RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Гаўдэамус



84. Адказы Міколы Іванова на лісты слухачоў

Перш за ўсё мушу папрасіць у вас, паважаныя слухачы, прабачэньня, што не змагу адказваць індывідуальна на кожны зь лістоў, якія мы атрымалі за апошнія некалькі месяцаў з Беларусі, і якія датычаць праблематыкі перадачы сэрыі “Гаўдэамус”. Адказы на вашыя пытаньні будуць мець абагульняючы характар.

Я паспрабую закрануць у сёньняшняй гутарцы тыя праблемы, растлумачыць тыя пытаньні, якія найбольш часта сустракаюцца ў вашых лістох.

На пачатку таксама мушу зрабіць адну важную заўвагу. Перадача нашая разьлічаная на тое, каб падказаць вам найбольш спрыяльныя шляхі дзеля таго, каб вучыцца на Захадзе. Радые “Свабода” можа раіць, можа кансультаваць, але ні ў якім разе ня ў стане падмяняць сабой унівэрсытэцкую адміністрацыю. Мы не дасылаем анкеты для паступленьня, мы не даем рэкамэндацыяў, не кансультуем нікога ў індывідуальным парадку. І тым больш, мы ня можам аказваць нейкую матэрыяльную падтрымку.

Іншымі словамі, мы гаворым як і што канкрэтна трэба зрабіць, каб вучыцца ў замежжы, але мы ня ў стане рабіць нейкія пасярэдніцкія паслугі, каб вы змаглі вучыцца ў прэстыжным заходнім унівэрсытэце.

Найбольш частае пытаньне, якое сустракаецца ў вышых лістох, гэта: якім жа чынам можна атрымаць фінансавую падтрымку для таго, каб выехаць на Захад вучыцца.

І тут я павінен паўтарыць свае рэкамэндацыі, якія я ўжо не аднойчы даваў у папярэдніх перадачах сэрыі “Гаўдэамус”. Памятайце, што перадусім лічацца вашыя веды, вашыя здольнасьці. Калі нейкі заходні ўнівэрсытэт будзе зацікаўлены ў тым, каб вы былі яго студэнтам, ён знойдзе грошы на вашае навучаньне.

У бальшыні заходнеэўрапейскіх краінаў (Нямеччыне, Галяндыі, Аўстрыі, напрыклад) вышэйшая адукацыя бясплатная. І дзеля таго, каб вучыцца там, вам неабходна толькі знайсьці сродкі на жыльлё і харчаваньне. І бальшыня нават заходніх студэнтаў атрымлівае гэтыя сродкі падпрацоўваючы ў вольны ад заняткаў час.

У даволі значнай колькасьці лістоў ад вас, паважаныя радыёслухачы, пытаньні: якія і калі здаваць уступныя экзамены ў заходнія ўнівэрсытэты. І тут таксама мушу паўтарыцца: у пераважнай большасьці заходніх унівэрсытэтаў, нават самых прыстыжных, такога паняцьця, як уступныя экзамены няма. Ёсьць конкурс дакумэнтаў, ёсьць, часам, кваліфікацыйная гутарка, ёсьць праверка ведаў ангельскай ці іншай заходняй мовы. Магчымы таксама тэст на агульны ўзровень інтэлігентнасьці. Але ўступных экзаменаў як такіх няма.

Што ж тычыцца тэрмінаў паступленьня ў заходнія ўнівэрсытэты, дык шмат з вас, паважаныя радыёслухачы, пытаюцца: калі наладжваць кантакты з унівэрсытэтамі, калі і якім чынам дасылаць дакумэнты?

І тут сам мушу прызнаць, што назіраецца вялікае адрозьненьне ад сыстэмы адукацыі на посткамуністычнай прасторы.

Бальшыня заходніх школьнікаў ужо за год, а ўжо напэўна, за поўгады да сканчэньня школы, ведаюць, у якім унівэрсытэце яны будуць вучыцца. У некаторыя ўнівэрсытэты вы накіроўваеце свае дакумэнты яшчэ восеньню, і адказ маеце праз месяц, пазытыўны альбо нэгатыўны. А, напрыклад, у самыя прэстыжныя ўнівэрсытэты, як Кэмбрыджскі і Оксфардскі, апошняя дата, да якой вы можаце дасылаць дакумэнты, гэта 15 кастрычніка, а ўжо пад Новы год вы маеце адказ: прынялі вас у лік студэнтаў ці не.

Своеасаблівым ключом да паступленьня ва ўнівэрсытэт зьяўляецца веданьне ангельскай ці іншай замежнай мовы. І тут амаль у кожным унівэрсытэце вам трэба здаваць адпаведныя тэсты. Я ўжо расказваў пра тэсты веданьня ангельшчыны сыстэмы ТОЕФЛ і Эс-Эй-Ті. Але гэтыя тэсты кожны год зьмяняюцца. Таму ў адной з бліжэйшых перадачаў сэрыі “Гаўдэамус” я хачу вярнуцца да гэтай тэмы.

Шмат хто з вас, паважаныя радыёлухачы, у сваіх лістах просіць падаваць адрасы, тэлефоны, факсы тых ці іншых унівэрсытэтаў. На жаль, у нас няма магчымасьці рабіць гэта ў адказ на кожны індывідуальны ліст. Рабіць мы будзем гэта толькі тады, калі будзе рыхтавацца спэцыяльная перадача, прысьвечаная той ці іншай навучальнай установе.

Праўда тут мушу зрабіць адно вельмі істотнае адступленьне ад гэтага правіла. Літаральна ўчора зь Пінску прыйшоў ліст ад нашага сталага слухача, як ён сам сябе называе, Сяргея Касьцюковіча, які просіць даслаць адрас і тэлефоны летняй школы Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце (Вугоршчына). Тэрмін дасыланьня дакумэнтаў у летнюю школу гэтага ўнівэрсытэту ўжо канчаецца, і таму я вырашыў нагадаць адрас і тэлефоны. Пісаць адрас і сам ліст, зразумела, трэба па ангельску. Вось адрас:

Summer University Office
Central European University
Nador 9
1051 Budapest
Tel.: 36-1-3273811
Fax.: 36-1-3273124

І тут як бы адказваючы на ўсе шматлікія просьбы нашых радыёслухачоў дасылаць адрасы і тэлефоны ўнівэрсытэтаў, я мушу прыгадаць ролю інтэрнэту. Каб атрымаць анкеты і іншыя блянкі дакумэнтаў дзеля паступленьня ў адзін з заходніх унівэрсытэтаў, ня трэба пісаць лісты і асабіста зьвяртацца да адміністрацыі з просьбай даслаць вам неабходныя паперы. Дастаткова ведаць электронны адрас унівэрсытэту. І з дапамогай націску на адпаведную кнопку ў кампутары вы аўтаматычна можаце атрымаць ня толькі ўсю неабходную інфармацыю, але й адпаведныя анкеты і блянкі заяваў.

Вось чаму я падаю для спадара Сяргея Касьцюковіча зь Пінску электронны адрас летняй школы Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту.

The Internet address of the address of the Central European University:

Па літарах: summer@ceu.hu

І на заканчэньне сёньняшняй перадачы прыгадаю, што сэрыя “Гаўдэамус” у 2000 годзе па-ранейшым ў эфіры. Пішыце і зьвяртайцеся да нас праз Інтэрнэт з просьбамі і прапановамі: якія тэмы вы хацелі б пачуць сёлета. Пра магчмасьці атрыманьня адукацыі ў якіх краінах вы хацелі б пачуць? Якія вядомыя заходнія ўнівэрсытэты вы хацелі б наведаць з дапамогай хваляў беларускай “Свабоды?”

Мікола Іваноў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org