RFE/RL |
77. Амэрыканскі унівэрсытэт у Баўгарыі. Гутарка з беларускай студэнткай Кацярынай Сьвірыдэнка.Амэрыканскі ўнівэрсытэт у Баўгарыі – месца, дзе сёньня вучыцца даволі значная група студэнтаў з Беларусі. Ён выдае дыплёмы амэрыканскага ўзору. Якія ж магчымасьці дае беларусу амэрыканскі дыплём? Што і як вывучаюць у гэтай вышэйшай навучальнай установе? Адказ на гэтыя і іншыя пытаньні ў чарговай перадачы сэрыі “Гаўдэамус”. Cёньня ў нашай чарговай перадачы сэрыі “Гаўдэамус” працяг размовы з Кацярынай Сьвірыдэнка з Гомлі, якая цяпер вучыцца на другім курсе Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Баўгарыі. На пачатку прыгадаю, што Амэрыканскі ўнівэрсытэт у Баўгарыі створаны ў 1990 годзе па ініцыятыве амэрыканскага фінансіста і філянтропа Джорджа Сораса. Сёньня тут вучыцца больш за 800 студэнтаў амаль з усіх посткамуністычных краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы. Выкладчыкі тут пераважна амэрыканцы. Унівэрсытэт карыстаецца праграмамі і падручнікамі з ЗША, а і ягоныя дыплёмы прыроўненыя да дыплёмаў амэрыканскіх вышэйшых навучальных установаў. Але ці хапае ведаў, атрыманых у беларускай школе, каб вучыцца тут? Студэнтка другога курсу факультэта эканомікі ўнівэрсытэту Кацярына Сьвірыдэнка адказвае: (Сьвірыдэнка: ) “Ёсьць жа розныя амэрыканскія ўнівэрсытэты. Калі мы возьмем Гарвард, дык я лічу, што тыя прадметы, якія там выкладаюць (гісторыя, напрклад, матыматыка, замежныя мовы), дык нашых ведаў дзеля іх вывучэньня хапае. (Іваноў: ) “На які факультэт Вы паступілі? Што вы вывучаеце?” (Сьвірыдэнка: ) “Я вывучаю эканоміку”.
(Іваноў: ) “Чаму Вы вырашылі стаць эканамістам?” (Сьвірыдэнка: ) “Перш за ўсё, мне гэта вельмі падабаецца: разумець, як усё адбываецца, як дзейнічаюць эканамічныя працэсы, рабіць так, каб дзяржаве было лепш, нешта зрабіць добрае, каб рэспубліцы было лепш”. (Іваноў: ) “Я ведаю, што Вы атрымалі стыпендыю. Ці ўсе беларусы атрымалі стыпендыю? На якой падставе гэтыя стыпендыі даюць? Ці цяжка было атрымаць стыпендыю?” (Сьвірыдэнка: ) “Калі я паступала ва ўнівэрсытэт, давалі 4 стыпендыі на Беларусь. Тры стыпендыі атрымалі менчукі, і я была адна з Гомеля, хто атрымаў стыпендыю. Але цяпер у нас ёсьць адзін хлопец з Гародні і дзяўчына з Магілева. Стыпендыю цяжка атрымаць, таму што паступаюць ва ўнівэрсытэт галоўным чынам тыя, хто атрымлівае стыпендыю, бо немагчыма пакрыць кошты адукацыі”. (Іваноў: ) “А ці хапае стыпендыі на жыцьцё?” (Сьвірыдэнка: ) “Так. Стыпендыя пакрывае кошты навучаньня, харчаваньня і пражываньня”. (Іваноў: ) “А як з кішэннымі выдаткамі?” (Сьвірыдэнка: ) “Гэта ўжо ідзе з кішэні майго бацькі”. (Іваноў: ) “А ці падпрацоўваюць некаторыя студэнты?” (Сьвірыдэнка: ) “Так, але можна падпрацоўваць толькі на тэрыторыі ўнівэрсытэту. Таму, што няма такога закону, які б даваў дазвол асобам, якія не зьяўляюцца грамадзянамі Баўгарыі, працаваць тут. Мы можам працаваць толькі на тэрыторыі амэрыканскага ўнівэрсытэту. А грошы, якія мы зарабляем, ідуць на нашую крэдытную картку, іх можна выдаваць толькі на харчаваньне. Мы ня можам атрымаць рэальныя грошы. Можам толькі павялічыць наш банкавы рахунак”. (Іваноў: ) “Вы цяпер трапілі ў міжнароднае студэнцкае грамадзтва. Тут вакол Вас прадстаўнікі шматлікіх краінаў. Як Вы сябе адчуваеце? Ці Вы адчуваеце, што трапілі сюды з нейкага зачыненага грамадзтва?” (Сьвірыдэнка: ) “Праблемы, якія мы назіраем цяпер у Беларусі, ёсьць і ў іншых краінах. У нас тут ёсьць касавары, ёсьць сэрбы, ёсьць альбанцы. І таму я не магу сказаць, што я адчуваю сябе як нейкая “адшчапенка”. Я не лічу, што я прыйшла зь нейкага засьценку. Хаця ў Беларусі я, напрыклад, не магла атрымаць доступ да нармальнай інфармацыі, як доступ да Інтэрнэту, да свабоднай прэсы”. (Іваноў: ) “Чалавек, які вучыцца, заўсёды думае: а што ж заўтра? Што ж далей? Ці Вы маеце намер працягваць недзе сваю адукацыю? Вы будзеце вучыцца 4 гады, ці 5?” (Сьвірыдэнка: ) “Мне засталося яшчэ вучыцца два з паловаю гады. Я маю намер атрымаць ступень бакаляўра. Пазьней я хачу працягваць адукацыю. Можа атрымаю ступень магістра. Пазьней я хацела б паступіць вучыцца далей. Можа на ступень доктара. Тут няма асьпірантуры, але можна паступіць у Будапескі амэрыканскі ўнівэрсытэт, альбо ў ЗША. Я б хацела працягваць адукацыю”. (Іваноў: ) “А ці думаеце калі-небудзь вярнуцца дамоў?” (Свірыдэнка: ) “Цяжка сказаць. Мы ж варочаемся, часам, дамоў, на канікулы. Але ці назаўсёды? Ня ведаю”. (Іваноў: ) “А цяпер раскажыце мне пра студэнцкае жыцьцё. Вы жывеце ў краіне, якая сама толькі выходзіць з камуністычнага мінулага, разьвітваецца з каманднай эканомікай, будуе рынкавую гаспадарку. У гэтай краіны таксама шмат цяжкасьцяў. Ці ў Вас ёсьць нейкія кантакты з баўгарамі, ці вы жывяцё ў студэнцкім “гета”?” (Сьвірыдэнка: ) “Значная частка тых, хто навучаюцца ў гэтым унівэрсытэце, баўгары. Так, што нельга сказаць, што мы жывем у нейкім гета. Мы жывем у інтэрнаце разам з баўгарамі. У мяне ёсьць шмат сяброў-баўгараў. Калі ж гаварыць пра студэнцкае жыцьцё, дык я лічу, што яно вельмі цікавае, таму што гэта амэрыканскі ўнівэрсытэт. Ён дае шмат сродкаў, у нас ёсьць дзьве студэнцкія газэты, ёсьць уласнае радые. Калі гаварыць пра спорт, мы зімой ездзім на лыжах, у нас ёсьць розныя клюбы. Я лічу, што большасьць студэнтаў трымаецца нейкімі групамі, бо ёсьць адпаведныя моўныя перашкоды. Румыны, напрыклад, трымаюцца паасобку, бо большасьць не разумее румынскую мову. Беларусы трымаюцца разам, а таксама з баўгарамі, бо гэта дзьве славянскія мовы”. (Іваноў: ) “А ці ёсьць нейкая беларуская студэнцкая суполка? Я мяркую, што ў Вас сьвядомая беларускасьць абудзілася, калі вы трапілі ў Баўгарыю. Ці гэта праўда? Ці праўда, што калі студэнты-беларусы трапляюць за мяжу, вартасьці беларускасьці неяк абвастраюцца, робяцца больш важкімі?” (Сьвірыдэнка: ) “Вы маеце рацыю. Калі жывеш у Беларусі, неяк тым вартасьцям беларускасьці не надаеш значэньня, а калі ты ад’язжаеш у замежжа, ты пачынаеш іх цаніць. Таму і мы, калі прыехалі ў Баўгарыю, пачалі з большай павагай ставіцца да ўсяго беларускага. Больш адчуваеш, што беларуская мова твая, родная”. (Іваноў: ) “Ці можна ганарыцца, што вы беларуска тут у Баўгарыі?” (Сьвірыдэнка: ) “Зразумела, чаму не. Можна ганарыцца, што ты беларус і ў Злучаных Штатах, і ў Нямеччыне”. (Іваноў: ) “А ці студэнты з Беларусі наладжваюць нейкія імпрэзы, вечарыны? Сустракаецеся?” (Сьвірыдэнка: ) “Як і ўсе студэнты, мы зьбіраемся пры шклянцы піва, размаўляем. А ў хуткім часе мы зьбіраемся наладзіць разам з беларускай амбасадай у Баўгарыі вечарыну, паказаць кніжкі, паказаць беларускія касьцюмы, беларускую гісторыю. Мы хочам арганізаваць гэта неяк узімку, каб тут усе ведалі, што такое Беларусь. Бо яшчэ даволі часта можна пачуць ад баўгараў: хто вы такія беларусы, чым вы адрозьніваецеся ад Расеі?” Кацярына Сьвірыдэнка, як і іншыя беларускія студэнты, даволі часта ездзіць дамоў у Беларусь, у родны Гомель. Якія ж уражаньньні ў яе ад таго, што яна, студэнтка амэрыканскага ўнівэрсытэту, бачыць дома? Вось яе думка: (Сьвірыдэнка: ) “Канешне хацелася б, каб быо лепш. Зразумела, хацелася б, каб было так, як у Літве, ці ў Чэхіі. Хацелася б рабіць нешта, што мела б добры ўплыў на эканоміку, на палітычнае становішча. У нас яшчэ вялікія цяжкасьці, таму што шмат рэчаў мы ня ў стане рабіць добра. Я думаю, што ў будучыні мы зможам зрабіць так, каб плянавая эканоміка ня ўпісвалася ў рынкавую”. Амэрыканскі ўнівэрсытэт у Баўгарыі, дзе вучыцца Кацярына Сьвірыдэнка і значная група іншых беларусаў – прыклад таго, як дэмакратычныя краіны Захаду практычна дапамагаюць посткамуністычным краінам у падрыхтоўцы тых высокакваліфікаваных кадраў, якія заўтра стануць ля стырна рынкавых гаспадарак і дэмакратычнага грамадзкага арганізму. Тут беларуская моладзь мае магчымасьць атрымаць адукацыю самага высога стандарту. Для многіх, так як для Кацярыны Сьвірыдэнка, гэта – важкі рэальны крок да добрай, магчыма, міжнароднай кар’еры. Мікола Іваноў, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |