RFE/RL |
|
Гаўдэамус
57. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (7)
Вялікабрытанія – адна з нешматлікіх краінаў у Эўропе, дзе існуе строга цэнтралізаваная дзяржаўная сыстэма прыёма студэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ніхто з абітурыентаў тэарэтычна не можа стаць студэнтам без пасярэдніцтва спецыяльнай арганізацыі ЮКАС (Universities and Colleges Admission Service). Як працуе гэтая арганізацыя? У чым яе спэцыфіка? Ці сапраўды абітурыенту немагчыма атрымаць непасрэдны кантакт з тым ці іншым унівэрсітэтам? На гэтыя і іншыя пытаньні адказ у сёньняшняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”. Арганізацыю ЮКАС у Брытаніі ведаюць амаль усе. Штогод яна апрацоўвае каля трох мільёнаў дакумэнтаў маладых брытанцаў і чужынцаў, якія хочуць атрымаць вышэйшую адукацыю. І на брытанскіх астравах лічаць, што менавіта падобная сцэнтралізаваная сыстэма прыёму ва ўнівэрсытэты і каледжы спрыяе высокаму ўзроўню і аўтарытэту брытанскай сыстэмы адукацыі. Чаму ж усёж-такі брытанцы абралі гэтую сыстэму? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне я затэлефаніў у галоўную ўправу ЮКАС у горад Челтэнхам. Да тэлефону падыйшоў прэсавы сакратар арганізацыі Рот Гаймэн. Размова нашая пачалася з даволі цікавай заявы спадара Гаймэна (магчыма традыцыйнай для брытанцаў), які даў наступную кароткую характарыстыку брытанскай адукацыі. (Гаймэн: ) “Унівэрсытэцкая адукацыя ў Вялікабрытаніі – адна з самых найлепшых у сьвеце. Студэнцкае жыцьцё тут таксама вельмі цікавае. Унівэрсытэты робяць усё магчымае, каб студэнты былі шчасьлівымі ды ім падабалася жыцьцё ў Вялікабрытаніі. І акрамя заняткаў студэнты маюць тут шчасьлівы й радасны вольны час. Тут іх сустрэне цяжкая праца ў галіне атрыманьня ведаў, але разам з тым яны знойдуць тут шмат іншага цікавага. І таму мы запрашаем замежных студэнтаў”. На маё першае пытаньне, датычнае сутнасьці ангельскае сыстэмы ЮКАС спадар Гаймэн адказаў наступнае: (Гэймэн: ) “Сыстэма гэтая працуе вельмі добра, таму што зацікаўленыя асобы могуць накіроўваць нам толькі адную заяўку, а мы пазьней маем магчымасьць скантактавацца з больш як 200 унівэрсытэтамі і каледжамі і знайсьці для абітурыента адпаведны варыянт, зразумела, калі на гэта пагадзіцца сам унівэрсытэт. І мы паведамляем студэнтаў, які адказ прыйшоў ад унівэрсытэту”. Брытанія вядомая ва ўсім сьвеце сваімі традыцыямі. Ці дзейнасьць ЮКАС таксама ўпісваецца ў сыстэму брытанскіх традыцыйных вартасьцяў? Калі яна была створаная? Якія яе дасягненьні? Прэсавы сакратар ЮКАС Рот Гаймэн лічыць, што… (Гаймэн: ) “ЮКАС быў створаны ў 1994 годзе ў выніку аб’яднаньня АКАС і ПІКАС – двух арганізацыяў, якія займаліся наборам студэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы Аб’яднанага каралеўства дагэтуль. Ад 1994 году ЮКАС выразна пашырыў сваю дзейнасьць. Лічба ўнівэрсытэтаў і каледжаў, якія прымаюць студэнтаў з дапамогаю ЮКАС дасянула двухсот. Штогод мы атрымліваем больш за 2,5 млн. заявак ад тых, хто хоча вучыцца. І мы атрымліваем іх ня толькі зь Вялікабрытаніі, але практычна з усяго сьвету”. А калі нехта з абітурыентаў з той ці іншай прычыны ня хоча або ня можа карыстацца паслугамі ЮКАС, ці існуе магчымасьць непасрэднага звароту ва ўнівэрсытэт, каб стаць студэнтам? Сьпікер ЮКАС Рот Гаймэн адказвае: (Гаймэн: ) “Такая магчымасьць ёсьць. Калі нехта з замежных абітурыентаў хоча непасрэдна зьвярнуцца ў той, ці іншы ўнівэрсытэт, ён можа гэта зрабіць, але значна прасьцей спачатку зьвярнуцца ў ЮКАС. Мы можам даць дакладную інфармацыю кожнаму пра прыблізна 40 тыс. кірункаў адукацыі ў брытанскіх унівэрсытэтах. І мы дапамагаем абітурыентам зрабіць найлепшы выбар. Мы таксама можам параіць, куды ў абітурыента ёсьць найлепшыя шанцы паступіць”. Удакладнім, што нават, калі вы непасрэдна зьвернецеся ў той ці іншы ўнівэрсытэт, праўдападобна вашыя дакуманты ўсё роўна трапяць у ЮКАС, таму што толькі ён мае цэнтральную кампутаровую базу дадзеных, агульную для ўсёй сыстэмы брытанскае вышэйшае адукацыі. Паасобку стаяць два брытанскія ўнівэрсытэты Оксфардзкі і Кэмбрыджскі. Гэта сапраўдныя кузьні талентаў. Трапіць сюды няпроста. Ці ЮКАС таксама займаецца каардынацыяй прыёмнага працэсу ў гэтыя храмы навукі? А калі так, дык у чым ягоная спэцыфіка? Рот Гаймэн адказвае: (Гаймэн: ) “Так, ЮКАС займаецца наборам студэнтаў у Оксфардзкі і Кэмбрыджскі ўнівэрсытэты. Яны маюць крыху адметную працэдуру паступленьня. Туды трэба адаваць дакумэнты раней. Прыём іх заканчваецца ужо ў кастрычніку. Калі вы хочаце вучыцца ў гэтых прэстыжных унівэрсытэтах, дакумэнты трэба дасылаць за год да пачатку заняткаў. У іх адметная працэдура прыёму, але менавіта ЮКАС можа параіць вам, як найлепей праходзіць там уступныя выпрабаваньні”. Падчас нашай размовы спадар Гаймэн даў таксама некаторыя асабістыя парады тым, хто разважае над пытаньнем вучобы ў Вялікабрытаніі. Вось паслухайце: (Гаймэн: ) “Цяпер вельмі добры час для тых, хто хоча вучыцца ў Вялікабрытаніі. Брытанскі ўрад пашырае сыстэму вышэйшае адукацыі ў краіне. І цяпер у брытанскіх унівэрсытэтах найбольшая колькасьць мейсцаў для патэнцыйных студэнтаў, чымся было калі-небудзь у гісторыі. І зусім нядаўна наш прэм’ер-міністар Тоні Блэйэр заявіў, што ён запрашае большую колькасьць студэнтаў па навуку ў Вялікабрытанію. І таму колькасьць студэнтаў увесь час павялічваецца”. І на заканчэньне нашае размовы са сьпікерам спэцыяльнае дзяржаўнае арганізацыі ЮКАС (Universities and Colleges Admission Service) cпадаром Ротам Гаймэнам я папрасіў яго нагадаць тэрміны прыёму дакумантаў у брытанскія ВНУ. Вось, што ён адказаў: (Гаймэн: ) “Абітурыенты, якія б хацелі вучыцца ў Вялікабрытаніі ў 2000-м навучальным годзе, павінны даслаць нам свае дакуманты да 15 сьнежня сёлета, калі ж вы хочаце вучыцца ў Оксфардзе й Кэмбрыджы, а таксама вывучаць мэдыцыну, трэба накіраваць нам дакуманты да 15 кастрычніка таксама сёлета. Можна атрымаць поўную інфармацыю аб магчымасьцях вучыцца ў Вялікабрытаніі, калі затэлефаніць нам па нумару: 44-1242-227788”. Я таксама прыгадаю, што інфармацыю пра ЮКАС можна знайсьці і ў інтэрнэце. Падаю адрас: www.ucas.ac.uk Мікола Іваноў
|
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |