RFE/RL |
|
Гаўдэамус
66. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (16)
Манчэстарскі ўнівэрсытэт – другі паводле колькасьці студэнтаў унівэрсытэт Вялікабрытаніі. Кожны год на студэнцкія лаўкі тут сядае каля 32 тысячаў чалавек. Але гэта першы ўнівэрсытэт на Брытанскіх выспах у галіне ажыцьцяўленьня праектаў супрацоўніцтва з краінамі былое сацыялістычнае садружнасьці, у галіне ўкараненьня перадавых мэтодаў заходняй пэдагогікі на посткамуністычнай прасторы. Што і якім чынам робіць Манчэстарскі ўнівэрсытэт, і як з гэтага маглі б скарыстаць маладыя беларусы – у сёньняшняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”. Сёньня за былой так званай “жалезнай заслонаю” Манчэстарскі ўнівэрсытэт ажыцьцяўляе 40 супольных з рознымі ўнівэрсытэтамі й навукова-дасьледнымі інстытутамі Цэнтральнае ды Ўсходняе Эўропы праектаў. Праекты гэтыя датычаць як непасрэдна самога навучальнага працэсу, так і шырокага спэктру навуковых распрацовак. Штогод у рамках гэтых праектаў дзясяткі і нават сотні брытанцаў (студэнтаў, выкладнікаў і навуковых супрацоўнікаў з Манчэстару) выяжджаюць на ўсход Эўропы, а іх калегі з былых сацыялістычных краінаў наведваюць Вялікабрытанію. Калі нехта з вас, паважаныя радыёслухачы, уважліва слухае перадачы сэрыі “Гаўдэамус”, напэўна не аднойчы чуў думку нашых экспэртаў, што самы просты й даступны для беларускай моладзі спосаб паехаць вучыцца за мяжу – гэта ў рамках супрацоўніцтва паміж унівэрсытэтамі. Нажаль, Беларусь у галіне гэтага супрацоўніцтва далёка не найбольш актыўная дзяржава. Кіраўніком-каардынатарам усіх гэтых праектаў Манчэстарскага ўнівэрсытэту зьяўляецца загадчык яго міжнароднага аддзелу доктар Дэвід Робэртс. Калі я затэлефаніў яму ў Манчэстар, ён як раз зьбіраўся ў чарговае падарожжа, тым разам у Санкт-Пецярбург. І, як сказаў ён мне на пачатку нашае размовы, падарожжы па ўсіх амаль без выключэньня посткамуністычных краінах – гэта стыль ягонага жыцьця. У падарожжах ён праводзіць больш часу, чымся на мейсцы ў Манчэстары. Вось чаму, як бы выкарыстоўваючы нагоду, я зьвярнуўся да яго зь першым пытаньнем: “У чым палягае сутнасьць так значнай і даволі эфэктыўнай праграмы супрацоўніцтва Манчэстарскага ўнівэрсытэту з краінамі, якія будуюць дэмакратыю і рынкавую гаспадарку?” Вось, што ён мне адказаў: (Робэртс: ) “Манчэстарскі Мэтраполітан Унівэрсытэт супрацоўнічае з унівэрсытэтамі Цэнтральнае ды Ўсходняе Эўропы больш маштабна, чым іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы Вялікабрытаніі паводле дзьвюх прычынаў: эгаістычнай і альтруістычнай. Наш альтруізм палягае ў тым, што мы перадаем нашым калегам з Усходу вялікія дасягненьні брытанскае пэдагогікі, а таксама й брытанскае дэмакратыі, рынкавае гаспадаркі. Эгаізм – у тым, што мы ўзбагачаем нашыя ўласныя дасьведчаньні, нашыя навуковыя веды дасягненьнямі калегаў. У рамках гэтага супрацоўніцтва да нас у Манчэстар прыяжджае шмат таленавітых студэнтаў і вучоных. Нашая палітыка палягае ў тым, каб як найшырэй разьвіваць навуковае супрацоўніцтва з гэтымі краінамі. І за гэта я непасрэдна адказны”. Сярод розных праектаў супрацоўніцтва, якія сёньня ажыцьцяўляе Манчэстарскі ўнівэрсытэт на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, ёсьць адзін вельмі пасьпяховы і эфэктыўны. Гэта так званы “Каўкаскі праект”. Вось, што расказвае аб ім доктар Дэвід Робэртс: (Робертс: ) “Я ўпершыню наведаў Тбілісі адразу пасьля заканчэньня грамадзянскае вайны, калі там панаваў амаль абсалютны хаос. Не было электрычнасьці, вады, газу. Цяпер жа, калі я туды прыяжджаю, краіна вельмі хутка разьвіваецца. Наш унівэрсытэт ажыцьцяўляе ў Грузіі праект аднаўленьня інжынэрнае адукацыі ў Грузінскім палітэхнічным унівэрсытэце. Рэальна мы працуем над зьменаю былое вельмі глыбокае спэцыялізацыі савецкае інжынэрнае адукацыі, якая была прыстасаваная да спэцыфічных патрэбаў савецкае прамысловасьці. Так, у савецкі час, да прыкладу, рыхтавалі інжынэраў-гідраэлектрыкаў. Але сучасная грузінская прамысловасьць зусім не патрабуе такой вузкай спэцыялізацыі. Тут патрэбныя спэцыялісты-іжынэры для малых і сярэдніх прадпрыемстваў шырокага профілю. Так што ў Тбілісі мы працуем над падрыхтоўкай інжынэраў для новае рынкавае грузінскае прамысловасьці. Разам з намі працуе над гэтым праектам Грэцкі ўнівэрсытэт з Афінаў”. Фінансавы аспэкт “Каўкаскага праекту” вельмі важны для Манчэстарскага ўнівэрсытэту. Грошы на яго ажыцьцяўленьне ідуць з фонду “Тэмпус” Эўрапейскага Зьвязу. Пры гэтым Манчэстарскі ўнівэрсытэт мае права накіроўваць сродкі з гэтага фонду на супольныя з грузінамі навуковыя распрацоўкі. Менавіта на гэтыя грошы толькі ў гэтым навучальным годзе 38 грузінскіх студэнтаў вучыліся ў Вялікабрытаніі, а тры брытанскія выкладчыкі перадавалі свае веды студэнтам у Тбілісі. Доктар Дэвід Робэртс ацэньвае гэтае супрацоўніцтва наступным чынам: (Робертс: ) “Фундуе гэты праект Эўрапейскі Зьвяз, і калі апошнім разам прыблізна два месяцы таму экспэрты ЭЗ ацэньвалі наш праект, яны ахарактарызавалі яго як “выдатны”. Праект гэты не аднабаковы. Грузінскія студэнты й выкладчыкі прыяжджаюць у Манчэстар і мы абагачаемся іхным дасьведам”. Тое, што Беларусь знаходзіцца як бы па-за галоўнай плыняю агульнаэўрапейскага міжунівэрсытэцкага супрацоўніцтва, добра вядома. Вядомая і падставовая прычына гэтай сытуацыі. У сувязі зь ёй сотні, а можа й тысячы беларускіх студэнтаў пазбаўленыя магчымасьці пашыраць свае веды ў заходніх унівэрсытэтах. Яны як бы пазбаўленыя самай простага і эфэктыўнага шляху да заходніх ведаў, і вымушаныя шукаць абхадныя шляхі. Але тэарэтычна Беларусь зь яе вялікім навуковым і чалавечым патэнцыялам застаецца адным з самых прывабных партнэраў як для Манчэстарскага, так і для іншых заходніх унівэрсытэтаў. Ці існуюць пэрспэктывы супрацоўніцтва зь Беларусьсю, а калі так, дык якія яны? Доктар Дэвід Робэртс адказвае: (Робертс: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне. За апошнія 5 гадоў я змог даволі добра вывучыць Беларусь. Цяперашняя сытуацыя выглядае наступным чынам: Эўрапейскі Зьвяз адмовіўся ад фінансаваньня якіх-кольвек новых праектаў супрацоўніцтва з Беларусьсю. Аднак, урады паасобных дзяржаваў, да прыкладу, урад Вялікабрытаніі, у абмежаваных маштабах згаджаюцца фінансаваць новыя праекты. Прыкладам, у гэтым годзе мы атрымалі фінансаваньне праекту разьвіцьця паліталягічных дасьледваньняў у Беларусі. Раней пачатыя праекты супрацоўніцтва, аднак, фінансаваліся Эўрапейскім Зьвязам. Я разумею, што шмат хто ў беларускім урадзе незадаволеныя гэткай сытуацыяй, і яны хацелі б, каб было адноўленае новае фінансаваньне. Сам жа прэзыдэнт Лукашэнка з вялікім недаверам ставіцца да заходняе дапамогі. І тут ён выразна памыляецца. Мы шчыра хочам дапамагчы Беларусі”. Пра тое, якія канкрэтна праекты супрацоўніцва ажыцьцяўляе Манчэстарскі ўнівэрсытэт у Беларусі, і пра тое, якія існуюць канкрэтныя магчымасьці для маладых беларусаў скарыстаць з гэтага брытанска-беларускага супрацоўніцтва – вы зможаце даведацца ў нашай чарговай перадачы ў наступны аўторак. Мікола Іваноў, Прага
|
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |