RFE/RL |
70. Правы акадэмічнае супольнасьці ў Беларусі (працяг). СтудэнцтваПравы чалавека й вышэйшая асвета – тэма сёньняшняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”. Некалькі месяцаў назад Беларусь наведалі экспэрты міжнароднае праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch”. Да якіх высноваў яны прыйшлі? Што высьветлілі пасьля шматлікіх размоваў з прадстаўнікамі як адміністрацыі вышэйшых навучальных установаў, так і з выкладчыкамі, студэнтамі? Беларускія ўлады і адміністрацыя вышэйшых навучальных установаў імкнуцца да татальнага кантролю студэнцкага жыцьця, як гэта было ў савецкія часы, – так пачынаецца разьдзел справаздачы “Human Rights Watch”, прысьвечаны беларускаму студэнцтву. – Дзеля дасягненьня гэтае мэты выкарыстоўваюцца самыя розныя сродкі: вымовы, папярэджаньні, заніжэньне ацэнак студэнтам і выключэньне з унівэрсытэтаў. Акрамя таго карныя ворганы Беларусі адкрываюць на палітычна актыўных студэнтаў крымінальныя справы. Пры гэтым, як дзяржаўныя ўлады, так і падпарадкаваная ім унівэрсытэцкая адміністрацыя, – гаворыцца ў справаздачы “Human Rights Watch”, – выразна спрыяюць сябрам прапрэзыдэнцкага “Беларускага патрыятычнага зьвязу моладзі”. Студэнтаў усялякімі спосабамі заахвочваюць уступаць у гэтую арганізацыю. Ня кожны ў сёньняшняй Беларусі можа адважыцца так шчыра й так востра крытыкаваць палітыку ўладаў ды інфармаваць сусьветную супольнасьць пра ўсё тое, што ўлады так шчыльна намагаюцца схаваць ад чужога вока. Экспэрты ж “Human Rights Watch” як раз вядомыя ва ўсім сьвеце сваёй бескампраміснасьцю й паслядоўнасьцю ў барацьбе за захаваньне правоў чалавека. І амаль ніхто ў сьвеце ня можа западозрыць іх у перадузятасьці. Кіраўніком праекту дасьледваньня стану захаваньня правоў чалавека ў галіне вышэйшае асьветы, пра які йдзе гутарка ў некалькіх апошніх перадачах сэрыі “Гаўдэамус”, зьяўляецца ангелец Малькольм Хоўкс, вядучы аналітык Маскоўскага бюро “Human Rights Watch”. Беларусьсю ён займаецца ўжо ня першы год. І вось, каб даведацца пра гісторыю паўстаньня гэтае справаздачы аб стане захаваньня правоў чалавека ў асяродзьдзі беларускае акадэмічнае супольнасьці, я затэлефаніў яму ў Маскву. Вось, што ён мне расказаў: (Хоўкс: ) “Я даволі часта падарожнічаю па Беларусі. На мейсцы я дасьледую стан правоў чалавека ў гэтай краіне. Я зьбіраю ўсю даступную інфармацыю пра парушэньні. Я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы ўжо некалькіх дакладаў. У жнівені 1997 году быў падрыхтаваны даклад “Зьнішчэньне грамадзянскае супольнасьці ў Беларусі”. Гэта была вельмі агульная справаздача, прысьвечаная парушэньням правоў чалавека. На наступны 1998 год мы падрыхтавалі яшчэ адзін даклад, больш дэталёвы. У ім мы прыводзілі шматлікія факты разгону дэманстрацыяў, выкарыстаньня сілы супроць апазыцыі, а таксама перасьледу незалежных сродкаў масавае інфармацыі. Мы паінфармавалі міжнародную грамадзкую думку пра адсутнасьць доступу ў апазыцыйных палітыкаў да сродкаў масавае інфармацыі, пра перасьлед апазыцыі дзяржаўнымі ўладамі. І пад час падрыхтаваньня гэтых дзьвюх агульных справаздачаў мы сутыкнуліся з адной спэцыфічнай праблемаю. Гэта перасьлед сяброў акадэмічнае супольнасьці (студэнтаў і выкладчыкаў) з боку адміністрацыі вышэйшых навучальных установаў. Студэнтам рабіліcя вымовы, іх звальнялі з унівэрсытэтаў, настаўнікам не працягвалі працоўныя кантракты. І таму мы вырашылі падрыхтаваць спэцыяльную справаздачу на тэму стану правоў чалавека ў акадэмічным асяродзьдзі. Першая праца над гэтым праектам распачалася дакладна год таму назад”. І вось цяпер перада мною гэтая новая справаздача “Human Rights Watch”. І чытаю яе ня толькі я. Яе чытаюць цяпер ў Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе, у Радзе Эўропы, ў кіраўніцтве Эўрапейскага Зьвязу, у Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у ЮНЭСКА. Яе чытаюць ва ўрадавых колах заходніх краінаў, у кіраўніцтве тых міжнародных арганізацыяў, ад якіх залежыць выдаткаваньне фінансавае дапамогі для беларускіх унівэрсытэтаў, у тым ліку й дапамогі дзеля навучаньня за мяжою беларускіх студэнтаў. І чытаюць усе гэтыя ўплывовыя людзі наступнае: “Беларуская служба нацыянальнае бясьпекі шчыльна супрацоўнічае з унівэрсытэцкай адміністрацыяй у выяўленьні й пакараньні студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у дэманстрацыях апазыцыі. Дзеля гэтага выкарыстоўваецца відэафільмаваньне, каб пазьней выявіць і часам зарыштаваць і нават пасадзіць у турму ўдзельнікаў пратэстаў. Відэастужкі часам накіроўваюцца ўнівэрсытэцкай адміністрацыі, каб тая сама вызначала пакараньне для “вінаватых”. У справаздачы “Human Rights Watch” падаюцца дзясяткі прыкладаў перасьледу студэнтаў. Найбольш абуральная зь іх – гэта перасьлед беларускіх студэнтаў Горацкае сельскагаспадарчае акадэміі. На пачатку 1998 году група студэнтаў вырашыла арганізаваць у акадэміі Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў. Адзін зь ініцыятараў ягонага стварэньня Дзяніс Бібікаў расказаў прадстаўніку “Human Rights Watch” наступнае: (Бібікаў: ) “Нашай мэтаю была праца зь беларускай моладзьдзю. Мы хацелі наладжваць розныя канцэрты, да прыкладу, канцэрты беларускае рок-музыкі. Іншымі словамі, канцэрты тых рок-гуртоў, якія сьпяваюць па-беларуску. Такіх гуртоў шмат у Беларусі, а ў нас у Горках мала. Мы таксама хацелі спрыяць распаўсюджваньню беларускае мовы, таму што амаль паўсюдна ўсе гавораць па-расейску. Мы пачалі выдаваць незалежную газэту “Акадэмічная пуня”. Газэта была апалітычная, мы не хацелі ўмешвацца ў палітыку. Але ў нашай краіне ўжо сама публікацыя на беларускай мове разглядаецца ў якасьці палітычнага кроку”. Сярод тых, хто далучыўся да Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў былі пераважна студэнты першага курсу. І таму першы нумар “Акадэмічнае пуні” быў разьлічаны менавіта на іх. Дзяніс Бібікаў працягваў: (Бібікаў: ) “У першым нумары нашае газэты мы зьмясьцілі артыкул на тэму “Як здаць іспыты?” Студэнты першага курсу як раз хацелі ведаць адказ на гэтае пытаньне. Але мы таксама зьмясьцілі ў “Акадэмічнай пуні” артыкул пра паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага 1863 году, калі ў нашай Акадэміі студэнты захапілі будынкі й выкінулі адміністрацыю, а пазьней захапілі ўладу і ў самым горадзе”. Пасьля выхаду першага нумару “Акадэмічнае пуні” рэктарат адразу скантактаваўся з КГБ. У Акадэмію прыбыў прадстаўнік КГБ, які разам з прарэктарам Віталем Няўдохам правялі зь перашкурсьнікамі выхаваўчую размову. Афіцэр КГБ заявіў ім, што калі яны надалей хочуць спакойна вучыцца, яны мусяць прыпыніць сваю палітычную актыўнасьць. Але студэнты надалей прабавалі выдаваць сваю газэту. І тады адміністрацыя Акадэміі ў супрацоўніцтве зь міліцыяй пайшла на адкрытую правакацыю. На вуліцы была справакаваная бойка, у выніку якой міліцыянты зарыштавалі двух галоўных выдаўцоў і арганізатараў Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў Дзяніса Бібікава й Анатоля Брыцына, якія за бойкай толькі назіралі. Іх абвінавацілі ў хуліганстве, аштрафавалі й пратакол скіравалі адміністрацыі Акадэміі. У выніку Бібікаў і Брыцын былі выключаныя з Акадэміі. Экспэрты “Human Rights Watch” атрымалі інфармацыю ад сваіх размоўцаў-студэнтаў, што КГБ часам з дапамогаю сяброў пра-прэзыдэнцкага “Патрыятычнага зьвязу моладзі” наладжвае магнітафонныя запісы лекцыяў тых выкладчыкаў, якія знаходзяцца ў апазыцыі да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама выказваньні на сэмінарскіх занятках студэнтаў-апазыцыянэраў. Пазьней супроць тых, чые погляды не адпавядаюць афіцыйнаму курсу палітыкі ўладаў, выкарыстоўваюцца рэпрэсіі аж да выключэньня з вышэйшых навучальных установаў і звальненьняў з працы. Мікола Іваноў, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |