RFE/RL |
68. Правы акадэмічнае супольнасьці ў Беларусі“У акадэмічным жыцьці Беларусі парушаецца міжнародна прызнанае права свабоды выказваньняў, свабоды наладжваньня сувязяў і свабоды аб’яднаньняў. Бальшыня гэтых парушэньняў базуецца на адраджэньні ў Беларусі здыскрыдытаванае аўтарытарнае практыкі савецкіх часоў”. Гэта ўрывак са спэцыяльнай справаздачы сусьветна вядомае міжнароднае арганізацыі “Human Rights Watch”, экспэрты якой надоечы наведалі Беларусь і на мейсцы пазнаёміліся са станам беларускае вышэйшае асьветы. Якім жа чынам адсутнасьць свабоды акадэмічнага жыцьця ўплывае на агульны стан вышэйшае асьветы ў Беларусі? І як гэты стан спрычыняецца да магчымасьцяў беларускае моладзі вучыцца за мяжою? Адказу на гэтыя ды іншыя пытаньні, зьвязаныя са справаздачаю “Human Rights Watch”, будуць прысьвечаныя гэты й некалькі наступных матэрыялаў сэрыі “Гаўдэамус”. У прэамбуле да Ўсясьветнай Дэклярацыі правоў чалавека гаворыцца: “Кожны чалавек, кожная грамадзкая ўстанова мусяць ў сваёй дзейнасьці кіравацца артыкуламі Дэклярацыі, мусяць з дапамогай адукацыі выхоўваць у грамадзтве пачуцьцё павагі да правоў чалавека”. У Дэклярацыі спэцыяльна падкрэсьліваецца права на адукацыю і свабодны доступ да адукацыйных цэнтраў для ўсіх без вынятку сябраў грамадзтва. Дзеля таго, каб праверыць, як у Беларусі выконваецца гэтае ды іншыя правы чалавека ў галіне вышэйшае асьветы, Менск ды іншыя гарады Рэспублікі ўвосень 1998 і ўвесну 1999 году наведалі экспэрты арганізацыі “Human Rights Watch” і на мейсцы выкрылі даволі шмат фактаў парушэньняў (у тым ліку й вельмі грубых) правоў чалавека ў галіне вышэйшае асветы. Экспэрты “Human Rights Watch” выкрылі шмат фактаў парушэньня прынцыпаў незалежнасьці вышэйшых навучальных установаў ад дзяржавы. Прыгадаю, што ўнівэрсытэцкае самакіраваньне – адна з галоўных падставаў традыцыйнага жыцьця акадэмічнае супольнасьці. Амаль паўсюдна ў дэмакратычным сьвеце рэктараў унівэрсытэтаў абірае сама акадэмічная супольнасьць. У Беларусі ж усе яны прызначаюцца, і прызначаюцца ў бальшыні выпадкаў самім Аляксандрам Лукашэнкам. Дасьледваньні ў некаторых галінах ведаў (перад усім тут маецца на ўвазе гісторыя) амаль цалкам падпарадкаваныя патрэбам палітычнага рэжыму, які сёньня йснуе ў Беларусі. Перасьледуецца падстава падставаў нацыянальнае сьвядомасьці беларусаў – іх родная мова. У Беларусі няма аніводнае вышэйшае навучальнае ўстановы, дзе б выкладаньне вялося толькі на беларускай мове. З унівэрсытэтаў ды інстытутаў рэгулярна звальняюцца тыя выкладчыкі й студэнты, погляды якіх, а тым больш – практычная дзейнасьць, не адпавядаюць поглядам уладаў. Улады Беларусі робяць усё магчымае, каб затрымаць разьвіцьцё незалежнае, прыватнае адукацыі. Як сьцвярджаецца ў справаздачы “Human Rights Watch”, адным з самых грубых парушэньняў акадэмічнай свабоды ў Беларусі зьяўляецца прызначэньне рэктараў вышэйшых навучальных установаў з дапамогаю прэзыдэнцкіх указаў. Падобная антыдэмакратычная практыка назіраецца таксама ў іншых таталітарных рэжымах. Ёй, да прыкладу, карыстаецца прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч, а зусім нядаўна яе ўжываў дыктатар Інданэзіі Сухарта. Прызначэньне рэктараў прэзыдэнтам скіраванае на дасягненьне аднае простае і яснае мэты, лічаць экспэрты “Human Rights Watch” – усталяваньне палітычнага кантролю над унівэрсытэтамі. І гэта выразна супярэчыць адной з галоўных падставаў вышэйшае адукацыі – яе палітычнай незалежнасьці і нэйтральнасьці. У справаздачы адзначаецца, што за апошнія гады Аляксандар Лукашэнка звольніў са сваіх пасадаў паводле палітычных матываў цэлы шэраг рэктараў, але ніводзін са звольненых не згадзіўся сустрэцца з экспэртамі арганізацыі. І гэта зразумела, людзі папросту баяцца за свой далейшы лёс. Затое, на сустрэчу згадзіліся прадстаўнікі афіцыйных уладаў. Растлумачыць сутнасьць новае кадравае палітыкі ўладаў экспэртам “Human Rights Watch” згадзіліся загадчык адміністрацыйнага аддзелу міністэрства вышэйшае і сярэдняе спэцыяльнае адукацыі Валеры Дабранскі і прарэктар Дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Сяргэй Вятошкін. На сустрэчы яны вельмі энэргічна баранілі пункт гледжаньня, што Аляксандар Лукашэнка прызначае рэктараў толькі пасьля шырокіх кансультацыяў з акадэмічнай супольнасьцю. Аднак, калі экспэрты арганізацыі запыталі, ці ў гэтым выпадку само прызначэньне робіцца пустой фармальнасьцю, Сяргей Вятошкін адказаў наступнае (паводле арыгіналу справаздачы): (Вятошкін: ) “Ну я не магу сказаць, што гэта пустая фармальнасьць. Сам прэзыдэнт і прадстаўнікі прэзыдэнцкае адміністрацыі вельмі ўважліва падыходзяць да разгляду кожнае кандыдатуры. Так што прэзыдэнт ня толькі ставіць пячатку на ўжо гатовую пастанову. Ён ніколі не прымае пастанову, калі яе не падтрымлівае акадэмічная супольнасьць”. На сустрэчы з экспэртамі Вятошкін і Дабранскі намагаліся падкрэсьліць нібыта йснуючую розьніцу паміж старой савецкай і лукашэнкаўскай практыкамі прызачэньня рэктараў. Вятошкін нават сьцьвярджаў, што колішні першы сакратар ЦК КПБ Машэраў прымаў пастановы ў справе прызначэньня рэктараў сам, без аніякіх кансультацыяў з кім-небудзь, а вось Аляксандар Лукашэнка раіцца з акадэмічнай супольнасьцю. З кім жа дакладана раіцца Лукашэнка, ён, аднак, не ўдакладніў. Затое экспэрты “Human Rights Watch” мелі шматлікія сустрэчы з прадстаўнікамі гэтае акадэмічнае супольнасьці й змаглі высьветліць, што кансультуецца Лукашэнка толькі са сваім блізкім атачэньнем, якое да акадэмічнай супольнасьці мае вельмі малое дачыненьне. Доўгагадовая выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якая аддала перавагу выступіць ў справаздачы “Human Rights Watch” пад псэўданімам, Марыя Воўкава, расказала экспэртам арганізацыі, што ў гісторыі беларускае вышэйшае адукацыі быў адзін кароткі пэрыяд, калі акадэмічная супольнасьць абірала рэктараў дэмакратычным шляхам. Пэрыяд гэты доўжыўся нядоўга: прыблізна ад 1991 да 1996. Было такое ўражаньне, што мы жывем, нягледзячы на цяжкае эканамічнае становішча, у дэмакратычнай краіне. Спадарыня Воўкава ўзгадвае (паводле тэксту справаздачы “Human Rights Watch”): (Воўкава: ) “Калі было абвешчана, што ў нас таксама будуць абіраць рэктара, нас усіх перапоўніла пачуцьцё радасьці. Мы ведалі пра практыку ў гэтай галіне іншых краінаў, дзе калектыў выкладчыкаў абірае сабе кіраўніка. І такім чынам я ўпершыню ў жыцьці на пасяджэньні вялікае акадэмічнае Рады галасавала за рэктара. Мы абралі зь некалькіх кандыдатаў вядомага навукоўца, сябра-карэспандэнта Акадэміі Навук Фёдара Капуцкага. Гэта быў чалавек посьпеху, вельмі энэргічны й эрудыраваны чалавек. Але прыйшоў Лукашэнка, і цяпер ён асабіста сам пачаў вырашаць лёсы Ўнівэрсытэту. У 1996 годзе ён прызначыў вельмі маладога, прыблізна 40-гадовага ўзросту чалавека, які нават ня быў доктарам навук – Аляксандра Казуліна. Гэта энэргічны чалавек, і магчыма, у яго вялікая будучыня, але прызначаць асобу без прафэсарскага званьня рэктарам – гэта нонсэнс. Падобнае прызначэньне зрабіла вельмі негатыўны ўплыў на Ўнівэрсытэт”. Вельмі падобная на ўнівэрсытэцкую склалася сытуацыя і ў другой найвялікшай беларускай вышэйшай навучальнай установе – Палітэхнічнай Акадэміі. Старэйшы выкладчык Акадэміі Мікола Анціповіч расказаў экспэртам “Human Rights Watch” наступнае (цытата з арыгіналу): (Анціповіч: ) “Сыстэма прызначэньняў? Я перакананы, што гэта вельмі адмоўны момант, калі рэктар прызначаецца. Ёсьць інфармацыя, што ўлады зьбіраюцца абраць тактыку прызначэньня нават дэканаў. Такім чынам, яны хочуць стварыць ў вышэйшых навучальных установах сілавую прэзыдэнцкую структуру. Гэта робіцца дзеля таго, каб прэзыдэнт меў свае вочы й вушы ў акадэмічным асяродку”. Пасьля вывучэньня гэтых ды іншых фактаў здушэньня акадэмічнае свабоды, экспэрты “Human Rights Watch” прыйшлі да адной бясспрэчнай высновы – у Беларусі йдзе рэстаўрацыя старой савецкай сыстэмы адукацыі, якая цалкам залежная ад выканаўчай улады краіны. Пасьля азнаямленьня з гэтай справаздачаю “Human Rights Watch” складваецца ўражаньне нейкае спрэчнасьці: з аднаго боку, беларуская сыстэма адукацыі – гэта як бы выразнае адлюстраваньне сёньняшняга стану ўсяго беларускага грамадзтва зь ягонымі паўсюднымі парушэньнямі правоў чалавека, а з другога – сотні-тысячы таленавітых юнакоў і дзяўчатаў, якія становяць залаты інтэлектуальны фонд беларускага грамадзтва, вучацца ў гэтых несвабодных ВНУ і патрабуюць яшчэ большага ўдасканаленьня сваіх ведаў, каб пазьней вырвацца з гэтага таталітарнага зачараванага кола. І нават у варунках гэтае несвабоды ў беларускіх вышэйшых навучальных установах ідзе творчы інтэлектуальны працэс. Вось чаму міжнародныя адукацыйныя арганізацыі, хаця й значна абмежавалі апошнім часам сваё супрацоўніцтва зь Беларусьсю, але не прыпынілі яго цалкам. Каб высьветліць адносіны заходніх унівэрсытэтаў да праблемы супрацоўніцтва зь Беларусьсю я затэлефаніў да аднаго з найбольш кампэтэнтных у гэтай справе экспэртаў, чалавека, які не аднойчы наведваў Беларусь, і які каардынуе адразу некалькі праграмаў супрацоўніцтва зь беларускімі ўнівэрсытэтамі, да кіраўніка міжнароднага аддзелу Манчэстарскага ўнівэрсытэту (Вялікабрытанія) доктара Дэвіда Робэртса. На мае пытаньне, што ж лепшае ў варунках тых паўсюдных парушэньняў правоў чалавека ў галіне вышэйшае асьветы ў Беларусі: эмбарга на кантакты ўнівэрсытэтаў ці абмежаванае супрацоўніцтва, ён адказаў: (Робэртс: ) “Я абсалютна, абсалютна ўпэўнены, што эмбарга на кантакты ў галіне вышэйшае адукацыі з Беларусьсю – гэта памылковы шлях. Сытуацыя ў гэтай галіне вельмі прыгадвае мне сытуацыю зь Іранам ды Іракам. Людзі, якія непасрэдна занятыя ў галіне супрацоўніцтва, людзі, якія працуюць “у полі”, супраць эмбарга, а людзі ў Вэстмінстэры ці ў Бруселі, якія робяць вялікую палітыку, выступаюць за яго ўвядзеньне. Я абсалютна ўпэўнены, што трэба супрацоўнічаць як мага шчыльней. Сярод беларускіх міністраў і людзей, якія займаюцца супрацоўніцтвам у галіне адукацыі, ёсьць шмат тэхнакратаў, далёкіх ад палітыкі, якія вельмі прафэсыйна разьвіваюць супрацоўніцтва з намі. Што датычна цяперашняга стану разьвіцьця беларускае вышэйшае асветы, я не магу ахарактарызаваць як рэфармаваную, але тут нельга дакладна капіяваць заходнюю сыстэму адукацыі, нельга атрымаць люстраное адбіцьцё брытанскае сыстэмы. Тут адукацыя пабудаваная на зусім іншых падставах, яна мае зусім іншую гісторыю. Я думаю, мы занадта нецярплівыя ў нашым жаданьні пабачыць тут зьмены, змяніць ня толькі тое дрэннае, але й тое, што было добрым”. А якое ж стаўленьне беларускіх уладаў да кантактаў з заходнімі ўнівэрсытэтамі? І ў чым беларускія ўлады бачаць прычыны зьмяншэньня апошнім часам кантактаў і супрацоўніцва з заходнімі адукацыйнымі цэнтрамі й міжнароднымі арганізацыямі? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне я затэлефаніў у Менск у міністэрства вышэйшае адукацыі Беларусі. Там у міністэрстве йснуе нават адмысловы аддзел супрацоўніцтва з замежнымі ўнівэрсытэтамі. Вось як намесьнік кіраўніка гэтага аддзелу Генадзь Пяцігор тлумачыць прычыну звужэньня міжнародных кантактаў беларускіх вышэйшых навучальных установаў: (Пяцігор: ) “Звужаюцца магчымасьці для рэалізацыі тых ці іншых праграмаў, праектаў. Гэта значыць, што, каб рэалізаваць той ці іншы праект, патрабуюцца сродкі, а калі іх няма, дык гэтыя праекты ня могуць быць рэалізаваныя”. Як бачым, для беларускіх чыноўнікаў ад адукацыі галоўная прычына цяжкасьцяў у наладжваньні акадэмічных кантактаў з заходнімі ўнівэрсытэтамі – эканамічная. Ці гэта сапраўды так? Працяг размовы з Генадзем Пяцігорам на тэму супрацоўніцтва беларускіх унівэрсытэтаў ды інстытаў з замежнымі ВНУ, а таксама далейшы расповед пра справаздачу арганізацыі “Human Rights Watch” – у наступных матэрыялах сэрыі “Гаўдэамус”. Мікола Іваноў, Прага
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |