RFE/RL |
79. Беларускае студэнцкае жыцьцё ў Вялікай Брытаніі.Беларускія студэнты ў Вялікай Брытаніі. Як жывуць і вучацца яны на брытанскіх выспах? Якія іх посьпехі ў навуцы? Як праводзяць яны свой вольны час? Сёньняшняя перадача адукацыйнай сэрыі “Гаўдэамус” прысьвечаная тэме беларускага студэнцкага жыцьця ў Вялікай Брытаніі. Ігар Іваноў, як я ўжо згадваў у папярэдняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”, – студэнт першага курсу Лёнданскага тэалягічнага ўнівэрсытэту (Місіянэрскага інстытуту). У Лёндан ён прыехаў на запрашэньне апостальскага візытатара для беларусаў-католікаў усходняга абраду і дырэктара Скарынінскага цэнтру ў Лёндане айца Аляксандра Надсана. Прыехаў ён больш за год таму, і першы пэрыяд свайго побыту тут ён прысьвяціў вывучэньню ангельскай мовы. З гэтай мэтай вучыўся ён два сэмэстры на так званым падрыхтоўчым факультэце. І цяпер ягоная ангельская мова цалкам дастатковая, каб вучыцца ў брытанскай вышэйшай навучальнай установе. Ігар Іваноў апынуўся ў Лёндане і атрымаў магчымасьць працягваць сваю адукацыю тут дзякуючы дапамозе беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі. Вось, што ён расказвае пра тое, як ён і іншыя беларускія студэнты ўдзельнічаюць у беларускім жыцьці ў Лендане. (Ігар Іваноў: ) “Мы жывем тут у будынку беларускай каталіцкай місіі, удзельнічаем у жыцьці беларускай грамады. Тут стала наладжваюцца розныя вечарыны, розныя сустрэчы, і таму мала застаецца вольнага часу”. А ці не прыгадвае беларускае студэнцкае жыцьцё ў Вялікай Брытаніі нейкае “гэтта”? Ці не ізаляваныя вы ў сваім калектыве? Як укладаюцца вашыя адносіны з карэннымі ангельцамі і іншымі брытанцамі? Ігар Іваноў, студэнт Місіянэрскага інстытуту з Лендану адказвае: (Ігар Іваноў: ) “Вельмі цікавае слова “гета”, але магчыма так яно і выглядае. Зь іншымі беларускімі студэнтамі з Лёндану мне асабіста сустрэцца так і не ўдалося. Напэўна ў Лендане іх даволі шмат, але, відаць, беларуская бібліятэка іх не цікавіць. Дарэчы, у любым даведніку можна знайсьці адрас і тэлефон беларускай бібліятэкі ў Лёндане. Калі б іх гэта цікавіла, яны б сюды напэўна прыйшлі б. Так, як гэта робяць студэнты зь некаторых іншых ангельскіх гарадоў. Вось нядаўна з Манчэстэру да нас прыехаў хлопец, які там вучыцца ва ўнівэрсытце. Мы цяпер вырашылі зьезьдзіць да іх у Манчэстэр”. (Мікола Іваноў: ) “Яны беларусы?” (Ігар Іваноў: ) “Так, так. Адзін з гэтых хлопцаў скончыў факультэт міжнародных зносінаў у Беларускім Дзяржаўным унівэрсытэце, а цяпер тут вучыцца на паліталёгіі. Мы наведалі зь ягонай дапамогай Лідс, дзе адбылася канфэрэнцыя дабрачынных арганізацыяў, якія дапамагаюць Беларусі. Пазьней мы наведалі Манчэстэр і пазнаёміліся, як мінімум, з двума студэнтамі зь Беларусі. Пабывалі таксама ў беларускай царкве тамака”. (Мікола Іваноў: ) “Раскажыце, калі ласка, як жыве вашая група студэнтаў-беларусаў. Як вы ўдзельнічаеце ў жыцьці беларускай каталіцкай місіі, беларускай бібліятэкі? Я ведаю, што там штомесяц адбываюцца сустрэчы, даклады, вечарыны”. (Ігар Іваноў: ) “Рэч зразумелая, што мы удзельнічаем у жыцьці беларускай каталіцкай місіі, бо мы студэнты ад царквы, і гэта –нашае галоўнае прызначэньне тут. Мы намагаемся ўдзельнічаць у працы Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Ігар Лабацэвіч выдае камунікат гэтай арганізацыі. Некалькі нашых студэнтаў удзельнічаюць у працы кіраўнічых ворганаў Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі, Англа-беларускага таварыства. Мы наладжваем вечарыны, напрыклад, з нагоды 25 сакавіка, гадавіны слуцкага паўстаньня. Англа-беларускае таварыства нядаўна правяло апошнію сустрэчу, прысьвечаную выхаду кнігі прафэсара Арнольда Макміліна. Ён напісаў кнігу пра беларускую літаратуру ў 50-60 гады. Ініцыятыва гэтай вечарыны зыходзіла ад нашых студэнтаў. Практычна ніводная падзея беларускага жыцьця тут не абыходзіцца без удзелу студэнтаў з Беларусі. І наколькі я ведаю, нашыя суродзічы тут вельмі задаволеныя, што апошнім часам тут у Лёндане зьявіліся беларускія студэнты. Яны кажуць, што іх эмігрантаў застаецца з кожным днём усе менш і менш. Яны спадзяюцца, што беларускія студэнты дапамогуць адрадзіць беларускае нацыянальнае жыцьцё тут, актывізуюць працу, зробяць яе больш разнастайнай і цікавай”. (Мікола Іваноў: ) “Вы закранулі, я б нават сказаў, балючую праблему. З аднаго боку, вашыя веды, вашыя здольнасьці патрэбныя Беларусі. З другога, беларусы, якія вас тут прыймаюць, старыя беларусы, глядзяць на вас, як на тых, хто можа тут на месцы ратаваць тую беларускасьць, якую стварылі ў замежжы. Цікава, што іх дзеці ўжо амаль не гавораць па-беларуску, а вы, беларускія студэнты, выглядаеце на іх духовых дзяцей. І як гэтыя дзьве галоўныя тэндэнцыі аб’яднаць, прымірыць? З аднаго боку – вяртаньне на Беларусь, а з другога – патрэба дапамогі для беларускасьці тут у Вялікай Брытаніі?” (Ігар Іваноў: ) “Толькі ў рэдкім выпадку нашая адукацыя можа прынесьці карысьць, калі нехта з нас застанецца тут, у Вялікай Брытаніі. Таму, калі нават нехта і думае пра тое, каб застацца тут, дык, прынамсі, не гаворыць аб гэтым. Што ж датычыць жаданьня старэйшых эмігрантаў, каб ім дапамагчы тут, дык студэнты прыяжджалі, прыяжджаюць і будуць прыяжджаць. І гэта будзе дапамогай эміграцыі. Прыяжджаюць новыя людзі, прывозяць новыя ідэі, новыя здольнасьці, новую энэргію. Тут ня будзе вялікіх праблемаў, але мяне засмучае іншае – у Брытаніі просіць палітычны прытулак даволі шмат беларусаў. Напрыклад, днямі я пазнаёміўся з адным хлопцам, які зьвярнуўся тут да ўладаў па палітычны прытулак. Ён сустракаўся зь іншымі, хто прыехаў з Беларусі. Кажуць, што з аўтобуса па некалькі чалавек выходзяць і адразу зьвяртаюцца па палітычны прытулак. Але пазьней мы гэтых людзей ня бачым. Яны зьнікаюць, зьнікаюць у брытанскім грамадзтве”. (Мікола Іваноў: ) “І што, атрымліваюць гэты прытулак?” (Ігар Іваноў: ) “Паводле статыстыкі, кожны чацьверты, хто зьвяртаецца да брытанскіх уладаў па прытулак, яго атрымлівае. Я асабіста ведаю тры сьм’і, якія тут жывуць, але толькі адна зь іх бывае на нашых вечарынах. Не сказаць, каб яны вельмі актыўна ўдзельнічалі ў нашым жыцьці, але прыходзяць…” (Мікола Іваноў: ) “Ну і на заканчэньне, ў якасьці падсумаваньня нашай размовы, раскажыце, калі ласка, пра вашыя пляны? Вы вучыцеся на першым курсе, вучыцца яшчэ даволі доўга… Якія вашыя пляны?” (Ігар Іваноў: ) “У першую чаргу, гэта – вучоба. Акрамя таго, я крыху займаюся Інтэрнэтам. Мы стварылі адпаведны сайт на Інтэрнэце. Ён пакуль-што па-ангельску, але будзе і па-беларуску. Ён будзе называцца “Беларусы ў Вялікай Брытаніі”. Мы намагаемся праз Інтэрнэт зьвязацца з рознымі людзьмі, зь якімі мы раней не змаглі зьвязацца, распавесьці пра беларускае жыцьцё ў іншых гарадох, пра беларускія школкі. Мне асабіста хацелася б далучыцца да працы брытанскіх дабрачынных арганізацыяў, якія дапамагаюць Беларусі. Я яшчэ ня ведаю, якім чынам найлепей я мог бы дапамагчы. Можа ў галіне выдавецкай справы. Вось гэта мае бліжэйшыя пляны”. Размовай з Ігарам Івановым мы далека ня вычарпалі праблему беларускага студэнцкага жыцьця ў Вялікай Брытаніі. У наступнай перадачы сэрыі “Гаўдэамус” мы плянуем запрасіць у нашую студыю іншых маладых беларусаў, якія жывуць і вучацца ў брытанскай сталіцы. Паспрабуем таксама скантактавацца і з тымі, хто вучыцца ў Вялікай Брытаніі па-за Лёнданам, магчыма з манчэсьцерскім сябрам, пра якога сёньня згадаў Ігар Іваноў. Мікола Іваноў, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |