border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Гаўдэамус


62. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (12)

Лёндан – гэта ня толькі сталіца Ангельшчыны ды Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі й Паўночнай Ірляндыі. Гэта ня толькі самы вялікі горад Эўропы з насельніцтвам, якое перавышае 10 млн. чалавек, гэта ня толькі адзін з самых прыгожых гарадоў старога кантынэнту. Гэта таксама адзін з самых важных цэнтраў брытанскай сыстэмы адукацыі. Сярод вышэйшых навучальных установаў брытанскае сталіцы вылучаецца Ўнівэрсытэт Грынвіч. Якія спэцыфічныя рысы мае гэты ўнівэрсытэт? Ці ёсьць магчымасьць у беларускіх абітурыентаў трапіць туды? Адказ на гэтыя і іншыя пытаньні ў сёньняшняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.

Унівэрсытэт Грынвіч – адзін з самых вядомых унівэрсытэтаў Вялікабрытаніі. Створаны больш за сто гадоў таму, як політэхнічны інстытут, ён атрымаў назву адной з самых вядомых характарыстычных рысаў Вялікабрытаніі – назву нулявога мэрыдыяну – Грынвіч. Дарэчы, мэрыдыян гэты праходзіць якраз праз тэрыторыю ўнівэрсытэту, і тут маецца спэцыяльная абсэрваторыя-лябараторыя, якая займаецца дакладным вылічэньнем часу.

Як вы ўжо напэўна зразумелі, унівэрсытэт Грынвіч – перад усім тэхнічны. Тут вывучаюцца інжынэрныя, кампутаровыя, біялягічныя, фізычныя, хімічныя ды іншыя дакладныя навукі. Але, пасьля таго, як у 1992 годзе політэхнічны інстытут Грынвіч ператварыўся ва ўнівэрсытэт, тут пачалі вывучацца таксама палітычныя навукі, гісторыя, сацыялёгія ды іншыя кірункі гуманітарных ведаў. Хаця сваю спэцыфіку перад усім тэхнічнае навучальнае ўстановы Грынвіч захаваў.

Сёньня тут вучыцца больш за 18 тысячаў студэнтаў, якім выкладаюць каля дзьвюх з паловаю тысячаў прафэсароў, дактароў ды іншых выкладнікаў.

Дзеля таго, каб непасрэдна даведацца, якое ж мейсца займае грынвіцкі ўнівэрсытэт у сыстэме брытанскае адукацыі і ў чым ягоная спэцыфіка, я пазваніў у Лёндан загадчыку аддзелу прыёму студэнтаў Грынвіцкага ўнівэрсытэту Дэю Голу. Нашую размову па тэлефоне спадар Гол пачаў наступнымі словамі:

(Гол: ) “Лёндан вельмі вялікі горад. Тут жыве нешта каля 10 млн. чалавек. У ім знаходзіцца каля 20 унівэрсытэтаў. Адныя зь іх у самым цэнтры гораду, іншыя ў ваколіцах. Унівэрсытэт Грынвіч знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй ваколіцы Лёндану. Ён нават цягнецца ад паўднёва-ўсходняга Лёндану да графству Кент, якое выходзіць да мора, да праліву Ла Манш, за якім Францыя. Такім чынам, у нас ёсьць як бы перавага таго, што мы знаходзімся ў Лёндане, але разам з тым у ваколіцах, дзе зялёная прырода й чыстае паветра.

Спэцыфіка нашага ўнівэрсытэту палягае ў тым, што мы аддаем перавагу педагагічнаму працэсу, а не дасьледваньням. Мы таксама грунтоўна падтрымліваем студэнтаў, і ў гэтым як раз моцныя бакі нашага ўнівэрсытэту. У нас вельмі касмапалітычная атмасфэра -- вучацца студэнты амаль з 60 краінаў сьвету. Праграма навучаньня ў нас вельмі насычаная -- вывучаюцца амаль усе традыцыйныя ўнівэрсытэцкія навукі, можа, за выняткам мэдыцыны й эканомікі. Мы даволі моцныя ў такіх галінах як бізнэс, архітэктура, інжынэрныя навукі, хімія і біялягічныя навукі, гуманітарныя і сацыяльныя навукі”.

Кожны ўнівэрсытэт, у тым ліку й Грынвіцкі, мае свае моцныя бакі, дзеля якіх туды якраз і мкнуцца абітурыенты. І таму я папрасіў спадара Дэя Гола ў некалькіх словах расказаць слухачам беларускае рэдакцыі Радыё “Свабода”, ці мог бы ён неяк адмыслова рэкамэндаваць унівэрсытэт Грынвіч беларусам. Ягоны адказ быў наступны:

(Гол: ) “Мы моцна адданыя ідэі дапамогі студэнтам. Менавіта такая атмасфэра – дапамогі студэнтам – пануе ў нашым унівэрсытэце. Акрамя таго, мы даем студэнтам надзвычай добрыя варункі жыцьця. Жывуць яны на прыродзе. Па-другое, мы знаходзімся ў сталіцы – ў Лёндане, куды хочуць прыехаць шмат людзей, але адначасна – мы ў зялёнай лёнданскай ваколіцы. І акрамя таго, у нашым унівэрсытэце амаль кожны можа знайсьці той кірунак ведаў, які яго задаволіць. Вось чаму я лічу, што Ўнівэрсытэт Грынвіч вельмі добрае мейсца для вучобы”.

Сярод нашых радыёслухачоў напэўна ёсьць такія, хто мае магчымасьць заплаціць за сваю адукацыю ў Ангельшчыне са сваёй кішэні, але пераважная бальшыня, зразумела, такіх грошай ня мае, і наўрад ці будзе іх мець у будучыні. Так што застаецца ім чакаць магчымасьці, каб нехта заспансараваў ім замежную адукацыю. Але той, хто слухае перадачы сэрыі “Гаўдэамус” рэгулярна – мусіць памятаць, што раней кіраўнік аддзелу міжнародных сувязяў Ноцінгэмскага ўнівэрсытэту доктар Крысьціна Хамфры дала беларускім абітурыентам адную вельмі йстотную параду, да якой хачу далучыцца і я: “галоўнае – трапіць ва ўнівэрсытэт, а пазьней ужо думаць, якім чынам плаціць за адукацыю. Грошы амаль напэўна раней, ці пазней знойдуцца. А вось, як характарызуе праблему платы за адукацыю спадар Дэй Гол:

(Гол: ) “Для багатых студэнтаў няма праблемаў: яны могуць атрымаць у нас вельмі добрую адукацыю. Мы нават можам гарантаваць жыльлё для іх сем’яў. Але мы тут ва ўнівэрсітэце прызнаём, што для не такіх багатых праблема платы за адукацыю стаіць вельмі востра. Я нават хачу дадаць, што і многія брытанцы маюць праблемы з платаю за адукацыю для сваіх дзяцей. Вось чаму мы маем у нашым унівэрсытэце нешта такое, як ярмарка працы. Сюды можа зьвярнуцца кожны, і там ён атрымае дапамогу ў справе, як знайсьці працу. Працаўнікі гэтае ярмаркі, пераважна самі студэнты, маюць вельмі добрыя кантакты зь мяйсцовымі працадаўцамі, і яны ў стане знайсьці для вас працу, якая адпавядае вашым здольнасьцям і магчымасьцям. Значная частка студэнтаў знаходзіць працу ў самім унівэрсытэце. Нават адзін з працаўнікоў майго аддзелу, калі я не памыляюся, нават не адзін, – гэта студэнт-замежнік, які тут выконвае часовую працу. Так што, як бачыце, унівэрсытэт робіць усё магчымае, каб дапамагчы студэнтам знайсьці спосабы фінансаваць сваю адукацыю”.

Тут я мушу дадаць, што як і ў кожным брытанскім унівэрсытэце – ў Грынвічы йснуе адмысловая стыпэндыяльная праграма для найбольш здольных студэнтаў, але, у адрозьненьні ад іншых вышэйшых навучальных установаў Аб’яднанага каралеўства, такую стыпэндыю тут даюць толькі пасьля году навучаньня ў Грынвічы, толькі пасля таго, як на мейсцы – у Лёндане настаўнікі пераканаліся ў вашых надзвычайных здольнасьцях і вашай упартасьці ў здабываньні ведаў. Акрамя таго ў Грынвічы даволі шырокія кантакты з адукацыйнымі аддзеламі Эўрапейскага Зьвязу. І таму даволі значная колькасьць студэнтаў – гэта тыя, хто карыстаецца з стыпэндыяў “Эразмус”, ці “Сакратэс”, якія даюцца міжнародным студэнтам з посткамуністычных краінаў.

Кіраўнік аддзелу прыёму новых студэнтаў Грынвіцкага ўнівэрсытэту Дэй Гол лічыць, што ягоны ўнівэрсытэт – гэта аптымальнае мейсца для тых беларусаў, хто хоча атрымаць сапраўды каштоўную брытанскую адукацыю. На заканчэньне нашае тэлефоннае размовы ён сказаў:

(Гол: ) “Мяркую, што Лёндан – гэта самы касмапалітычны горад у сьвеце. Тут болей моваў, болей рэлігіяў, чымся ў кожным іншым горадзе сьвету. І ўнівэсытэт Грынвіч – частка гэтага гораду. Але адначасна мы частка Грынвіцкага грамадзтва, якое зьвязанае з нулявым мэрыдыянам. А цяпер, як вядома, надыходзіць вельмі спэцыфічны год – двухтысячны. І менавіта тут, у Грынвічы будзе, як я думаю, сусьветны цэнтар сьвяткаваньня надыходу новага тысячагодзьдзя. І гэта павінна быць дадатковым заахвочваньнем дзеля таго, каб прыехаць сюды.

Грынвіцкі ўнівэрсытэт – вядомы ня толькі ў Вялікабрытаніі, але й па-за яе межамі. Пра гэта сьведчыць даволі вялікая колькасьць замежнікаў, што вучацца тут. І прыяжджаюць яны сюды менавіта таму, што Грынвіч спадабаўся ім, таму што менавіта тут яны знайшлі нешта для сябе ўнікальнае, чаго няма ані ў водным іншым унівэрсытэце. І гэта сапраўды так, кожны унівэсытэт Вялікабрытаніі мае свой адметны твар, сваю спэцыфіку, якая прываблівае маладых з усяго сьвету…”

Мікола Іваноў
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org