border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Гаўдэамус


GAUDEAMUS: Унівэрсытэцкая сыстэма ў Вялікабрытаніі (9)

Брытанская сістэма вышэйшай адукацыі - гэта не толькі ангельскія ўнівэрсытэты і каледжы на чале з сусветна вядомымі Оксфардам і Кэмбрыджам.  Гэта таксама вышэйшыя навучальныя ўстановы: Шатляндыі, Уэльса і Паўночнай Ірляндыі.  Ці ёсць перавагі ў тым, каб вучыцца там? Ці розняцца ўнівэрсытэты гэтых частак каралеўства ад ангельскіх? А калі так, дык чым? На гэтыя і іншыя пытаньні я паспрабую адказаць сёньня, запрашаючы вас у Шатляндыю.

Шатляндыя - паўночная частка Вялікабрытаніі, якая нядаўна ў выніку рэфэрэндуму атрымала аўтаномію, і сёньня ў яе сталіцы Эдынбургу засядае парлямент гэтай аўтаномнай брытанскай правінцыі.

Шатляндская сталіца, Эдынбург, - месца унікальнае. Як сцвярджаюць знаўцы, гэта адзін з самых прыгожых гарадоў Эўропы. Разам з сучасным горадам тут ёсць і старая сярэдневяковая частка. Штогод Эдынбург наведвае некалькі мільёнаў турыстаў.  Іх прываблівае добра захаваны сярэдневяковы замак шатландскіх манархаў, непаўторны ландшафт краіны і добразычлівасць шатляндцаў.

Эдынбург - гэта таксама горад студэнтаў. Тут працуе тры унівэрсытэты, пра адзін з якіх Унівэрсытэт Гэрыёт-Уотт, я хачу вам, паважаныя радыёлухачы, расказаць сёньня.

Імя гэтага заснаванага яшчэ ў 1820 годзе  унівэрсытэту складаецца з прозвішчаў двух выдатных шатландцаў: Джорджа Гэрыёта, галоўнага фінансіста ангельскіх каралёў у 16 - 17 стагоддзі і Джэймса Уотта, стваральніка паравой машыны.

Унівэрсытэт гэты перад усім тэхнічны, у ягонай структуры пераважаюць тэхнічныя, інжынерныя спецыяльнасьці, а ў галіне тэхналёгіі апрацоўкі бавоўны ён займае вядучае месца ў сьвеце. Студэнтаў тут каля 15 тысяч.

Унівэрсытэт Гэрыёт-Уотт- адзін з самых багатых брытанскіх унівэрсытэтаў. За апошняя дзесяцігоддзе інвестыцыі ў разьвіцьцё ўнівэрсытэцкай інфраструктуры тут былі самыя высокія ў Аб'яднаным Каралеўстве. Тлумачыцца гэта тым, што багатыя нафтаздабываючыя кампаніі ў паўночным моры перадаюць частку сваіх велізарных даходаў на разьвіцьце менавіта шатляндскай вышэйшай школы.

Другой адметнай рысай Эдынбургскага ўнівэрсытэту з'яўляецца яго ўнікальны студэнцкі кампус, які знаходзіцца ў дубраве і яўляе сабой выдатнае спалучэньне некранутай прыроды з сучаснымі студэнцкімі будынкамі.

Магчыма, я мог бы шмат расказваць пра гэты Эдынбургскі ўнівэрсытэт, але ў нас з'явілася магчымасць мець расказ аб ім з першых вуснаў. Інфармацыя пра нашу перадачу "Гаўдэамус" дайшла праз дзяржаўную кампанію прыёму студэнтаў у брытанскаія вну "ЮКАС" да дырэктара аддзелу вонкавых зносінаў унівэрсытэту Гэрыёт-Уотт доктара Тоні Доўла. І ён ахвоча згадзіўся ўдзельнічаць у нашай праграме.

На пачатку нашай размовы па тэлефоне з Эдынбургам Тоні Доўл наступным чынам прадставіў свой унівэрсытэт:

(Доўл: ) " Адна з прычынаў, чаму я хацеў бы рэкамендаваць наш унівэрсытэт усходнеэўрапэйскім студэнтам і студэнтам з ішых рэгіёнаў, - гэта, маючы на ўвазе значную суму грошаў, якую ім прыдзецца выдаткаваць на адукацыю, трэба мець гарантыю, што пасля ўнівэрсытэту ты атрымаеш добрую працу. І вось мы ва ўнівэрсытэце Гэрыёта-Уотта як раз і прысьвячаем спэцыяльную ўвагу паслядыплёмнаму працаўладкаваньню. Статыстыка сьведчыць, што нашыя выпускнікі атрымліваюць найлепшую працу не толькі у Шатляндыі, але і ва ўсім Аб'яднаным каралеўстве".

Пытаньне пра сродкі дзеля фінансаваньня адукацыі ў замежжы - амаль галоўнае для студэнтаў з Беларусі. Толькі вельмі нямногія з нашых слухачоў маюць уласныя сродкі дзеля таго, каб вучыцца ў замежжы.  А вось доктар жа Тоні Доўл бачыць праблему платы за навучаньне:

(Доўл: )  " Дзеля таго, каб дапамагчы студэнтам вучыцца ў нашым універсытэце, мы замарозілі ўжо другі год запар плату за навучаньне. І вось цяпер у наступным навучальным годзе плата зноў не будзе падымацца. Цяпер за год навучаньня на кірунках, якія не патрабуюць лабароторных даследваньняў, трэба заплаціць 6 з паловаю тысячаў фунтаў і 8 тысяч там. дзе патрэбныя лабараторныя даследваньні. Дзеля таго, каб дапамагчы студэнтам, мы перадаем штогод адпаведную суму грошай у стэпендыяльныя фонды. Напрыклад сёлета можна атрымаць стыпендыю да 2 тыс. фунтаў у год. І гэтую стыпендыю можа атрымаць ужо студэнт першага курсу".

У нашых папярэдніх размовах з прадстаўнікамі іншых унівэрсітэтаў я не аднойчы пытаўся пра спецыяльыя праграмы для надзвычай здольных студэнтаў. Ці існуюць яны  ў Эдынбургу? Тоні Доўл адказвае:

(Доўл : )  " Мы ім прапануем нашыя спецыяльныя стыпэндыяльныя праграмы, незалежна ад таго, які кірунак гэтыя людзі абіраюць. Акрамя таго ў нас існуюць спэцыяльныя стыпэндыі для выдатных спартсмэнаў, для выдатных музыкантаў і т.п. Але я хачу папярэдзіць: заўсёды вельмі цяжка атрымаць стыпендыі на першых курсах унівэрсытэту, і факультэты аддаюць перавагу стыпендыятам старэйшых курсаў і аспірантуры".

Кожны ўнівэрсітэт мае нешта такое, чым ён ганарыцца. Напэўна ёсць падобныя галіны ведаў у Эдынбургскім унівэрсітэце. Тоні Доўл каментуе дасягненьні сваёй "альма матэр" наступным чынам.

(Доўл: )  "Наш унівэсітэт з"яўляецца вядучым шатляндскім унівэрсытэтам ў галіне інжынэрыі і тэхнічных даслаедваньняў. Ягоныя дыплёмы другой ступені найбольш цэнныя з усіх шатляндскіх вышэйшых навучальных установаў. У нас вельмі інтэнсіўна развіваюцца навуковыя даследваньні, асабліва ў галіне электронікі і лазернай інжынэрыі. Мы на перадавых пазыцыях у галіне техналёгіі апрацоўкі бавоўны. Дыплёмы другой ступені нашага унівэрсітэту атрымалі дзве каралеўскія ўзнагароды за апошнія дзесяць год".

І на заканчэньне нашай размовы дырэктар аддзелу вонкавых зносінаў унівэрсітэту Гэрыёт-Уотт доктар Тоні Доўл звярнуўся да нашых радыёслухачоў з наступнымі словамі:

(Доўл: ) "Я вельмі ўзрушаны, што я атрымаў магчымасць выступіць перад слухачамі радыё свабода. Наш унівэрсытэт мае ўжо амаль 70-гадовую традыцыю падрыхтоўкі замежных студэнтаў. Прыблізна 10 - 15% нашых студэнтаў - замежнікі з амаль 70 краінаў. І мы гэтым вельмі задаволеныя, таму, што гэта стварае непаўторную касмапалітычную атмасферу, якая спрыяе навучаньню. І мы высока цэнім іх уклад у нашыя дасягненьні, і гэтыя дасягненьні, асабліва ў акадэмічнай галіне відавочныя".

І на заканчэньне сёньняшняй перадачы серыі Гаўдаэмус я прыгадаю інтэрнэтаўскі адрас Унівэрсытэта Гэрыёт-Уотт у сталіцы Шатляндыі горадзе Эдынбургу

www.hw.ac.uk

Мікола Іваноў, Прага
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org