікаў на стыпендыю. Мясцовае аддзяленьне фонду “Сакратэс” мае права вырашаць: хто атрымае стыпендыю. Кожны, хто хоча паехаць у замежжа вучыцца на тэрмін ад трох да дзесяці месяцаў, павінен зьвяртацца менавіта на месцы ў свой унівэрсытэт”. А ці ёсьць магчымасьць для тых, хто па тых ці іншых прычынах ня можа атрымаць згоду на атрыманьне стыпендыі, зьвяртацца непасрэдна ў Брусэль. Думка спадарыні Кацэрыя на гэтую тэму была наступная: (Кацэрыя: ) “Трэба зьвяртацца непасрэдна ў мясцовае аддзяленьне фонду “Сакратэс”, але не сюды, ў Брусель. Мясцовае аддзяленьне фонду “Сакратэс” адказнае за выдзяленьне стыпендыяў і грантаў. Тамака на месцы вырашаецца: ці можа той ці іншы студэнт паехаць у замежжа. Унівэрсытэт прапануе, а мясцовае аддзяленьне без кансультацыяў з Брусэлем вырашае, хто паедзе і колькі грошаў атрымае”. Праграма “Сакратэс” ахоплівае сваім дзеяньнем ўсю Эўропу, але галоўныя вышэйпералічаныя праграмы прызначаюцца галоўным чынам для тых краінаў, якія першыя ў чарзе на членства ў ЭЗ. Загадчыца аддзелу інфармацыі праграмы “Сакратэс” Бэневата Кацэрыя ўдакладняе: (Кацэрыя: ) “У праграме ўдзельнічаюць усе 15 краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Краіны-члены арганізацыі ЦЭФТА Нарвэгія, Ліхтэнштэйн і Ісляндыя, а таксама краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы”. Прыгадаю, што галоўнымі ўдзельнікамі праграмы “Сакратэс” з посткамуністычнай прасторы зьяўляюцца Польшча, Вугоршчына, Чэхія, Славенія, Славаччына, Румынія, Балгарыя, Альбанія, Харватыя, Македонія ды Боснія-Герцагавіна. А ці маюць права карыстацца стыпендыямі “Сакратэсу” грамадзяне іншых эўрапейскіх краінаў, якія, напрыклад, раней былі рэспублікамі Савецкага Саюзу? Адказ на гэтае пытаньне кіраўніка аддзелу інфармацыі праграмы “Сакратэс” спадарыні Кацэрыя быў наступны: (Кацэрыя: ) “Я думаю, калі гэтыя грамадзяне маюць права сталага побыту ў краінах Цэнтральнай Эўропы, яны могуць зьвяртацца, і амаль гарантавана, што яны атрымаюць дапамогу. Але падкрэсьліваю, трэба мець права сталага побыту, а не часовую візу дзеля навучаньня”. А як шукаць больш дакладную і падрабязную інфармацыю пра магчымасьці карыстаньня стыпендыямі фонду “Сакратэс”? Кіраўнічка аддзелу інфармацыі гэтага фонду па тэлефоне з Бруселі Бэнавата Кацэрыя адказвае: (Кацэрыя: ) “Можна зьвярнуцца ў свой уласны ўнівэрсытэт, а таксама ў мясцовае прадстаўніцтва фондў “Сакратэс”. Можна таксама напісаць да нас у Брусэль. Можна таксама пашукаць інфармацыю ў Інтэрнэце, на старонках Адукацыйнае камісіі Эўразьвязу. Там вы знойдзеце інфармацыю пра ўсе стыпендыяльныя праграмы “Сакратэсу”. Там таксама ёсьць інфармацыя пра магчымасьці працаўладкаваньня, мэдыцынскія страхоўкі, пра праграмы навуковых даследаваньняў. Усе гэта на вэб-старонцы фонду “Сакратэс”. Падаю інтэрнэтаўскі адрас стыпендыльнага фонду “Сакратэс” Эўрапейскага Зьвязу: info@sokrates-youth.be I на заканчэньне маёй сёньняшняй размовы з кіраўнічкай аддзелу інфармацыі адукацыйнага фонду “Сакратэс” Бэнаватай Кацэрыя я задаў ёй пытаньне пра мову, на якой трэба зьвяртацца тым з нашых слухачоў, што зацікаўленыя атрыманьнем стыпендыі ці гранту фонду “Сакратэс”. Вось яе адказ: (Кацэрыя: ) “Звычайна Эўрапейская камісія прадстаўляе інфармацыю на 11 афіцыйных мовах Эўразьвязу. На гэтых афіцыйных мовах адбываецца і прыём дакумэнтаў. Але зразумела, што сярод дакумэнтаў пераважаюць інфармацыйныя крыніцы на ангельскай мове. Ангельская – галоўная рабочая мова праграмы “Сакратэс”. “Сакратэс” – гэта вельмі шматгаліновая праграма, у якой ёсьць і спэцыяльнае аддзяленьне фонду пад назвай “Тасіс”. Яно займаецца выдзяленьнем стыпендыяў для тых, хто сёньня жыве ў Беларусі. Але пра гэта ў наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”. Мікола Іваноў, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |