border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Гаўдэамус


58. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (8)

Той, хто стала слухае перадачы сэрыі «Гаўдэамус», напэўна памятае, што мінулая перадача гэтай сэрыі была прысьвечаная спэцыяльнай дзяржаўнай арганізацыі ЮКАС, якая каардынуе працу прыёму студэнтаў ва ўсіх без выключэньня брытанскіх унівэрсытэтах.  Прэсавы сакратар ЮКА, Рот Гэйман, які браў удзел у нашай мінулай перадачы, адзначыў, што прыёмам студэнтаў зь Беларусі зацікаўленыя многія брытанскія ўнівэрсытэты, і што ён у рамках дзейнасьці ЮКАС паінфармуе некаторыя зь іх пра нашу перадачу і запрапануе адказным унівэрсытэцкім працаўнікам прыняць у ёй удзел.  І вось першым пра сваё жаданьне выступіць перад мікрафонам Беларускай Рэдакцыі Радыё Свабода заявіў рэктарат унівэрсытэту Рэдынг.  Таму сёньняшняя перадача і будзе прысьвечаная Рэдынгскаму ўнівэрсытэту.

Адазу мушу адзначыць: Унівэрсытэт у Лёнданскім прадмесьці Рэдынгу — адна з старых, аўтарытэтных і шанаваных вышэйшых навучальных установаў Вялікабрытаніі.  Яму ўжо амаль 150 год, створаны ён у палове мінулага стагодзьдзя, і ў афіцыйнай клясыфікацыі брытанскіх унівэрсытэтаў знаходзіцца ў другой дзясятцы.  Тут вучыцца больш за 12 тыс.  студэнтаў, зь іх амаль кожны чацьверты — замежнік.  Вывучаюцца тут пераважна дакладныя навукі: матэматыка, біялёгія, земляробства.  Але ёсць таксама і факультэты грамадзкіх навукаў, рэгіянальных дасьледаваньняў і пэдагогікі.  Унівэрсытэт гэты мае дасканалую дасьледчыцкую базу, ён стала супрацоўнічае з амаль 560 навуковымі і навучальнымі ўстановамі ў больш як 90 краінах.

Пра аўтарытэтнасьць і саліднасьць унівэрсытэту сьведчыць і такі факт: летась на прыблізна 4 тысячы месцаў на першым курсе было пададзена 20 500 заявак.  Гэта больш як 5 чалавек на месца.  Гэта даволі высокі паказчык для Вялікабрытаніі. 

Ці сапраўды так цяжка трапіць ва ўнівэрсытэт Рэдынг? Якія найбольш аптымальныя шляхі для беларускіх абітурыентаў туды? Каб адказаць на гэтыя і іншыя пытаньні ўдзел у нашай перадачы згадзіўся ўзяць прарэктар ў справах міжнародных дачыненьняў унівэрсытэту доктар Дэвід Бэс.  Сваё выступленьне перад мікрафонам Беларускай Рэдакцыі Радыё Свабода ён пачаў з наступнай заявы:

(Бэс:) «Наш унівэрсытэт пачаў сваю дзейнасьць у другой палове мінулага стагодзьдзя.  І пачаткова ён проста рыхтаваў студэнтаў да здачы экзамэнаў на дыплёмы Лёнданскага ўнівэрсытэту.  У 1926 годзе ён атрымаў каралеўскую хартыю, якая дазволіла яму стаць цалкам незалежнай вышэйшай навучальнай установай і выдаваць уласныя дыплёмы.  Мы знаходзімся ў заходняй ваколіцы Лёндану, маем вельмі добрае транспартнае спалучэньне зь Лёнданам аўтобусам і цягніком.  Унівэрсытэт знаходзіцца на беразе Тэмзы.  Так што для многіх замежных студэнтаў мы можам запрапанаваць такія добрыя ўмовы, якія характарызуюцца доступам да лёнданскага жыцьця без патрэбы вельмі дорага плаціць за жыльлё ў сталіцы».

Беларусь заўсёды была багатая талентамі.  І сёньня сярод выпускнікоў беларускіх школаў нямала тых, хто мае надзвычайныя здольнасьці.  І зразумела, амаль кожны ўнівэрсытэт павінен быць зацікаўлены ў прыёме такіх студэнтаў.

Ці ў Рэдынгу існуюць нейкія спэцыяльныя праграмы, спэцыяльныя стыпэндыі ці фонды для беларускіх выдатнікаў? Вось што на гэтае маё пытаньне адказаў доктар Бэс, прарэктар у справах міжнародных дачыненьняў:

(Бэс:) «Для асобаў з Усходняй Эўропы ёсьць дзьве сур’езныя перашкоды.  Першая — гэта ўзровень адукацыі.  Нават калі яны вельмі таленавітыя, яны выразна адстаюць ад таго ўзроўню, які дасягаюць брытанскія абітурыенты.  Узровень "A" (самая высокая адзнака ў брытанскай школе, якая зьяўляецца нармальным пропускам ва ўнівэрсытэт) вышэйшы за той, што могуць атрымаць абітурыенты ва Ўсходняй Эўропе і нават ва ўсім сьвеце.  І таму перш за ўсё патрэбнае пераадоленьне гэтага адставаньня.

Дзеля гэтай мэты мы арганізуем спэцыяльны падрыхтоўчы курс.  Гэты курс адбываецца ў нас на ўнівэрсытэцкім кампусе.  Гэта курс, які мадыфікуе веды студэнтаў, дастасоўвае іх да ангельскай сыстэмы ведаў».

Адна з галоўных праблемаў, праблемаў-перашкодаў, якая стаіць перад студэнтамі зь Беларусі — дзе ўзяць сродкі на адукацыю? Праблема гэтая надзвычай цяжкая, але не невырашальная.  Парады прарэктара Рэдынгскага ўнівэрсытэту патэнцыяльным беларускім студэнтам былі наступныя:

(Бэс:) «Гэта сапраўды вельмі цяжкае заданьне для выпуснікоў школаў, але гэта значна лягчэй для тых, хто ўжо скончыў некалькі курсаў у сваёй роднай краіне.  Многія прыяжджаюць сюды, каб атрымаць дыплём бакаляўра або вучыцца ў асьпірантуры.  Для такіх людзей існуе вельмі шмат стыпэндыяў, галоўным чынам таму, што брытанскія ўнівэрсытэты праводзяць многа дасьледаваньняў і шукаюць здольных, маладых даследчыкаў.  Унівэрсытэты зацікаўленыя ў тым, каб павышаць сваю рэпутацыю ў навуковай галіне.

І тут практычна што я магу параіць беларускім студэнтам — гэта зьвяртацца ў мясцовыя аддзелы арганізацыі British Council.  Яны знаходзяцца практычна ва ўсіх усходнеэўрапейскіх сталіцах.  Там вы можаце даведацца пра ўсе магчымыя варыянты атрыманьня стыпэндыяў.  Акрамя цэнтральных брытанскіх стыпэндыяў, якія распаўсюджваюцца праз British Council, кожны ўнівэрсытэт мае таксама свае ўласныя стыпэндыі...»

Няўжо ўсё-ткі амаль няма ніякай магчымасьці для выпукнікоў школаў атрымаць унівэрсытэцкую стыпэндыю? На гэтае пытаньне доктар Бэс адказвае:

(Бэс:) «Мы ў нашым унівэрсытэце Рэдынг маем даволі доўгую традыцыю ўзнагароджаньня тых абітурыентаў, якія маюць высокія адзнакі ў міжнародным экзамене International Baccalaureat.  Гэта дыплёмы, якія выдае бальшыня міжнародных школаў у сьвеце.  І мы штогод прысуджаем выпускнікам школаў тры поўнавартасныя стыпэндыі — тым, хто мае найвышэйшы бал у галіне International Baccalaureat».

Прыгадаю, што расказу пра сыстэму міжнародных ацэнак International Baccalaureat мы ўжо прысьвячалі адну зь перадачаў сэрыі «Гаўдэамус».  І мы таксама вернемся да гэтай тэмы ў будучыні.

І на заканчэньне нашай размовы прарэктар у справах міжнародных сувязяў унівэрсытэту Рэдынг доктар Давід Бэс даў яшчэ адну параду ўсім тым, хто слухае нас цяпер і хто разважае над магчымасцю вучыцца ў адным з брытанскіх унівэрсытэтаў:

(Бэс:) «Самае важнае і эфэктыўнае, што б я параіў беларускім абітурыентам — гэта карыстацца ўэб-старонкамі Інтэрнэту брытанскіх ўнівэрсытэтаў.  Моладзь усяго сьвету цяпер шырока карыстаецца гэтым сродкам інфармацыі, усе брытанскія ўнівэрсытэты маюць вельмі інфарматыўныя ўэб-старонкі.  Там вы можаце знайсьці поўную інфармацыю пра кірункі ведаў, пра настаўнікаў, пра варункі жыцьця і вучобы.  Гэта, праўдападобна, самы прасты спосаб зрабіць першы крок».

Гэта была парада доктара Дэвіда Бэса, прарэктара ў справах міжнародных сувязяў унівэрсытэту Рэдынг у Вялікабрытаніі.

На заканчэньне я прыгадаю інтэрнэтны адрас ўэб-старонкі Рэдынгскага ўнівэрсытэту:

www.reading.ac.uk

Мікола Іваноў
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org